TGViewer
Павел Севярынец Павел Севярынец @seviarynets · 988 subscribers
Post #225 837
Акрэсціна 2020. Як вызвалялі пратэстоўцаў - і што яны адказвалі міліцыянтам.

Ужо 13 жніўня на Акрэсціна павеяла зусім іншым ветрам. Замест загаду збіваць прыйшоў загад вызваляць - і гэта пачалося раптоўна, як і колішняя малатарня.

Калідоры запоўніліся супрацоўнікамі, якія па адным выклікалі пратэстоўцаў з камераў і вялі кароткую бяседу. З нашага катуха было чуваць, як у розных частках калідора людзям напаўголаса задавалі адны і тыя ж пытанні:

- Что со здоровьем?

- Почему вышел на уліцу?

- А еслі опять будут протесты, пойдёшь?

Ключавым было апошняе пытанне. Як стала зразумела з некалькіх размоваў, тых, хто абяцаў больш не хадзіць альбо адказваў ухіліста, афармлялі на вызваленне. Тым, хто маўчаў ці казаў, што пойдзе зноў - пагражалі крымінальнай справай. Іншымі словамі, ніхто і не хаваў, што мэтай кашмару было адно: зламаць волю да супраціву.

Да гонару беларусаў: пасля ўсяго жаху, перанесенага за апошнія дні, прыблізна палова адказвала на пытанне, ці пойдуць зноў, "Паглядзім", "Можа быць" альбо наўпрост "Пайду". Хто са сцятымі зубамі, хто абыякава, хто стомлена - але казалі. Разам з пералікам пачварных траўмаў, гематомаў і пераломаў, пра якія ішла гаворка наконт "здароўя", гэта агаломшвала.

Памятаю, тады мне прыгадалася наша колішняя размова з Вячаславам Сіўчыкам пра беларускі нацыянальны характар. Пасля аднаго разгону вулічнай акцыі я казаў, маўляў, ну вось, выйшла шмат новых людзей, шкада, пабілі, больш яны ў Малады Фронт ня прыдуць. Слава тады аж зняў акуляры і зірнуў на мяне палаючымі вачыма:

- Не! У нас, беларусаў, гэта працуе па-іншаму. Мы партызаны, Паша. Чалавек з вуліцы прыходзіць, атрымлівае ў твар - ах, вы так! - і далучаецца да руху!

Сярод супрацоўнікаў Акрэсціна былі і такія, хто відавочна спачуваў пратэстам - альбо баяўся быць пакараным за збіццё людзей. Недзе 15 альбо 16 жніўня адзін з людзей у форме адчыніў "кармушку" і доўга размаўляў са мной у тым ключы, што білі амапаўцы, а не турэмшчыкі, цяпер людзей вызваляюць, а ён сам гатовы сведчыць у судзе.

Але былі і іншыя. Супрацоўніца з "Дэпартаменту міграцыі" (ці, хутчэй, тутэйшага операддзелу), якая прыходзіла да маіх суседзяў-стукачоў і шэптам размаўляла з імі праз "кармушку", на маё прамое пытанне, колькі галасоў усё-такі атрымаў Лукашэнка, літаральна завапіла:

- Я вам што, пресс-служба?! Мне запрещено с вамі разговарівать!!!

Пра што яна шапталася з суседзямі, хутка высветлілася. Стукачы пачалі задаваць мне тыя ж пытанні, што і пратэстоўцам на калідоры.

- Паш, а вот ты не думал выступіть і сказать, что больше не будешь заніматься політікой? Ведь отпустят!

Але і гэта было яшчэ ня ўсё. Наступным у камеру зайшоў... праваслаўны святар у рызе з яблыкамі і грушамі ў руках.

Пра гэтую цікавую гісторыю - наступным разам.
  • ❤ 31
  • ❤‍🔥 3
  • 💯 1
  • 🦄 1
More from @seviarynets
  1. Sep 29, 2026У чацвер 8 кастрычніка" а 19.00 у Беларускім Моладзевым Хабе (Dożynkowa 6a) у Варшаве адбу…
  2. Sep 28, 2026Сікорскі і Рыжанкоў. У чаканні вайны ў кожнай нацыі абвастраецца нацыянальны эгаізм. Калі…
  3. Sep 27, 2026Вялізная падзяка беларусам Італіі за цудоўную сустрэчу ў Фларэнцыі! Удзячны Народнай амбас…
  4. Sep 25, 2026Распавёў Глафіры Жук з "Белсату" пра аднаўленне Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і падры…
  5. Sep 24, 2026Як беларусам называць сваіх дзяцей, каб яны выраслі геніямі? Бярэм топ-100 знакамітых бела…
  6. Sep 23, 2026КАЛІ Ў БЕЛАРУСІ СТАЛА БЯСПЕЧНА? 26 верасня а 12:00 у Варшаве, каля Ужонда па справах замеж…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →