TGViewer
Павел Севярынец Павел Севярынец @seviarynets · 988 subscribers
Post #210 1.31K
АКРЭСЦІНА. ВЕЧАР 9 ЖНІЎНЯ 2020 ГОДА.

Вечарам 9 жніўня 2020 года я сядзеў у камеры, пад самую столь забітай скручанымі матрасамі, з двума стукачамі і вошамі, і лавіў кожны гук з калідора, дзе ўладкаваліся з рацыямі супрацоўнікі.

З вакенца, ад цэнтру горада, ішоў няспынны гул аўтамабільных гудкоў і трэск далёкіх выбухаў светашумавых гранатаў.

А ў эфіры рацыяў бахала і грымела так, што выкрыкі і каманды часам проста патаналі ў кананадзе.

- Трідцать пятый первому. Толпа агрессівная со стороны Почтамта.
- От Берсона прорываются!
- Работает ОМОН.
- На Берсона подкрепленіе! Наезд на сотрудніка!
- Не можем проехать. Стоіт Дзержінского.
- Періметр держіте!
- Неміга, Неміга! Подкрепленіе давайте!
- Машінамі таранят, б…

Паступова зразумеў: хутчэй за ўсё, з калідора чуваць эфір нейкага міліцэйскага падраздзелу Маскоўскага раёна. Бо і само Акрэсціна – Маскоўскі, і Няміга, Берсана ды Дзяржынскага – Маскоўскі. Відаць, людзі сабраліся ля Цэнтрвыбаркаму, там жа Дом ураду і Валадарка.

Супрацоўнікі абмяркоўвалі паўшэптам. Самым частым быў расейскі мацерны аналаг слова “капец”. Ня чуў у каментарах нянавісці да пратэстоўцаў, хутчэй ціхі жах: раз штурмуюць Валадарку, значыць, зараз і да Акрэсціна дабяруцца.

У стукачоў – сумесь жаху і захаплення. Прыслухоўваюцца, вырачаюць вочы, напаўголаса лаюцца. Пра сябе думаю: што ў іхніх душах зараз? Калі Лукашэнка лясне, мабыць, высветліцца, чым яны займаліся. Але ж, відаць, адначасова хочацца, каб сістэма, якая іх прымусіла быць стукачамі, рухнула разам з усімі турмамі, операмі ды таварышамі начальнікамі.

Гул у горадзе не сціхае.

А бліжэй да апоўначы зараўлі маторы і на самім Акрэсціна. Рокат МАЗаўскіх аўтазакаў вуха распазнае адразу.

Чуваць, з іржавым рыпеннем адчыняюць брамы. Прывезлі затрыманых. Ляскаюць дзверцы кабінаў. Каманды, падобныя да сабачага брэху. Выкрыкі. Глухія ўдары.

Калі забрацца на груды матрасаў, праз адтуліну відаць закратаванае вакенца, у ім – кавалачак двара ўнізе. Але нават праз гэты мізэрны акаём відаць, што двор Акрэсціна забіты людзьмі. Людзей - сотні.

АМАП у чорным – здаравезныя боўдзілы, абвешаныя амуніцыяй, рацыямі, зброяй і баекамплектам. І хлопцы (дзяўчат ня бачна, мабыць, недзе асобна), апранутыя лёгка, па-летняму, пераважна ў светлым – затрыманыя.

Беларусы. Чорнае і белае.

Аўтазакі заехаўшы проста на газон. Там і сям – аўтаматчыкі.

Вакол няспынны лямант і рык амапаўцаў:

-Стаяаать!.. Рукі за голову, сказааал!.. На колені!... Сюда іді, б...!

Пад рулямі аўтаматаў ніхто не супраціўляецца, але амапаўцы робяць калідор і праганяюць усіх затрыманых ад аўтазака да турэмных дворыкаў. Палова амапаўцаў проста стаіць, але кожны другі стараецца ўдарыць, пнуць, дастаць пратэстоўца.

Вока адразу вылучае тых, хто проста стаіць, і тых, хто вылузваецца. Мозг фіксуе: прынамсі пяцьдзясят адсоткаў вылюдкаў. Але і палова тых, хто ня б’е – ужо нямала.

Тыя б’юць свой народ.

Хто з іх беларус? Няўжо ёсць і вернікі? Хто з іх які чалавек у жыцці?..

Пра тое, што ў тую ноч было далей – наступным разам.
  • 😢 21
  • 👍 18
  • 💔 10
  • ❤ 5
More from @seviarynets
  1. Sep 29, 2026У чацвер 8 кастрычніка" а 19.00 у Беларускім Моладзевым Хабе (Dożynkowa 6a) у Варшаве адбу…
  2. Sep 28, 2026Сікорскі і Рыжанкоў. У чаканні вайны ў кожнай нацыі абвастраецца нацыянальны эгаізм. Калі…
  3. Sep 27, 2026Вялізная падзяка беларусам Італіі за цудоўную сустрэчу ў Фларэнцыі! Удзячны Народнай амбас…
  4. Sep 25, 2026Распавёў Глафіры Жук з "Белсату" пра аднаўленне Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і падры…
  5. Sep 24, 2026Як беларусам называць сваіх дзяцей, каб яны выраслі геніямі? Бярэм топ-100 знакамітых бела…
  6. Sep 23, 2026КАЛІ Ў БЕЛАРУСІ СТАЛА БЯСПЕЧНА? 26 верасня а 12:00 у Варшаве, каля Ужонда па справах замеж…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →