TGViewer
Цыганкоў Цыганкоў @tsyhankou · 616 subscribers
Post #502 156
Чаму ў Лукашэнкі не церабіцца даўгунец?

Прызнаюся ў адным вельмі дзіўным пачуцці, якое нядаўна мяне ахапіла. Ненадоўга, вядома. Мне стала шкада Аляксандра Лукашэнкі. Я бачыў, як ён хадзіў па гэтым калгасным полі, дзе ляжаў прагнілы ўжо лён, – хадзіў разгублены, раззлаваны і пытаўся ў сваіх чыноўнікаў, у сваёй застрашанай світы, што ж тут адбываецца.

Даўно назіраючы за гэтым персанажам, я падаецца, магу сцвярджаць, што ў дадзеным канкрэтным выпадку гэта не гульня, не пастаноўка для публікі. Гэта шчырае расчараванне і крыўда. «Я ад цябе гэтага не чакаў», – сказаў Лукашэнка кіраўніку Магілёўскага аблвыканкаму.
І сапраўды, было ад чаго расчаравацца. Прылятае з інспекцыяй у Шклоўскі раён, ягоны верталёт сядае на поле дзяржаўнага сельгаспрадпрыемства, а тут поўны бардак і заняпад. Я праглядзеў усе відэа, якія давалі ў той дзень дзяржаўныя каналы, і магу засведчыць: Лукашэнка загадзя не хацеў даваць ніякага разгрому чыноўнікам, наадварот, увесь час сябе відавочна стрымліваў.

І вось уявіце сабе ягоныя пачуцці. 30 з лішкам гадоў дабіваецца дысцыпліны і парадку, не дазваляе запанаваць на сяле прыватнаму бізнесу, дзікія грошы ўкідвае з бюджэту на падтрыманне дзяржаўных сельгаспрадпрыемстваў. Міністры мяняюцца часцей, чым дзяўчаты, якія сядзяць каля яго на афіцыйных мерапрыемствах. (З верасня 2020 года ў Беларусі змянілася пяць міністраў сельскай гаспадаркі і харчавання.) Прылятае паглядзець на дасягненні – а тут такое, хрусь і папалам.

«На іншых месцах яшчэ горш» – само сабой. «У цябе людзі не працуюць» – само сабой. Гэта ж калгас – хаця ўжо і з новаю назвай, але, па сутнасці, калгас, дзяржаўнае прадпрыемства. Глядзіш на гэтыя кадры з гнілым ільном і думаеш: ці магло б такое быць у фермера, у прыватніка? Ды фермер выкруціцца як можа, знойдзе людзей, заплаціць ім больш, выйдзе сам, са сваёй сям’ёй, у поле – але ня дасць загінуць ураджаю. Бо гэта ягоны даход, ягоныя грошы на жыццё, урэшце ягоная справа, ягоны гонар.

Адказваючы на запыт пра некалькі дадатковых адзінак тэхнікі, Лукашэнка зазначыў, што не праблема – даць каманду на пастаўку тэхнікі, але пытанне ў тым, як гэтая гаспадарка пры такой працы за яе здолее разлічыцца. «Купляй. Але што ты купіш за гэты лён? Тут дысцыпліны элементарнай няма. Калі няма тэхналогіі, навошта даваць трактары і камбайны?»

Успамінаецца савецкі анекдот. «Што збіраюць, калі няма ўраджаю?» – «Пленум ЦК КПСС!»
Можа, яны збяруць чарговую нараду, дзе зноў будуць разбірацца, чаму ж у Беларусі ўсе паказнікі ў сельскай гаспадарцы, найперш ураджайнасць, горшыя, чым у суседняй Літве і тым больш у Польшчы – дзе прыблізна такая самая зямля і надвор’е.

А адказ відавочны – дзяржаўна-калгасная сістэма. Лукашэнка ў свой час захаваў сістэму дзяржаўных прадпрыемстваў выключна з палітычных прычынаў. Бо калгас – гэта сістэма кантролю. Старшыня гаспадаркі залежыць ад раённай і абласной улады, работнік – ад гаспадаркі, а сама гаспадарка – ад дзяржаўных субсідыяў, заказаў, цэнаў і паставак. Таму Лукашэнка падтрымлівае ня проста сельскагаспадарчую вытворчасць, а сацыяльную сістэму, у якой чалавек моцна прывязаны да дзяржавы.

У беларускай вёсцы сельгаспрадпрыемства гістарычна выконвала значна больш функцыяў, чым проста вытворчасць прадуктаў. Яно было звязанае з працай, сацыяльнай інфраструктурай, паслугамі, жыллём, транспартам і дзіцячымі ўстановамі. То бок гэта яшчэ і сацыяльная структура, гэтакі «сабес».

Прыватны бізнес арыентуецца на прыбытак. Дзяржаўная гаспадарка атрымлівае заданне: пасеяць столькі, надаІць столькі, здаць дзяржаве столькі.
Для аўтарытарнай дзяржавы гэта вельмі зручна: сельская гаспадарка становіцца кіраванаю часткаю дзяржаўнага механізму, а ня рынкам з тысячамі незалежных гульцоў.

Але ёсць адзін мінус – выніка няма. “Кракадзіл не ловіцца, не расце какос”, не церабіцца даўгунец (працяг унізе)
  • 👍 5
  • ❤ 2
More from @tsyhankou
  1. Sep 23, 2026Чаму ў Лукашэнкі не церабіцца даўгунец? (працяг) І ведаеце што? Мне падаецца, Лукашэнка са…
  2. Sep 16, 2026Вызваленьне — мы чакалі большага Будзем шчырымі. Пры ўсёй радасьці ад вызваленьня 25 чалав…
  3. Sep 9, 2026Навошта Вашынгтону Лукашэнка? (працяг) Па-другое. Так, амерыканцы бачылі ў Лукашэнку канал…
  4. Sep 9, 2026Навошта Вашынгтону Лукашэнка? Навошта Вашынгтону патрэбны Лукашэнка і што хоча афіцыйны Ме…
  5. Aug 29, 2026Ціханоўскі, Бабарыка (працяг мінулага допіса) У жніўні 2025 года, на канферэнцыі «Новая Бе…
  6. Aug 29, 2026Ціханоўскі, Бабарыка, Калесьнікава Сяргей Ціханоўскі абвяшчае вайну журналістам; Віктар Ба…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →