У маёй матулі – дзень нараджэння.
Цікава, што матуля маёй матулі, бабуля Галя, нарадзілася ў Вільні, непадалёк ад Вострай брамы, у дзьвюх хвілінах хады ад радзільні, дзе ў студзені 1991 года, падчас штурму Віленскай тэлевежы, з’явіцца на свет мая будучая жоначка Воля.
А сама Таццяна Лабачэўская, у замужжы Севярынец – з Лунінца.
Менавіта матуля Таццяна, унучка ігумена Мітрафана Будзько, якога пераследвала савецкая ўлада і сям’ю якога саслалі ў Сібір у 1939-ым, у пачатку 1990-ых выцягнула нас на адбудову Касцёла святой Барбары і Пакроўскага сабора ў Віцебску.
Менавіта матуля Таццяна казала нам пра Бога і накрывала святочны стол на Пасху, калі камуністы яшчэ былі пры ўладзе.
Настаўніца адзначае дзень нараджэння 1 верасня – знарок не прыдумаеш.
1 верасня матуля заўжды прыходзіла са школы з вялізным букетам ружаў. Вучні вельмі яе любілі. Наколькі – я зразумеў толькі ў пачатку 2000-ых: у некалькіх шматпавярхоўках каля віцебскай школы, дзе яна выкладала і дзе пакаленні бацькоў ды дзяцей памятаюць яе як сваю класную, матуля адна сабрала больш за 600 подпісаў за маё вылучэнне ў чарговай кампаніі.
За што любілі? За шчырасць, прынцыповасць, адданасць справе, за заўсёдную бадзёрасць і радасны настрой. Гены энэргіі, напору і моцы у нас ад матулі.
Матуля заўжды гатовая натхніць, развесьці рукамі хмары, абараніць дзяцей, горад, беларусаў і Беларусь.
У віцебскім мікрараёне Білева матуля з паплечнікамі ды паплечніцамі зноў-жа шляхам збору подпісаў дамаглася адкрыцця медычнага цэнтру, школы нумар 47, паліклінікі на віцебскіх Поўднях, лазнява-пральнага камбінату, пракладвання роварных дарожак, у гарадскім парку – рамонту помніка Уладзіміра Караткевіча – і яшчэ шмат-шмат чаго.
Менавіта матуля і тата выхавалі нас у свабодзе, адказнасці і павазе да Беларусі.
З днём нараджэння, мілая Мамулечка!
І - верш.
БАЛАДА ПРА ЖАНЧЫНУ НА КАРАБЛІ
Матулі
У палескай глыбі, на радзіме славян,
Дзе чыгункі сыходзяцца крыжам,
Горад Лунінец ціха плыве скрозь туман,
Горад Лунінец, роўны Парыжу.
Тут, дзе храмы ад грукату колаў дрыжаць,
Дзе люстэркамі блішчуць крыніцы,
Дзе на пляцы гарод, а ў двары сенажаць,
Давялося табе нарадзіцца.
У тваім радаводзе прывідамі крыл —
Радаслоўная ўсіх беларусаў:
І пабожныя шляхцічы, і святары,
І габрэй, што паверыў у Ісуса.
Закрывалі паўнеба старыя дубы,
Паравозы гулі на світанні,
Тлелі дыму клубы, а ты марыла быць
Капітанам далёкага плавання.
Ты плыла на вагні велічэзнай гары,
Дзе варагі, арда і хазары,
Дзе захоўваюць замкі, старыя муры
Рэхі словаў, калісьці сказаных.
А на вулічным бруку — вандроўны паэт,
А ў паэта — зялёныя вочы,
І адкрыўся забыты загадкавы свет,
І спытаўся — чаго жа ты хочаш?
На тваім караблі хопіць месца дваім,
І вы разам выходзіце ў мора.
І цяпер яго лёс стане лёсам тваім:
Усе супольна — і радасць, і гора.
І плыве карабель, і блішчыць далягляд,
Засяляецца палуба дзецьмі.
Тут і сонца — дачка, і сыночак — пірат,
І малодшая — толькі глядзець бы.
Вось аршанская гавань, затока Барань,
Зіхацяць на Адроўцы мярэжы,
Між Лучосай і Віцьбай стаяць у мурах
На узгор’і высокія вежы.
Разляцеліся дзеці з тых вежаў у свет,
Склаў паэт свае лёгкія-крылы...
Бераг неба, а ў небе — мігценне планет
На шляхах найвышэйшае сілы.
Капітан! Углядзіся ў нябесную сінь:
Мы з табою вандроўку адновім.
Ты стаіш перад безданню зорных глыбінь —
Акіянамі Божай любові.
Турма 1, Гародня