TGViewer
Павел Севярынец Павел Севярынец @seviarynets · 991 subscribers
Post #261 818
Валадарка. Спецкалідор. Жаночы пост і ігрышчы аховы.

У 2020 – 2021 гадах мне давялося восем месяцаў сядзець на Валадарцы ў камеры 101, цеснай “двушцы”, у так званым спецкалідоры. Тут, у турэмнай старой будыніне, мабыць, яшчэ ХІХ стагоддзя, было некалькі закуткоў для кавіднага карантыну, “лядоўня” з выбітым шклом, ШІЗА і абшыты браняванымі лістамі блок для “спецкантынгенту” – асуджаных на пажыццёвае зняволенне ці да смяротнага пакарання. Кажуць, цяпер такіх трымаюць на Жодзіна альбо ў Калядзічах – але тады на Валадарцы, падобна, была для іх “транзітка”.

Мая камера, праз якую прайшлі і Сяргей Ціханоўскі, і потым Алесь Бяляцкі - катух памерам два на тры з паловай метры, асноўную частку якога займалі двайныя нары (першы і другі паверхі). Ля ўваходу “ачко”, паміж нарамі і сцяной – мікраскапічны столік з прываранымі жалезнымі “сядушкамі”.

Прастора – прыблізна як у аўтобуснай прыбіральні. Каб праціснуцца да вакна (патрэсканае шкло са скразняком, кратамі і “веснічкамі”), трэба займацца гімнастыкай і ўціскаць жывот.

Прастора для “пахадзіць” – паўтара крокі туды і назад паміж дзвярыма і столікам. Двум чалавекам не размінуцца, то жыццё ў той двушцы ператвараецца ў “тэтрыс”.

Лёгкім стукам па сценах і ў нішы дзвярэй вылічыў адразу некалькі падазроных парожнінаў: у турме яны звычайна сведчаць пра ўсталяванне гукавай апаратуры. Мяркуючы па ўсім, праслушка тут была адмысловая.

Але тут было насамрэч лепш, чым на “Шанхаі” ці Акрэсціна. Пакуль ішлі масавыя пратэсты, выкліканыя якраз гвалтам у турмах, ашаломленая адміністрацыя палітычных спярша не чапала. Толькі бліжэй да зімы па дарозе ў душавую я ўбачыў у ШІЗА Міколу Дзядка.

Ахова на Валадарцы – гэта было нешта адмысловае.

Спецкалідор ідзе ад жаночага корпуса турмы, то і пост аховы тут быў жаночы. Паставыя – пераважна вясковыя дзяўчаты з Менскага раёну ў камуфляжы, з выразнай трасянкай у размове. З аднаго боку, было цікава назіраць за іх смутна-прыязнай рэакцыяй на беларускую мову, з іншага – турма ёсць турма: часам тыя дзяўчаты выдавалі базарны мат-перамат.

А ўначы у нашым спецкалідоры разыгрываліся драмы, вартыя Шэкспіра.

Карпусныя і афіцэры – мужчыны. Паставыя – дзяўчаты. Ноч. Заступае змена, гудзе электрычны імбрык, п’ецца гарбата, сцішаныя галасы – і пачынаецца. Нярэдка са спецкалідора можна было пачуць і звонкія пашлёпванні, і хіхіканне, і пацалункі, і рыданні ды высвятленні адносінаў.

Аднойчы ўначы дзяўчаты-ахоўніцы нават біліся ды цягалі адна адну за валасы. Зухаваты карпусны на ранішняй праверцы быў чырвоны, як бурак. Вязняў не саромеліся.

І час ад часу хтосьці з крымінальнікаў, зацяўшыся з карпусным праз “кармушку”, зрываўся:

- Начальніку расскажу, как вы девок по ночной смене лапаете!
  • ❤ 25
  • 😁 6
  • ⚡ 1
  • 👍 1
More from @seviarynets
  1. Sep 25, 2026Распавёў Глафіры Жук з "Белсату" пра аднаўленне Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і падры…
  2. Sep 24, 2026Як беларусам называць сваіх дзяцей, каб яны выраслі геніямі? Бярэм топ-100 знакамітых бела…
  3. Sep 23, 2026КАЛІ Ў БЕЛАРУСІ СТАЛА БЯСПЕЧНА? 26 верасня а 12:00 у Варшаве, каля Ужонда па справах замеж…
  4. Sep 23, 2026Валадарка. Студзень. Крывасмокі. Узімку 2021 года, у спецкалідоры, у камеры 101, падчас сл…
  5. Sep 22, 20268-15 кастрычніка плануем з Барысам Гарэцкім пры падтрымцы "Будзьмы" і БАЖ аб'ехаць Польшчу…
  6. Sep 22, 2026photo post
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →