Роўна 35 гадоў таму, 19 верасня 1991 года, Вярхоўны Савет Беларусі абвясціў бел-чырвона-белы сцяг нашым дзяржаўным сцягам.
Дэпутаты ад БНФ на чале з Зянонам Пазьняком павялі за сабой разгубленую большасць - і паднялі па-над краінай сімвал святла і ўваскрасення.
А бел-чырвона-белы сцяг - гэта Сцяг Хрыста.
2000 гадоў таму ў Палестыне, каля Ерусаліму, пасля укрыжавання Ісуса Хрыста, у белую ільняную тканіну загарнулі Ягонае скрываўленае цела. Калі Хрыстос уваскрос, белая з чырвонай паласою палатніна засталася людзям як знак перамогі Бога над смерцю.
Біблія апісвае гісторыю з’яўлення бел-чырвона-белага сцягу ва ўсіх Евангеллях:
“А калі настаў вечар, прыйшоў багаты чалавек з Арымафеі, на імя Іосіф, які таксама быў вучнем Ісуса. Ён, падыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Ісуса. Тады Пілат загадаў аддаць цела. І, узяўшы цела, Іосіф абкруціў Яго чыстай палатнінаю, і палажыў Яго ў сваёй новай магіле, якую ён высек у скале”. (Мацвея, 27: 57-60)…
Хрыстос уваскрос - і белая палатніна з Ягонай крывёю з'яўляецца на ўсіх абразах:
- Жыве!
“А Пётр, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, бачыць прасціну, што ляжала асобна” (Лукі 24:12).
Бел-чырвона-белая Турынская плашчаніца прызнаецца навукова пацверджаным цудам і адной з галоўных рэліквіяў хрысціянства.
Дагэтуль уваскрослага Хрыста на шматлікіх абразах, карцінах, пасхальных паштоўках выяўляюць з белым сцягам з чырвонай паласою ці чырвоным крыжам. У мантыях праваслаўных архірэяў бел-чырвона-белыя стужкі (“крыніцы” альбо “струмяні”) – абавязковая адметнасць.
А з часоў Сярэднявечча асноватворны Сцяг Хрыста стаў сімвалам хрысціянскага свету – асабліва на межах з мусульманамі і паганцамі.
Сцяг Хрыста з’яўляўся на абразах, вайсковых харугвах, мачтах караблёў – і з цягам часу, у розных варыяцыях, увайшоў у велізарную колькасць гербаў, вымпелаў і нацыянальных сцягоў на ўсёй еўраатлантычнай прасторы ў Старым і Новым Свеце.
Дастаткова згадаць, што Англія дагэтуль мае сцяг белы з чырвоным крыжам. Грузія. І вось, Беларусь.
Калі ёсць штосьці, што лучыць на элементарным, кодавым узроўні не толькі Еўропу, але і ўсю заходнюю цывілізацыю – дык гэта, бясспрэчна, ён, адзін з самых старажытных і ключавых хрысціянскіх знакаў.
Сцяг Хрыста настойліва працінае ўсе дзесяць вякоў беларускай гісторыі. З прыняццём хрысціянства ўзнікае назва Белая Русь; Полацкая Сафія і Дабравешчанская царква ў Віцебску, першыя нашы святыні, маюць характэрную бел-чырвона-белую муроўку; белая на чырвоным "Пагоня" абіраецца гербам Вялікага Княства.
У бітве пад Воршай – бел-чырвона-белыя сцягі Хрыста на піках нашых вершнікаў, у бітве пад Кірхгольмам па-над ліцвінамі вялікі бел-чырвона-белы сцяг.
Праваслаўныя патрыярхі з бел-чырвона-белаю аблямоўкай у рызах; у каталіцкіх ды уніяцкіх святынях на абразах - Сцяг Уваскрасення.
У 1918-ым бел-чырвона-белы сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі прымаецца як агульны сімвал беларускага нацыянальнага руху. За яго расстрэльваюць пры Сталіне, яго падымаюць і падчас вайны, і ў партызанах, і на эміграцыі – аж да Курапатаў 1988-га і мітынгаў Беларускага Народнага Фронту, дзе ён ўпершыню пасля дзесяцігоддзяў цемры ўспыхвае зноў.
Бел-чырвона-белы сцяг – найвялікшы евангельскі сімвал, канцэнтрацыя сэнсу нацыянальнай ідэі, зашыфраванае імя Беларусі. Калі бачыш бел-чырвона-белае, вочы міжволі прымружваюцца, як ад святла. Ён лунае ў паветры, нібы анёлавы крылы.
"Зямля пад белымі крыламі" – ці не пра гэты сцяг пісаў Караткевіч!
У самыя трагічныя і моцныя моманты беларускай гісторыі скразіць, нечакана выблісквае, асвятляе далягляды, як азарэнне, бел-чырвона-белы сцяг – і зноў нагадвае нам пра тое, што адбылося 2000 гадоў таму:
“… І ўбачылі камень, адвалены ад магілы, і увайшоўшы, не знайшлі Цела Госпада Ісуса. Калі ж яны знедаўмяваліся з гэтага, раптам паўсталі перад імі два мужы ў строях бліскучых. І калі яны былі ў страху і схілілі абліччы свае да зямлі, - сказалі ім: што вы шукаеце Жывога сярод мёртвых? Яго няма тут: Ён уваскрос” (Лукі 24: 2-6).
Жыве Беларусь - з Богам!
Фота 2016 года: кампанія Маладога Фронту і Змітра Дашкевіча "Бел-чырвона-белы сцяг Хрыста".
Post #268
756

- ❤ 46
- 🤣 2
- ⚡ 1