Газавая атака на Акрэсціна, ліпень 2020.
Прачынаюся ў акрэсцінскім карцэры яшчэ да пад'ёма - недзе ў дворыках лямантуюць людзі. Прыслухваюся - просяцца ў прыбіральню. Відаць, яшчэ з вечара вывелі на этап, а аўтазакі на Жодзіна яшчэ не прыехалі.
Лямант расце, пераходзіць на крыкі.
Пад'ём. Чую, заварушыліся супрацоўнікі, ляніва перабрэхваюцца з людзьмі. Начальства яшчэ не прыехала, ніякіх загадаў няма, таму адказ адзін:
- Терпіте.
Нарэшце, змена. Праверка. Мяне пераводзяць у суседні карцэр - такая ж бетонная скрыня з драўлянай нарай, прышпіленай да сцяны.
А людзей з дворыкаў пачынаюць выводзіць у прыбіральню - у маю камеру. Чую:
- Камандзір, а як змываць? Вады няма!
- А рукі дзе памыць?
- А дзе вада?
- А туалетка хоць ёсць?...
Супрацоўнікі ляскаюць дзвярыма ў калідоры:
- Быстрей давай.
- В темпе там!
Чарга ідзе. Гадзіну. Дзьве. Тры.
Нішто сабе этап, думаю. Палову Акрэсціна вывозяць - мабыць, разгрузка перад "выбарамі".
А за дзвярыма канвой і супрацоўнікі нешта развесяліліся, рагочуць, людзей падганяюць. Нарэшце, перагукаюцца:
- Ну что там, все?
- Все.
- Давай, заводі этого назад!
І тут у мяне мурашкі па скуры. Ё-маё. Ня можа быць.
Дакладна. Адчыняюць карцэр:
- Пошлі назад.
- Вы што, здзекуецеся? Ваду ўключыце хаця б!
- Выходім, сказал!
Так і ёсць. Мяне заводзяць назад - у камеру 2 на 3 метры без вады, дзе толькі што дзясяткі людзей схадзілі ў прыбіральню. Ліпень месяц. Ня буду апісваць, у што там ператварылася "ачко" і які стаіць дух. Дыхаць немагчыма. Рэжа вочы.
Барабаню ў дзверы.
Адчыняюць зноў, заходзяць утраёх.
- Положеніе для обыска прінять!
Рукі на сцяну, стаю, абшукваюць для выгляду (усё адно няма нічога). Выціскаю з сябе:
- Што за здзекі - суседні ж карцэр пусты стаіць! Хаця б вакно адчыніце!
- А что, плохо пахнет?
Здушана пасмейваюцца, але чую, самім цяжка.
- Сейчас будет лучше.
Бакавым зрокам бачу: адзін нешта падае начальніку змены, усе адступаюць у калідор, і "старшой" доўга, з шыпеннем высаджвае ў камеру асвяжальнік паветра. Цэлы балончык. Ляскаюць дзьверы. Рогат.
У камеры натуральны туман - такі, што ня бачна сценаў.
Спаўзаю на падлогу - там трохі паветра. Вачэй не расплюшчыць. Нацягнуў майку на рот і нос. Стрымліваю дыханне. Разумею - калі зараз глыбока ўдыхнуць, можна аддаць канцы.
А за дзвярыма ржуць, відаць, па чарзе заглядваюць у вочка:
- Нічё не відно.
- Он там хоть жівой?
Поўзаў па падлозе пару гадзінаў. Дзякуй Богу, адтуліна вентыляцыі збольшага выцягнула. Але, думаю, павесяліліся ў той дзень таварышы ад душы.
Post #214
1K
- 🤬 30
- 💔 20
- 😢 6
- 🤯 5
- ❤ 1