TGViewer
Павел Севярынец Павел Севярынец @seviarynets · 988 subscribers
Post #216 1K
Пекла 10-13 жніўня 2020 на Акрэсціна.

Тое, што адбывалася на Акрэсціна некалькі сутак запар пасля выбараў 2020 года, немагчыма апісаць словамі.

Нават у нашай камеры на трэцім паверсе, да столі заваленай матрасамі, якія прыглушалі гук, гэтыя чацьвёра сутак зліліся ў суцэльны кашмар.

Недзе пасля апоўначы 10 жніўня мерны шум з двара Акрэсціна, разгрузка затрыманых на пратэстах і роў матораў аўтазакаў раптам праваліліся ў рокат удараў і страшэнны злітны крык людзей. Дзіка крычалі, здаецца, з дворыкаў, потым крыкі перакінуліся і ў сярэдзіну будынка, у калідоры - мяркуючы па ўсім, пачалося масавае азвярэлае збіццё.

Уражанне, якое мяне тады агаломшыла - прыйшоў загад. Такога, каб гэтай жудасці папярэднічаў супраціў затрыманых, нейкія асобныя ўспышкі ці бойкі, не прыгадваю. Пасля шмат разоў успамінаў. Чыста на слых - вось прагірчэлі рацыі, і праз хвіліну-другую быццам нейкая каласальная машына ўключылася і пачала перамолваць людзей.

Гукі ўдараў былі такія важкія, што будынак Акрэсціна фізічна дрыжэў. Таўшчэзныя каменныя сцены, глухія жалезныя дзверы, краты, драўляная падлога трэсліся так, нібы ўнізе, на першым паверсе, працавала гіганцкая малатарня.

І крыкі. Крычалі ад болю і жудасці так, што закладвала вушы, мужчыны, часам суцэльны роў праразаў здзічэлы жаночы віск, усплёсквалі рыданні, стогны. Сотні людзей.

Крыкі перакінуліся на лесвіцы, дзесьці пачалі адмыкаць камеры і выводзіць людзей, збіваць у калідорах на другім паверсе.

За 11 гадоў у турмах мне даводзілася чуць шмат што, але тыя жудасныя ночы і дні - гэта было штосьці, адрознае на парадак.

Стукачы замерлі ў сваіх кутах, я маліўся Богу. А вакол, гадзіна за гадзінай, хвалямі гуло і дрыжэла ад удараў, крыкаў і стогнаў - то ў дворыках, то зноў у калідорах, то на лесвіцах.

Зацішша, поўнае стогнаў ды енкаў, перадышка - і зноў тупат ног, расейская мацерная лаянка, адмыкаюцца дзьверы - і зноў роў.

Хтосьці крычаў у вокны ці з дворыкаў, што забіваюць. І яшчэ тупат быкоў, і яшчэ ўдары. Крычалі пра кроў, перабітыя рукі, і "Мама!", і "Фашысты!" і "За што?!" А ад тых, што "працавалі" - цяжкае сапенне, лаянка і ўдары.

Зранку, калі прыйшла новая змена супрацоўнікаў Акрэсціна, на некалькі гадзінаў як быццам усё заціхла. Змяніўся, мабыць, і спецназ. Але потым - зноў аўтазакі, новая хваля затрыманых, новы загад - і зноў удары і роў.

Часам ахоплівала ўражанне, што сядзіш у закутку ў сярэдзіне гіганцкай бойні - у чаканні, пакуль прыдуць па тваю душу.

Чым гэта скончылася - напішу наступным разам.
  • 🤬 21
  • 😢 9
  • 😭 7
  • 🙏 5
  • 😨 4
More from @seviarynets
  1. Sep 29, 2026У чацвер 8 кастрычніка" а 19.00 у Беларускім Моладзевым Хабе (Dożynkowa 6a) у Варшаве адбу…
  2. Sep 28, 2026Сікорскі і Рыжанкоў. У чаканні вайны ў кожнай нацыі абвастраецца нацыянальны эгаізм. Калі…
  3. Sep 27, 2026Вялізная падзяка беларусам Італіі за цудоўную сустрэчу ў Фларэнцыі! Удзячны Народнай амбас…
  4. Sep 25, 2026Распавёў Глафіры Жук з "Белсату" пра аднаўленне Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і падры…
  5. Sep 24, 2026Як беларусам называць сваіх дзяцей, каб яны выраслі геніямі? Бярэм топ-100 знакамітых бела…
  6. Sep 23, 2026КАЛІ Ў БЕЛАРУСІ СТАЛА БЯСПЕЧНА? 26 верасня а 12:00 у Варшаве, каля Ужонда па справах замеж…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →