Навошта Вашынгтону Лукашэнка?
Навошта Вашынгтону патрэбны Лукашэнка і што хоча афіцыйны Менск атрымаць ад Злучаных Штатаў? Якімі прычынамі выкліканы гэты ўзаемны інтарэс і да якіх наступстваў ён можа прывесці?
Амаль кожны раз пасля чарговага прыезда Джона Коўла ў Менск некаторыя заяўляюць, што гэта будзе яго апошні візіт сюды. І памыляюцца. Коўл праз нейкую паўзу зноў прыязджае, і зноў вызваляе палітвязняў. І мы вельмі спадзяёмся, што гэта адбудзецца ў найбліжэшыя дні – як і было абвешчана, у сярэдзіне верасня.
Бо гэтыя сустрэчы, і ў шырокім сэнсе, “амерыканскі трэк” патрэбныя ў той ці іншай ступені абодвум бакам. І як мне падаецца, Лукашэнку ён значна больш патрэбны чым Вашынгтону.
Паспрабую разабрацца, што ж хоча Менск ад Вашынгтона і адпаведна, які інтарэс ЗША у Лукашэнку.
Напачатку – што трэба Лукашэнку? Стратэгічна адносіны з ЗША – гэта самы вялікі геапалітычны туз, якога не хапае ў калодзе афіцыйнага Менска, каб адчуваць сябе даволі ўпэўнена ў сусветнай палітыцы і спрабаваць ўраўнаважыць занадта вялікі уплыў Расеі.
Зразумела, адной з асноўных эканамічных і палітычных мэтаў ёсць канчатковая адмена ўсіх амерыканскіх санкцыяў. Пры тым, відавочна, што на першых этапах перамоваў Лукашэнка яўна марыў, што калі амерыканцы пачнуць скасоўваць свае санкцыі, за імі пабягуць еўрапейцы, умоўна скажам, брусельскі райкам за вашынгтонскім абкамам. Ён пераацаніў сённяшнюю залежнасць еўрапейцаў ад ЗША, яны абсалютна не пахіснулі сваёй пазіцыі.
Але танцы вакол калійных угнаенняў, патэнцыйныя нават сотні мільёнаў долараў для Лукашэнкі не так важныя, як палітычны і асабісты момант. Яму хочацца сустрэцца з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Хоць як, хоць дзе. Хоць на полі для гольфа, падаваць яму клюшку.
Сустрэча з Трампам – каштоўнасць сама па сабе, але яшчэ больш Лукашэнка хацеў бы, каб яна прывяла да нейкай “вялікай угоды”.
Што гэта можа быць за ўгода? Канкрэтыку дагэтуль ніхто так і не раскрыў. Вызваленне ўсіх палітвязняў у абмен на зняццё ўсіх санкыяў? Выглядае, што гэтага Лукашэнку ўжо мала. Як мне падаецца, ён бы хацеў атрымаць ад Вашынгтона асабістыя гарантыі недатыкальнасці. Гарантыі таго, што яго ніхто ня будзе гвалтоўна зрынаць, судзіць і караць. Прынамсі, што гэта ня будуць рабіць і падтрымліваць амерыканцы.
Лукашэнка думае пра будучыню – сваю і сваго рэжыму, і ён са сваім чуццём «палітычнай жывёліны» можа адчуваць нават раней за Крэмль, што ў Расеі хутка могуць здарыцца самыя розныя непрыемныя для Пуціна падзеі. Калі ў Расеі штосьці сур’ёзнае пачнецца, то Лукашэнку будзе важна «ўчапіцца» ў ЗША, «аднавіць шматвектарнасць», але пры гэтым не ісці на вялікія саступкі па лібералізацыі свайго рэжыму.
Ёсьць і яшчэ адна мара Лукашэнкі, пра якую ён нярэдка кажа, у прыватнасці ў жніўні 2025 ў размове з журналістам часопіса Тайм Сайманам Шустэрам
Сустрэча з Трампам у ЗША – гэта быў бы туз. А перамовы пра заключэньне міра ў Менску з удзелам ЗША, Расеі, Еўропы і Ўкраіны – гэта ўвогуле джокер. Гэта асноўныя пячэнькі, якія Лукашэнка хацеў бы атрымаць ад ЗША, абменьваючы на іх два свае наяўныя козыры – закладнікі палітвязні і доступ да галавы і думак Пуціна.
А яшчэ таблеткі для пахудання, -- гэта таксама нельга забываць.
А што ж трэба Злучаным Штатам ад гэтага дзіўнага дыктатара? Дзеля чаго пасланнік Джон Коўл п’е з ім гарэлку, выліваючы яе на падлогу, каб захоўваць ясны розум?
Па-першае, вызваленне ўсіх ці большасці беларускіх палітвязняў было б добрай палітычнай перамогай адміністрацыі Трампа. Канешне, не варта думаць, што гэта можа неяк істотна паўплываць на настроі амерыканскіх выбарнікаў – аднак заўважны і гуманітарны замежнапалітычны плюс ніколі не пашкодзіць.
Post #499
444
- ❤ 3
- 👍 3
- 😢 1