TGViewer
Павел Севярынец Павел Севярынец @seviarynets · 991 subscribers
Post #273 380
Валадарка. Студзень. Крывасмокі.

Узімку 2021 года, у спецкалідоры, у камеры 101, падчас следства на Валадарцы, я ўпершыню ў жыцці пабачыў камароў узімку.

І гэта была не пара-тройка дохлых камароў, якія нейкім дзівам ацалелі ў турэмных падзямеллях, а паўнавартаснае, шматлікае, прагнае да крыві вязняў камар'ё.

Уявіце сабе: студзень месяц, з растрэсканых фрамугаў ды шчылінаў сіфоніць сівер, у нашай "двушцы" ходзім у целагрэйках - а праз вентыляцыю пруць дзясяткі крывасмокаў, і трэба штовечара ганяць іх па хаце рушніком, а ўначы накрывацца з галавой, каб хоць крыху паспаць.

І халера іх ведае, дзе яны пладзіліся - мабыць, у душавых ды падвалах, дзе цеплатраса ды гарачая вада - але мы з сукамернікам ніяк не маглі даць рады.

І смех, і грэх - улетку ніякіх камароў, увосені ані, ачмурэць - Раство і Новы год з камарамі!

Давай замаўляць фумігатары. Нельга. Спіралі ці свечкі. Зразумела, забаронена. Што рабіць? Ну, слухай, мята іх адпалохвае. Давай мяты папросім у перадачы.

Добра. Пішу Волечцы ў лісце, так і так. Бедная Волечка раіцца ў фб, што рабіць, набывае сродак ад камароў, пакуе мяту, нават зерняў гваздікі ў апельсін натыцкала, нясе перадачу. Апельсін моўчкі аддалі назад, сродак, канечне, не прынялі.

Дык камары ў вас. Якія камары? Студзень месяц! А што тут у вас яшчэ? Мята? Хм. Мята. Быццам не забаронена.

Карацей, праходзіць нам мята. О, клас! Куды яе? Ды ў вентыляцыю, яны адтуль пруць. Сукамернік высокі быў, дацягваецца, піхае сцябліны мяты праз краты ў вентыляцыйную нішу.

- О! - кажа. - А з боку калідора кратаў няма. Адкрытая ніша.

Запіхалі ўсю мяту туды. Чакаем. Але лётаюць, трасца на іх. Чхаць яны хацелі на тую мяту.

Мы, канечне, зажурыліся. Ну, мо надыхаюцца і ўсё-такі праз дзень-другі павымруць, га?

Нарэшце, ідзе вечаровая праверка. Зайшлі, праверылі. І ёсць там у паставых дурны звычай - цяжкія дзверы ў камеру захлопваць з сілаю, з агушальным грукатам, аж выбуховая хваля ідзе, і ўсе краты трасуцца.

Выходзяць. Ба-абах! І раптам такі характэрны шолах, на калідоры сыпецца нешта, і мат-перамат карпуснога.

Адчыняюць зноў. Ва ўсіх мята на плячах і ў валасах.

- Так-растак, што там у вас?!!

- Ммм... Мята. Ад камароў.
  • 🔥 17
  • 🤷‍♂ 2
More from @seviarynets
  1. Sep 27, 2026Вялізная падзяка беларусам Італіі за цудоўную сустрэчу ў Фларэнцыі! Удзячны Народнай амбас…
  2. Sep 25, 2026Распавёў Глафіры Жук з "Белсату" пра аднаўленне Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і падры…
  3. Sep 24, 2026Як беларусам называць сваіх дзяцей, каб яны выраслі геніямі? Бярэм топ-100 знакамітых бела…
  4. Sep 23, 2026КАЛІ Ў БЕЛАРУСІ СТАЛА БЯСПЕЧНА? 26 верасня а 12:00 у Варшаве, каля Ужонда па справах замеж…
  5. Sep 22, 20268-15 кастрычніка плануем з Барысам Гарэцкім пры падтрымцы "Будзьмы" і БАЖ аб'ехаць Польшчу…
  6. Sep 22, 2026photo post
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →