TGViewer
Павел Севярынец Павел Севярынец @seviarynets · 988 subscribers
Post #209 1.18K
Пра Джона Сільвера я даведаўся ў 2014-ым, пасля Майдана, калі Расея захапіла Крым і пачалася вайна ва Ўкраіне.

У Беларусі з'явіўся таямнічы блогер, які пачаў пісаць яркія і грунтоўныя гістарычныя артыкулы пра расейскую агрэсію. Тэксты на сайце 1863х чытала і абмяркоўвала ўся краіна.

У 2015 годзе Джона Сільвера раскрылі, і ён быў вымушаны з'ехаць ва Ўкраіну. А потым, у 2016-ым яго выманілі ў Расею, арыштавалі і перадалі Лукашэнку, каб судзіць за "экстрэмізм і распальванне міжнацыянальнай розні." Тады я і даведаўся, што Джон Сільвер - гэта лідзянін, студэнт гістфака БДУ Эдуард Пальчыс.

Памятаю, увосені 2016-га мы з сябрамі Маладога Фронту, БХД, "Еўрапейскай Беларусі" штодня выходзілі да будынку Менскага гарадскога суда з мегафонамі ды плакатамі (які быў час, га!) і скандавалі:

- Адзін! Восем! Шэсць! Тры! Імперыя, памры!

На нас афармлялі пратаколы, выпісвалі штрафы (Лукашэнка таксама спалохаўся Расеі і гуляўся з Захадам у лібералізацыю) - але і суддзя, і ахова, і сам Эдуард чулі "Жыве Беларусь!" і "Верым, можам, пераможам!" пад вокнамі закрытага паседжання.

Тады Пальчыс атрымаў умоўны тэрмін і выйшаў на волю. Аднавіў публічную дзейнасць, абараняў беларускую мову, перайменоўваў барбершоп "Чэкіст" (памятаеце, быў такі). У 2018-ым стаў адным з арганізатараў святкавання стагоддзя БНР у Менску - калі 50 тысячаў беларусаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі сабраліся на Траецкай гары.

Эдуард дапамагаў Змітру Дашкевічу ў Курапатах, збіраў подпісы за беларускія нацыянальныя сімвалы, арганізоўваў "Ноч расстраляных паэтаў". Перад 2020-ым Пальчыс стаў абліччам новага пакалення нацыянальнага руху.

Тэхналагічны. Віртуоз сацсетак. Стратэгічны розум. Добра валодае і карыстаецца беларускай мовай. Верыць у Бога.

Мы часта бачыліся з Эдуардам у евангельскай царкве і размаўлялі пра Беларусь.

Увосені 2020-га Эдуарда затрымалі і асудзілі на 13 гадоў. А праз пару месяцаў, пакуль ён чакаў суда, у іх з жонкай Вікторыяй нарадзілася дачка Эмілія.

Калі разам з групай вызваленых палітвязняў Эдуарда вывезлі ў Вільню, мяне ўразіла ягоная цвярозая халаднакроўнасць. Большасць пасля выхаду агаломшаная, яшчэ ў ачмурэнні. А Пальчыс, гляджу, стаіць у атачэнні тэлекамераў і журналістаў і выдае гранёныя фразы. Прыроджаны палітык, які ня згубіцца ў вірах падзеяў!

Пальчыс - гэта палітычны снайпер. Ён умее вычэкваць у засадзе, выцэльваць патрэбны момант і страляць у тэлеграме альбо фэйсбуку "на паражэнне".

Таму, калі сёння чую, што нешта ня бачна Пальчыса, я проста пасміхаюся. Бо ведаю: снайпер Джон Сільвер ужо заняў баявую пазіцыю і толькі чакае "моманту ікс".
  • ❤ 58
  • 👍 18
  • 👏 5
  • 🙏 5
  • 👎 1
More from @seviarynets
  1. Sep 29, 2026У чацвер 8 кастрычніка" а 19.00 у Беларускім Моладзевым Хабе (Dożynkowa 6a) у Варшаве адбу…
  2. Sep 28, 2026Сікорскі і Рыжанкоў. У чаканні вайны ў кожнай нацыі абвастраецца нацыянальны эгаізм. Калі…
  3. Sep 27, 2026Вялізная падзяка беларусам Італіі за цудоўную сустрэчу ў Фларэнцыі! Удзячны Народнай амбас…
  4. Sep 25, 2026Распавёў Глафіры Жук з "Белсату" пра аднаўленне Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і падры…
  5. Sep 24, 2026Як беларусам называць сваіх дзяцей, каб яны выраслі геніямі? Бярэм топ-100 знакамітых бела…
  6. Sep 23, 2026КАЛІ Ў БЕЛАРУСІ СТАЛА БЯСПЕЧНА? 26 верасня а 12:00 у Варшаве, каля Ужонда па справах замеж…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →