TGViewer
Павел Севярынец Павел Севярынец @seviarynets · 988 subscribers
Post #227 1.49K
Хочаце гісторыю пра паспяховага беларуса-эмігранта, які праславіў Бога і Беларусь у трынаццаці тысячах кіламетрах ад радзімы?

31 ліпеня ў Мядзвядцы пад Наваградкам нарадзіўся Ігнат Дамейка — сусветная зорка беларускай місіі, самая яркая ў галактыцы нашых вялікіх вандроўнікаў: Пржэвальскага, Чэрскага, Русецкай, Казлова, Грум-Гржымайлы, Гашкевіча, Мінейкі, Судзілоўскага.

Усё сваё жыццё Ігнат Дамейка ахвяраваў беднай і занядбанай індзейскай дзяржаве Чылі, каб зрабіць яе багатай і развітай. Працаўнік па-беларуску магутны, ён адзіны ўзняў на плячох навуку, адукацыю і гаспадарку на вялізнай тэрыторыі ад антарктычных ільдоў Вогненнай Зямлі да перуанскіх тропікаў. Сваёй фенаменальнай чылійскай адысеяй Дамейка выявіў ня толькі багацце цэлай краіны, але і патэнцыял беларускай асобы.

Уся ягоная эпічная біяграфія — суцэльная апостальская дзея.

Нарадзіўшыся ў сэрцы Вялікай Літвы, на Наваградчыне, Дамейка пачынае свой шлях з моцнай хрысціянскай адукацыі ў піярскім калегіюме Шчучына, і паступае на фізмат Віленскага Універсітэту. Разам зь Міцкевічам, Занам, Чачотам удзельнічае ў таварыстве філаматаў (потым у «Дзядах» Міцкевіч выявіць яго як добрага гаспадара Жэготу), а затым у паўстанні 1830-31 гг.

Але расейская акупацыя не пакідала ў Беларусі месца такім як Дамейка. Ён эмігруе ў Еўропу, дзе заканчвае парыжскую Горную школу, рыхтуе і выдае лепшы на той час геаграфічны атлас Рэчы Паспалітай.

Ужо як вядомаму навукоўцу Дамейку прапануе кантракт чылійскі ўрад — і так пачынаецца ягонае падарожжа працягласцю на ўсё астатняе жыццё.

Дамейка за пару месяцаў вывучае гішпанскую мову, і адразу наладжвае шэраг геалагічных экспедыцыяў, падчас якіх адкрывае вялізныя паклады салетры і меднае руды — тыя самыя, па якіх Чылі дагэтуль займае першае месца ў сьвеце. Арганізоўвае ў Сант’яга вадаправод, метэаралогію, лабараторыі і музеі. Праводзіць этнаграфічныя даследванні. Уводзіць у Чылі сістэму мераў і вагі. Ягоную «Мінералогію» на працягу дзесяцігоддзяў чытае ўся Лацінская Амерыка. «Дон Ігнацыё» чатыры разы выбіраўся рэктарам Універсітэту Сант’яга і заслужыў імя «Вялікага асветніка».

Гэта было сапраўднае адкрыццё Чылі — з нетраў да самых вяршыняў. «Дамейка». Мінерал, выкапнёвы слімак, фіялка, горад і порт, горны хрыбет, вяршыня ў Андах — усяго каля сотні найменняў... Дамейка стаў ня проста народным героям Чылі — ён зрабіўся нацыянальным брэндам. Нават адкапаны ў тых краёх нядаўна — ужо ў ІІІ тысячагоддзі! — новы від дыназаўра ўдзячнае чалавецтва назвала «дамейязаўрам».

Напрыканцы жыцця Дамейка пакінуў Чылі, калісьці самую адсталую краіну рэгіёну, адной зь перадавых дзяржаваў Паўднёвай Амерыкі — каб, як патрыёт, наведаць радзіму, і, як шчыры вернік, Святую Зямлю...

Львіная доля сусветнага меднага рынку, знакаміты чырвоны перац і соўс «Chili», Сальвадор Альендэ і Аўгуста Піначэт, эканамічны цуд ХХ стагоддзя і бліскучы футбол — усё гэта дала свету краіна, адкрытая беларусам Дамейкам.

Да 200-годдзя знакамітага беларуса ЮНЭСКА абвясціла 2002 год ва ўсім свеце годам Дамейкі.

Гісторыя забыла многіх сучаснікаў Дамейкі, якія пасля паразы паўстання апусцілі рукі, вырашылі працаваць на расейскага цара, альбо азлобіліся на ўвесь свет. А Дамейку памятаюць ды шануюць - і ў Беларусі, і ў цэлым свеце.

Дамейка - узор магутнага беларускага хрысціянскага коду, закладзенага ў кожнага з нас. А код такі: рабі ўсё, што можаш, там, дзе ты ёсць - а Бог зробіць астатняе.
  • ❤ 43
  • 👍 12
  • 🔥 5
  • 👏 2
  • 🤓 1
More from @seviarynets
  1. Sep 29, 2026У чацвер 8 кастрычніка" а 19.00 у Беларускім Моладзевым Хабе (Dożynkowa 6a) у Варшаве адбу…
  2. Sep 28, 2026Сікорскі і Рыжанкоў. У чаканні вайны ў кожнай нацыі абвастраецца нацыянальны эгаізм. Калі…
  3. Sep 27, 2026Вялізная падзяка беларусам Італіі за цудоўную сустрэчу ў Фларэнцыі! Удзячны Народнай амбас…
  4. Sep 25, 2026Распавёў Глафіры Жук з "Белсату" пра аднаўленне Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і падры…
  5. Sep 24, 2026Як беларусам называць сваіх дзяцей, каб яны выраслі геніямі? Бярэм топ-100 знакамітых бела…
  6. Sep 23, 2026КАЛІ Ў БЕЛАРУСІ СТАЛА БЯСПЕЧНА? 26 верасня а 12:00 у Варшаве, каля Ужонда па справах замеж…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →