TGViewer
Channel Public Channel
Павел Севярынец

Павел Севярынец

@seviarynets

Асабісты канал
Subscribers
989
Photos
181
Videos
5
Links
42

Showing posts older than #254 · Back to latest

Older Posts 20 shown
Post #253 773
Нядзеля. Вільня.

Малюся Богу ў беларускай царкве Канстантынопальскага патрыярхату на Бокшту, потым іду ў беларускі касцёл у Зарэчча, да Волечкі і Францішка (усяго некалькі хвілінаў хады) - а роўна паміж Прачысценскі сабор, у Залатым веку - наша галоўная царква.
  • ❤ 67
  • 🥰 1
Post #252 865
"Зачем учіть ребёнка на белорусском? Чтобы стал змагаром і попал в тюрьму? Чтоб уехал за граніцу? Зачем калечіть жізнь своім детям?"

І вось прыходзіць верасень, і мы чуем ды чытаем зноў і зноў: там і там не набралі беларускі клас ці групу ў дзіцячы садок. "Няма дурных".

Расейскі тэрор у дачыненні да беларускасці за стагоддзі сфармаваў сярод значнай часткі беларусаў глыбокі, часам невыкараняльны страх: паказаць, што ты беларус - страшна.

Беларусь для Расеі была і застаецца галоўным плацдармам на галоўным накірунку ўдару па галоўным ворагу.

Стагоддзямі Расея размяшчала на тэрыторыі Беларусі найбольш баяздольныя арміі і будавала вайсковую інфраструктуру. "Зборачны цэх" БССР планаваўся крамлёўскім Генштабам як ключавая база для рамонту вайсковай тэхнікі ў вайне з Захадам. НПЗ у Наваполацку і Мазыры будаваліся з разліку на запраўку танкавых калонаў, якія пойдуць на Еўропу. Беларусь для Масквы - гэта насамрэч ня бульба і ня чыстыя вуліцы, а бясконцыя вайсковыя часткі, ракетныя шахты і падземныя бункеры, заводы "абаронкі", кварталы, заселеныя вайскоўцамі ды адстаўнікамі.

А там, дзе імперыя рыхтуе магутны кулак для скрышэння Заходняй цывілізацыі, канечне, не павінна быць ніякіх "беларусаў", адрознай ад расейскай мовы, памкненняў да самастойнасці. З гледзішча Крамля, Беларусь - прастора, дзе павінна гучаць толькі рэха вайсковых загадаў. І рэжым Лукашэнкі тут - проста выканаўца.

Крэмль цудоўна ведае, што з боку Захаду Беларусь - гэта ключ да Масквы. Таму і баіцца беларускасці як сваёй смерці.

Беларусы - народ выключна рацыянальны. І вельмі многія разумеюць: размаўляць па-беларуску на такім плацдарме - значыць, кідаць выклік імперыі. Каб выжыць - будзь "как все", говорі по-русскі, "не выделяйся".

І тут - гамлетаўскае "быць альбо ня быць".

Прызнацца ў тым, што ты баішся быць сабой, быць беларусам - канечне, сорамна. Адсюль і "рацыянальныя" апраўданні. Ці то "я русскій", ці то "у меня фамілія польская", ці то "зачем калечіть жізнь ребёнку". Беларусы ўнікаюць беларускасці.

Нават паводзінамі расейцаў, якія панаехалі ў Беларусь, беларусы ў большасці абураюцца па-расейску.

Але беларусам нікуды не падзецца з вастрыя, нацэленага ў сэрца Захаду.

Адзіны шанец для Беларусі быць - параза і развал Расейскай імперыі.

А перамога ў супрацьстаянні з Масквой вырашаецца ў кожным беларускім сэрцы.

Адзіны шанец для Беларусі перамагчы - размаўляць з беларусамі па-беларуску. Быць сабой.

Калі ты проста размаўляеш па-беларуску - ты разбураеш свой страх і імперыю.
  • ❤ 45
  • 🙏 13
  • 💯 8
  • 👏 3
Post #251 755
Касцёл Польшчы заклікаў спыніць варажнечу да украінцаў.

Апошнім часам пад хвалю непрыняцця у Польшчы, Літве альбо Украіне ўсё часцей трапляюць і беларусы - таму і для нас гэта надзвычай важна.

Крок Касцёла - вынік таго, што Захад застаецца ня толькі геаграфічным паняткам, а захоўвае ў сваёй глыбіні магутныя падмуркі хрысціянскай цывілізацыі.

Так, людзі ва Ўсходняй Еўропе напалоханыя пагрозай вайны. Сістэма апазнавання "свой-чужы" пачынае вызначаць паводзіны і стаўленне без увагі на чалавечую асобу. Можна зразумець насцярожанасць нашых суседзяў да тых, хто прыехаў з Усходу і размаўляе па-расейску: тым ясней патрэба беларусам у вольным свеце размаўляць з беларусамі па-беларуску.

Але Касцёл кажа: палюбіце бліжняга свайго, як самога сябе. І гэта вышэй, чым падазрэнні, спрэчкі пра гістарычныя крыўды ці дзяржаўныя ордэны - асабліва калі побач ідзе вайна і Украіна штодня ўмываецца крывёй.

Той, каго не прынялі на вуліцы, у двары, на працы, заўсёды можа прыйсці ў хрысціянскую царкву. І тут - ключ да яднання заходняй цывілізацыі. Менавіта дзеячы-хрысціяне стаялі ля вытокаў ЗША і Еўрапейскага Звязу.

Менавіта да Ісуса Хрыста прыходзіць той, каго не прынялі свае, суседзі альбо чужыя.

Перад пагрозай новага барбарства і вар'яцтва народы Еўропы ў рэшце рэшт знойдуць прытулак у хрысціянстве.
  • ❤ 36
  • 🔥 5
  • 👍 4
  • 💯 4
  • 🙏 1
Post #250 763
З гледзішча матэматыкі, у наступнай партыі вызваленых палітвязняў мае быць ня менш за 500 чалавек.

Паглядзіце. З кожным разам колькасць вызваленых расла ў прагрэсіі, блізкай да геаметрычнай.

Першая партыя, у ліпені 2025 года, з Сяргеем Ціханоўскім – 21 чалавек.

Другая, з Дашкевічам, Дзядком і Вінаградавым, у верасні 2025-га – 52 чалавекі.

Трэцяя, з Бяляцкім, Калеснікавай і Бабарыкам, у якой таксама быў і я, 13 снежня 2025 года – 123 чалавекі.

19 сакавіка 2026-га – 250 палітвязняў.

У аснове алгарытма пакрокавага вызвалення - матэматычная мадэль.

З кожным разам - больш, чым было! больш чым удвая! Яшчэ больш! Больш і больш! Угадваецца трыюмфальны стыль Трампа.

Калі браць тую ж геаметрычную логіку, цяпер маюць вызваліць больш за 500 чалавек, альбо, у рамках “Вялікай здзелкі” - нават усіх.

Для Лукашэнкі выгадней за ўсё вызваліць палітвязняў да 17 верасня – так званага “Дня народнага адзінства”: тут можна спекуляваць на тэме “адзінага народа” пад ягонай уладай і паказваць, што гэта выключна ягонае рашэнне, а не ціск ці здзелка з ЗША. Да таго ж, пажадана мець адчыненыя дзверы ў выпадку перамоваў з Амерыкай, калі Пуцін пасля выбараў у Дзярждуму 18-20 верасня абвесціць мабілізацыю і паспрабуе ўдарыць па Украіне праз Беларусь.

А для Трампа важна атрымаць добрыя навіны напярэдадні прамежкавых выбараў у Кангрэс (яны пройдуць 3 лістапада) – то бок, арыентавана ў верасні-кастрычніку, і чым бліжэй да даты выбараў, тым лепш. Пасля гэтых выбараў Трамп можа сутыкнуцца з блакаваннем сваіх ініцыятываў у Палаце прадстаўнікоў і нават спробай імпічменту – таму стаўкі для яго высокія, як ніколі.

Выглядае, што самы верагодны прагноз - з сярэдзіны верасня да канца кастрычніка.

Пра гэта, а таксама пра абвальны схаваны дэфолт расейскіх рэгіёнаў ды поспехі Украіны, пра адзначэнне 35-годдзя аднаўлення незалежнасці Беларусі - у свежым выпуску "Тройцы добрых навінаў".

Відэа глядзіце па спасылцы. Далучайцеся!

Фота: "Позірк"
  • 🙏 29
  • ❤ 10
  • 🤔 1
  • 💅 1
Post #249 787
У Вільні да 35-годдзя аднаўлення Незалежнасці Беларусі прайшлі аж тры імпрэзы – канцэрт у Доме нацыянальных супольнасцяў, сустрэча з дэпутатам незалежнасці Анатолем Лябедзькам ды чальцамі літоўскага Сейму ў офісе еўрадэпутатаў – і вечарына ў Беларускім Доме, дзе выступілі Сяргей Навумчык (па відэа), лідэр праваслаўных беларусаў айцец Георгій Рой, старшыня Асацыяцыі беларускіх бацькоў Літвы Вадзімір Заранкін, кіраўніца віленскага Беларускага Дому Людвіка Кардзіс, дэпутаты Менскага гарадскога савета 1990-ых.

Дзякуй усім, хто быў! Рыхтуемся вяртацца ў Беларусь з перамогай - каб аднаўляць незалежнасць. Як сведчылі ўсе, хто выступаў - гэта можа адбыцца абсалютна нечакана.
  • 🔥 31
  • 👍 7
  • ⚡ 2
Post #248 794
35 гадоў таму, 25 жніўня 1991 года, у 20.08, Вярхоўны Савет Беларусі надаў Дэкларацыі незалежнасці статус канстытуцыйнага закона.

Беларусь стала незалежнай: свая дзяржава, свае сімвалы, свае грошы, свае законы, свая палітыка.

Незалежнасць - выяўленне Божага цуду самасвядомасці, вольнай волі, свабоды выбару і асабістай адказнасці на ўзроўні цэлага народа.

Правадыром незалежнасці на чале Беларускага Народнага Фронту тады быў Зянон Пазьняк.

Праз некалькі гадоў світанне незалежнасці растаптаў Лукашэнка. Беларусь адышла ў цень Крамля.

Але і цяпер мільёны беларусаў па абодва бакі мяжы, мараць пра незалежную Беларусь, моляцца за яе і працуюць дзеля яе.

Сёння ў Вільні - сустрэча дэпутатаў незалежнасці Беларусі і Літвы а 15.30 на праспекце Гедыміна, 56 - і вечарына "Незалежнасць - гэта..." а 18.00 у Беларускім Доме па Віленскай, 20. Запрашаем!

Жыве незалежная Беларусь!
  • ❤ 57
  • ⚡ 1
Post #247 895
Вялікі дзякуй усім, хто удзельнічаў у імпрэзе да 35-годдзя аднаўлення незалежнасці Беларусі ў Вільні!

Валянціну Стэху і беларускаму клубу "Сябрына", якія дамовіліся з памяшканнем і парупіліся пра гук - а сам спадар Валянцін распавёў пра шлях Літвы да незалежнасці.

Іллю Міронаву, які дамаўляўся з выступоўцамі і правёў цэлую рэкламную кампанію: за свае грошы раздрукаваў афішы і размясціў іх па ўсім горадзе ды раскідаў па сацсетках, а на самой імпрэзе прачытаў эсэ Уладзіміра Арлова "Незалежнасць - гэта..."

Барду Юрыю Брыцько, невідушчаму спеваку, які скарыў слухачоў глыбокімі хітамі пад гітару.

Паэтцы ды перакладчыцы Вандзе Марціньш - за чароўныя, нібы туман над Вяллёю, вершы.

Хору "Світанак" з непараўнальнай Марынай Струнеўскай - за беларускія народныя спевы ды танцы, якія захапілі залю.

Праграмісту і паэту Анатолю Хіневічу - за вершаваныя развагі пра шлях чалавека.

Юнай Уршулі Грышкевіч - за кранальныя балады пад укулеле і губны гармонік.

Паліне Курановіч - за віртуознае выкананне беларускіх кампазіцыяў на цымбалах.

Сержуку Сысу - за поўныя гумару і самаіроніі вершы.

Марку Брыцько ("ТаШыба") - за індзі-рок з кропляй горычы.

Уладзіміру Пыльчанку і Вользе Фалей - за завадныя каверы улюбёных беларускіх хітоў.

Дзякуй наведнікам і гледачам, якія ахвяравалі час у нядзелю, каб пабыць разам на свяце ў гонар незалежнасці.

І дзякуй Богу за сонечны дзень!

Жыве Беларусь!

Фота Волечкі Севярынец.
  • ❤ 46
  • 🙏 1
Post #246 993
Для Расеі найлепшым выйсцем будзе распад на некалькі дзясяткаў незалежных дзяржаваў - ад Піцерскай рэспублікі і Сібіры да Чачні ды Татарстана.

Бессэнсоўная і бязлітасная агрэсія Масквы ва Украіне імкліва
паскарае гістарычны працэс разбурэння імперыі зла.

Падтрымка Пуціна абвальваецца, расейцы хочуць міру з Украінай - а для Беларусі адчыняецца ўнікальнае вакно магчымасцяў.

Спасылка на свежую "Тройцу добрых навінаў" тут.
  • ⚡ 20
  • 💯 13
  • 👍 9
  • 👏 4
  • 👎 2
Post #245 967
Мікалая Аўтуховіча, палітычнага вязня і галоўнага беларускага "тэрарыста", начальства Гарадзенскай турмы баіцца больш за ўсіх.

За два з паловай гады ў Гарадзенскай крытай рэгулярна бачыў яго ў клетцы на "камісіі" - у чарзе на пакаранне, найчасцей ШІЗА.

Для Аўтуховіча прадугледжаная асобная камера, нумар 50 на трэцім паверсе следчага корпусу ("Амерыканкі").

Камера адмысловая, з двайнымі дзвярыма. Вельмі цесная "адзіночка", пасярэдзіне якой - труба ад столі да падлогі. А труба гэтая - сцёк каналізацыі: спіш, а ў цябе над галавой бурліць і ракоча.

Час ад часу Аўтуховіча пераводзяць у суседні корпус, на "Бастыён" - і там які-небудзь стукач спрабуе выведаць, а што ў Аўтуховіча цяпер у галаве.

Мне давялося сядзець адразу з некалькімі такімі "спецыялістамі па Аўтуховічы" - бо з ключавымі палітычнымі "працуюць" адныя і тыя ж кадры, заадно і правяраюць узаемаадносіны паміж апазіцыянерамі. Наслухаўся.

Карацей, Аўтуховіч - кашмар для адміністрацыі.

Баяцца, што Аўтуховіч замышляе нешта супраць асабіста Лукашэнкі, Астравецкай АЭС і Саюза з Расіяй. Баяцца, што можа нешта ўзарваць проста з турмы. Баяцца, што створыць і ўзначаліць падполле.

Бо Аўтуховіч - адважны "афганец", ваяр, беларускі партызан. Гаворыць ён ціха і мякка, але такія рэчы, ад якіх "сілавікоў" прабіраюць мурашкі па скуры.

Палову жыцця Аўтуховіч па турмах. Памятаю, у 2014 годзе мы з Волечкай паехалі сустракаць Аўтуховіча, які вызваляўся з той самай Гарадзенскай турмы. Мікалая мусілі адпускаць увечары, але сабраліся людзі, чакалі ўсю ноч да раніцы - і толькі калі ля брамы турмы не засталося ніводнага чалавека, Аўтуховіча тайком вывелі.

Аўтуховіч выйдзе. Рана ці позна - выйдзе. І будзе самае страшнае для тых, хто служыць рэжыму: замест загаду пачне працаваць закон.
  • 🙏 33
  • ❤ 20
  • 💯 5
  • ⚡ 2
Post #244 803
Даведаўся: частка бацькоўскай кватэры ў Віцебску, дзе я прапісаны, цяпер арыштаваная.

Чарговае беззаконне. Але Бог усё бачыць.
  • 🤬 28
  • 🤯 9
  • 🙏 9
  • 😢 3
  • 👎 1
Post #243 821
25 жніўня 1991 года, 35 гадоў таму, пасля правалу ГКЧП, Вярхоўны Савет Беларусі надаў канстытуцыйны статус Дэкларацыі незалежнасці Беларусі, абвешчанай у 1990 г.

Менавіта пасля гэтага Беларусь пачала імкліва стварацца як незалежная дзяржава. Менш чым праз месяц бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” былі абвешчаныя дзяржаўнымі сімваламі, у Беларусі з’явіўся свой уласны Урад, Памежная служба, Міністэрства замежных справаў, свае грошы і спартовыя зборныя.

35 гадоў незалежнасці – юбілей, важны для ўсіх беларусаў.

25 жніўня, а 18.00 у Беларускім Доме ў Вільні (Vilniaus 20) пачнецца вечарына “Незалежнасць – гэта…”

Чакаем выступы дэпутата незалежнасці Сяргея Навумчыка (відэа), лідэра беларускіх праваслаўных айца Георгія Роя, кіраўніцы Беларускага Дома Людвікі Кардзіс, старшыні Асацыяцыі беларускіх бацькоў у Літве Вадзіміра Заранкіна.

Напрыканцы вечарыны – віктарына пра Беларусь з каштоўнымі прызамі.
  • 👍 31
  • ❤ 6
  • 🔥 3
Post #242 747
Валадарка 2020. Застацца жывым у "Шанхаі".

21 жніўня 2020 года мяне як падазраванага ў "замысле і падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" перавялі на Валадарку. Везлі ўначы, аўтазакам. Было цікава апынуцца ў той жа турме, дзе 22 гады таму, у 1998-ым, я прыйшоў да Бога.

Высветлілася, што з тых пор тут змянілася няшмат. Найперш мяне адправілі ў душавую згаліць бараду - за два з паловай месяцы ў акрэсцінскіх карцэрах яна вырасла, як у Фідэля Кастра. Пластыкавыя станкі акрэсцінскую бараду не ўзялі - трохі абскубанага, павялі ў агульную камеру.

Яшчэ тады, напрыканцы 1990-ых, я чуў пра валадарскі "Шанхай" - падвал з вечна перанаселенымі камерамі. Вясёлага расказвалі мала.

Першае, што мяне сустрэла - выбух агульнага незадавальнення:

- Ну куда вы ешчо піхаеце?! І так дышаць нечэм!

Больш за ўсё камера 60 "Шанхаю" нагадвала пекла з чарцямі. Усе да аднаго голыя да пояса мужыкі з голенымі галовамі, цесна, ледзь павярнуцца, трохярусныя нары, зваленыя ў кучы "кешары", цыгарэтны дым - і задуха, такая, што ломіць грудзі.

Шчыра кажучы, у мяне быў стан, блізкі да панікі. Фізічна балюча дыхаць - лета, гарачыня, перапоўненая камера. Кожны ўдых даецца з намаганнем. Здавалася, вось-вось страчу прытомнасць. Адзінае, што супакойвала - людзі, насуперак усім законам прыроды, тут жывуць месяцамі. А як што беларусы прыцярпеліся і выжываюць - то і я выжыву.

Тут, у Шанхаі, я ўпершыню зразумеў, як можна жыць ад удыху да ўдыху, у прамым сэнсе слова. Твая адзіная задача - набіраць у лёгкія паветра амаль без кіслароду і пастарацца не адключыцца. Мозг у адчаі, бо здаецца, што з наступным удыхам і такое паветра скончыцца. Побач шумна, нібы кіты, выкінутыя на сушу, дыхаюць іншыя.

На ноч палез на трэці ярус, пад самую столь - на адзінае вольнае месца. Там духата адчуваецца яшчэ больш - гарачае паветра падымаецца ўгару. Сна няма, балючыя ўдыхі і часам забыццё у млосці.

І бясконца цячэ уключаная ва ўмывальніку халодная вада.

Усе, як збавення, чакаюць этапу - хтосьці вырвецца з гэтага пекла, астатнім будзе крыху больш паветра.

Ежу палова вязняў ня есць. Тошна. На прагулцы ў цесным валадарскім дворыку адзін за адным млеюць і асядаюць на дол: ад свежага паветра точыцца галава.

Але спецыяльна абучаныя "сматрашчыя" вядуць сваю працу і тут.

Увечары адзін з іх выходзіць на "сувязь" з суседняй камерай праз вентыляцыю і абвяшчае:

- Пацаны, прагон па цюрме! Ціханоўскі - пятух!

У камеры шум.

- Эта што, каторы выступаў? Каторага жонку выбралі?

- Што за ментоўскі дзвіж?! - падаю голас. - Ціханоўскі нармальны мужык. Ведаю яго самога.

"Сматрашчы" прабіраецца са свайго кута да мяне:

- А ты знаеш, што ў яго дружок підар?

- Аперскія замуты, - выціскаю з сябе. - Народ падняўся, вось і гасяць Ціханоўскага. Вам што тут, класна ў турме? Хочаце і далей дохнуць на "Шанхаі"?!

- Ціха, мужыкі! Ціха... Спакойна! І так дышаць нечэм!.. - галёкаюць вакол. - Выйдеце з хаты, разбероцесь.

"Сматрашчы" лезе да "кармушкі", выклікае паставога, тыпу дамаўляцца, каб да абеда адчынілі, і пра нешта шэпчацца. А праз гадзіну з-за дзьвераў гучыць:

- Северінец! С вещамі!
  • 👍 15
  • 🙏 9
  • 😭 4
  • 🤬 3
  • ❤ 1
Post #241 753
З Беларусі высылаюць адзінаццаць ксяндзоў-палякаў. У тым ліку - дамініканаў з Магілёва, якія меліся збудаваць у магілёўскай Казіміраўцы новы касцёл.

Зразумела, тут загад Масквы. У тым жа Магілёве ў будынку ля Ратушы замест музея адчыняюць чарговы офіс расейскага "пасольства" на чале з колішнім кіраўніком акупацыйнай адміністрацыі "ЛНР". Ідзе зачыстка перад расейскай восеньскай мабілізацыяй.

Тым ня менш, давялося пачуць такое: маўляў, "няхай высылаюць, досыць паланізаваць беларусаў праз касцёл".

Слухайце: тыя польскія ксяндзы, якія цяпер працуюць у Беларусі - часам большыя беларусы, чым самі тутэйшыя беларусы.

Памятаю, у сярэдзіне 2000-ых прыехаў у адно мястэчка з прэзентацыяй кнігаў, дык ксёндз-паляк набыў сваім коштам 50 "Беларускіх хрысціянскіх азбукаў", каб дзеткі-беларусы вучыліся асновам веры менавіта па-беларуску.

А колькі ненавіснікаў Беларусі за гэты час прыслалі сюды ў прыходы РПЦ з Расеі? І большасць замест Ісуса Хрыста прапаведуе тут маскоўскі шавінізм.

Вось жа, рэжым Лукашэнкі ёсць рэжым выразна антыбеларускі і антыхрысціянскі.
  • 🙏 29
  • 💯 13
  • ❤ 7
  • 😢 5
  • 😱 2
Post #240 803
- Тата, цяпер Холанд пра цябе дакладна даведаецца!

Так Францішак сустрэў навіну пра выданне анталогіі сучаснай беларускай літаратуры на нарвежскай мове - "Адмыслоўцы шалёнага часу". Там я пад адной вокладкай з Быкавым, Караткевічам, Стральцовым, Разанавым ды іншымі вядомымі беларускімі творцамі.

Дзякуй камандзе рэдактараў і выдаўцоў - і асабіста перакладчыцы Марыне Хобель!

Фота з Фэйсбука Marina Hobbel.
  • ❤ 33
  • 🔥 8
  • 👏 7
  • 🥰 3
  • 👍 1
Post #239 831
Маю кнігу "Пакаленне Маладога Фронту. Гісторыя моладзі, народжанай у 1970-1985 гг." Міністэрства інфармацыі РБ прызнала экстрэмісцкай. Ну нарэшце!

І канечне, я адразу падказваю вам, дзе яе можна прачытаць. Спасылка на кнігу тут.
  • ❤ 50
  • 😁 8
  • 🥰 5
  • ⚡ 1
Post #238 891
Жнівень 2020. Акрэсціна. Спалоханы падпалкоўнік.

21 жніўня 2020 года заканчваўся мой пакет з 75 сутак адміністрацыйных арыштаў. Мяне павінны былі выпускаць - і нават перавялі з Менскага ізалятара часовага утрымання для крымінальнікаў у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў для "сутачнікаў".

Але 20 жніўня, за дзень да вызвалення, усё крута змянілася. На прагулцы ў дворыку мне ўдалося паразмаўляць з хлопцамі - удзельнікамі пратэстаў, якіх вывелі ў суседні дворык. Ад іх я даведаўся: затрыманых выпускаюць, Ціханоўская з'ехала ў Літву, але ўвесь народ падняўся і выйшаў на вуліцы.

У маёй галаве ўсё гэта не ўкладвалася. Было зразумела, што адбываецца нешта па-за межамі чаканых падзеяў. Здаецца ж, пратэсты разграмілі. Магчыма, хлопцы нешта наблыталі ці ня так пачулі.

А ўвечары дзверы маёй камеры адчыніліся і мяне павялі ў кабінет для допытаў. Зачынілі ў вертыкальнай клетцы - катушку, дзе ледзь павярнуцца - і зайшлі двох у цывільным.

У абаіх быў такі прышыблены выгляд, быццам гэта па іх душу прыйшлі ў турму, а не па маю. Старэйшы прадставіўся падпалкоўнікам, і мне стала ясна, што справы дрэнь: так проста падпалкоўнікі да "сутачнікаў" ня ездзяць.

Падпалкоўнік быў бледны, голас у яго дрыжэў. Блытана, запінаючыся, ён паведаміў, што я затрыманы ў межах крымінальнай справы, узбуджанай па факце масавых беспарадкаў. Дастаў нейкія паперы, дзе трэба было распісацца.

- Гэта беззаконне, - кажу. - Нічога я падпісваць ня буду. А вы яшчэ самі будзеце несці адказнасць за тое, што тварыце.

Абодва глядзелі на мяне, нібы трусікі на ўдава. Падпалкоўнік рабіў вялікія паўзы паміж словамі і ўзіраўся ў мой твар так, быццам перад ім была смерць.

- Как же это так... с вамі получілось?.. - нарэшце выціснуў ён з сябе.

- Ды гэта з вамі, - кажу, - нешта "получілось"! Чаму выконваеце злачынныя загады?

Бачу, таварышы ў шоку. Значыць, і праўда на вуліцах народ. Значыць, рэальна спалохаліся, што сістэма лясне. Бадзёра выдаў ім базу пра тое, што адказнасць за злачынствы перад уласным народам непазбежная. Яны выслухалі, моўчкі сабралі паперы і ціха выцеклі з кабінета.

Ну, думаю, трымайся за парэнчы. Панеслася.

Назаўтра ўначы мяне перавялі на "Валадарку".
  • 🙏 29
  • ❤ 17
  • 👍 4
  • 🤔 3
Post #237 837
Мікалаю Статкевічу - семдзесят.

Статкевіч - увасабленне беларускай мужнасці. Сапраўдны ваяр са старадаўняга беларускага роду, гербу "Касьцеша", характар, быццам высечаны з легендарнай шляхты Вялікага Княства.

Калі хто ня ведае - менавіта Статкевічы ў 1612 годзе фундавалі цяперашні Свята-Петрапаўлаўскі сабор на Нямізе і Баркулабаўскі манастыр пад Магілёвам.

Народжаны ў самай сарцавіне Беларусі, на Случчыне - Статкевіч ўвабраў у сябе і гены беларускага хрысціянскага трыадзінства, і спадчыну Слуцкага паўстання 1920-га.

Вайсковец і інжынер (кандыдат тэхнічных навук), яшчэ ў арміі выбраў спецыяльнасць ракетчыка - каб ведаць, як абараніць Беларусь.

Ад самага пачатку 1990-ых Статкевіч стаяў за беларускую незалежнасць, а з 1994-га - кідаў выклік рэжыму.

Падчас камуністычнага путчу ў жніўні 1991-га быў адзіным з заўважных беларускіх вайскоўцаў, хто публічна выступіў супраць ГКЧП.

Мікалай Статкевіч ствараў Беларускае згуртаванне вайскоўцаў, аднаўляў Грамаду і заўжды вёў рэй на чале масавых вулічных акцыяў.

На мностве менскіх шэсцяў 2000-ых Статкевіча бралі ў разлік як пастаянную велічыню пратэсту - бескампрамісную, але адначасова рацыянальную. "Статкевіч будзе за маршрут па цэнтральных вуліцах, па максімуме." "Статкевіч, канечне, выступіць." "Статкевіч не прамаўчыць."

Асобная гісторыя - тое, як Мікалай Статкевіч застаўся ў Беларусі ў 2025-ым. Адзін беларус зламаў і сцэнар рэжыму, і геапалітычную гульню, і давёў усім: адолець сістэму магчыма - нават калі гэта абыдзецца коштам волі, уласнага здароўя і наогул жыцця.

Сімвал нашай нязломнасці. Беларускі супергерой.

Ёсць такія людзі, на якіх глядзіш і проста адчуваеш гонар за нацыю. Калі гаворка заходзіць пра Мікалая - распраўляеш плечы, трымаеш спіну роўна, набіраеш паветра ў грудзі і думаеш: "А я таксама беларус, як і Статкевіч".

З днём нараджэння, дарагі спадар Мікалай!

Дзякуй Богу за тое, што ў нас, беларусаў, ёсць Статкевіч!
  • ❤ 95
  • 🥰 4
  • 🎉 3
  • 🙏 3
Post #236 921
Аляксандр Мілінкевіч. Светлая памяць.

У пачатку 2006 года Аляксандр Мілінкевіч, тады ўжо адзіны прэтэндэнт ад апазіцыі ў прэзідэнцкай кампаніі, прыехаў у Малое Сітна, дзе я, адбываючы палітычную "хімію", валіў лес.

Прыехаў цэлы картэж, штаб з журналістамі. Начальства разбеглася. Хтосьці схаваўся. На эстакадзе, дзе распілоўвалі бярвенні, сабраліся рабочыя.

І вось я прадстаўляю Мілінкевіча - з адчуваннем бездані пад нагамі: як ён, інтэлектуал, паліглот, "заходнік", будзе гаманіць з вяскоўцамі ды лесавікамі з глыбінкі, на самай мяжы з Расеяй.

А Мілінкевіч прапанаваў выказацца людзям - і проста слухае. Паўгадзіну. Гадзіну. Дзьве.

Правал, думаю. Капец. Нічога не гаворыць. Ніякай праграмнай прамовы. Слухае і слухае, зрэдку ківае. Як я ўсё гэта патлумачу мужыкам пасля ягонага ад'езду - не ўяўляю.

І вось мы развітваемся. Мілінкевіч цісне рукі, сядае ў машыну. Картэж знікае ў лясах на грунтовай дарозе. Вяртаюся на эстакаду, халадок пад уздыхам - а там гурма захопленых маіх сіценцаў:

- Паша, які чалавек!..
- Вось гэта моц!
- Вось такога ў прэзідэнты!!..

А я ў шоку.

- Э-эээ... што вам спадабалася? Ён жа... нічога не казаў.

- Паш!.. ЁН НАС ВЫСЛУХАЎ!
  • 🙏 62
  • ❤ 27
  • 💔 5
Post #235 1.07K
9 жніўня 2020 года беларусы прагаласавалі на прэзідэнцкіх выбарах за Святлану Ціханоўскую.

Ніводзін палітык альбо паліттэхнолаг, ніводная спецслужба не змаглі б ані спрагназаваць, ані падрыхтаваць нічога падобнага.

Пандэмія каранавіруса, правал Лукашэнкі, усенароднае абурэнне, вылучэнні новых лідэраў і рэпрэсіі, прага людзей да волі і гвалт пры разгонах пратэстаў, арышт Сяргея Ціханоўскага і вылучэнне ягонай жонкі Святланы ў прэзідэнты, кіламетровыя чэргі і масавае галасаванне супраць рэжыму раптам склаліся у галавакружную рэальнасць.

Але калі такія моцныя ўражанні перажываў увесь народ – уявіце, якая бура тварылася ў душы беларускай настаўніцы Святланы, хатняй гаспадыні і жонкі блогера, якая раптам апынулася ў фокусе ўвагі мільёнаў!

Гісторыя Святланы Ціханоўскай – гэта цуд Божы ў чыстым выглядзе.

Патлумачу, чаму я лічу Святлану Ціханоўскую выбітнай беларускай і ўнікальнай асобай нашай гісторыі, а не проста выпадковым чалавекам, які воляй лёсу апынуўся на вяршыні.

Першае яе крутое рашэнне – пайсці на прэзідэнцкія выбары замест арыштаванага мужа. У Беларусі, дзе людзей калечаць і забіваюць за палітыку! Пагадзіцеся, тут патрэбная не абы-якая смеласць. Куды зручней сказаць: выбачайце, сябры, я проста жанчына, у мяне дзеці, вы, канечне, зразумееце – гэта не для мяне…

Але ў гэты момант штосьці (альбо Хтосьці) унутры Святланы кажа: ідзі.

І яна, уявіце сабе, ідзе.

Другі круты крок. Вакол арыштоўваюць старую і новую апазіцыю, шалее пандэмія, навісае Расея, масавы збор подпісаў, сотні інтэрвію і тысячы крыкаў захаплення, адчаю, пагрозаў… Калі рашэнне было “на пачуццях” – самы час проста падаць заяву ў ЦВК.

Дастаткова аркушыка паперы, напісанага ад рукі. “У сувязі з беззаконнем, якое адбываецца, я прымаю рашэнне спыніць свой удзел у выбарчай кампаніі…” І прыгожа, і бяспечна.

Так ня раілі? Упэўнены: раілі. Святлана ня думала пра гэта? Упэўнены: думала.

Перад самай здачай подпісаў ёй пагражалі, што ўдараць па дзецях. Яна вывезла дзяцей за мяжу, а сама засталася з народам.

Не здалася.

Ідзем далей. Спецслужбы рэжыму, канечне, пралічвалі хады і рабілі дасканалыя псіхалагічныя партрэты. Думаю, на стол Лукашэнку перад этапам рэгістрацыі кладзецца дакладная. Так, гэтых рэгістраваць небяспечна – за тым Расея, за гэтым айцішнікі, такіх трэба баніць, тут яшчэ свае пакемоны, з імі ўсё ясна, рэгіструем, ну, а вось гэтую хатнюю гаспадыню можна для выпускання пары і дадаць у бюлетэнь. Усё адно падлік пад кантролем.

Псіхалогія: звычайны абывацель. Канечне, баіцца. Слабое месца: дзеці. Ну хто за Ціханоўскай? Наведнікі Ютуба? Насельнікі гарадскіх двароў? Простыя беларусы? “Народзец”?.. Смех, ды й годзе, Аляксандр Рыгоравіч. Вунь зарэгістравалі ў 2015-ым сімпатычную Таню Караткевіч, усё прайшло лёгенька, нават пяшчотна, незадаволеныя выпусцілі пару, пратэст ледзь пабулькаў, Захаду паказуху забяспечылі. А хто такая Ціханоўская? Нават не актывістка апазіцыі. Яўна не баец.

І Святлану Ціханоўскую рэгіструюць.

У гэты момант Святлана робіць трэці (і, магчыма, ключавы) крок. Яна згаджаецца на аб’яднанне камандаў трох прэтэндэнтаў – і ўзнікае знакамітае жаночае трыё.

Аб’яднацца дзеля поспеху – гэта балючая кропка для ўсіх палітыкаў, і непераадольная фобія беларускай апазіцыі. Гэта дзіч, якую ў рэальнай барацьбе (а тым,больш, калі на кон пастаўлена жыццё, як у Беларусі) ня можа сабе дазволіць прафесійны лідэр – тут жа, само сабою, з ваўкамі жыць, па воўчы выць. Не зарэгістравалі канкурэнта? Застаўся адзін на фінішнай прамой? Ура! Во папёрла! Як мінімум – пажыццёвы статус зэ лідэр оф зэ беларашн апазішн! Наперад, як на крылах! Можаш з паказным шкадаваннем проста кіўнуць праз плячо лузерам – усё адно яны цяпер ніхто. Цяпер увесь профіт табе.

Д’ябал узводзіць Святлану на высокую гару і кажа ёй: Цяпер Ты - надзея народа і гераіня. Адна!

А Ціханоўская ставіць побач з сабой адважных жанчынаў з камандаў канкурэнтаў. Мы разам!

І надае проста фантастычнага натхнення Беларусі. Гэта ж, акрамя ўсяго, яшчэ і проста прыгожа.

Нарэшце, 9 жніўня. Фальсіфікацыі, мабілізацыя сілавікоў і гвалт. Ціханоўскай пагражаюць, на яе ціснуць і прымушаюць з’ехаць. За мяжу – у Вільню.

Здавалася б, фініта. Лукашэнка разлічваў зламаць пратэст у самым зародку – праз слабую жанчыну.

Але слабая Святлана Ціханоўская не здалася. І засталася сцягам пратэстаў у вольным свеце.

Што там, Ціханоўская выступае з заявамі? Што, яе слухаюць?... Што, вакол яе збіраецца каманда?... Нда, пытаннечка. Нешта не ўлічылі.

Ціханоўская пасароміла ўсіх спяцоў псіхалагічных партрэтаў.

То бок, глядзіце: Святлана Ціханоўская аказалася больш моцным лідэрам, чым думаў Лукашэнка. Больш моцным, чым чакалі Расея і Захад. І нават перасягнула Сяргея Ціханоўскага.

Унутры ў яе – беларускія гены. Мяккія, як мяккі знак, але цвёрдыя, як сталь. Тут тыпова беларускі феномен: стоеная сіла.
Бо ўнутры беларусаў жыве Бог.

Святлана Ціханоўская – не схібіла. Памылкі, якія яна рабіла ў першыя дні пасля выбару народа, ёй, чалавеку без досведу, можна прабачыць. А вось крутыя крокі, якія выдаюць загартаваны стагоддзямі беларускі характар – трэба залічыць.

Цяпер Святлана Ціханоўская – светлае аблічча ўсёй Беларусі ў вольным свеце. Сустрэчы на вышэйшым узроўні больш як у 40 дзяржавах вольнага свету – гэта калі лічыць без самітаў і сустрэчаў на палях. Эфект прысутнасці Беларусі! Клопат пра беларускі інтарэс, мову і культуру. Прыцягальны вобраз. Слушныя словы. Магутная беларуская працавітасць і трывушчы беларускі характар.

Увасобленая Беларусь.

Вось чаму Святлана Ціханоўская – адна з гераіняў беларускай гісторыі нароўні з Рагнедай, Ефрасінняй, Сафіяй Слуцкай, Цёткай ды Ларысай Геніюш.

І, нарэшце – для крытыкаў.

Безумоўна, можна і трэба згадваць пра памылкі ці недапрацоўкі Офіса ці Кабінета Святланы, ацэньваць сацыяльную працу ці сферу бяспекі, абмяркоўваць эфектыўнасць, адпаведнасць абяцанняў і спадзяванняў за апошнія 6 гадоў. Але іншага штабу, заўважнага ў сённяшнім страшным і сумятлівым свеце, у нас, беларусаў, няма.

Ёсць постаці, больш значныя для нацыянальнай ідэі. Пазняк, Арлоў, Някляеў, Статкевіч. Але выкрэсліць ці выштурхнуць з беларускай гісторыі і беларускай сучаснасці Святлану Ціханоўскую, зорку 2020 года, адну з нас, ужо немагчыма.

Ціханоўская з 2022 года прынцыпова выступае па-беларуску, хаця ўсё жыццё пражыла ў расейскамоўным акіяне. І яе пераход на публічную беларускую мову (які так і не адолелі многія лідэры “новай хвалі”) – яшчэ адна прыкмета стоенай беларускай круцізны.

Беларуская стоеная сіла спрацоўвае так, як у жніўні 2020-га – з сотнямі тысячаў беларусаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі на вуліцах.

Беларусь, гатовая выбухнуць - яна ўнутры нас.
  • ❤ 55
  • 🔥 14
  • 👎 11
  • 🦄 3
  • 🥱 1
Post #234 810
  • ❤ 27
  • 👎 12
  • 👍 4
  • 🥱 1
  • 🤨 1
Older posts →
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →