Настачка Палажанка, будучая Дашкевіч, прыйшла ў Малады Фронт, калі ёй было ўсяго 14. На вераснёўскім фэсце, прысвечаным Бітве пад Воршай, у менскім парку Янкі Купалы, мы звярнулі ўвагу на баявітую дзяўчынку, якая гукала "Жыве Беларусь!", спявала і, што істотна, ўважліва слухала выступоўцаў.
У МФ Наста хутка вылучылася як здольная арганізатарка - і культурніцкіх імпрэзаў, і палітычных сустрэчаў, і вулічных шэсцяў. Ужо ў 16 яна ўпэўнена руліла цэлай плынню беларускага маладзёвага руху - і ёй падначальваліся нават старэйшыя па ўзросце хлопцы.
Памятаю, каманда МФ прыехала да мяне на лесапавал у Малое Сітна, дзе я адбываў "хімію" пасля пратэстаў 2004 года. Сядзім у бараку, п'ем гарбату. Хлопцы горача выказваюцца, прапаноўваюць тактыку ды стратэгію, дзеляцца бачаннем, а Настачка моўчкі мые кубкі ды талеркі і падае на "абшчак" ежу. Абмяркоўваем, што рабіць, і палова прапановаў заканчваецца ўпэўненым: "А, гэта Палажанка пацягне". А Настачка маўчыць, завіхаецца сабе, нават не зміргне вокам, як быццам так і трэба.
У другой палове 2000-ых, калі супраць маладафронтаўцаў узбудзілі дзясяткі крымінальных справаў, менавіта Настачка, Ды-джэй Адраджэння, была адным з магутных матораў супраціву і сапраўднай зоркай пратэстаў. Акцыі за Дашкевіча - Палажанка. Акцыі за Фінькевіча - Палажанка. Акцыі за беларускую мову - Палажанка.
У 2007-ым Настачка сабрала вакол сябе каманду гэткіх жа баявых і завадных дзяўчат, якіх у МФ называлі "Баявыя пантэры" - калі хлопцаў судзілі і саджалі, маладафронтаўскі рух выцягнулі менавіта яны. Якія там "Анёлы Чарлі" - то была рэальная дрым-цім.
У 2008-ым менавіта з Настачкай мы выдалі кнігу "Маладафронтаўцы" пра герояў беларускага маладзёвага руху.
У 2011 годзе Наста стала першай беларускай, уганараванай Міжнароднай жаночай прэміяй за мужнасць (International Women of Courage Award) ад Дзярждэпартамента ЗША. Яна фізічна не змагла паехаць на цырымонію ў Вашынгтон, бо знаходзілася пад падпіскай аб нявыездзе пасля менскай «Амерыканкі» (СІЗА КДБ) і чакала суда. Хілары Клінтан і Мішэль Абама ўручалі ўзнагароду, пакінуўшы пустое крэсла для Насты.
А гісторыя кахання дзвюх маладафронтаўскіх зорак у 2010-ых - Настачкі і Змітра Дашкевіча - гэта, канечне, быў чысты Галівуд. Галоўная Love story беларускай апазіцыі. Як Настачка змагалася за Змітра, як Зміцер пісаў з няволі Настачцы - за гэтым сачыла палова Беларусі. Настачка прайшла "Амерыканку", Зміцер - Шклоў. Калі згадваеш іхняе вянчанне ў евангельскай царкве паміж адседкамі - на вочы наварочваюцца слёзы.
Як пасля гэтага ўсяго Настачка Дашкевіч здолела вынасіць і нарадзіць чатырох цудоўных дзетак, якія размаўляюць па-беларуску, гадаваць іх, пакуль Зміцер сядзеў па турмах, ды яшчэ пры гэтым і падтрымліваць сябраў - у мяне не ўмяшчаецца ў галаве. Тут суцэльны Божы цуд.
А потым - пакінуць Беларусь і паехаць следам за дэпартаваным Дашкевічам з усімі дзецьмі ў Вільню.
Хочаце даведацца, як такое магчыма - прыйдзіце на віленскую Малітву за Беларусь (штосерады а 19-й на Ukmerges 263) і паглядзіце, як спявае і моліцца Богу Настачка Дашкевіч.
Post #215
1.07K

- ❤ 65
- 🙏 11
- 👍 8
- 👎 2
- ⚡ 1