TGViewer
Channel Public Channel
Цыганкоў

Цыганкоў

@tsyhankou

Віталь Цыганкоў. Публіцыст, аналітык, журналіст. Аглядальнік Радыё Свабода, вядучы праграмы "Двубой" на Белсаце.
Subscribers
615
Photos
3
Videos
2
Links
279
Recent Posts 20 shown
Post #503 132
Чаму ў Лукашэнкі не церабіцца даўгунец? (працяг)

І ведаеце што? Мне падаецца, Лукашэнка сам усё больш гэта разумее. Усё больш пераконваецца, што захаваны ім калгасны лад перастае вытрымліваць выпрабаванне на эфектыўнасць. Зразумела, што публічна ён ня хоча гэтага прызнаваць, і мы назіраем класічную схему перакладання адказнасці. Вінаваціць каго заўгодна, але толькі не сябе.

У той жа дзень пасля запушчанага калгасу Лукашэнка прыехаў да фермера Уладзіміра Маліноўскага, які спецыялізуецца на вырошчванні бульбы. Замацаваўшы тым самым практыку апошніх месяцаў – наведванне прыватных гаспадарак. І тут ужо Лукашэнка падабрэў, настрой ягоны відавочна палепшыўся.

І потым заявіў: «Вось такіх людзей няшмат, на жаль. Калі б нам 5 тысяч Маліноўскіх, дык і праблемаў не было б у сельскай гаспадарцы. Калі ласка, бяры гаспадарку, будзем дапамагаць».

Паглядзіце, які кантраст. Там, на полі дзяржаўнага прадпрыемства, – гніе лён, развал і беспарадак. А тут, у прыватніка, усё добра, прыгожа і ўраджайнасць бульбы вышэйшая.

Аднак па-ранейшаму ў структуры вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў Беларусі асноўная доля прыпадае на буйныя дзяржаўныя і кааператыўныя прадпрыемствы, былыя калгасы і саўгасы: яны забяспечваюць каля 76–80 адсоткаў ад агульнага аб'ёму вытворчасці.

27 жніўня сёлета Лукашэнка абмяркоўваў перадачу дзяржаўных сельгасактываў у кіраванне прыватным кампаніям, спачатку на прыкладзе Віцебскай вобласці, але з магчымым пашырэннем на краіну. А трэцяга верасня гэта было апісана ўжо як прапанова перадаваць і прадаваць стратныя сельгаспрадпрыемствы больш паспяховым, у тым ліку прыватным, кампаніям.

Уявіце іронію сітуацыі: Лукашэнка тры дзесяцігоддзі абараняў калгас як прынцып, а цяпер вымушаны ратаваць асобныя калгасы ад банкруцтва з дапамогаю таго самага прыватнага бізнесу, якому раней не хацеў аддаваць вёскі. І, з аднаго боку, ён па-ранейшаму трымаецца за калгасы, буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы, ня хоча ад іх адмаўляцца, бо гэта кантроль над вяскоўцамі. Але з другога – ён ужо разумее, што там усё настолькі дрэнна, што нават у самага галоўнага прыхільніка калгаснага ладу ўзнікае ідэя аддаць гэтыя калгасы фермерам і прадпрымальнікам.

https://www.youtube.com/watch?v=Jx25opqzJ-4&t=138s
YouTube 💥Лукашэнка ледзь стрымаў эмоцыі: не пастаноўка! 30 гадоў барацьбы абярнуліся крахам / ЦЫГАНКОЎ Аляксандр Лукашэнка больш за 30 гадоў абараняў калгасную сістэму, але цяпер вымушаны ратаваць стратныя гаспадаркі з дапамогай прыватнага бізнесу. Чаму дзяржаўныя прадпрыемствы занепадаюць, а фермерскія гаспадаркі развіваюцца? І ці гатовы рэжым адмовіцца ад…
  • 👍 5
Post #502 128
Чаму ў Лукашэнкі не церабіцца даўгунец?

Прызнаюся ў адным вельмі дзіўным пачуцці, якое нядаўна мяне ахапіла. Ненадоўга, вядома. Мне стала шкада Аляксандра Лукашэнкі. Я бачыў, як ён хадзіў па гэтым калгасным полі, дзе ляжаў прагнілы ўжо лён, – хадзіў разгублены, раззлаваны і пытаўся ў сваіх чыноўнікаў, у сваёй застрашанай світы, што ж тут адбываецца.

Даўно назіраючы за гэтым персанажам, я падаецца, магу сцвярджаць, што ў дадзеным канкрэтным выпадку гэта не гульня, не пастаноўка для публікі. Гэта шчырае расчараванне і крыўда. «Я ад цябе гэтага не чакаў», – сказаў Лукашэнка кіраўніку Магілёўскага аблвыканкаму.
І сапраўды, было ад чаго расчаравацца. Прылятае з інспекцыяй у Шклоўскі раён, ягоны верталёт сядае на поле дзяржаўнага сельгаспрадпрыемства, а тут поўны бардак і заняпад. Я праглядзеў усе відэа, якія давалі ў той дзень дзяржаўныя каналы, і магу засведчыць: Лукашэнка загадзя не хацеў даваць ніякага разгрому чыноўнікам, наадварот, увесь час сябе відавочна стрымліваў.

І вось уявіце сабе ягоныя пачуцці. 30 з лішкам гадоў дабіваецца дысцыпліны і парадку, не дазваляе запанаваць на сяле прыватнаму бізнесу, дзікія грошы ўкідвае з бюджэту на падтрыманне дзяржаўных сельгаспрадпрыемстваў. Міністры мяняюцца часцей, чым дзяўчаты, якія сядзяць каля яго на афіцыйных мерапрыемствах. (З верасня 2020 года ў Беларусі змянілася пяць міністраў сельскай гаспадаркі і харчавання.) Прылятае паглядзець на дасягненні – а тут такое, хрусь і папалам.

«На іншых месцах яшчэ горш» – само сабой. «У цябе людзі не працуюць» – само сабой. Гэта ж калгас – хаця ўжо і з новаю назвай, але, па сутнасці, калгас, дзяржаўнае прадпрыемства. Глядзіш на гэтыя кадры з гнілым ільном і думаеш: ці магло б такое быць у фермера, у прыватніка? Ды фермер выкруціцца як можа, знойдзе людзей, заплаціць ім больш, выйдзе сам, са сваёй сям’ёй, у поле – але ня дасць загінуць ураджаю. Бо гэта ягоны даход, ягоныя грошы на жыццё, урэшце ягоная справа, ягоны гонар.

Адказваючы на запыт пра некалькі дадатковых адзінак тэхнікі, Лукашэнка зазначыў, што не праблема – даць каманду на пастаўку тэхнікі, але пытанне ў тым, як гэтая гаспадарка пры такой працы за яе здолее разлічыцца. «Купляй. Але што ты купіш за гэты лён? Тут дысцыпліны элементарнай няма. Калі няма тэхналогіі, навошта даваць трактары і камбайны?»

Успамінаецца савецкі анекдот. «Што збіраюць, калі няма ўраджаю?» – «Пленум ЦК КПСС!»
Можа, яны збяруць чарговую нараду, дзе зноў будуць разбірацца, чаму ж у Беларусі ўсе паказнікі ў сельскай гаспадарцы, найперш ураджайнасць, горшыя, чым у суседняй Літве і тым больш у Польшчы – дзе прыблізна такая самая зямля і надвор’е.

А адказ відавочны – дзяржаўна-калгасная сістэма. Лукашэнка ў свой час захаваў сістэму дзяржаўных прадпрыемстваў выключна з палітычных прычынаў. Бо калгас – гэта сістэма кантролю. Старшыня гаспадаркі залежыць ад раённай і абласной улады, работнік – ад гаспадаркі, а сама гаспадарка – ад дзяржаўных субсідыяў, заказаў, цэнаў і паставак. Таму Лукашэнка падтрымлівае ня проста сельскагаспадарчую вытворчасць, а сацыяльную сістэму, у якой чалавек моцна прывязаны да дзяржавы.

У беларускай вёсцы сельгаспрадпрыемства гістарычна выконвала значна больш функцыяў, чым проста вытворчасць прадуктаў. Яно было звязанае з працай, сацыяльнай інфраструктурай, паслугамі, жыллём, транспартам і дзіцячымі ўстановамі. То бок гэта яшчэ і сацыяльная структура, гэтакі «сабес».

Прыватны бізнес арыентуецца на прыбытак. Дзяржаўная гаспадарка атрымлівае заданне: пасеяць столькі, надаІць столькі, здаць дзяржаве столькі.
Для аўтарытарнай дзяржавы гэта вельмі зручна: сельская гаспадарка становіцца кіраванаю часткаю дзяржаўнага механізму, а ня рынкам з тысячамі незалежных гульцоў.

Але ёсць адзін мінус – выніка няма. “Кракадзіл не ловіцца, не расце какос”, не церабіцца даўгунец (працяг унізе)
  • 👍 5
  • ❤ 1
Post #501 384
Вызваленьне — мы чакалі большага

Будзем шчырымі. Пры ўсёй радасьці ад вызваленьня 25 чалавек – гэта не зусім тое, што мы чакалі.

Лукашэнка яўна ўпёрся і даў зразумець, што далей за проста так адпускаць свой галоўны актыў (закладнікаў) не зьбіраецца, і хоча большага.

Ужо ўчора ўвечары ў эфіры Белсата я казаў, што мяне ўразіла, як Лукашэнка пачаў перамовы – даволі агрэсіўна разважаючы пра тое, што ў Беларусі няма палітвязьняў і хай ніхто не заяўляе, што ў нас ёсьць рэпрэсіі. Казаў гэта публічна, перад тэлекамэрамі, добра разумеючы, што ягоныя словы будуць шырока распаўсюджаныя.

Такая рыторыка для Лукашэнкі, вядома, не новая. Ён неаднаразова паўтараў гэта ў сваіх выступах, аднак – разьлічаных найперш на ўнутраную прапагандысцкую аўдыторыю. Але я не заўважаў, каб раней падчас перамоваў з амэрыканскай дэлегацыяй ён настолькі рэзка і катэгарычна выказваўся на гэты конт у самым пачатку размовы – яшчэ перад тым, каб даць слова амэрыканцам.

Наадварот, раней складвалася ўражаньне, што падчас кантактаў з прадстаўнікамі ЗША Лукашэнка быў больш асьцярожным, нават спрабаваў пэўным чынам ім падыгрываць, нават трошкі «заісківаць». Цяпер жа ён ад самага пачатку вырашыў задаць іншы тон – даволі крытычны і не асабліва дружалюбны.

Выйшла так, што мае гэтыя ўражаньні і перасьцярогі спраўдзіліся. 25 вызваленых чалавек – зусім ня тое, што хацелі мы і што абвяшчаў сам спадар Коўл. Нават пасьля іх вызваленьне палітвязьняў зараз усё яшчэ больш чым было ў сакавіку.

Лукашэнка яшчэ ў пятніцу «падсьцілаў сабе саломку», заяўляючы, што ня трэба чакаць «вялікай угоды», можам рабіць і маленькія. Напэўна, ужо разумеючы, і рыхтуючы іншых, што ніякай вялікай угоды не будзе і што перамовы скончацца даволі сьціплым вынікам.

Больш за тое, выглядае, што Лукашэнка хацеў зрабіць пэўны «шчаўчок па носе» амэрыканцам. Маўляў, хопіць Лакокраскі ўсялякія нам дараваць – давайце нешта больш сур’ёзнае.

Выглядае, што зараз «беларуска-амэрыканскі трэк» апынуўся на пэўным раздарожжы.
  • 😢 9
  • ❤ 2
  • 👍 1
Post #500 514
Навошта Вашынгтону Лукашэнка? (працяг)

Па-другое. Так, амерыканцы бачылі ў Лукашэнку канал для сувязі з Пуціным. Зусім нядаўна, 28 жніўня, пра гэта даволі выразна распавёў у інтэрв’ю ўкраінскай журналістцы Кіт Келаг, былы спецыяльны прадстаўнік ЗША па Украіне. Келаг падкрэсліў, што галоўная прычына, чаму ЗША гаварылі з Лукашэнкам, было “перадача паведамленняў, каб Пуцін атрымаў правільны сігнал”.
Лукашэнка не раз заяўляў, што ніводзін палітык у свеце ня ведае Ўладзіміра Пуціна лепш за яго. Фактычна ён прапаноўваў свае паслугі ў якасці пасярэдніка і кансультанта для Дональда Трампа, сцвярджаючы, што можа растлумачыць амерыканскаму кіраўніцтву логіку Пуціна і падказаць, як правільна весці з ім дыялог.

Па-трэцяе, набліжаючы Лукашэнку, ЗША хочуць мець гарантыі таго, што Беларусь актыўна не ўступіць у вайну супраць Украіны, і тым больш не стане ўяўяць істотнай пагрозы для сваіх заходніх суседзяў – Літвы, Польшчы і Латвіі. Таксама Вашынгтон хоча мець дадатковы канал для сувязі і інфармацыі на выпадак крызісу ў Расіі.

Ну і самае, галоўнае, стратэгічная мэта, пра якую амерыканцы не кажуць услых, але якая праглядаецца даволі празрыста. Вашынгтон правярае, наколькі Лукашэнка гатовы аддаляцца ад Пуціна. Аддаленне Беларусі ад Расеі – стратэгічная задача амерыканскай палітыкі, гэта было і пры першым прэзідэнцве Трампа, калі ў 2020 годзе ў Беларусь прыязджаў Дзяржасакратар Майк Пампеа, а Беларусь пачала закупляць амерыканскую нафту.
Вашынгтон разумее, што сёння не можа хутка змяніць беларускі рэжым. Але можа паспрабаваць зрабіць так, каб Беларусь не была на 100% расейскім ваенным і палітычным працягам.

Вашынгтон цяпер можа быць зацікаўлены не столькі ў пытанні «Хто заменіць Лукашэнку?» альбо “Як замяніць Лукашэнку?” -- колькі ў пытанні «Як зрабіць так, каб Беларусь не была расійскім ваенным плацдармам?” І калі гэта можа забяспечыць Лукашэнка – што ж, будзем размаўляць з Лукашэнкам.
Гэта ўжо не гуманітарная мэта, гэта спроба стварыць паміж Менскам і Вашынгтонам такія сувязі, які Масква не кантралюе. Чым больш Лукашэнка пачынае размаўляць з Вашынгтонам і аддаляцца ад поўнай залежнасці ад Масквы, тым больш ён становіцца карысным для амерыканцаў. Ён гэта разумее, але пытанне ў тым, наколькі далёка ён можа пайсці гэтым рызыкоўным для сябе шляхам.
https://www.youtube.com/watch?v=X9d7dH7iJ1c
YouTube 💥Лукашэнка ўсіх здасць дзеля Трампа! “Хацелка” дыктатара, здрада Пуціну і вызваленне палітвязняў Навошта ЗША перамовы з Лукашэнкам і чаго дыктатар хоча ад Дональда Трампа? Разбіраемся, ці гатовы Лукашэнка аддаліцца ад Пуціна дзеля зняцця санкцыяў, гарантыяў асабістай бяспекі і вяртання "шматвектарнасці", а таксама якую ролю ў гэтай гульні адыгрываюць…
  • 👍 8
  • ❤ 6
  • 🔥 1
Post #499 391
Навошта Вашынгтону Лукашэнка?

Навошта Вашынгтону патрэбны Лукашэнка і што хоча афіцыйны Менск атрымаць ад Злучаных Штатаў? Якімі прычынамі выкліканы гэты ўзаемны інтарэс і да якіх наступстваў ён можа прывесці?

Амаль кожны раз пасля чарговага прыезда Джона Коўла ў Менск некаторыя заяўляюць, што гэта будзе яго апошні візіт сюды. І памыляюцца. Коўл праз нейкую паўзу зноў прыязджае, і зноў вызваляе палітвязняў. І мы вельмі спадзяёмся, што гэта адбудзецца ў найбліжэшыя дні – як і было абвешчана, у сярэдзіне верасня.

Бо гэтыя сустрэчы, і ў шырокім сэнсе, “амерыканскі трэк” патрэбныя ў той ці іншай ступені абодвум бакам. І як мне падаецца, Лукашэнку ён значна больш патрэбны чым Вашынгтону.

Паспрабую разабрацца, што ж хоча Менск ад Вашынгтона і адпаведна, які інтарэс ЗША у Лукашэнку.

Напачатку – што трэба Лукашэнку? Стратэгічна адносіны з ЗША – гэта самы вялікі геапалітычны туз, якога не хапае ў калодзе афіцыйнага Менска, каб адчуваць сябе даволі ўпэўнена ў сусветнай палітыцы і спрабаваць ўраўнаважыць занадта вялікі уплыў Расеі.

Зразумела, адной з асноўных эканамічных і палітычных мэтаў ёсць канчатковая адмена ўсіх амерыканскіх санкцыяў. Пры тым, відавочна, што на першых этапах перамоваў Лукашэнка яўна марыў, што калі амерыканцы пачнуць скасоўваць свае санкцыі, за імі пабягуць еўрапейцы, умоўна скажам, брусельскі райкам за вашынгтонскім абкамам. Ён пераацаніў сённяшнюю залежнасць еўрапейцаў ад ЗША, яны абсалютна не пахіснулі сваёй пазіцыі.

Але танцы вакол калійных угнаенняў, патэнцыйныя нават сотні мільёнаў долараў для Лукашэнкі не так важныя, як палітычны і асабісты момант. Яму хочацца сустрэцца з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Хоць як, хоць дзе. Хоць на полі для гольфа, падаваць яму клюшку.

Сустрэча з Трампам – каштоўнасць сама па сабе, але яшчэ больш Лукашэнка хацеў бы, каб яна прывяла да нейкай “вялікай угоды”.
Што гэта можа быць за ўгода? Канкрэтыку дагэтуль ніхто так і не раскрыў. Вызваленне ўсіх палітвязняў у абмен на зняццё ўсіх санкыяў? Выглядае, што гэтага Лукашэнку ўжо мала. Як мне падаецца, ён бы хацеў атрымаць ад Вашынгтона асабістыя гарантыі недатыкальнасці. Гарантыі таго, што яго ніхто ня будзе гвалтоўна зрынаць, судзіць і караць. Прынамсі, што гэта ня будуць рабіць і падтрымліваць амерыканцы.

Лукашэнка думае пра будучыню – сваю і сваго рэжыму, і ён са сваім чуццём «палітычнай жывёліны» можа адчуваць нават раней за Крэмль, што ў Расеі хутка могуць здарыцца самыя розныя непрыемныя для Пуціна падзеі. Калі ў Расеі штосьці сур’ёзнае пачнецца, то Лукашэнку будзе важна «ўчапіцца» ў ЗША, «аднавіць шматвектарнасць», але пры гэтым не ісці на вялікія саступкі па лібералізацыі свайго рэжыму.

Ёсьць і яшчэ адна мара Лукашэнкі, пра якую ён нярэдка кажа, у прыватнасці ў жніўні 2025 ў размове з журналістам часопіса Тайм Сайманам Шустэрам
Сустрэча з Трампам у ЗША – гэта быў бы туз. А перамовы пра заключэньне міра ў Менску з удзелам ЗША, Расеі, Еўропы і Ўкраіны – гэта ўвогуле джокер. Гэта асноўныя пячэнькі, якія Лукашэнка хацеў бы атрымаць ад ЗША, абменьваючы на іх два свае наяўныя козыры – закладнікі палітвязні і доступ да галавы і думак Пуціна.

А яшчэ таблеткі для пахудання, -- гэта таксама нельга забываць.

А што ж трэба Злучаным Штатам ад гэтага дзіўнага дыктатара? Дзеля чаго пасланнік Джон Коўл п’е з ім гарэлку, выліваючы яе на падлогу, каб захоўваць ясны розум?

Па-першае, вызваленне ўсіх ці большасці беларускіх палітвязняў было б добрай палітычнай перамогай адміністрацыі Трампа. Канешне, не варта думаць, што гэта можа неяк істотна паўплываць на настроі амерыканскіх выбарнікаў – аднак заўважны і гуманітарны замежнапалітычны плюс ніколі не пашкодзіць.
  • ❤ 3
  • 👍 3
  • 😢 1
Post #498 499
Ціханоўскі, Бабарыка (працяг мінулага допіса)

У жніўні 2025 года, на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве, Ціханоўскі ўжо называў сябе палітыкам, казаў пра фармаванне ўласнай каманды і адначасова падкрэсліваў, што выступае супраць ґвалтоўнай перамены ўлады. Ён казаў, што да ягонай каманды ўжо далучыліся каля пяцісот чалавек, у тым ліку каля ста – з Беларусі. На той момант выглядала, што Сяргей пачаў будаваць уласны палітычны праект, хоць фармальна не абвяшчаў сябе канкурэнтам Святланы Ціханоўскай ды і́сных структураў. Але гэты праект не атрымаў нейкага яркага і заўважнага развіцця.

Ужо ў 2026-м Сяргей загаварыў пра «фінляндызацыю» Беларусі, нейтралітэт і рыхтаванне да транзіту ўлады. Гэта ўжо яўная спроба перайсці ад ролі блогера-пратэстоўца да ролі палітыка з візіяй таго, што рабіць пасля Лукашэнкі. Цяпер Ціханоўскі жыве ў Лос-Анджэлесе, стварыў Юцюб-канал, на якім чытае ўласныя вершы, апошнімі днямі нават абвясціў крыжовы паход супраць «несумленных» журналістаў, рэзка і эмацыйна дыскутуе з людзьмі ў сацыяльных сетках, называючы апанентаў клоўнамі і іншымі словамі, якія я не буду тут цытаваць.

Як мне падаецца, Сяргей пакутліва і не без стратаў шукае сябе ў жыцці і палітыцы – і працэс гэты нялёгкі і супярэчлівы.
Бо – паўтаруся – «цябе ўсё любяць, толькі пакуль ты сядзіш».

Бадай, найбольшыя чаканні грамадства былі звязаныя з Віктарам Бабарыкам. Чалавек, які відавочна меў самы вялікі рэйтынг летам 2020 года, перад сваёй пасадкаю. Як мне падаецца, беларусы палюбілі яго тады не за нейкія асабліва правільныя словы і ідэі, а за тое, што гэта быў чалавек з высокаю пасадай і сацыяльным статусам – кіраўнік банку. Беларусы палічылі, што калі такі забяспечаны і паспяховы чалавек кінуў выклік Лукашэнку, то штосьці сапраўды мяняецца і ён мае шанцы перамагчы.

Галоўнае пытанне, якое паўстала адразу пасля вызвалення Бабарыкі, – ці пажадае ён ды ягоная каманда ўліцца ў і́сныя формы дэмакратычных сілаў ці пачне будаваць уласную палітычную структуру.

Вясною, калі былі выбары ў Каардынацыйную раду, Бабарыка заявіў, што аргкамітэт партыі «Разам» «пасля неаднаразовага і дэталёвага абмеркавання» прыняў рашэнне «аб няўдзеле нашай партыі ў вясновых выбарах у Каардынацыйную раду»... Гэтым рашэннем Бабарыка артыкуляваў, што не жадае гуляць паводле правілаў ужо існай апазіцыйнай сістэмы і, магчыма, не супраць перапісаць самі правілы.

У сваім крытычным выступе сёлета ў жніўні на канферэнцыі «Новая Беларусь» ён раскрытыкаваў вынікі дзейнасці дэмакратычных сілаў і заявіў, што «ягоныя сябры» ў Беларусі імі не цікавяцца. У дзень канферэнцыі ў інтэрв'ю Радыё Свабода Бабарыка палемічна заявіў, што ён нікому з дзейсных прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў не патрэбны.

З іншага боку, Бабарыка ані словам, ані дзеяннем не ўвязваўся ў адкрытую дыскусію з Ціханоўскай. У лютым яны сустрэліся і абмеркавалі стратэгічныя прыярытэты і адзінства дэмакратычных сілаў. Але за апошнія месяцы зрабілася відавочна, што гэта хутчэй не супраца, а «пакт аб ненападзенні».

Як мне падаецца, з усіх трох яркіх асобаў, якіх я тут абмяркоўваю, менавіта Віктар Бабарыка здолеў найбольш адэкватна ацаніць новую сітуацыю і паспрабаваць знайсці сваё месца ў ёй. (Хаця і не адразу, калі ўспомніць скандальную прэс-канферэнцыю ў першы дзень пасля вызвалення.) Бабарыка перазапусціў свой палітычны вобраз.

У жніўні з'явіўся ягоны праект Belarus Network. Яго ідэя – будаваць сетку, якая будзе звязваць рэсурсы і людзей у Беларусі і за мяжою. Прычым Бабарыка падкрэслівае тры прынцыпы: бяспека ўдзельнікаў, празрыстасць размеркавання рэсурсаў і арыентацыя на канкрэтны вынік. Магчыма, ад перспектываў росту гэтага праекту будуць залежаць і перспектывы Віктара Бабарыкі як палітыка ці грамадскага дзеяча. Тут галоўнае – ці ўдасца яму ператварыць свой імідж «паспяховага менеджара» 2020 года ў рэальны палітычны капітал 2026 года
https://www.youtube.com/watch?v=0YjKZpX2jys&t=3s
YouTube Ціханоўскі ў крутым піке, Калеснікава забыла пра "дзяўбці", месца Бабарыкі ў дэмсілах / ЦЫГАНКОЎ Сяргей Ціханоўскі абвяшчае вайну журналістам; Віктар Бабарыка заяўляе, што нікому не патрэбны; Марыя Калеснікава кажа, што не змагалася супраць Лукашэнкі. У гэтай праграме Віталь Цыганкоў разбіраецца, што ж адбываецца з героямі 2020 года і ці ўдалося ім знайсці…
  • 👍 20
  • 😢 1
Post #497 400
Ціханоўскі, Бабарыка, Калесьнікава

Сяргей Ціханоўскі абвяшчае вайну журналістам; Віктар Бабарыка заяўляе, што нікому не патрэбны; Марыя Калеснікава кажа, што не змагалася супраць Лукашэнкі. Што ж адбываецца з героямі 2020 года і ці ўдалося ім знайсці месца ў жыцці і палітыцы пасля вызвалення з-за кратаў?...

«Усе цябе любяць, пакуль ты сядзіш». Калісьці ў адным са сваіх тэкстаў я напісаў гэтую афарыстычную фразу, разважаючы пра рэакцыю грамадства на некаторыя выказванні Марыі Калеснікавай пасля вызвалення.

Усе цябе любяць, пакуль ты сядзіш, усе з табою салідарныя, усе табе спачуваюць – бо ты маўчыш. Як толькі ты выходзіш і выказваеш сваю палітычную ці каштоўнасную пазіцыю – ты кагосьці губляеш. Не таму, што гэта пазіцыя няправільная, – а проста таму, што людзі розныя, і падыходы да кожнай тэмы ў іх розныя. І гэта, як падаецца, універсальны, а зусім не толькі беларускі палітычны закон.

У 2020 годзе для ўсіх беларусаў, якія былі супраць рэжыму, была адна тэма: «Мы супраць Лукашэнкі. Супраць гвалту, за справядлівасць, за новыя выбары». Гэта простая ідэя тады аб’яднала большасць.

Таму, калі Калеснікава раптам заявіла, што ў 2020 годзе змагалася не супраць Лукашэнкі, – гэта многіх уразіла і шакавала. «У 2020 годзе я змагалася не супраць Лукашэнкі, я змагалася за людзей, за свабоду, за свабодныя выбары.”

У 2020-м годзе галоўным лозунгам Калеснікавай было «долбить, долбить, долбить». З улікам таго, што яна кажа «у 2020 годзе я змагалася не супраць Лукашэнкі...» – многім захацелася ўдакладніць, а каго ж яна заклікала «долбить». Бо насамрэч уся дзейнасць Калеснікавай у 2020 годзе, усе ейныя выступы на мітынгах ды інтэрв'ю былі накіраваныя менавіта супраць Лукашэнкі і ягонай сістэмы.

Што ж, Марыя Калеснікава мае права думаць цяпер як заўгодна, у тым ліку і пра свае мінулыя дзеянні. Але дзіўна выглядае, калі яна спрабуе перапісаць гісторыю – пад свае сённяшнія ўстаноўкі. Чалавек, які парваў пашпарт на мяжы, каб застацца ў Беларусі і працягваць барацьбу, -- сёння заяўляе, што Еўропа павінна аднавіць кантакты з Лукашэнкам. Многія не разумеюць сутнасці і мэты такой трансфармацыі.

Сяргей Ціханоўскі выйшаў на волю 21 чэрвеня 2025 года пасля амаль пяці гадоў зняволення, якое прайшло ў самых бязлітасных і нечалавечых умовах. Ужо праз дзесяць дзён пасля выхаду з турмы Ціханоўскі апублікаваў вялікі відэазварот, дзе заявіў, што фармуе ўласную каманду, хоча аб'яднаць беларусаў у Беларусі і за мяжой і «праз тры тыдні нанесці магутны ўдар па лукашызму і яго прапагандзе». І пачаў збор двухсот тысяч еўраў, неабходных, паводле ягоных словаў, для гэтай акцыі. Аднак збор ішоў не вельмі актыўна, і таму ўжо 4 ліпеня Ціханоўскі выказаў свае крыўды на беларусаў.

“Перамен не будзе без вашага даверу і падтрымкі. Я звярнуўся да вас за дапамогай, і вы заданацілі мне тысячу еўра. І чакаеце магутнага ўдару па лукашызме праз тры тыдні. Сорамна і балюча. Нехта павінен прыйсці і за вас усё зрабіць. Чакайце. Чакайце далей. А я буду змагацца. Жыве Беларусь!»

Што тут можна сказаць, акрамя банальнай фразы, што «палітыка – гэта майстэрства магчымага». Трэба ўмець адэкватна ацэньваць свае рэсурсы, уплыў і, адпаведна, ставіць адэкватныя мэты. Выглядае, што адразу пасля вызвалення Сяргей Ціханоўскі ўнутры сябе ўсё яшчэ жыў 2020 годам і, скажам асцярожна, пераацаніў цяперашнія настроі ў грамадстве і ўласную мабілізацыйную здольнасць.

Ён выйшаў з турмы з вельмі моцным асабістым капіталам: чалавек, які мужна адседзеў амаль пяць гадоў, не здаўся, які быў адным з галоўных сімвалаў 2020 года. І, відаць, меркаваў, што гэтая сімвалічная энергія аўтаматычна ператворыцца ў масавую падтрымку любога ягонага праекту. (працяг ніжэй)
  • 🔥 5
  • 😢 1
Post #496 474
Чаму беларусы не любяць рускіх турыстаў

“Сёння пагаворым пра «русо турыста» ў Беларусі: за што яны так любяць ездзіць у нашую краіну і чаму іхныя манеры і паводзіны нярэдка выклікаюць раздражненне ў беларусаў. А ў канцы я вам скажу, што варта зрабіць, каб расейскія турысты не адчувалі сябе ў Беларусі як удома”.

Так пачынаецца мая апошняя праграма. Але паколькі яна называецца “Высновы”, то давайце адразу і пяройдзем да высноваў, не самых лёгкіх і прыемных.

“Але пакуль мы як нацыя жывем расейскай культурай, у расейскай інфармацыйнай прасторы, расейскімі фільмамі і поп-культурай і гаворым на расейскай мове – натуральна, датуль самі расейцы не будуць уважаць нас асобнаю нацыяй. Пакуль значная частка беларусаў успрымае расейскую культурную і інфармацыйную прастору як сваю – адпаведна, датуль і расейцы будуць успрымаць Беларусь як «сваё».

Прыблізна тое самае было ва Усходняй Украіне, не толькі да анексіі Крыму ў 2014 годзе, але нават да 2022 года, пачатку шырокамаштабнай вайны, – пра што даволі шмат пісаў, напрыклад, мой украінскі калега Віталь Портнікаў. Ён гаварыў пра прарасейскую ідэнтычнасць і ідэнтычнасць абыякавасці, пра тое, што многім было ўсё роўна, на якой мове размаўляць. І толькі расейскія бомбы прымусілі многіх украінцаў перагледзець сваё стаўленне да Расеі, зрабіцца ментальна і культурна перш за ўсё ўкраінцамі.

У любым выпадку стаўленне беларусаў да «русо турыстаў» паказвае, што на побытавым і псіхалагічным узроўні беларусы аддзяляюць сябе ад расейцаў, разумеюць, што гэта людзі іншай культуры, нават іншай цывілізацыі. Аднак працэс адмірання савецка-расейскай ідэнтычнасці ў Беларусі дагэтуль не прайшоў. Вельмі не хочацца, каб гэта адбылося трагічным шляхам, праз вайну”.

Дарэчы, некаторыя мае Высновы пачала перадрукоўваць Хартыя, і вось гэтыя, пра русатурыстаў, набралі там ужо 20 тысяч, і здаецца, лідэры дня на гэтым сайце.

https://www.youtube.com/watch?v=79NQLofZS-o&t=196s
  • 👍 22
  • 👎 1
Post #495 638
Пра Давіда і Галіяфа ў 1991-м

Кожны раз, калі я чую рамантычную версію нашай гісторыі 1991 года пра Давіда і Галіяфа, пра тое, як 30 чалавек БНФ перамаглі кансерватыўную наменклатурную большасць, адчуваю пэўную няёмкасць. Бо з-за сімпатыяў да апазіцыі БНФ не хочацца гэта і абвяргаць, але разам з тым усё-такі пажадана, каб пры ацэнцы гістарычных падзеяў існавала пэўная аб’ектыўнасьць.

Праўда ў тым, што гэтыя сапраўды гераічныя 30 з лішнім дэпутатаў апазіцыі БНФ перамагалі тады, калі іхныя намаганні ў нейкім пытанні сітуацыйна ці стратэгічна супадалі з інтарэсамі большасці, інтарэсамі наменклатуры. Таму прыгожая версія пра тое, што 25 жніўня 1991 года Зянон Пазняк сказаў такую прамову, пасля якой усе камуністы раптам вырашылі галасаваць за незалежнасць – глыбока рамантычная, але блытае прычыну і следства.

Рэч у тым, што яны, наменклатура, самі ўжо вырашылі, што зараз прагаласаваць за незалежнасць ІМ патрэбна. Адбылося некалькі падзей. Дзень раней, вечарам 24-га за незалежнасць прагаласавала Украіна. Яны адчувалі, што на гэтым фоне заставацца адзін на адзін з дэмакратычнай Расеяй Ельцына страшнавата. І трэба бараніць свае інтарэсы і інтарэсы Беларусі. Нагадаем, што акрамя рашэння пра незалежнасць у той жа дзень прымалася рашэнне аб тым, што ўсе «саюзныя» прадпрыемствы на тэрыторыі Беларусі становяцца ўласнасцю Беларусі. Без незалежнасці гэта было немагчыма зрабіць. Спачатку прагаласавалі за незалежнасць, потым прагаласавалі за тое, што ўсе прадпрыемствы пераходзяць ва ўласнасць Беларусі – так што саюзны цэнтр не можа іх сябе падпарадкоўваць і забіраць. Яны разумелі, што ў дадзенай сітуацыі гэта трэба зрабіць, каб быць на адным юрыдычным узроўні ў нейкіх перамовах з Масквой.

Пасля выстаў Пазняка былі выступы наменклатурных высокіх кіраўнікоў, якія ўсе заклікалі галасаваць за незалежнасць, а самае галоўнае, што выступіў прэм’ер Вячаслаў Кебіч, які сказаў, што так, трэба падтрымаць прапанову Зянона Станіслававіча.

Ніхто ім не «адкрыў вочы») Яны па стану на вечар 25 жніўня ўжо былі гатовыя да гэтага рашэння. Выступаў бы Пазняк, не выступаў – гэта б не мела ніякага значэння. 256 галасавалі за, 0 супраць, 9 не галасавалі.

А вось калі нешта не супадала з іхнымі інтарэсамі, то як прыгожа не выступалі б дэпутаты апазіцыі, гэта на большасць ніяк не ўплывала.

Ужо ў 1992 годзе Вярхоўны Савет прагаласаваў супраць рэферэндуму аб новых выбарах. На рэферэндум прапаноўвалася правесці выбары на аснове новага дэмакратычнага выбарчага закона, распрацаванага апазіцыяй БНФ, і стварыць прафесійны парламент. Гэта азначала б змену не толькі складу, але і самога тыпу палітычнай сістэмы. У планы наменклатуры гэта не ўваходзіла.

І ўсе выступалі прыгожа, і Пазьняк, і Навумчык, Дзейка, Сямдзянава, Герменчук ды іншыя. Нуль эфекту. «За» рэферэндум прагаласавала толькі 35 дэпутатаў.

Тое ж самае ў 93м годзе, калі большасць прагаласавала, каб Беларусь уступіла ў АДКБ. І гэтай далей.

Я, працуючы парламенцкім карэспандэнтам у Вярхоўным Савеце штодня ў 1990-96 гадах, магу ўспомніць хіба адно рэальна эмацыйнае галасаванне – за бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня. Тады сапраўды, многія дэпутаты мянялі сваю пазіцыю менавіта ў выніку дэбатаў і дыскусіяў.

Але гэта, дарэчы, уваходзіла ў стратэгію наменклатуры, якая якбы сказала – «бярыце незалежнасць, сцяг, мову, адукацыю, культуру – мы не супраць. Але маёмасць і ўлада застанецца за намі».

Фракцыя БНФ у Вярхоўным Савеце складалася прыкладна з 30 чалавек. Яна была ўплывовай інтэлектуальна і палітычна, здолела дамагчыся дзяржаўных сімвалаў, перайменавання краіны, беларусізацыі і іншых прынцыповых рашэнняў. Але колькасна яна заставалася меншасцю, і аб’ектыўна не магла перамагаць у тых пытанняў, калі большасць не адчувала свае інтарэсы. А лірыка пра тое, што нехта прыгожа выступіў, і ўсе памянялі свае погляды – гэта для мастацкага кіно.
  • 👍 28
  • 👎 2
Post #494 517
Замежная палітыка як гісторыя правалаў

“Аляксандр Лукашэнка заўсёды ставіць на тых замежных палітыкаў, якія кепска заканчваюць, на міжнародных ізгояў. Ён вітае дыктатараў, спадзяецца, што яны пачнуць матэрыяльна дапамагаць Беларусі – аднак гэтыя чаканні заўсёды не спраўджваюцца. Таму без перабольшвання можна сказаць, што ўся гісторыя замежнай палітыкі Беларусі апошніх 30-ці гадоў – гэта гісторыя правалаў. Гісторыя няправільных ставак: не на таго чалавека і не на тую краіну”.

На фоне візіта ў Менск чарговага кіраўніка чарговай хунты прааналізаваў у сваёй праграме “Цыганкоў. Высновы” усю замежную палітыку Беларусі часоў Лукашэнкі ў накірунку “Далёкай дугі”. І ведаеце, можаш нават не быць "апазіцыянерам", каб, абапіраючыся на вынікі і статыстыку, аб'ектыўна прыйсці да пэўных аднолькавых высноваў.

“Да болю знаёмая схема. Традыцыйна кожны візіт Лукашэнкі ў краіны Далёкай дугі альбо візіт кіраўнікоў гэтых краінаў у Менск суправаджаўся прыкладна аднолькавым антуражам. Прапаганда, захлынаючыся, расказвала пра неверагодныя вяршыні будучага тавараабароту паміж дзвюма краінамі, пералічваліся грандыёзныя праекты, асабліва адзначалася, што мясцовы лідар сустракаў Лукашэнку з незвычайнаю пышнасцю і павагаю – не так, як іншых, усялякіх там лідараў ЗША і Нямеччыны.

Аднак праз некалькі гадоў аказваецца, што ніякага кардынальнага росту тавараабароту не адбываецца, што ўсе грандыёзныя праекты эканамічна неэфектыўныя і дружалюбная краіна зусім не супраць павялічваць свой імпарт у Беларусь, але чамусьці абсалютна не жадае бачыць у сябе беларускі экспарт”.

Успоміў самыя вядомыя гіганцкія правалы – Венесуэлу, Іран. І паразважаў пра нейкую спецыфічную асаблівасьць Лукашэнкі – ставіць на тых палітыкаў і тыя рэжымы, якія кепска канчаюць.
https://www.youtube.com/watch?v=zL5Bg5flanA&list=PLHXDe5xgvEAw
YouTube Траянскі конь для Лукашэнкі. Самы грандыёзны правал Беларусі Лукашэнка з кіраўніком ваеннай хунты М’янмы упісаў чарговую старонку ў гісторыю правалаў Беларусі на міжнароднай арэне. Тут ужо Кадафі, Хусейн, Чавес, Мадура. Сам Лукашэнка ў выніку далучыцца да гэтага шэрагу. Цыганкоў і яго высновы 00:00 Траянскі конь для…
  • 🔥 9
  • 👍 3
  • ❤ 1
Post #493 556
Пенсійны ўзрост падымуць? Пачнуць з жанчын?

“У любым выпадку можна дастаткова ўпэўнена сцвярджаць, што пытанне падвышэння пенсийнага ўзросту аб’ектыўна стаяла б перад краінаю, нават калі б у Беларусі была цалкам дэмакратычная ўлада. Дык калі гэта сапраўды непазбежна – можа, няхай ужо гэтыя непапулярныя крокі зробіць цяперашняя ўлада”.

Гэта калі скокнуць адразу ў канец маёй праграмы Высновы, -- то вось такую выснову і я прапанаваў гледачам.
Але да гэтага паспрабаваў прааналізаваць усе магчымыя дылемы, якія стаяць перад уладамі ў гэтай праблеме.

“Калі колькасць работнікаў скарачаецца, а пенсіянераў робіцца больш, у дзяржавы ёсць некалькі варыянтаў: Першы – павышаць пенсійны ўзрост. Другі – павялічваць падатковую нагрузку на працоўных. Трэці – пераводзіць усё больш грошай з дзяржаўнага бюджэту ў пенсійны фонд. Чацвёрты – стымуляваць, каб людзі працягвалі працаваць і ў пенсійным узросце. Пяты – павялічваць колькасць працоўных мігрантаў.

Улады Беларусі ў той ці іншай ступені спрабуюць усе гэтыя шляхі…
Аднак выглядае, што без далейшага падвышэння пенсійнага ўзросту не абысціся. Пытанне ў тым, калі ўлада асмеліцца на гэта пайсці, які момант выбера для гэтай пастановы.

Ёсць яшчэ адзін цікавы момант: у Беларусі пенсійны ўзрост для жанчын на пяць гадоў ніжэйшы, чым для мужчынаў. Таму калі ўлады прыйдуць да непазбежнасці павышэння пенсійнага ўзросту, цалкам магчымы варыянт, што спачатку будуць паступова збліжаць пенсійны ўзрост жанчын з мужчынскім.

І гэта будзе выглядаць даволі лагічным, на фоне таго, што беларускія мужчыны выходзяць на пенсію ў шэсцьдзесят тры гады, а сярэдняя працягласць іхнага жыцця – 69 гадоў. Жанчыны – пенсія ў 58, а працягласць жыцця – 79,8.

Тут Беларусь выглядае даволі нетыпова для Еўропы: большасць еўрапейскіх краінаў даўно перайшла на аднолькавы пенсійны ўзрост, а краіны, якія захоўваюць розніцу, паступова яе ліквідуюць”.

Але і пра пенсіі сілавікоў таксама ўзгадаў, як без іх)

“Праўда, ва ўлады ёсць яшчэ адзін варыянт, які дапамог бы зменшыць пенсійную нагрузку на бюджэт. Варыянт, на які цяперашнія ўлады Беларусі ніколі не пойдуць. Ёсьць даволі вялікая каста прывілеяваных пенсіянераў – сілавікі і дзяржаўныя чыноўнікі. Першыя атрымліваюць пенсію вельмі рана, другія – нашмат большую, чым звычайныя грамадзяне. Для сілавікоў дзее асобная сістэма пенсіі за выслугу гадоў, і вызначае яе памер працягласць службы. Пасля дваццаці гадоў службы, то бок літаральна ў сорак пяць гадоў, яны ўжо пачынаюць атрымліваць пенсію, нярэдка большую за сярэднестатыстычную. І хто гэтыя шчасліўцы, якія трапляюць пад спецыяльны закон аб пенсіях вайскоўцам? Іх даволі шмат – вайскоўцы паводле кантракту, работнікі органаў унутраных справаў, Следчага камітэту, Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў, органаў і падраздзяленняў надзвычайных сітуацыяў, органаў фінансавых расследаванняў КДК. Усе гэтыя людзі так знясільваюцца на сваёй надзвычай цяжкай працы, што ўжо гадоў у сорак пяць пачынаюць разам з немалЫм заробкам атрымліваць яшчэ і немалую пенсію”.

https://www.youtube.com/watch?v=lOk9rOzyKWs
  • 👍 7
Post #492 618
Тройка за шчырасьць, пяцёрка за правільнасьць

Неяк у класе 7-ым ці 8-ым я атрымаў тройку, вельмі рэдкую адзнаку для сябе, круглага выдатніка на той момант.

І здарылася гэта па даволі прыкольнаму прадмету, які называўся “Этыка і псіхалогія сямейнага жыцьця”. Вусныя прадметы я ўвогуле ніколі не вучыў, атрымліваў пяцёркі “на агульным разьвіцьці”.

Але тут быў пісьмовы тэст. Вучням раздалі пытаньні, на які трэба было даць адказы. Кшталту “Ці дапамагаеце вы маме мыць посуд?” “Ці пераводзілі вы незнаёмую бабулю на вуліцы?” “Ці біліся вы з кім-небудзь у двары?” “Ці бывае, што вы хлусіце?” “Ці пераходзіце вуліцу на чырвонае святло?” і гэтак далей.

Я ня быў хуліганам, хаця і нярэдка даводзілася біцца ў выпадку неабходнасьці. Я даволі шмат дапамагаў маме (і тату) – мае бацькі рана прывучылі да хатняй працы. Бывала, што я хлусіў. Ужо тады) пераходзіў вуліцу на чырвонае – калі не было машын.

Карацей, я шчыра адказаў на ўсе пытаньні анкеты.

У выніку – я адзіны на ўвесь клас атрымаў “тройку”.

Усе астатнія – гультаі і хуліганы, шэрыя мышкі, двоечнікі і невукі -- атрымалі пяцёркі (па пяцібальнай сістэме). Для некаторых зь іх гэта былі, магчыма, іхнія адзіныя пяцёркі за шмат месяцаў).

Тройка была толькі ў мяне.

Бо я адказваў як ёсьць. Я не бачыў прычынаў (тут) хлусіць, мне было цікава, у чым сутнасьць гэтага псіхалагічнага тэста. А яны адказвалі “як трэба”. Каб прыхарошыць сябе. Каб атрымаць адзнаку. “Ніколі не б’юся, ніколі не хлушу, мыю посуд цэлымі днямі” і гэтак далей.

І цяпер я бачу шмат людзей, якія дакладна ведаюць, як трэба слушна адказваць на любыя пытаньні умоўных “настаўнікаў”. Такія правільныя ўзорныя лапачкі, высокапарныя і паліткарэктныя. Слухаеш ці чытаеш кагосьці – і разумееш, што загадзя можаш угадаць кожную думку па любой тэме.

І ўсё гэта дзеля таго, каб умоўны настаўнік паставіў “пяцёрачку”.

Але яны застаюцца шэрымі мышкамі і троечнікамі.
  • 👍 35
  • 👎 1
  • 😢 1
Post #491 612
Навошта цягнуць у Еўропу архаіку

Гісторыя чалавецтва, асабліва дынамічных апошніх стагоддзяў, часам тлумачыцца ў тым ліку праз прызму супрацьстаяньня мадэрна і архаікі, альбо (умоўна кажучы) метафізічных Гораду і Вёскі. Там, дзе хутчэй адбывалася мадэрнізацыя, і адначасова ўрбанізацыя – там прагрэс ішоў хутчэй (калі абмяляваць складаныя працэсы коратка і схематычна). Дарэчы, мадэрнізацыя ранняга капіталізму праходзіла зусім не лагодна і мякка – дзіцячая і жаночая праца, агароджваньне (гвалтоўны згон з зямлі ў Англіі, каб ішлі працаваць на заводы) і гэтак далей.

У Еўропе мадэрнізацыя ва ўсіх сэнсах прайшла раней за астатнія рэгіёны, умоўная Вёска мадэрнізавалася і ментальна, і тэхналагічна. Здавалася ж, развівайся далей, адказвай на новыя выклікі часу.

Але недзе на мяжы 2000-х камусьці прышла ў галаву плённая дэбютная ідэя – а давайце мы запусьцім у Еўропу афрыканскую і блізкаўсходнюю вёску. Неяк сумна нам жывёцца без архаікі, з еўрапейскай архаікай мы пакончылі, давайце мы запусьцім у Еўропу ісламскую архаіку. Бюдзем траціць сілы, рэсурсы, бюджэты, каб іх перавыхаваць і інтэграваць. Вось гэта сапраўная крутая задача сапраўднага еўрапейскага гуманіста, а не нейкі там мяшчанскі кветнік перад сваім домам!

Раней жа, да 2000-х, у Еўропу прыязджалі рэальныя дактары і інжэнеры, плюс шэйхі ды мільянеры. Прыязджалі, бо хацелі жыць як парыжане і лонданцы. Прагнулі ўліцца (і ўваходзілі) у еўрапейскую эліту. Яны, гэтыя шейхі, хацелі жыць у Лонданах і Парыжах, і геграфічна, і культурна. Яны былі паспяховыя і адукаваныя, нярэдка і багатыя – пераважна толькі такіх і пускалі ў Еўропу. І ніхто (прынамсі, я) не быў супраць такой легальнай міграцыі, якая прыносіла карысьць прымаючым краінам.

А цяпер - значная (большая) частка тых, хто на лодачках перапраўляецца ў Еўропу, мала што ўмеюць у сённяшнім тэхналагічным еўрапейскім сьвеце. У большасьці зь іх няма ані вышэйшай, ані спецыялізаванай тэхнічнай адукацыі, многія не валодаюць мовай той краіны, у якую накіроўваюцца. Таму ў жыцьці ў Эўропе ў іх дэ-факта тры варыянты – альбо ў нізкааплатную фізічную працу, якая спараджае нянавісьць і фрустрацыю, альбо на пособіе, альбо ў крымінал.

А яшчэ забаўна назіраць, як “прагрэсісты”, якія ўсё жыцьцё змагаюцца з хрысціянскай рэлігіяй, за змяншэнне яе ўплыву на грамадзтва, раптам вазлюбілі іншую рэлігію -- іслам, якая, у адрозьненні ад хрысьціянства, не спрабуе рэфармавацца і прыстасавацца да сучаснага света. Можа ўспомнім, якія лозунгі крычаць на шэсьцях і вернікі гэтай рэлігіі? За правы чалавека? За дыверсіці? За мір ва ўсім сьвеце?) Не, лозунг у іх адзін, на ўсе выпадкі – “Алах акбар”.

Было ў Эўропе занадта чысьценька, культурненька, дабрабыт, якасьць -- гэта не правільна, мы, еўрапейцы, гэта не заслужылі, гэта ўсё з-за каланіянізму і эксплуатацыі. Давайце выбачымся перад Поўднем і праявім разнастайнасьць – каб побач з Эйфелевай вежай было трошкі Магадыша, трошкі Карачы. Затое дыверсіці!
  • 👍 21
  • 👎 14
Post #490 853
Толькі наперад нагамі

“Памятаеце, калі ў ліпені Лукашэнка з’ехаў з візітам у Інданэзію, то і ў медыях, і ў сацсетках пачала разганяцца тэма, што Лукашэнка ўцёк, зваліў, схаваўся. Калі задача была ў тым, каб чарговы раз павесяліцца і пасцябацца, – то няхай сабе. Але ж праблема ў тым, што некаторыя людзі сапраўды вераць, што Лукашэнка ў нейкі крытычны момант адразу ўцячэ з краіны. І ў 2020 годзе верылі, што, на маю думку, прынесла шмат шкоды»

Такімі словамі я пачынаю сваю праграму на Белсаце «Высновы». Працягваю наступнай думкай:

“Калі нейкія эксперты гадамі нам даказваюць, што Лукашэнка не будзе вылучацца альбо вось-вось сыдзе, – гэта проста наіўнасць ці наўмысная гульня на ўладныя наратывы?

Дарэчы. Яшчэ адзін аргумент таксама выклікае ў мяне моцныя падазрэнні наконт таго, хто і навошта запускае яго ў публічную прастору. Гэта аргумент на тэму «а можа, без Лукашэнкі будзе яшчэ горш».

І заканчваю тэкст такой лагічнай (для мяне, прынамсі) высновай:

“І праз шэсць гадоў пасля тых падзеяў відавочна, што на сёння ён не рыхтуе ніякага пераемніка, бо выбраў сцэнар «сяджу ў крэсле да апошняга». Пэўны час ён сапраўды шукаў, але так і не знайшоў прымальнага для сябе механізму транзіту ўлады, пры якім захаваў бы ўплыў і кіраванне сістэмаю. Так і не знайшоў, а таму вырашыў: ну і халера з ім, больш не буду нічога шукаць, буду сядзець да смерці.

Лукашэнка не давярае нікому, нават сваім старэйшым сынам, не верыць у іхнія здольнасці кіраваць краінаю. Лукашэнка лічыць, што ніхто іншы не зможа эфектыўна ўтрымаць сістэму, таму ён імкнецца да максімальна працяглага ці нават пажыццёвага захавання статус-кво.

Так што – пара б нам усім зразумець, што нікуды ён не ўцячэ. Толькі «наперад нагамі». Улада для яго сінонім жыцця, пакуль ён жывы, то будзе чапляцца за ўладу да апошняга ўздыху. Сітуацыю варта ацэньваць адэкватна, 30 гадоў даволі вялікі тэрмін, каб зрабіць дакладныя абгрунтаваныя фактамі высновы”.
Поўны тэкст — даю спасылку на праграму, 8 хвілін.

https://www.youtube.com/watch?v=gyOsEDEvZUQ&t=28s
YouTube План "Пераемнік" праваліўся ў Беларусі. Калі сыйдзе Лукашэнка Аляксандр Лукашэнка абяцае пераемніка, але гэта лухта. Ён будзе трымацца за ўладу ў Беларусі пасінелымі пальцамі, пакуль не вынясуць напярод нагамі. Чаму ж наступнікамі называецца то Віктар, то Коля Лукашэнка? Цыганкоў. Высновы 00:00 Цыганкоў. Высновы: пераемнік…
  • 👍 20
Post #489 917
«Война — фигня, главное — манёвры»

«Па-першае, сама версія, што Масква вось цісне, а Лукашэнка гераічна адбіваецца – яна даволі прыемная для дыктатара Беларусі, якбы ўздымае ягоны імідж. Ах, такі заступнік беларусаў, самому Пуціну можа адмовіць. На самой справе, няма ніякіх дакладных доказаў, што Масква так ужо цісне і патрабуе ад Менска больш актыўнага ўмяшання ў вайну. Калі б гэта было так, то за 4 з паловай гады вайны Расея ўжо нейкім чынам даціснула б Менск, якому ў такой сітуацыі няма да каго звярнуцца па дапамогу».

Гэта ўрывак з праграмы, у якой я паспрабаваў прааналізаваць ўсе акалічнасці і сітуацыю на сёння ў вечнай тэме апошніх гадоў “Ці ўступіць Беларусь у вайну?”

Яшчэ адна цытата: “І вось калі я ўжо 5 хвілінаў вам тут даказваю, што вайна Лукашэнку не патрэбная, што гэта для яго як мінімум небяспека, а максімум – палітычная смерць, -- вы заканамерна спытаецеся: а як тады можна патлумачыць усе гэтыя ваенныя падрыхтоўкі ў Беларусі, увесь той узровень мілітарызацыя, які ахапіў краіну? Як можна патлумачыць вось гэтыя словы Лукашэнкі?”

Адказы – у праграме https://www.youtube.com/watch?v=OtnBqKnShpE&t=309s
YouTube Лукашэнка рыхтуе беларусаў да вайны — у яго свой інтарэс! / ЦЫГАНКОЎ, Белсат Ці ўступіць Беларусь у вайну наўпрост і навошта Лукашэнка ўзмацняе мілітарызацыю краіны? Віталь Цыганкоў тлумачыць, чаму адпраўка беларускіх вайскоўцаў ва Украіну пагражае рэжыму палітычнай катастрофай, а падрыхтоўка да вайны дапамагае трымаць грамадства…
  • ❤ 8
  • 👍 4
Post #488 965
Людзі, якім сорамна добра жыць

Калі думаеш і разважаеш пра карані некаторых найбольш вострых праблем сучаснага Захаду, то акрамя аб’ектыўных эканамічных, сацыяльных і палітычных фактараў, усё больш звяртаеш увагу на псіхалагічныя аспекты.

Я б вылучыў некалькі тыпаў людзей і псіхалагічных паводзінаў, якія з’яўляюцца прычынай абвастрэння многіх праблемаў

1.Першая катэгорыя – дурні. Не ў побытавым сэнсе слова, а ў тым, які калісьці прапанаваў італьянскі эканаміст Карла Чыпола: гэта людзі, якія сваімі дзеяннямі наносяць шкоду і іншым, і самім сабе. Я не думаю, што сёння такіх людзей стала больш, чым было ў мінулым. Хутчэй, змяніліся ўмовы. Сацыяльныя сеткі і ліберальная дэмакратыя зрабілі іх значна больш прыкметнымі. Калі раней розныя інстытуцыі – рэдакцыі, універсітэты, палітычныя партыі – служылі своеасаблівымі фільтрамі, то сёння чалавек можа атрымаць велізарную аўдыторыю, абыходзячы гэтыя механізмы. У выніку дурні сталі больш бачнымі.

2.Другая катэгорыя – людзі, якія сапраўды ненавідзяць Захад. Прычым гаворка ідзе пра вельмі розныя асяроддзі – ад ісламскіх радыкалаў да воўкістаў, «дэкаланізатараў», пуцінцаў. Усе яны робяць адну справу. Яны лічаць свабоднае грамадства, заходнюю цывілізацыю ворагам, якога трэба перамагчы. І мараць яе разбурыць. Не палепшыць, не цывілізаваць, а менавіта разбурыць. Дашчэнту. Гэта варта разумець.
Што можа паўстаць на яе месцы? Тут некалькі варыянтаў – хаос, шарыят, камунізм, дыктатура. Але ненавіснікаў Захаду аб'ядноўвае не пазітыўны праект будучыні, а перадусім нянавісць да таго грамадскага ладу, які грунтуецца на свабодзе, ліберальнай дэмакратыі і капіталізме.

3.Трэцяя катэгорыя – людзі з разбуральным тыпам асобы. Гэта пра іх я пісаў, што калі яны трапяць у рай, то знойдуць там недахопы і будуць з імі змагацца. Бо яны атрымліваюць задавальненне ад самога факта барацьбы і разбурэння – не важна, з чым і чаго. У часы рэвалюцый, войнаў і глыбокіх крызісаў менавіта такія асобы часам выходзяць на першы план.

4.Побач з імі варта згадаць людзей з рознымі псіхічнымі адхіленнямі, ці прынамсі нестабільнай псіхікай. Яны існавалі заўсёды, але сучаснае грамадства змяніла іх месца ў публічнай прасторы. З аднаго боку, адбыўся гуманны працэс лібералізацыі адносін да псіхічных захворванняў – і зараз на свабодзе ходзяць многія з тых, хто яшчэ 30 гадоў таму быў бы ў спецыялізаваных установах у любой краіне. З другога боку, зноў-такі – эпоха сацыяльных сетак, якая дазваляюць чалавеку з любымі асаблівасцямі псіхікі знаходзіць аднадумцаў, распаўсюджваць свае погляды і ўплываць на іншых. Псіхолагі заяўляюць, што сацыяльныя сеткі самі, вядома, не ствараюць гэтыя праблемы, але ўзмацняюць ужо існуючыя схільнасці.

5.І, нарэшце, яшчэ адна катэгорыя, якую я б апісаў як «людзі, якім сорамна добра жыць».
Яны выраслі ў бяспечным, багатым і стабільным грамадстве. Яны ніколі не перажывалі голаду, разбурэнняў, вайны або пагрозы страціць усё. Пасля Другой сусветнай вайны Заходняя Еўропа некалькі дзесяцігоддзяў мэтанакіравана аднаўлялася, пастаянна павышаўся ўзровень жыцця. Пасля распаду Савецкага Саюза знікла і галоўная геапалітычная пагроза, якая дзесяцігоддзямі прымушала Захад мабілізавацца. Перамагло адчуванне, што дабрабыт стаў натуральным і вечным станам.

Новыя пакаленні ўжо не ўспрымаюць свабоду і дабрабыт як вынік працяглай працы, войнаў і пакутаў. Наадварот, яны пачынаюць адчуваць своеасаблівае пачуццё віны за свае «незаслужаныя» дабрабыт, свабоду і спакой. Дзесьці ў свеце пануюць беднасць, голад і войны – і ім здаецца несправядлівым, што яны жывуць добра. На фоне мілых і добрых людзей з іншых кантынентаў, якія па некйкіх незразумелых прычынах чамусьці жывуць кепска.

І замест таго каб захоўваць і развіваць тое, што было створана папярэднімі пакаленнямі, яны, адчуваючы пачуццё віны за добрае жыццё, пачынаюць добраахвотна і мэтанакіравана ствараць сабе праблемы. Па-іншаму не магчыма патлумачыць некаторыя рэчы.
  • 👍 25
  • 👎 6
Post #487 640
Мілітарызацыя, але не вайна?

У сваіх сацыяльных сетках кіраўнік НАУ Павал Латушка заявіў, што апошнія дзеянні і выступы Лукашэнкі, ягоны загад накіраваць тых, хто дрэнна працуе, у армію – сведчаць пра працэс схаванай мабілізацыі.

Ці не з’яўляецца гэта публіцыстычным перабольшваннем? Бо на сёння няма адкрытых і цалкам пераканаўчых доказаў таго, што ў Беларусі пачалася мабілізацыя ў тым сэнсе, як гэта разумеецца ў ваеннай практыцы.

З аднаго боку, у апошнія месяцы назіраецца шэраг крокаў, якія можна назваць, скажам мякка, узмацненнем увагі да вайсковай сферы. Працягваюцца праверкі баявой гатоўнасці, рэгулярна праводзяцца вучэнні, пашыраецца тэрытарыяльная абарона. Ад 2022 года няспынна змяняецца заканадаўства і падзаконныя акты ў сферы абароны і воінскага ўліку, якія дазваляюць усё больш людзей забіраць у войска – з тымі хваробамі, з якімі раней не бралі.

Разам з тым, падаецца відавочным, што Лукашэнку вайна з Украінай не патрэбная, што гэта для яго ў пэўным сэнсе палітычная смерць. Ды й у беларускім грамадстве ёсць кансэнсус наконт таго, што Беларусь не павінна актыўна ўдзельнічаць у ваенных дзеяннях.

Як тады можна спалучыць гэтыя, на першы погляд, супярэчлівыя тэндэнцыі – з аднаго боку, праваенная рыторыка і рэальная мілітарызацыя грамадства, з іншага – той факт, што ўсё-такі сапраўдная вайна з Украінай Лукашэнку не патрэбна?

Гэтыя дзве тэндэнцыі толькі на першы погляд супярэчаць адна адной. Насамрэч яны могуць быць часткамі адной і той жа стратэгіі Лукашэнкі.
Пасля пачатку шырокамаштабнай вайны ў 2022 годзе галоўная задача афіцыйнага Менску – быць гатовым да любога развіцця падзей (і дакладаць Маскве, што «мы ўсё робім, мы рыхтуемся, мы гатовыя»), але па магчымасці не ўступаць у вайну непасрэдна.

Стратэгічная мэта мілітарызацыі – зацісканне грамадства, кіраванне ім праз ваенны прымус, калі ўся краіна становіцца ваенным лагерам. Гэта якраз тая мілітарызацыя, якая не абавязкова азначае падрыхтоўку да вайны. Бо яна больш патрэбна для ўнутранай палітыкі. Пад маркай знешніх пагрозаў лягчэй апраўдваць павелічэнне выдаткаў на сілавыя структуры, пашырэнне паўнамоцтваў войска і спецслужбаў, захаванне атмасферы абложанай крэпасці.

І вядома ж, Лукашэнка вымушаны ўлічваць інтарэсы Масквы. Ён не можа цалкам адмовіцца ад ваеннай рыторыкі – бо тады «старэйшы брат» (не той, які ў Пекіне, а той, які ў Маскве) скажа – «Ты з кім? Ты з намі? Ці ты адпятляць хочаш?» І гэта можа прагучаць з не вельмі братэрскай інтанацыяй.

Дагэтуль Лукашэнку ўдавалася не пераходзіць тую мяжу, пасля якой беларускія войскі будуць уцягнутыя ў баявыя дзеянні ва Украіне.

Але ён разумее, што, не гледзячы на ўсе ягоныя намаганні і палітычны досвед, можа наступіць такі момант (а можа і ніколі на наступіць), калі яму не пакінуць выбару. І ён хоча быць максімальна падрыхтаваным і да такога варыянта.

P.S. Гэта маё асабістае меркаваньне. А з Латушкам мы гэтую тэму абмяркоўвалі ў эфіры Студыя Белсат у нядзелю https://www.youtube.com/watch?v=w7qjgOYnYoo&t=2217s
YouTube 💥Лукашэнка сарваўся: ідзе вялікая падрыхтоўка. Беларусам адключаць сацсеткі? Калапс у медыцыне Ці рыхтуе Лукашэнка схаваную мабілізацыю і каго могуць першым адправіць у войска? Чаму сілавікі ўзмацняюць кантроль за сацсеткамі і пагражаюць за крытыку? Таксама разбіраемся, чаму моладзь не хоча паступаць у беларускія ВНУ і развітваемся з пісьменніцай Святланай…
  • 👍 3
  • ❤ 2
Post #486 695
“Цыганкоў. Высновы”

Думаю, варта распавесьці пра некаторыя творчыя навіны. Апошні год з-за таго, што я паліткарэктна называў “праблема з дакументамі” – я ня меў магчымасьці афіцыйна працаваць у Польшчы. Але ўсё сканчаецца, скончылася і гэта.

І цяпер я зноў пачаў афіцыйна працаваць на любімым Белсаце. Дакладней кажучы, вярнуўся. Трэба адзначыць, што і кіраўніцтва і калегі сапраўды нецярпліва чакалі дату майго вяртаньня, абмяркоўвалі і прапаноўвалі розныя праекты з маім удзелам – за што ім вялікі дзякуй.
12-га ліпеня, у нядзелю, я веў Студыю Белсат, якая падсумоўвае вынікі тыдня. Мяркуецца, што я буду стала весьці гэтую праграму, па чарзе разам з іншымі вядучымі – Віталь Бабін і Алесь Залескі.

А ўчора выйшла мая аўтарская праграма (ці рубрыка, калі можна так назваць) “Цыганкоў. Высновы”. Я выбіраю нейкую тэму і спрабую яе прааналізаваць, асьвятліць, раскрыць, палемічна выказаць сваё стаўленьне. І потым у жывым эфіры вечаровай “Студыі Белсат” 8 хвілін расказваю гледачам пра свае высновы.

Чаму 8 хвілін? Бо гэта мінімум, які патрабуюць пэўныя фарматы і алгарытмы Юцюба. Але я разумею, што 8 хвілін слухаць аднаго чалавека нармальнаму гледачу немагчыма, таму для разрадкі і ўзмацненьня эфекту нейкіх сваіх тэзісаў устаўляю ў праграму відэа-фрагментыкі, мемы з мас-культуры.

Першая праграма была пра прапаганду, яе асноўныя прынцыпы і мэты. І там я ўстаўляў рэплікі з Крымінальнага чытва, крык Панікоўскага “Я вас всех продам, куплю, і снова продам, но уже дороже”, словы Міронава з Обыкновенного чуда пра “А кто нынче хорош?” (як сімвал расейскай і беларускай прапаганды) ну, і смешную цытату Азаронка (як без гэтага). Дарэчы, я б хацеў даваць пераважна цытаткі з заходніх фільмаў, але аўтарскія правы не дазваляюць гэта рабіць – толькі да 5 секунд.

То бок такая помесь аналітыкі, публіцыстыкі і сарказма) І што мне асабліва падабаецца і што я вельмі цаню – поўная творчая свабода для аўтара.

Спасылку на Юцюб даю, паглядзіце, мне цікава любое меркаваньне. Прызнаюся, хваляваўся за прагляды (бо гэта, скажам асцярожна, важная частка ў тэлебачаньні), але першыя гадзіны пасьля выстаўленьня паказваюць, што прагляды, як выглядае, някепскія.

Ну і падкіну пару тэзісаў з гэтай маёй праграмы:

1.У філасофскім сэнсе расейская і беларуская прапаганда – гэта свядомая брудная гульня на паніжэнне. На паніжэнне ўзроўню чалавечага ў чалавеку. На паніжэнне ўзроўню сваіх патрабаванняў да жыцця і да людзей.

2.Магу толькі параіць – ніколі не глядзіце прапаганду. Ня трэба! Ні дзеля таго, каб даведацца, што яны там кажуць, ні дзеля таго, каб праведна абурыцца, ні дзеля таго, як пасцябацца, ні дзеля таго, каб здзівіцца з хамства і чалавечай тупасці. Ні дзеля таго, каб эмацыйна кідацца тапкамі ў тэлевізар. Проста – беражыце сваё псіхічнае здароўе, пачытайце добрую кнігу, паразмаўляйце з блізкімі, падыхайце паветрам.

Такія вось Высновы Цыганкова)

https://www.youtube.com/watch?v=mFobHADRUVw
YouTube Прапаганда Лукашэнкі загаварыла пра паражэнне: "Усе прадажныя"! / Цыганкоў. Высновы Чым прапаганда Лукашэнка адрозніваецца ад прапаганды часоў СССР? Чаму Азаронак загаварыў пра паражэнне, а Эйсмант і кампанія намагаюцца пераканаць, што ўсюль дрэнна, акрамя Беларусі, што “ўсе прадажныя”. Віталь Цыганкоў і яго высновы 00:00 Віталь Цыганкоў:…
  • 👍 24
  • ❤ 4
Post #485 847
Чаму Лукашэнку патрэбныя мігранты

А давайце задумаемся, навошта Лукашэнка ўжо ня першы раз гэтак настойліва кліча мігрантаў у Беларусь. Нават калі гэта эканамічна не надта выгадна -- як паказвае прыклад узбекаў, якім будуць плаціць больш за беларусаў.

Узбекскія працоўныя мігранты, якія прыехалі на запрашэнне Лукашэнкі ў Віцебскую вобласць, паскардзіліся ў сацсетках на нізкія заробкі і ўмовы пражывання. І ўжо на наступны дзень з імі заключылі новыя дамовы. Пасля публікацыі відэа ў сацсетках працоўным мігрантам з Узбекістана павялічылі заробак з 500$ да 700$. Згодна з новай дамовай ім дадуць бясплатныя жыллё і абеды, піша узбецкая прэса.

«700 даляраў з пражываннем і кармленнем – гэта недасягальная мара для многіх беларусаў на вёсцы», – справядліва пішуць людзі ў каментарах. Сапраўды, 700 даляраў у месяц – гэта медыяльны заробак у Беларусі, але ў рэгіёнах і тым больш на вёсцы гэта даволі вялікая і рэдкая сума.

І дарэчы, можна ўявіць, што сёння было б з нейкай групай беларусаў, якія публічна запатрабавалі б справядлівых умоваў працы і падвышэння заробку – відавочна, на іх абрынуліся б рэпрэсіі ў той ці іншай форме. А вось узбекам улада адразу пайшла насустрач і дала ім заробкі, відавочна большыя чым сёння ў беларусаў на вёсцы.

Ва ўсіх краінах сэнс прыцягнення мігрантаў у наступным: гэта танная працоўная сіла, яны працуюць там, дзе мясцовыя ня хочуць. Аднак 700 даляраў плюс пражыванне і харчаванне – гэта агулам ніяк не менш за тысячу даляраў. Гэта нашмат болей чым маюць сярэднестатыстычныя беларусы.

Значыць, гэта не выгадна толькі чыста эканамічна.

І гэта прымушае задумацца, што ў запрашэнні грамадзян Узбекістана ды іншых краінаў працаваць у Беларусь схаваны не толькі эканамічны сэнс. Але – які?

Па-першае, улады спрабуюць «любым коштам» закрыць востры дэфіцыт рабочых рук. З Беларусі пасля 2020 года выехалі сотні тысяч працаздольных людзей – і гэта на фоне дэмаграфічнага крызісу. У выніку ў многіх галінах – будаўніцтве, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, транспарце – вакансій значна больш, чым ахвотных працаваць. Апошнія тры гады даходы беларусаў растуць (а рэнтабельнасць прадпрыемстваў падае) – пераважна таму, што і дзяржаўныя і прыватныя прадпрыемствы вымушаныя плаціць усё больш тым, «хто застаўся» у Беларусі. Таму нават не такая і танная працоўная сіла з Узбекістана лепш, чым нічога, чым пустыя працоўныя месцы.

Па-другое, запрашэннем у Беларусь Лукашэнка кожны раз спрабуе зрабіць прыемнае кіраўнікам азіяцкіх краінаў падчас перамоваў, дзеля спрыяльных палітычных адносінаў з гэтымі дзяржавамі – ня важна, наколькі гэта рэалістычна. Пакістанцаў зваў 150 тысяч, за год даехала пакуль 200 чалавек. Але калі ўжо запрасіў і яны даехалі, як ўзбекі – то прыходзіцца выконваць абяцанні нават насуперак эканамічным рэаліям, даваць ім 1000 даляраў у месяц.

Але, напэўна, самае галоўнае -- Лукашэнка ўжо некалькі гадоў займаецца замяшчэннем чалавечага капіталу. Менскі рэжым усё больш настойліва запрашае ў Беларусь працоўных мігрантаў – гэта ўжо можна назваць зацверджанай стратэгіяй, якая ажыццяўляецца намаганнямі ўсёй дзяржаўнай машыны. Яны вырашылі нават не спрабаваць вярнуць тыя сотні тысячаў беларусаў, якія з’ехалі пасля 2020 года -- замест гэтага запрашаць мігрантаў.

Мігранты ідэальна пасуюць для існуючай сістэмы. Яны не схільныя ўдзельнічаць у грамадскім і палітычным жыцці краіны. Іх галоўная мэта – зарабіць грошы. Для аўтарытарнай дзяржавы гэта даволі камфортная катэгорыя насельніцтва: не патрабуюць палітычных правоў, не ўдзельнічаюць у выбарах, баяцца ўладу.
Таму галоўны сэнс цяперашняй міграцыйнай палітыкі – стабілізацыя існуючай эканамічнай, ды і палітычнай мадэлі
  • 👍 5
  • 😢 5
  • ❤ 3
  • 👎 2
Post #484 1.02K
Дэмаграфічная лічба, якая шмат тлумачыць
 
Паводле Белстата, сумарны каэфіцыент нараджальнасьці ў Беларусі за апошнія гады ўпаў з 1,534 ў 2017-м да 1,026 у 2025-м. (спасылку на Белстат даю)
 
На ўсялякі выпадак нагадаю, што мінімальны паказчык, неабходны для аднаўленьня (воспроизводства) насельніцтва – 2.1.  
 
Беларусь увайшла ў Топ-10 краінаў у сьвеце па самым нізкім каэфіцыенце нараджальнасьці. Гэта самы нізкі паказчык у Эўропе, пасьля Мальты (1.01) і ваюючай Украіны (0.99)

У 2018 годзе ў Беларусі нарадзілася 87 602 дзяцей, у 2025 -- 54 257 дзяцей. Гэта на 40 працэнтаў менш.

Можаце сказаць, падобныя дэмаграфічныя тэндэнцыі адбываюцца ў многіх краінах Еўропы і Ўсходняй Азіі. Так, там нараджальнасьць паступова зьніжаецца -- на некалькі працэнтаў кожны год. Але нідзе няма такога правалу, як у Беларусі, на 40 працэнтаў за 6 гадоў.

А Менск увогуле паставіў нейкі гістарычны рэкорд. У 2016-ым у сталіцы нарадзілася 19527 дзяцей, у 2019 – 17601. Так, трошкі зменшылася, на 10 працэнтаў за 3 гады, -- будзем лічыць, “агульныя сусьветныя дэмаграфічныя працэсы”. А ў 2025-м -- 9 543! Зьмяншэньне амаль у 2 разы!

Гэта, пэўна, сусьветны рэкорд! Калі яшчэ ў гісторыі, у якім горадзе нараджальнасьць (без вайны, без стыхійных катастроф, без радыкальнага эканамічнага заняпаду) за 6 гадоў зьнізілася амаль у два разы?

І як можна патлумачыць такое радыкальнае падзеньне колькасьці народжаных дзяцей? Тлумачэньне магчымае толькі адно. Моладзь пасьля 2020 году паўцякала (вымушаная была паўцякаць) з Беларусі, і асабліва з Менску – у тых маштабах, якія не фіксуюцца афіцыйнай статыстыкай. А якая засталася, катэгарычна адмаўляецца нараджаць.

Калі вы недзе ў дыскусіях сустракаеце ботаў, ці прапагандыстаў ці проста прыхільнікаў улады, ня трэба зь імі спрачацца, ня трэба нічога даказваць. Дастаткова прывесьці толькі адзін гэты факт. Беларусь за апошнія 7-8 гадоў абрынулася з сярэднееўрапейскага ўзроўню нараджальнасьці да фактычна першага месца знізу ў Эўропе. “Астравок стабільнасьці”, у якім ніхто ня хоча нараджаць дзяцей

https://dataportal.belstat.gov.by/osids/indicator-info/10101200011 гэта Белстат пра каэфіцыент нараджальнасьці

https://www.visualcapitalist.com/mapped-europe-birth-rate-collapse/  Статыстыка па Еўропе. Нагадаю, Беларусь – 1.026
Visual Capitalist Mapped: Europe’s Birth Rate Collapse Europeans are having fewer children than ever, with steep implications for the continent's labor and pension systems.
  • 😢 17
  • 👍 7
  • 🔥 2
  • 👎 1
Older posts →

About this channel

How can I read @tsyhankou without a Telegram account?
TGViewer shows the public web preview Telegram publishes for Цыганкоў: recent posts, photos, videos and the subscriber count, with no app, login or account.
How many subscribers does Цыганкоў have?
Цыганкоў (@tsyhankou) has 615 subscribers on Telegram, refreshed roughly every 30 minutes.
Does Цыганкоў know I viewed it here?
No. Public channel previews carry no viewer identity, and TGViewer has no accounts or tracking of what you look up.
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →