TGViewer
Channel Public Channel
Павел Севярынец

Павел Севярынец

@seviarynets

Асабісты канал
Subscribers
988
Photos
183
Videos
5
Links
42

Showing posts older than #234 · Back to latest

Older Posts 20 shown
Post #233 880
9 жніўня - ДЗЕНЬ ГОДНАСЦІ, міжнародная акцыя беларускай дыяспары, з нагоды шостай гадавіны беларускіх пратэстаў 2020 года супраць сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў і гвалту з боку рэжыму Лукашэнкі.
🔥 Беларусы разам па ўсім свеце супраць дыктатуры Лукашэнкі.
⬜️🟥⬜️
Расклад для беларусаў усяго сьвету!

🗓 08.08.2026 (субота)✊
🇺🇸 Нью-Ёрк
🕔 13:00 мітынг
📍Ralph Bunche Park 1st Avenue at East 43rd Street New York, NY 10017
Дэталі

🗓 09.08.2026 (нядзеля)✊
🇱🇹 Вільня
🕔 12:30 — роварны прабег Салідарнасці
📍Кафедральная плошча/Katedros aikštė ;
🕔 13:00 — мітынг
📍Кафедральная плошча/Katedros aikštė ;
🕔 14:00 — Марш свабоды да Варты Святла
📍каля Амбасады Беларусі;
🕔 15:00 — хвіліна маўчання і адкрыты мікрафон
📍каля Варты Святла насупраць Амбасады Беларусі;
🕔 18:00 — акустычны канцэрт Юрыя Стыльскага, фронтмэна гурта «Дай Дарогу!».
Дэталі

🇵🇱 Беласток,
🕔 17:00, Мітынг-канцэрт
📍 plac przy restauracji Żubrowisko, ul. Rynek Kościuszki 10
Дэталі

🇵🇱 Варшава,
🕔 18:00, Мітынг-канцэрт
📍 помнік Каперніка (ulica Krakowskie Przedmieście 1)
Дэталі

🇵🇱 Гданьск
🕔 15:00, Марш Годнасці
📍Długi Targ, Фантан Нептуна.
🕔 16:00, Выстава Колеры супраціву
📍Зімовы сад ЕЦС (партэр)
🕔 17:00,Кінапаказ “Пад шэрым небам”
📍Зала-аўдыторыя ЕЦС (партэр)
Дэталі

🇵🇱 Уроцлаў
🕔 14:30 — марш Годнасці
📍збор каля Narodowe Forum Muzyki на Plac Wolności.
🕔 15:00 — пачатак маршу 📍Plac Wolności - Pręgierz.
🤍 15:30–16:00 — акцыя салідарнасці.
📍Pręgierz
Дэталі

🇵🇱 Шчэцін,
🕔19:15
📍Plac Adamowicza каля CH Kaskada
Дэталі

🇵🇱 Торунь
🕖 18:00 — Мітынг да Дня Волі
📍 Помнік Мікалаю Каперніку
Дэталі

🇦🇹 Вена
🕔 18:00, Выстава Беларускія мастакі ў выгнанні
📍 St.-Elisabeth-Kirche der Pfarre zur Frohen Botschaft
St. Elisabethplatz 9, 1040 Wien, Austria
Дэталі

🇨🇦Таронта
🕔 09:30, Сімвалічны забег памяці і салідарнасці
📍High Park 
🕔 18:30
Вечаровая сустрэча беларусаў Канады
📍Рэгістрацыя па спасылцы
Дэталі

🇺🇸 Сан Францыска,
🕔12:00, Беларускі лясны пікнік
📍Huddarat park, Woodside Ca, штат Каліфорнія
Дэталі

🇺🇸 Ролі Паўночная Караліна
🕔 13:00, Акцыя-перформанс “Боль. Супраціў.Надзея”.
📍 Moore Square, Raleigh, 201 S Blount St, NC 27601
Дэталі

🇺🇸Філадэльфія
🕔14:00, Дзень салідарнасці з Беларуссю
📍 LOVE Park, Philadelphia
Pennsylvania
Дэталі

🇮🇹 Балоння
🕔 10:30, Маніфестацыя” Беларусь. 32 гады супраціву дыктатуры”
📍Piazza del Nettuno ore
Дэталі

🇺🇸 Паўднёвая Фларыда
🕔 18:00, Мітынг
📍Dania Beach
Дэталі

🗓 15.08.2026 (субота)✊

🇺🇸 Ілінойс
🕔 13:00, Паказ фільма”Галасы новай Беларусі”
📍 Arlington Heights Memorial Library
Дэталі

🗓 16.08.2026 (нядзеля)✊
🇵🇱  Познань
🕔 16:00 Чытаем і абмяркоўваем кнігу Антона Бяляева "Як я правёў гэтае лета" з нагоды 6-й гадавіны пачатку беларускай рэвалюцыі.
📍Fundacja KUT — Knižny klub Poznań

Прыходзьце апранутыя ў адзенне колераў нацыянальнага сцяга, вышыванкі і цішоткі.

🤍❤️🤍 Будзьма беларусамі і наша абавязкова возьме!

Разам да перамогі! ✊
Жыве Беларусь!
  • ❤ 26
  • 🔥 6
  • 👍 2
Post #232 772
Пакуль Масква рыхтуе мабілізацыю, Штаты пераглядаюць ролю тактычнай ядзернай зброі, Украіна трывае ракетныя абстрэлы, а Лукашэнка чакае перавароту - беларусы збіраюцца ў Варшаве.

Канферэнцыя Новай Беларусі - магчымасць для нас усіх падрыхтавацца да навальнічнай восені.

Можа быць, апошняя.

Як думаеце, сябры - пра што варта сказаць на КНБ?

У свежым выпуску "Тройцы добрых навінаў" - мае ацэнкі і інфармацыя пра адзначэнне 9 жніўня па ўсім свеце.

Глядзіце відэа па спасылцы.
  • 👍 17
  • ❤ 12
  • 👎 5
  • ⚡ 2
  • 🥱 2
Post #229 916
Чаму да мяне на Акрэсціна ў жніўні 2020 года двойчы заходзіў святар?

17 жніўня, назаўтра пасля таго як у Менску сотні тысячаў людзей выйшлі на вуліцы пад бел-чырвона-белымі сцягамі, калі з Акрэсціна яшчэ выпускалі збітых вязняў, дзверы ў нашу камеру, заваленую скручанымі матрасамі, раптам адчыніліся - і да нас зайшоў бацюшка.

Чорная рыза, барада, вінаватая ўсмешка. У руках - пакет з яблыкамі і грушамі.

Пасля ўсяго, што мы чулі і бачылі за апошні тыдзень, мы маглі чакаць чаго заўгодна, толькі ня гэтага. Стукачы, памятаю, забіліся ў куты, супрацоўнікі толькі выглядвалі з дзвярэй.

А бацюшка, неяк асабліва ўсхваляваны, павіншаваў з Перамяненнем, уручыў мне яблыкі ды грушы на траіх, пажадаў, каб усё было добра. Здаецца, ён хацеў сказаць штосьці яшчэ, але ўсё аглядваўся на супрацоўнікаў.

У той жа дзень пад вечар мяне перавялі з новага ізалятара ў стары будынак (ЦІП), дзе трымалі не "крымінальнікаў", а "сутачнікаў". Палічыў гэта добрым знакам: мае 75 сутак па адміністрацыйных пратаколах заканчваліся, і, мабыць, быў загад выпускаць мяне менавіта з ЦІП. У камеры на чатырох мяне памясцілі аднаго - Акрэсціна ўжо "разгрузілі" пасля кашмару 9-13 жніўня.

А назаўтра - бац! - дзверы раптам адчыняюцца, а на парозе - зноў бацюшка.

Чорная рыза, барада, вінаватая ўсмешка. У руцэ - пакет з яблыкамі і грушамі...

Хутчэй за ўсё, гэта быў той жа самы абход - пакуль ён паспеў абысці ўсе камеры ізалятара, я пераехаў у ЦІП.

Бацюшка сказаў, што мы ўжо бачыліся, зноў азірнуўся на супрацоўнікаў, даў мне яблыкаў ды грушаў, зноў сказаў, што усё будзе добра...

Толькі пасля я даведаўся, што мітрапаліт Павел нечакана адклікаў сваё віншаванне Лукашэнкі з "перамогай", падтрымаў пратэстоўцаў і паехаў у шпіталь хуткай дапамогі да збітых, а праваслаўныя святары з'явіліся ў намётавым мястэчку ля Акрэсціна.

Што гэта было?

Ня меў і ня маю ілюзіяў наконт асобы мітрапаліта Паўла, і слаба веру, што асабіста ён, уражаны гвалтам, пайшоў супраць "лініі партыі" - але ўсё спрабую ўявіць, што ж адбывалася ў ім і вакол яго ў тыя дні.

Калі быў першапачатковы загад Масквы спрыяць пратэстам - навошта тады было спехам віншаваць Лукашэнку? Маўляў, афіцыйных вынікаў яшчэ не было, вось і не віншую - здаецца, паважная прычына ёсць. А тут раптам сотні тысячаў на вуліцах...

У Маскве яўна не чакалі магутнага беларускага выбуху. Калі Лукашэнка разагнаў і збіў пратэстоўцаў 9-13 жніўня, а еўрапейцы запатрабавалі вызваленняў, Крэмль (стары візантыйскі фінт) палічыў за лепшае тут жа зрабіць стаўку "супраць Захаду" - і пайшоў загад віншаваць.

Але беларусы 16 жніўня галавакружна перакулілі ўсе разлікі. І тады, відаць, Масква зноў зрабіла адчайны ход мітрапалітам, каб мець магчымасць хоць неяк уплываць на пратэст.

Для мяне гэтая гісторыя - відавочнае пацверджанне аднаго факту, які звычайна не бяруць у разлік эксперты і аналітыкі.

Нават бяззбройныя беларусы, мірныя людзі, на гістарычных паваротах здольныя на магутныя рухі, якія перакульваюць дагары нагамі ўсю геапалітыку разам з усімі імперыямі ды іерархіямі.

А за такімі рухамі стаіць Бог.
  • ❤ 25
  • 👍 9
  • 🙏 5
  • 🥰 2
  • ⚡ 1
Post #228 1.09K
Як вяртацца ў Беларусь з перамогай?

Што беларусам рабіць за мяжой?

Як дамаўляцца з Пазняком, Ціханоўскай, Латушкам пра Вольную Беларусь?

Беларускі універсітэт, беларуская бяспека, клопат пра беларусаў - як гэта робіцца?

У нядзелю 9 жніўня а 15.00 запрашаю на сустрэчу ў Музей Вольнай Беларусі ў Варшаве!
  • ❤ 24
  • 🙏 6
  • 🦄 3
  • 👍 2
  • ⚡ 1
Post #227 1.49K
Хочаце гісторыю пра паспяховага беларуса-эмігранта, які праславіў Бога і Беларусь у трынаццаці тысячах кіламетрах ад радзімы?

31 ліпеня ў Мядзвядцы пад Наваградкам нарадзіўся Ігнат Дамейка — сусветная зорка беларускай місіі, самая яркая ў галактыцы нашых вялікіх вандроўнікаў: Пржэвальскага, Чэрскага, Русецкай, Казлова, Грум-Гржымайлы, Гашкевіча, Мінейкі, Судзілоўскага.

Усё сваё жыццё Ігнат Дамейка ахвяраваў беднай і занядбанай індзейскай дзяржаве Чылі, каб зрабіць яе багатай і развітай. Працаўнік па-беларуску магутны, ён адзіны ўзняў на плячох навуку, адукацыю і гаспадарку на вялізнай тэрыторыі ад антарктычных ільдоў Вогненнай Зямлі да перуанскіх тропікаў. Сваёй фенаменальнай чылійскай адысеяй Дамейка выявіў ня толькі багацце цэлай краіны, але і патэнцыял беларускай асобы.

Уся ягоная эпічная біяграфія — суцэльная апостальская дзея.

Нарадзіўшыся ў сэрцы Вялікай Літвы, на Наваградчыне, Дамейка пачынае свой шлях з моцнай хрысціянскай адукацыі ў піярскім калегіюме Шчучына, і паступае на фізмат Віленскага Універсітэту. Разам зь Міцкевічам, Занам, Чачотам удзельнічае ў таварыстве філаматаў (потым у «Дзядах» Міцкевіч выявіць яго як добрага гаспадара Жэготу), а затым у паўстанні 1830-31 гг.

Але расейская акупацыя не пакідала ў Беларусі месца такім як Дамейка. Ён эмігруе ў Еўропу, дзе заканчвае парыжскую Горную школу, рыхтуе і выдае лепшы на той час геаграфічны атлас Рэчы Паспалітай.

Ужо як вядомаму навукоўцу Дамейку прапануе кантракт чылійскі ўрад — і так пачынаецца ягонае падарожжа працягласцю на ўсё астатняе жыццё.

Дамейка за пару месяцаў вывучае гішпанскую мову, і адразу наладжвае шэраг геалагічных экспедыцыяў, падчас якіх адкрывае вялізныя паклады салетры і меднае руды — тыя самыя, па якіх Чылі дагэтуль займае першае месца ў сьвеце. Арганізоўвае ў Сант’яга вадаправод, метэаралогію, лабараторыі і музеі. Праводзіць этнаграфічныя даследванні. Уводзіць у Чылі сістэму мераў і вагі. Ягоную «Мінералогію» на працягу дзесяцігоддзяў чытае ўся Лацінская Амерыка. «Дон Ігнацыё» чатыры разы выбіраўся рэктарам Універсітэту Сант’яга і заслужыў імя «Вялікага асветніка».

Гэта было сапраўднае адкрыццё Чылі — з нетраў да самых вяршыняў. «Дамейка». Мінерал, выкапнёвы слімак, фіялка, горад і порт, горны хрыбет, вяршыня ў Андах — усяго каля сотні найменняў... Дамейка стаў ня проста народным героям Чылі — ён зрабіўся нацыянальным брэндам. Нават адкапаны ў тых краёх нядаўна — ужо ў ІІІ тысячагоддзі! — новы від дыназаўра ўдзячнае чалавецтва назвала «дамейязаўрам».

Напрыканцы жыцця Дамейка пакінуў Чылі, калісьці самую адсталую краіну рэгіёну, адной зь перадавых дзяржаваў Паўднёвай Амерыкі — каб, як патрыёт, наведаць радзіму, і, як шчыры вернік, Святую Зямлю...

Львіная доля сусветнага меднага рынку, знакаміты чырвоны перац і соўс «Chili», Сальвадор Альендэ і Аўгуста Піначэт, эканамічны цуд ХХ стагоддзя і бліскучы футбол — усё гэта дала свету краіна, адкрытая беларусам Дамейкам.

Да 200-годдзя знакамітага беларуса ЮНЭСКА абвясціла 2002 год ва ўсім свеце годам Дамейкі.

Гісторыя забыла многіх сучаснікаў Дамейкі, якія пасля паразы паўстання апусцілі рукі, вырашылі працаваць на расейскага цара, альбо азлобіліся на ўвесь свет. А Дамейку памятаюць ды шануюць - і ў Беларусі, і ў цэлым свеце.

Дамейка - узор магутнага беларускага хрысціянскага коду, закладзенага ў кожнага з нас. А код такі: рабі ўсё, што можаш, там, дзе ты ёсць - а Бог зробіць астатняе.
  • ❤ 43
  • 👍 12
  • 🔥 5
  • 👏 2
  • 🤓 1
Post #226 892
Расея здрадзіла Пуціну. Пуцін рыхтуе мабілізацыю, а нарастае дэмаралізацыя. Большасць расейцаў пачынае ачомвацца: нешта пайшло ня так. "Кто віноват? Что делать?"

Сумныя матрошкі растуць у Расеі, нібы грыбы. Кажуць, цар - ненастаяшчы.

Украіна адольвае крызіс і запальвае вагні па ўсёй Расеі. Зянон у Кіеве - гучыць як сігнал.

Лукашэнка перадае пасланне ў Амерыку, а беларусы тым часам бяруць вяршыні за мяжой.

Такое ўражанне, што 1990-ыя вяртаюцца. А гэта - шанец для Беларусі!

Распавядаю ў свежым выпуску "Тройцы добрых навінаў" па спасылцы.
  • 💯 23
  • ❤ 9
  • 🔥 4
  • 🦄 2
  • 👏 1
Post #225 837
Акрэсціна 2020. Як вызвалялі пратэстоўцаў - і што яны адказвалі міліцыянтам.

Ужо 13 жніўня на Акрэсціна павеяла зусім іншым ветрам. Замест загаду збіваць прыйшоў загад вызваляць - і гэта пачалося раптоўна, як і колішняя малатарня.

Калідоры запоўніліся супрацоўнікамі, якія па адным выклікалі пратэстоўцаў з камераў і вялі кароткую бяседу. З нашага катуха было чуваць, як у розных частках калідора людзям напаўголаса задавалі адны і тыя ж пытанні:

- Что со здоровьем?

- Почему вышел на уліцу?

- А еслі опять будут протесты, пойдёшь?

Ключавым было апошняе пытанне. Як стала зразумела з некалькіх размоваў, тых, хто абяцаў больш не хадзіць альбо адказваў ухіліста, афармлялі на вызваленне. Тым, хто маўчаў ці казаў, што пойдзе зноў - пагражалі крымінальнай справай. Іншымі словамі, ніхто і не хаваў, што мэтай кашмару было адно: зламаць волю да супраціву.

Да гонару беларусаў: пасля ўсяго жаху, перанесенага за апошнія дні, прыблізна палова адказвала на пытанне, ці пойдуць зноў, "Паглядзім", "Можа быць" альбо наўпрост "Пайду". Хто са сцятымі зубамі, хто абыякава, хто стомлена - але казалі. Разам з пералікам пачварных траўмаў, гематомаў і пераломаў, пра якія ішла гаворка наконт "здароўя", гэта агаломшвала.

Памятаю, тады мне прыгадалася наша колішняя размова з Вячаславам Сіўчыкам пра беларускі нацыянальны характар. Пасля аднаго разгону вулічнай акцыі я казаў, маўляў, ну вось, выйшла шмат новых людзей, шкада, пабілі, больш яны ў Малады Фронт ня прыдуць. Слава тады аж зняў акуляры і зірнуў на мяне палаючымі вачыма:

- Не! У нас, беларусаў, гэта працуе па-іншаму. Мы партызаны, Паша. Чалавек з вуліцы прыходзіць, атрымлівае ў твар - ах, вы так! - і далучаецца да руху!

Сярод супрацоўнікаў Акрэсціна былі і такія, хто відавочна спачуваў пратэстам - альбо баяўся быць пакараным за збіццё людзей. Недзе 15 альбо 16 жніўня адзін з людзей у форме адчыніў "кармушку" і доўга размаўляў са мной у тым ключы, што білі амапаўцы, а не турэмшчыкі, цяпер людзей вызваляюць, а ён сам гатовы сведчыць у судзе.

Але былі і іншыя. Супрацоўніца з "Дэпартаменту міграцыі" (ці, хутчэй, тутэйшага операддзелу), якая прыходзіла да маіх суседзяў-стукачоў і шэптам размаўляла з імі праз "кармушку", на маё прамое пытанне, колькі галасоў усё-такі атрымаў Лукашэнка, літаральна завапіла:

- Я вам што, пресс-служба?! Мне запрещено с вамі разговарівать!!!

Пра што яна шапталася з суседзямі, хутка высветлілася. Стукачы пачалі задаваць мне тыя ж пытанні, што і пратэстоўцам на калідоры.

- Паш, а вот ты не думал выступіть і сказать, что больше не будешь заніматься політікой? Ведь отпустят!

Але і гэта было яшчэ ня ўсё. Наступным у камеру зайшоў... праваслаўны святар у рызе з яблыкамі і грушамі ў руках.

Пра гэтую цікавую гісторыю - наступным разам.
  • ❤ 31
  • ❤‍🔥 3
  • 💯 1
  • 🦄 1
Post #224 1.11K
На першым курсе па дарозе на пары я абавязкова спыняўся ля шапіка, набываў "Звязду", якая яшчэ пахла фарбай з друкарні, і разгортваў, шукаючы публікацыі Віталя Цыганкова.

Ужо тады дваццаціпяцігадовы Цыганкоў, заснавальнік "Белапану", рэпарцёр "Радыё Свабода" і першы ў Беларусі карэспандэнт "Асашыэйтэд Прэс", быў карыфеем журналістыкі. Даходліва і проста распавядаў пра тое, што адбывалася - і не баяўся пакрыўдзіць вядомых ці паважаных людзей вострымі высновамі.

У "Маладым Фронце" і далей у БХД нам заўжды імпанавала прыхільнасць Віталя да беларускага нацыянальнага руху і цвярозага кансерватызму, глыбокі позірк і аспрэчванне модных - ці то ўсходніх, ці то заходніх - забабонаў. Цыганкоў са сваімі высновамі заўжды ішоў не ад тэорыяў альбо глабальных павеваў, а ад беларускага жыцця.

Памятаю, калі даводзілася разбіраць незразумелыя палітычныя пытанні альбо ацэньваць новую публічную асобу, перапытвалі адзін аднаго - "А што Цыганкоў пра гэта піша?"

Віталь Цыганкоў - голас адказнага і адэкватнага беларускага грамадства: сем'яў, кваліфікаваных інжынераў і прадпрымальнікаў, адукаваных пенсіянераў. Усіх тых, каго прынята называць "сярэднім класам" - тых, на кім звычайна трымаецца краіна.

Першы беларус, які выйграў у знакамітым "Слабым звяне", першы лаўрэат Прэміі імя Алеся Адамовіча (1995), першаразраднік у шахматах, Віталь дагэтуль гучыць і выглядае свежа, нібы дваццаціпяцігадовы - і пачынае свой новы медыйны праект "Цыганкоў. Высновы" на Белсаце.

Паслухаем, што скажа Цыганкоў, спадарства.
  • ❤ 36
  • 👍 20
  • 🕊 2
  • 👏 1
Post #221 1.01K
Акрэсціна, жнівень 2020. Пекла спыняецца.

Адразу папярэджу: тое, што вы прачытаеце тут - маё асабістае сведчанне і перажыванне, якое адбывалася ўнутры мяне. Наколькі ўсё апісанае паўплывала на хаду падзеяў, альбо тут толькі супадзенне - ведае толькі Бог. Прынамсі, мяне тады гэта моцна ўзрушыла.

Некалькі дзён і начэй запар на Акрэсціна працавала страшная малатарня. Відавочна пасля загадаў згары раптам падымаліся хвалі дзікага гвалту, збіцця, катаванняў - і праз колькі гадзінаў згасалі ў енках, стогнах ды крыках пра дапамогу. Сотні людзей крычалі ў калідорах, дворыках, камерах.

Ні пра які сон, канечне, не было гаворкі. Маліўся за тых, каго б'юць, за тое, каб усё спынілася - стоячы, на каленях, лежачы - памятаю, хіба некалькі разоў адключаўся, калі жах больш-менш сціхаў.

Нарэшце - здаецца, гэта была ноч з 12 на 13 жніўня - на мяне надышло поўнае атупенне. І мозг, і сэрца ўжо нават перасталі штосьці ўспрымаць. Вакол цемра, жудасць, дрыжэнне сценаў ад удараў, і бясконцыя крыкі ды рыданні. У такім атупенні, калі цела адмаўляецца прыняць рэальнасць, з'яўляецца думка, што насамрэч Бога няма.

З досведу ведаю: у такі момант трэба адчайна маліцца, і Госпад адкажа тым ці іншым чынам. Механічна і ўжо нават абыякава перабраў, што выдыхнуць у неба - і раптам зразумеў, што яшчэ не маліўся за душы тых, хто б'е.

Ісус у Нагорнай казані кажа: "Любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабіце дабро ненавіснікам вашым і маліцеся за крыўдзіцеляў вашых і ганіцеляў вашых." (Мацьвея 5:44).

Тут не сказана любіць ворагаў, як самога сябе. Не сказана маліцца за тое, каб яны маглі тварыць зло. Але ясна напісана - любіце.

Бог хоча, каб мы маліліся прынамсі пра збавенне іх душаў ад пекла.

І я пачаў з нейкім дзіўным натхненнем маліцца за душы тых людзей у форме, якія б'юць і ламаюць косці, якія топчуць ботамі жанчынаў і звярэюць ад крыкаў і чужога болю.

Бо і яны жывыя істоты. Бо і яны таксама беларусы. Бо і ў іх ёсць маці, дзеці, браты. Бо яны жывуць побач з намі. Бо інакш, калі цалкам аддаць іх пракляццю і д'яблу, застаецца толькі грамадзянская вайна на вынішчэнне, а гэта ўжо пекла на зямлі.

Прайшло літаральна некалькі хвілінаў - і гукі ўдараў ды крыкі раптам сціхлі. Пэўны час было чуваць некалькі стогнаў ды ўсхліпаў з калідора.

І потым настала поўная, глыбокая ціша.

Памятаю, на кучы матрасаў побач прачнуўся стукач. Неўразумела паводзіў галавой. Што, ноч?.. Ня б'юць?..

А я проста адключыўся. Прачнуўся толькі зранку.

Малатарня скончылася. У калідорах заляскалі "кармушкі" - людзей пачалі выклікаць па адным і адпускаць.
  • ❤ 26
  • 😢 9
  • 🙏 5
  • 🕊 1
Post #220 1.27K
Чытаю рэп на сцэне фэсту «Тутака»

Пакуль ехалі з Барысам Гарэцкім з Вільні да Беластоку, напісаў шэсць куплетаў, парэпетавалі з дзецьмі. На фэсце, кажуць, зайшло))

Вітаю, сябры! Пятніца вечар,
Пад Беластокам народнае веча:
Жыве Беларусь! Пуцін капут!
Мы беларусы і мы - тут!

Многіх ня бачыў з 20-га года,
Нарэшце на волі, разам з народам.
І хай у турме ламалі нам косці,
Мы - беларусы і мы ёсць!

Забанілі тры беларускія крамы,
Ідуць па пунктах карнай праграмы,
Адчынім дзесяць і будзем купляць:
Мы беларусы і нас ня ўзяць!

Арыштавалі ксяндза з Пружанаў,
Палохаюць у Берасці прыхаджанаў...
Чым мы адкажам ім, спадарове?
Дружна прыдзем маліцца на мове!

Забанілі сто беларускіх кнігаў,
Чым мы адкажам крамлёўскім барыгам?
Напішам яшчэ тысячы дзьве -
Закалябаюцца баніць ў Маскве!

Нос павышэй, хопіць енкаў!
За Беларусь - без Лукашэнкаў! Мы не баімся рыкаў варожых -
Мы беларусы і мы пераможам!
  • 🔥 66
  • ❤ 16
  • 👍 12
  • 👎 4
  • 🙏 4
Post #217 1.01K
Калапс Расеі можа адбыцца хутчэй, чым мы думаем. Україна знайшла галоўныя болевыя кропкі краіны-бензакалонкі – і метадычна адпрацоўвае па іх дронамі. Калі так пойдзе далей, ужо ў жніўні крамлёўскія скрэпы пачнуць трашчаць па швах.

У новым відэа на маім канале – пра тое, як нам трэба адказваць на закрыццё беларускамоўных крамаў ды бан “экстрэмісцкіх” сацсетак, і чаму Беларусі пасля Лукашэнкі трэба ў НАТО.

Ну, а відэа рускай рулеткі, зробленай з верталётнай гарматы – можна глядзець бясконца.

Спасылка на “Тройцу добрых навінаў” вось тут.
  • 👍 31
  • ❤ 3
  • ⚡ 1
  • 👏 1
Post #216 1K
Пекла 10-13 жніўня 2020 на Акрэсціна.

Тое, што адбывалася на Акрэсціна некалькі сутак запар пасля выбараў 2020 года, немагчыма апісаць словамі.

Нават у нашай камеры на трэцім паверсе, да столі заваленай матрасамі, якія прыглушалі гук, гэтыя чацьвёра сутак зліліся ў суцэльны кашмар.

Недзе пасля апоўначы 10 жніўня мерны шум з двара Акрэсціна, разгрузка затрыманых на пратэстах і роў матораў аўтазакаў раптам праваліліся ў рокат удараў і страшэнны злітны крык людзей. Дзіка крычалі, здаецца, з дворыкаў, потым крыкі перакінуліся і ў сярэдзіну будынка, у калідоры - мяркуючы па ўсім, пачалося масавае азвярэлае збіццё.

Уражанне, якое мяне тады агаломшыла - прыйшоў загад. Такога, каб гэтай жудасці папярэднічаў супраціў затрыманых, нейкія асобныя ўспышкі ці бойкі, не прыгадваю. Пасля шмат разоў успамінаў. Чыста на слых - вось прагірчэлі рацыі, і праз хвіліну-другую быццам нейкая каласальная машына ўключылася і пачала перамолваць людзей.

Гукі ўдараў былі такія важкія, што будынак Акрэсціна фізічна дрыжэў. Таўшчэзныя каменныя сцены, глухія жалезныя дзверы, краты, драўляная падлога трэсліся так, нібы ўнізе, на першым паверсе, працавала гіганцкая малатарня.

І крыкі. Крычалі ад болю і жудасці так, што закладвала вушы, мужчыны, часам суцэльны роў праразаў здзічэлы жаночы віск, усплёсквалі рыданні, стогны. Сотні людзей.

Крыкі перакінуліся на лесвіцы, дзесьці пачалі адмыкаць камеры і выводзіць людзей, збіваць у калідорах на другім паверсе.

За 11 гадоў у турмах мне даводзілася чуць шмат што, але тыя жудасныя ночы і дні - гэта было штосьці, адрознае на парадак.

Стукачы замерлі ў сваіх кутах, я маліўся Богу. А вакол, гадзіна за гадзінай, хвалямі гуло і дрыжэла ад удараў, крыкаў і стогнаў - то ў дворыках, то зноў у калідорах, то на лесвіцах.

Зацішша, поўнае стогнаў ды енкаў, перадышка - і зноў тупат ног, расейская мацерная лаянка, адмыкаюцца дзьверы - і зноў роў.

Хтосьці крычаў у вокны ці з дворыкаў, што забіваюць. І яшчэ тупат быкоў, і яшчэ ўдары. Крычалі пра кроў, перабітыя рукі, і "Мама!", і "Фашысты!" і "За што?!" А ад тых, што "працавалі" - цяжкае сапенне, лаянка і ўдары.

Зранку, калі прыйшла новая змена супрацоўнікаў Акрэсціна, на некалькі гадзінаў як быццам усё заціхла. Змяніўся, мабыць, і спецназ. Але потым - зноў аўтазакі, новая хваля затрыманых, новы загад - і зноў удары і роў.

Часам ахоплівала ўражанне, што сядзіш у закутку ў сярэдзіне гіганцкай бойні - у чаканні, пакуль прыдуць па тваю душу.

Чым гэта скончылася - напішу наступным разам.
  • 🤬 21
  • 😢 9
  • 😭 7
  • 🙏 5
  • 😨 4
Post #215 1.07K
Настачка Палажанка, будучая Дашкевіч, прыйшла ў Малады Фронт, калі ёй было ўсяго 14. На вераснёўскім фэсце, прысвечаным Бітве пад Воршай, у менскім парку Янкі Купалы, мы звярнулі ўвагу на баявітую дзяўчынку, якая гукала "Жыве Беларусь!", спявала і, што істотна, ўважліва слухала выступоўцаў.

У МФ Наста хутка вылучылася як здольная арганізатарка - і культурніцкіх імпрэзаў, і палітычных сустрэчаў, і вулічных шэсцяў. Ужо ў 16 яна ўпэўнена руліла цэлай плынню беларускага маладзёвага руху - і ёй падначальваліся нават старэйшыя па ўзросце хлопцы.

Памятаю, каманда МФ прыехала да мяне на лесапавал у Малое Сітна, дзе я адбываў "хімію" пасля пратэстаў 2004 года. Сядзім у бараку, п'ем гарбату. Хлопцы горача выказваюцца, прапаноўваюць тактыку ды стратэгію, дзеляцца бачаннем, а Настачка моўчкі мые кубкі ды талеркі і падае на "абшчак" ежу. Абмяркоўваем, што рабіць, і палова прапановаў заканчваецца ўпэўненым: "А, гэта Палажанка пацягне". А Настачка маўчыць, завіхаецца сабе, нават не зміргне вокам, як быццам так і трэба.

У другой палове 2000-ых, калі супраць маладафронтаўцаў узбудзілі дзясяткі крымінальных справаў, менавіта Настачка, Ды-джэй Адраджэння, была адным з магутных матораў супраціву і сапраўднай зоркай пратэстаў. Акцыі за Дашкевіча - Палажанка. Акцыі за Фінькевіча - Палажанка. Акцыі за беларускую мову - Палажанка.

У 2007-ым Настачка сабрала вакол сябе каманду гэткіх жа баявых і завадных дзяўчат, якіх у МФ называлі "Баявыя пантэры" - калі хлопцаў судзілі і саджалі, маладафронтаўскі рух выцягнулі менавіта яны. Якія там "Анёлы Чарлі" - то была рэальная дрым-цім.

У 2008-ым менавіта з Настачкай мы выдалі кнігу "Маладафронтаўцы" пра герояў беларускага маладзёвага руху.

У 2011 годзе Наста стала першай беларускай, уганараванай Міжнароднай жаночай прэміяй за мужнасць (International Women of Courage Award) ад Дзярждэпартамента ЗША. Яна фізічна не змагла паехаць на цырымонію ў Вашынгтон, бо знаходзілася пад падпіскай аб нявыездзе пасля менскай «Амерыканкі» (СІЗА КДБ) і чакала суда. Хілары Клінтан і Мішэль Абама ўручалі ўзнагароду, пакінуўшы пустое крэсла для Насты.

А гісторыя кахання дзвюх маладафронтаўскіх зорак у 2010-ых - Настачкі і Змітра Дашкевіча - гэта, канечне, быў чысты Галівуд. Галоўная Love story беларускай апазіцыі. Як Настачка змагалася за Змітра, як Зміцер пісаў з няволі Настачцы - за гэтым сачыла палова Беларусі. Настачка прайшла "Амерыканку", Зміцер - Шклоў. Калі згадваеш іхняе вянчанне ў евангельскай царкве паміж адседкамі - на вочы наварочваюцца слёзы.

Як пасля гэтага ўсяго Настачка Дашкевіч здолела вынасіць і нарадзіць чатырох цудоўных дзетак, якія размаўляюць па-беларуску, гадаваць іх, пакуль Зміцер сядзеў па турмах, ды яшчэ пры гэтым і падтрымліваць сябраў - у мяне не ўмяшчаецца ў галаве. Тут суцэльны Божы цуд.

А потым - пакінуць Беларусь і паехаць следам за дэпартаваным Дашкевічам з усімі дзецьмі ў Вільню.

Хочаце даведацца, як такое магчыма - прыйдзіце на віленскую Малітву за Беларусь (штосерады а 19-й на Ukmerges 263) і паглядзіце, як спявае і моліцца Богу Настачка Дашкевіч.
  • ❤ 65
  • 🙏 11
  • 👍 8
  • 👎 2
  • ⚡ 1
Post #214 1K
Газавая атака на Акрэсціна, ліпень 2020.

Прачынаюся ў акрэсцінскім карцэры яшчэ да пад'ёма - недзе ў дворыках лямантуюць людзі. Прыслухваюся - просяцца ў прыбіральню. Відаць, яшчэ з вечара вывелі на этап, а аўтазакі на Жодзіна яшчэ не прыехалі.

Лямант расце, пераходзіць на крыкі.

Пад'ём. Чую, заварушыліся супрацоўнікі, ляніва перабрэхваюцца з людзьмі. Начальства яшчэ не прыехала, ніякіх загадаў няма, таму адказ адзін:

- Терпіте.

Нарэшце, змена. Праверка. Мяне пераводзяць у суседні карцэр - такая ж бетонная скрыня з драўлянай нарай, прышпіленай да сцяны.

А людзей з дворыкаў пачынаюць выводзіць у прыбіральню - у маю камеру. Чую:

- Камандзір, а як змываць? Вады няма!

- А рукі дзе памыць?

- А дзе вада?

- А туалетка хоць ёсць?...

Супрацоўнікі ляскаюць дзвярыма ў калідоры:

- Быстрей давай.

- В темпе там!

Чарга ідзе. Гадзіну. Дзьве. Тры.

Нішто сабе этап, думаю. Палову Акрэсціна вывозяць - мабыць, разгрузка перад "выбарамі".
А за дзвярыма канвой і супрацоўнікі нешта развесяліліся, рагочуць, людзей падганяюць. Нарэшце, перагукаюцца:

- Ну что там, все?

- Все.

- Давай, заводі этого назад!

І тут у мяне мурашкі па скуры. Ё-маё. Ня можа быць.

Дакладна. Адчыняюць карцэр:

- Пошлі назад.

- Вы што, здзекуецеся? Ваду ўключыце хаця б!

- Выходім, сказал!

Так і ёсць. Мяне заводзяць назад - у камеру 2 на 3 метры без вады, дзе толькі што дзясяткі людзей схадзілі ў прыбіральню. Ліпень месяц. Ня буду апісваць, у што там ператварылася "ачко" і які стаіць дух. Дыхаць немагчыма. Рэжа вочы.

Барабаню ў дзверы.

Адчыняюць зноў, заходзяць утраёх.

- Положеніе для обыска прінять!

Рукі на сцяну, стаю, абшукваюць для выгляду (усё адно няма нічога). Выціскаю з сябе:

- Што за здзекі - суседні ж карцэр пусты стаіць! Хаця б вакно адчыніце!

- А что, плохо пахнет?

Здушана пасмейваюцца, але чую, самім цяжка.

- Сейчас будет лучше.

Бакавым зрокам бачу: адзін нешта падае начальніку змены, усе адступаюць у калідор, і "старшой" доўга, з шыпеннем высаджвае ў камеру асвяжальнік паветра. Цэлы балончык. Ляскаюць дзьверы. Рогат.

У камеры натуральны туман - такі, што ня бачна сценаў.

Спаўзаю на падлогу - там трохі паветра. Вачэй не расплюшчыць. Нацягнуў майку на рот і нос. Стрымліваю дыханне. Разумею - калі зараз глыбока ўдыхнуць, можна аддаць канцы.

А за дзвярыма ржуць, відаць, па чарзе заглядваюць у вочка:

- Нічё не відно.

- Он там хоть жівой?

Поўзаў па падлозе пару гадзінаў. Дзякуй Богу, адтуліна вентыляцыі збольшага выцягнула. Але, думаю, павесяліліся ў той дзень таварышы ад душы.
  • 🤬 30
  • 💔 20
  • 😢 6
  • 🤯 5
  • ❤ 1
Post #213 831
Чаму ціхая паніка Лукашэнкі - добрая навіна?

Сакрэтная аперацыя Украіны - рэтранслятараў больш няма.

Сілавікі ня хочуць прыехаць дахаты ў цэлафанавым пакеце.

Расея без бензіну - надзея для Беларусі.

У выпуску "Тройцы добрых навінаў" - пра гіганцкі геапалітычны паварот, які робіцца ў нас на вачах тут і цяпер.

Спасылка на відэа тут.

Далучайцеся і падпісвайцеся!
  • 👍 26
  • ❤ 5
  • 🔥 2
  • 😁 2
  • 👏 1
Post #212 1.17K
Кракаў. "Прастора". Беларусы.

Вялізны дзякуй усім, хто дапамог арганізаваць сустрэчу!

Кракаў, дзе валадарылі нашы супольныя каралі, дзе вучыліся Скарына і Будны, дзе была выдадзеная "Песня пра зубра", дзе Касцюшка абвясціў пра паўстанне, сёння дае беларусам магчымасць рабіць тое, што няможна рабіць у Беларусі.

Размаўлялі пра тое, як вярнуцца дамоў з перамогай.
  • 🔥 30
  • ❤ 19
  • ❤‍🔥 3
Post #211 1.23K
Чаму у Расеі зносіць дах? Што рабіць, каб крышка нафтавага рэзервуару ня ляснула па галаве нам, беларусам? Ці хочуць беларускія сілавікі паміраць за Пуціна? Хто падлівае бензінчыку ў вогнішча рускага бунта? Нашы дзеянні, калі Лукашэнка ўлятае і не абяцае вярнуцца?

Новая "Тройца добрых навінаў" ад Паўла Севярынца - сёння ў эфіры.

Глядзіце, падпісвайцеся, каментуйце - і далучайцеся! Відэа па спасылцы.
  • ❤ 30
  • ⚡ 1
Post #210 1.3K
АКРЭСЦІНА. ВЕЧАР 9 ЖНІЎНЯ 2020 ГОДА.

Вечарам 9 жніўня 2020 года я сядзеў у камеры, пад самую столь забітай скручанымі матрасамі, з двума стукачамі і вошамі, і лавіў кожны гук з калідора, дзе ўладкаваліся з рацыямі супрацоўнікі.

З вакенца, ад цэнтру горада, ішоў няспынны гул аўтамабільных гудкоў і трэск далёкіх выбухаў светашумавых гранатаў.

А ў эфіры рацыяў бахала і грымела так, што выкрыкі і каманды часам проста патаналі ў кананадзе.

- Трідцать пятый первому. Толпа агрессівная со стороны Почтамта.
- От Берсона прорываются!
- Работает ОМОН.
- На Берсона подкрепленіе! Наезд на сотрудніка!
- Не можем проехать. Стоіт Дзержінского.
- Періметр держіте!
- Неміга, Неміга! Подкрепленіе давайте!
- Машінамі таранят, б…

Паступова зразумеў: хутчэй за ўсё, з калідора чуваць эфір нейкага міліцэйскага падраздзелу Маскоўскага раёна. Бо і само Акрэсціна – Маскоўскі, і Няміга, Берсана ды Дзяржынскага – Маскоўскі. Відаць, людзі сабраліся ля Цэнтрвыбаркаму, там жа Дом ураду і Валадарка.

Супрацоўнікі абмяркоўвалі паўшэптам. Самым частым быў расейскі мацерны аналаг слова “капец”. Ня чуў у каментарах нянавісці да пратэстоўцаў, хутчэй ціхі жах: раз штурмуюць Валадарку, значыць, зараз і да Акрэсціна дабяруцца.

У стукачоў – сумесь жаху і захаплення. Прыслухоўваюцца, вырачаюць вочы, напаўголаса лаюцца. Пра сябе думаю: што ў іхніх душах зараз? Калі Лукашэнка лясне, мабыць, высветліцца, чым яны займаліся. Але ж, відаць, адначасова хочацца, каб сістэма, якая іх прымусіла быць стукачамі, рухнула разам з усімі турмамі, операмі ды таварышамі начальнікамі.

Гул у горадзе не сціхае.

А бліжэй да апоўначы зараўлі маторы і на самім Акрэсціна. Рокат МАЗаўскіх аўтазакаў вуха распазнае адразу.

Чуваць, з іржавым рыпеннем адчыняюць брамы. Прывезлі затрыманых. Ляскаюць дзверцы кабінаў. Каманды, падобныя да сабачага брэху. Выкрыкі. Глухія ўдары.

Калі забрацца на груды матрасаў, праз адтуліну відаць закратаванае вакенца, у ім – кавалачак двара ўнізе. Але нават праз гэты мізэрны акаём відаць, што двор Акрэсціна забіты людзьмі. Людзей - сотні.

АМАП у чорным – здаравезныя боўдзілы, абвешаныя амуніцыяй, рацыямі, зброяй і баекамплектам. І хлопцы (дзяўчат ня бачна, мабыць, недзе асобна), апранутыя лёгка, па-летняму, пераважна ў светлым – затрыманыя.

Беларусы. Чорнае і белае.

Аўтазакі заехаўшы проста на газон. Там і сям – аўтаматчыкі.

Вакол няспынны лямант і рык амапаўцаў:

-Стаяаать!.. Рукі за голову, сказааал!.. На колені!... Сюда іді, б...!

Пад рулямі аўтаматаў ніхто не супраціўляецца, але амапаўцы робяць калідор і праганяюць усіх затрыманых ад аўтазака да турэмных дворыкаў. Палова амапаўцаў проста стаіць, але кожны другі стараецца ўдарыць, пнуць, дастаць пратэстоўца.

Вока адразу вылучае тых, хто проста стаіць, і тых, хто вылузваецца. Мозг фіксуе: прынамсі пяцьдзясят адсоткаў вылюдкаў. Але і палова тых, хто ня б’е – ужо нямала.

Тыя б’юць свой народ.

Хто з іх беларус? Няўжо ёсць і вернікі? Хто з іх які чалавек у жыцці?..

Пра тое, што ў тую ноч было далей – наступным разам.
  • 😢 21
  • 👍 18
  • 💔 10
  • ❤ 5
Post #209 1.18K
Пра Джона Сільвера я даведаўся ў 2014-ым, пасля Майдана, калі Расея захапіла Крым і пачалася вайна ва Ўкраіне.

У Беларусі з'явіўся таямнічы блогер, які пачаў пісаць яркія і грунтоўныя гістарычныя артыкулы пра расейскую агрэсію. Тэксты на сайце 1863х чытала і абмяркоўвала ўся краіна.

У 2015 годзе Джона Сільвера раскрылі, і ён быў вымушаны з'ехаць ва Ўкраіну. А потым, у 2016-ым яго выманілі ў Расею, арыштавалі і перадалі Лукашэнку, каб судзіць за "экстрэмізм і распальванне міжнацыянальнай розні." Тады я і даведаўся, што Джон Сільвер - гэта лідзянін, студэнт гістфака БДУ Эдуард Пальчыс.

Памятаю, увосені 2016-га мы з сябрамі Маладога Фронту, БХД, "Еўрапейскай Беларусі" штодня выходзілі да будынку Менскага гарадскога суда з мегафонамі ды плакатамі (які быў час, га!) і скандавалі:

- Адзін! Восем! Шэсць! Тры! Імперыя, памры!

На нас афармлялі пратаколы, выпісвалі штрафы (Лукашэнка таксама спалохаўся Расеі і гуляўся з Захадам у лібералізацыю) - але і суддзя, і ахова, і сам Эдуард чулі "Жыве Беларусь!" і "Верым, можам, пераможам!" пад вокнамі закрытага паседжання.

Тады Пальчыс атрымаў умоўны тэрмін і выйшаў на волю. Аднавіў публічную дзейнасць, абараняў беларускую мову, перайменоўваў барбершоп "Чэкіст" (памятаеце, быў такі). У 2018-ым стаў адным з арганізатараў святкавання стагоддзя БНР у Менску - калі 50 тысячаў беларусаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі сабраліся на Траецкай гары.

Эдуард дапамагаў Змітру Дашкевічу ў Курапатах, збіраў подпісы за беларускія нацыянальныя сімвалы, арганізоўваў "Ноч расстраляных паэтаў". Перад 2020-ым Пальчыс стаў абліччам новага пакалення нацыянальнага руху.

Тэхналагічны. Віртуоз сацсетак. Стратэгічны розум. Добра валодае і карыстаецца беларускай мовай. Верыць у Бога.

Мы часта бачыліся з Эдуардам у евангельскай царкве і размаўлялі пра Беларусь.

Увосені 2020-га Эдуарда затрымалі і асудзілі на 13 гадоў. А праз пару месяцаў, пакуль ён чакаў суда, у іх з жонкай Вікторыяй нарадзілася дачка Эмілія.

Калі разам з групай вызваленых палітвязняў Эдуарда вывезлі ў Вільню, мяне ўразіла ягоная цвярозая халаднакроўнасць. Большасць пасля выхаду агаломшаная, яшчэ ў ачмурэнні. А Пальчыс, гляджу, стаіць у атачэнні тэлекамераў і журналістаў і выдае гранёныя фразы. Прыроджаны палітык, які ня згубіцца ў вірах падзеяў!

Пальчыс - гэта палітычны снайпер. Ён умее вычэкваць у засадзе, выцэльваць патрэбны момант і страляць у тэлеграме альбо фэйсбуку "на паражэнне".

Таму, калі сёння чую, што нешта ня бачна Пальчыса, я проста пасміхаюся. Бо ведаю: снайпер Джон Сільвер ужо заняў баявую пазіцыю і толькі чакае "моманту ікс".
  • ❤ 58
  • 👍 18
  • 👏 5
  • 🙏 5
  • 👎 1
Post #208 1.35K
На чыгуначнай станцыі Лунінец разгрузіўся эшалон з танкамі. Жыхары вёсак пад Маладзечнам паведамляюць пра незразумелы гул самалётаў цягам дня. У Менску масава правяраюць гатоўнасць бамбасховішчаў. На Гомельшчыне - рух вайсковай тэхнікі па дарогах.

Лукашэнка сабраўся ў "доўгую камандзіроўку" якраз пасля ультыматума Зяленскага.

У Беларусі яўна запахла вайной. Як усё павернецца - ня ведае аніхто, у тым ліку і генералы.

Ужо на гэтых выходных Беларусь можа стаць арэнай баявых дзеянняў. Лукашэнка можа ўцякаць не да сваіх залатых зліткаў, а ў маскоўскі бункер. Чытаю допісы пра тое, што УСУ хутка разбомбяць рэжым - але гэта складана ўявіць на тле вайны з Расей, якая ідзе вось ужо пяты год.

Наадварот, Расея можа сама ўдарыць танкавымі калонамі на Кіеў. Шчыльнасць украінскай абароны з боку Беларусі яўна меншая, чым на фронце ў Данбасе, ці пад Харкавам.

Ці не было прабачэнне Лукашэнкі і прызнанне немагчымасці ўтрымаць фронт з боку Расеі "заманухай" для Кіева?

Калі драпежнік раптам адкрыта паказвае сваю слабасць - ці не правакуе ён такім чынам суперніка на рызыкоўны напад?

Найлепшым выйсцем для Лукашэнкі было б дэмантаваць рэтранслятары, выставіць кардоны на мяжы з Расеяй, патэліць Трампу і падрыхтавацца да спробы дзяржаўнага перавароту з боку Крамля. Але верагоднасць, што Лукашэнка так зробіць - мінімальная.

Што ж рабіць беларусам, калі ў Беларусі пачнецца вайна?

Найперш - маліцца Богу. Апроч Яго, ніхто беларусаў ад жахаў вайны не абароніць.

Найлепш будзе перачакаць першыя дні ў бяспечных месцах. Зрабіць запас прадуктаў першай неабходнасці. Тым, хто можа - рыхтавацца да партызанкі і падполля супраць Масквы. Верагоднасць адкрытай расейскай акупацыі высокая, як ніколі.

Наколькі Расея будзе ў стане доўга расцягваць свой фронт - пытанне. Але думаю, што вайсковая тэхніка ужо эшалонамі перакідваецца ў Беларусь, перабазуюцца самалёты і ракетныя ўстаноўкі. Якім чынам зрэагуе Захад, асабліва Амерыка - пытанне.

Выпрабаванні і змены могуць быць раптоўнымі, хуткімі і нечакана цяжкімі. Некалькі гадоў Бог гартаваў і рыхтаваў нас, беларусаў. Можа быць, да гэтага лета. Магчымы і ўнікальны шанец на вызваленне - і найцяжэйшыя часы. Беларусам трэба быць выключна згуртаванымі і ў адным духу.

Сёння ў Вільні збіраемся на Малітву за Беларусь разам са Змітром Дашкевічам і іншымі сябрамі: 19.00, Ukmergės g., 263.
  • 🙏 35
  • 😢 7
  • ❤ 4
  • 👎 4
  • 😱 2
Older posts →
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →