TGViewer
Павел Севярынец Павел Севярынец @seviarynets · 988 subscribers
Post #221 1.01K
Акрэсціна, жнівень 2020. Пекла спыняецца.

Адразу папярэджу: тое, што вы прачытаеце тут - маё асабістае сведчанне і перажыванне, якое адбывалася ўнутры мяне. Наколькі ўсё апісанае паўплывала на хаду падзеяў, альбо тут толькі супадзенне - ведае толькі Бог. Прынамсі, мяне тады гэта моцна ўзрушыла.

Некалькі дзён і начэй запар на Акрэсціна працавала страшная малатарня. Відавочна пасля загадаў згары раптам падымаліся хвалі дзікага гвалту, збіцця, катаванняў - і праз колькі гадзінаў згасалі ў енках, стогнах ды крыках пра дапамогу. Сотні людзей крычалі ў калідорах, дворыках, камерах.

Ні пра які сон, канечне, не было гаворкі. Маліўся за тых, каго б'юць, за тое, каб усё спынілася - стоячы, на каленях, лежачы - памятаю, хіба некалькі разоў адключаўся, калі жах больш-менш сціхаў.

Нарэшце - здаецца, гэта была ноч з 12 на 13 жніўня - на мяне надышло поўнае атупенне. І мозг, і сэрца ўжо нават перасталі штосьці ўспрымаць. Вакол цемра, жудасць, дрыжэнне сценаў ад удараў, і бясконцыя крыкі ды рыданні. У такім атупенні, калі цела адмаўляецца прыняць рэальнасць, з'яўляецца думка, што насамрэч Бога няма.

З досведу ведаю: у такі момант трэба адчайна маліцца, і Госпад адкажа тым ці іншым чынам. Механічна і ўжо нават абыякава перабраў, што выдыхнуць у неба - і раптам зразумеў, што яшчэ не маліўся за душы тых, хто б'е.

Ісус у Нагорнай казані кажа: "Любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабіце дабро ненавіснікам вашым і маліцеся за крыўдзіцеляў вашых і ганіцеляў вашых." (Мацьвея 5:44).

Тут не сказана любіць ворагаў, як самога сябе. Не сказана маліцца за тое, каб яны маглі тварыць зло. Але ясна напісана - любіце.

Бог хоча, каб мы маліліся прынамсі пра збавенне іх душаў ад пекла.

І я пачаў з нейкім дзіўным натхненнем маліцца за душы тых людзей у форме, якія б'юць і ламаюць косці, якія топчуць ботамі жанчынаў і звярэюць ад крыкаў і чужога болю.

Бо і яны жывыя істоты. Бо і яны таксама беларусы. Бо і ў іх ёсць маці, дзеці, браты. Бо яны жывуць побач з намі. Бо інакш, калі цалкам аддаць іх пракляццю і д'яблу, застаецца толькі грамадзянская вайна на вынішчэнне, а гэта ўжо пекла на зямлі.

Прайшло літаральна некалькі хвілінаў - і гукі ўдараў ды крыкі раптам сціхлі. Пэўны час было чуваць некалькі стогнаў ды ўсхліпаў з калідора.

І потым настала поўная, глыбокая ціша.

Памятаю, на кучы матрасаў побач прачнуўся стукач. Неўразумела паводзіў галавой. Што, ноч?.. Ня б'юць?..

А я проста адключыўся. Прачнуўся толькі зранку.

Малатарня скончылася. У калідорах заляскалі "кармушкі" - людзей пачалі выклікаць па адным і адпускаць.
  • ❤ 26
  • 😢 9
  • 🙏 5
  • 🕊 1
More from @seviarynets
  1. Sep 29, 2026У чацвер 8 кастрычніка" а 19.00 у Беларускім Моладзевым Хабе (Dożynkowa 6a) у Варшаве адбу…
  2. Sep 28, 2026Сікорскі і Рыжанкоў. У чаканні вайны ў кожнай нацыі абвастраецца нацыянальны эгаізм. Калі…
  3. Sep 27, 2026Вялізная падзяка беларусам Італіі за цудоўную сустрэчу ў Фларэнцыі! Удзячны Народнай амбас…
  4. Sep 25, 2026Распавёў Глафіры Жук з "Белсату" пра аднаўленне Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і падры…
  5. Sep 24, 2026Як беларусам называць сваіх дзяцей, каб яны выраслі геніямі? Бярэм топ-100 знакамітых бела…
  6. Sep 23, 2026КАЛІ Ў БЕЛАРУСІ СТАЛА БЯСПЕЧНА? 26 верасня а 12:00 у Варшаве, каля Ужонда па справах замеж…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →