Пячорны манікюр у ШІЗА і нажнічкі Ціханоўскага.
Калі месяцамі сядзіш у бетонных скрынях, дзе забаронена ўсё, праблема стрыжкі пазногцяў ператвараецца ў сур'ёзную рэч.
Нельга нажніцы. Нельга кусачкі. Нельга лязо. Нельга станкі для галення.
Бетонны пыл і бруд забіваюцца пад пазногці. А за месяц, два ці тры кіпці вырастаюць, самі ўявіце, ого-го.
А як пастрыгчы пазногці? Ніяк.
Ведаю, ёсць людзі, якія пазногці абкусваюць. Але паспрабаваў - не маё.
У карцэрах Акрэсціна быў прыладзіўся сточваць пазногці аб металёвыя шрубы. Часам здзіраў пальцы да крыві - затое не было адчування, што ты звер, якога заперлі ў бетонны мяшок.
У ШІЗА Шклова ці Гарадзенскай крытай такіх шрубаў мне знайсці не ўдавалася - і даводзілася сточваць пазногці на адным ці некалькіх пальцах аб бетон ці цэмент паміж пліткамі. Тут праца доўгая, пільная - затое, як той казаў, бачыш вынік.
На Валадарцы пасля "Шанхаю" у выніку сутычкі са "сматрашчым" мяне перавялі ў "двайнічок" у спецкалідоры - камеру 101. Тут падчас праверкі запатрабаваў, каб далі па-людску пастрыгчы пазногці - турма, усё-такі.
І, уявіце сабе, на колькі хвілінаў прынеслі маленькія нажнічкі. Калі я першы раз за тры месяцы іх узяў у рукі, рот сам расцягнуўся ў глупую ўсмешку да вушэй. Але галоўны сюрпрыз чакаў мяне наперадзе.
На кардонным футаральчыку было напісана: "К. 101. Тихановский".
Значыць, перада мной тут сядзеў Сяргей Ціханоўскі.
Post #254
718
- ❤ 27
- 👍 7
- 😢 5