Чаму да мяне на Акрэсціна ў жніўні 2020 года двойчы заходзіў святар?
17 жніўня, назаўтра пасля таго як у Менску сотні тысячаў людзей выйшлі на вуліцы пад бел-чырвона-белымі сцягамі, калі з Акрэсціна яшчэ выпускалі збітых вязняў, дзверы ў нашу камеру, заваленую скручанымі матрасамі, раптам адчыніліся - і да нас зайшоў бацюшка.
Чорная рыза, барада, вінаватая ўсмешка. У руках - пакет з яблыкамі і грушамі.
Пасля ўсяго, што мы чулі і бачылі за апошні тыдзень, мы маглі чакаць чаго заўгодна, толькі ня гэтага. Стукачы, памятаю, забіліся ў куты, супрацоўнікі толькі выглядвалі з дзвярэй.
А бацюшка, неяк асабліва ўсхваляваны, павіншаваў з Перамяненнем, уручыў мне яблыкі ды грушы на траіх, пажадаў, каб усё было добра. Здаецца, ён хацеў сказаць штосьці яшчэ, але ўсё аглядваўся на супрацоўнікаў.
У той жа дзень пад вечар мяне перавялі з новага ізалятара ў стары будынак (ЦІП), дзе трымалі не "крымінальнікаў", а "сутачнікаў". Палічыў гэта добрым знакам: мае 75 сутак па адміністрацыйных пратаколах заканчваліся, і, мабыць, быў загад выпускаць мяне менавіта з ЦІП. У камеры на чатырох мяне памясцілі аднаго - Акрэсціна ўжо "разгрузілі" пасля кашмару 9-13 жніўня.
А назаўтра - бац! - дзверы раптам адчыняюцца, а на парозе - зноў бацюшка.
Чорная рыза, барада, вінаватая ўсмешка. У руцэ - пакет з яблыкамі і грушамі...
Хутчэй за ўсё, гэта быў той жа самы абход - пакуль ён паспеў абысці ўсе камеры ізалятара, я пераехаў у ЦІП.
Бацюшка сказаў, што мы ўжо бачыліся, зноў азірнуўся на супрацоўнікаў, даў мне яблыкаў ды грушаў, зноў сказаў, што усё будзе добра...
Толькі пасля я даведаўся, што мітрапаліт Павел нечакана адклікаў сваё віншаванне Лукашэнкі з "перамогай", падтрымаў пратэстоўцаў і паехаў у шпіталь хуткай дапамогі да збітых, а праваслаўныя святары з'явіліся ў намётавым мястэчку ля Акрэсціна.
Што гэта было?
Ня меў і ня маю ілюзіяў наконт асобы мітрапаліта Паўла, і слаба веру, што асабіста ён, уражаны гвалтам, пайшоў супраць "лініі партыі" - але ўсё спрабую ўявіць, што ж адбывалася ў ім і вакол яго ў тыя дні.
Калі быў першапачатковы загад Масквы спрыяць пратэстам - навошта тады было спехам віншаваць Лукашэнку? Маўляў, афіцыйных вынікаў яшчэ не было, вось і не віншую - здаецца, паважная прычына ёсць. А тут раптам сотні тысячаў на вуліцах...
У Маскве яўна не чакалі магутнага беларускага выбуху. Калі Лукашэнка разагнаў і збіў пратэстоўцаў 9-13 жніўня, а еўрапейцы запатрабавалі вызваленняў, Крэмль (стары візантыйскі фінт) палічыў за лепшае тут жа зрабіць стаўку "супраць Захаду" - і пайшоў загад віншаваць.
Але беларусы 16 жніўня галавакружна перакулілі ўсе разлікі. І тады, відаць, Масква зноў зрабіла адчайны ход мітрапалітам, каб мець магчымасць хоць неяк уплываць на пратэст.
Для мяне гэтая гісторыя - відавочнае пацверджанне аднаго факту, які звычайна не бяруць у разлік эксперты і аналітыкі.
Нават бяззбройныя беларусы, мірныя людзі, на гістарычных паваротах здольныя на магутныя рухі, якія перакульваюць дагары нагамі ўсю геапалітыку разам з усімі імперыямі ды іерархіямі.
А за такімі рухамі стаіць Бог.
Post #229
916
- ❤ 25
- 👍 9
- 🙏 5
- 🥰 2
- ⚡ 1