TGViewer
Цыганкоў Цыганкоў @tsyhankou · 617 subscribers
Post #504 207
Ці паспрабуюць ЗША і Кітай пабудаваць двухпалярны свет?

Лідэр Кітая Сі Дзіньпін прыбыў у ЗША з трохдзённым візітам. Трамп разам з жонкай Меланіяй асабіста сустрэлі старшыню КНР у аэрапорце, дзе па лётным полі маршавым крокам прайшоў аркестр ВПС ЗША, а таксама луналі амерыканскі і кітайскі сцягі.

Гэта беспрэцэдэнтны крок для амерыканскай дыпламатыі – такое за ўсю гісторыю ЗША было вельмі рэдка, і даволі даўно. У апошнія дзесяцігоддзі амерыканскія прэзідэнты часам сустракалі ў аэрапорце папаў — напрыклад, Бэнэдыкта XVI ў 2008 годзе і Францішка ў 2015-м. Але для кіраўнікоў дзяржаў такой практыкі няма. Зразумела, што Сі ня можа (ня мае права) не заўважыць гэта.

Але і Кітай зрабіў даволі нетрадыцыйны для сябе крок. «Ажыццяўленне вялікага адраджэння кітайскай нацыі і адраджэнне велічы Амерыкі могуць цалкам суіснаваць, умацоўваць адно аднаго і прыносіць карысць свету», – гаворыцца ў заяве Сі, распаўсюджанай агенцтвам «Сіньхуа». У ёй ён таксама выказаў упэўненасць, што візіт «прынясе плённыя вынікі». Кітай і ЗША павінны быць «партнёрамі, а не супернікамі», – заявіў Сі.

Спрыяльныя для ЗША словы, якія безумоўна, ацэніць Трамп. Кітай заяўляе, што не збіраецца падрываць лідэрства Амерыкі, не збіраецца з ёй змагацца, а хоча, каб поспех (як бы ён не выглядаў) прыналежыў абодвум.

На сёння менавіта Кітай і ЗША – рэальна адзіныя звышдзяржавы ў свеце, ніхто не можа параўнацца з іхным эканамічным і палітычным патэнцыялам. Ці могуць Трамп і Сі паспрабаваць дамовіцца пра пабудову двухпалярнага свету, гэткага амерыкана-кітайскага дуумвірата, дзе Вашынгтон і Пекін фактычна вызначаюць галоўныя правілы сусветнай сістэмы?

Выглядае, што такая магчымасць цяпер выглядае значна больш рэальнай, чым нават яшчэ некалькі гадоў таму.
Зразумела, што ў сённяшніх умовах гэта можа быць не падзел тэрыторый і нават не фармальная дамова, а нефармальнае прызнанне сфер першасных інтарэсаў.

Напрыклад, ЗША захоўваюць галоўную ролю ў Заходнім паўшар'і, Еўропе і значнай частцы сусветнай фінансавай сістэмы, а Кітай атрымлівае значна большую свабоду дзеянняў у Усходняй Азіі і вакол сваёй эканамічнай зоны. Бакі дамаўляюцца не дапускаць прамога ваеннага сутыкнення, дамаўляюцца вырашаць найбольш небяспечныя канфлікты – Тайвань, Іран, Расея, Паўночная Карэя – шляхам перамоваў двух звышдзяржаў, а не аднабаковых дзеянняў. Іншымі словамі, не змагацца адно з адным, а паспрабуюць выпрацаваць правілы паводзінаў, і нават суперніцтва – але менавата па правілах.

Для нашага рэгіёну -- як выглядае, толькі сумеснымі намаганнямі Пекіна і Вашынгтона магчыма спыніць расейска-ўкраінскую вайну. Толькі калі Пекін максімальна выразна дасць зразумець Маскве, што пара заканчваць, тады Крэмль можа пайсці на перамовы. Залежнасць Расеі ад Кітая сёння вельмі вялікая, а рызыкі адкрытага канфлікту з Пекінам занадта небяспечныя для Пуціна. Не думаю, што ён настолькі «адмарожаны», каб ігнараваць гэта.

Іншая справа, ці патрэбна спыненне вайны лідарам Кітая і ЗША, ці пажадаюць яны закончыць гэтую вайну на нейкіх ўзаемакарысных умовах. Кітай якраз пакуль што эканамічна выйграе ад вайны – атрымлівае танныя расейскія энэргарэсурсы, павялічвае залежнасьць Масквы ад Пекіна, назірае стратэгічнае аслабленне Расеі. Ці сапраўды мір патрэбны Трампу – таксама да канца не ясна. Але ж заключэнне такога міра стала б для яго яркай палітычнай перамогай – па-першае, ён даўно абяцаў, па-другое, надыходзяць тыя самыя выбары ў Кангрэс і Сенат.
  • 👍 6
  • 😢 1
More from @tsyhankou
  1. Sep 25, 2026“Саграшыў – пакаяўся – даравалі”? Пасля сенсацыйнай сустрэчы ў Нью-Ёрку паміж міністрамі з…
  2. Sep 23, 2026Чаму ў Лукашэнкі не церабіцца даўгунец? (працяг) І ведаеце што? Мне падаецца, Лукашэнка са…
  3. Sep 23, 2026Чаму ў Лукашэнкі не церабіцца даўгунец? Прызнаюся ў адным вельмі дзіўным пачуцці, якое няд…
  4. Sep 16, 2026Вызваленьне — мы чакалі большага Будзем шчырымі. Пры ўсёй радасьці ад вызваленьня 25 чалав…
  5. Sep 9, 2026Навошта Вашынгтону Лукашэнка? (працяг) Па-другое. Так, амерыканцы бачылі ў Лукашэнку канал…
  6. Sep 9, 2026Навошта Вашынгтону Лукашэнка? Навошта Вашынгтону патрэбны Лукашэнка і што хоча афіцыйны Ме…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →