TGViewer
Павел Севярынец Павел Севярынец @seviarynets · 989 subscribers
Post #238 891
Жнівень 2020. Акрэсціна. Спалоханы падпалкоўнік.

21 жніўня 2020 года заканчваўся мой пакет з 75 сутак адміністрацыйных арыштаў. Мяне павінны былі выпускаць - і нават перавялі з Менскага ізалятара часовага утрымання для крымінальнікаў у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў для "сутачнікаў".

Але 20 жніўня, за дзень да вызвалення, усё крута змянілася. На прагулцы ў дворыку мне ўдалося паразмаўляць з хлопцамі - удзельнікамі пратэстаў, якіх вывелі ў суседні дворык. Ад іх я даведаўся: затрыманых выпускаюць, Ціханоўская з'ехала ў Літву, але ўвесь народ падняўся і выйшаў на вуліцы.

У маёй галаве ўсё гэта не ўкладвалася. Было зразумела, што адбываецца нешта па-за межамі чаканых падзеяў. Здаецца ж, пратэсты разграмілі. Магчыма, хлопцы нешта наблыталі ці ня так пачулі.

А ўвечары дзверы маёй камеры адчыніліся і мяне павялі ў кабінет для допытаў. Зачынілі ў вертыкальнай клетцы - катушку, дзе ледзь павярнуцца - і зайшлі двох у цывільным.

У абаіх быў такі прышыблены выгляд, быццам гэта па іх душу прыйшлі ў турму, а не па маю. Старэйшы прадставіўся падпалкоўнікам, і мне стала ясна, што справы дрэнь: так проста падпалкоўнікі да "сутачнікаў" ня ездзяць.

Падпалкоўнік быў бледны, голас у яго дрыжэў. Блытана, запінаючыся, ён паведаміў, што я затрыманы ў межах крымінальнай справы, узбуджанай па факце масавых беспарадкаў. Дастаў нейкія паперы, дзе трэба было распісацца.

- Гэта беззаконне, - кажу. - Нічога я падпісваць ня буду. А вы яшчэ самі будзеце несці адказнасць за тое, што тварыце.

Абодва глядзелі на мяне, нібы трусікі на ўдава. Падпалкоўнік рабіў вялікія паўзы паміж словамі і ўзіраўся ў мой твар так, быццам перад ім была смерць.

- Как же это так... с вамі получілось?.. - нарэшце выціснуў ён з сябе.

- Ды гэта з вамі, - кажу, - нешта "получілось"! Чаму выконваеце злачынныя загады?

Бачу, таварышы ў шоку. Значыць, і праўда на вуліцах народ. Значыць, рэальна спалохаліся, што сістэма лясне. Бадзёра выдаў ім базу пра тое, што адказнасць за злачынствы перад уласным народам непазбежная. Яны выслухалі, моўчкі сабралі паперы і ціха выцеклі з кабінета.

Ну, думаю, трымайся за парэнчы. Панеслася.

Назаўтра ўначы мяне перавялі на "Валадарку".
  • 🙏 29
  • ❤ 17
  • 👍 4
  • 🤔 3
More from @seviarynets
  1. Sep 27, 2026Вялізная падзяка беларусам Італіі за цудоўную сустрэчу ў Фларэнцыі! Удзячны Народнай амбас…
  2. Sep 25, 2026Распавёў Глафіры Жук з "Белсату" пра аднаўленне Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і падры…
  3. Sep 24, 2026Як беларусам называць сваіх дзяцей, каб яны выраслі геніямі? Бярэм топ-100 знакамітых бела…
  4. Sep 23, 2026КАЛІ Ў БЕЛАРУСІ СТАЛА БЯСПЕЧНА? 26 верасня а 12:00 у Варшаве, каля Ужонда па справах замеж…
  5. Sep 23, 2026Валадарка. Студзень. Крывасмокі. Узімку 2021 года, у спецкалідоры, у камеры 101, падчас сл…
  6. Sep 22, 20268-15 кастрычніка плануем з Барысам Гарэцкім пры падтрымцы "Будзьмы" і БАЖ аб'ехаць Польшчу…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →