TGViewer
Цыганкоў Цыганкоў @tsyhankou · 617 subscribers
Post #505 198
“Саграшыў – пакаяўся – даравалі”?

Пасля сенсацыйнай сустрэчы ў Нью-Ёрку паміж міністрамі замежных справаў Польшчы і Беларусі адбылася яшчэ адна – там жа, на на палях Генеральнай асамблеі ААН 24 верасня сустрэліся кіраўнікі МЗС Беларусі і Славакіі, Максім Рыжанкоў і Юрай Бланар.

Адна сустрэча – гэта была сенсацыя, 2 сустрэчы – гэта ўжо тэндэнцыя.

Варта паспрабаваць адказаць на «крамольнае» пытанне, ці ня сведчыць гэта тэндэнцыя пра пачатак нейкага руха да стратэгічнай змены пазіцыі Еўразвязу.

Я думаю, сведчыць. Не гледзячы на тое, што некаторыя будуць казаць, што гэтыя сустрэчы нічога не азначаюць.

«Працэс пайшоў». Які працэс?

Працэс стомленасці еўрапейцаў ад нязменнасці сваёй пазіцыі, стомленасці ад таго, што яна не прыносіць ніякага выніку, асабліва ў параўнанні з дзеяннямі адміністрацыі ЗША, якія відавочна прыносяць вынік. Гэта ў людской псіхалогіі – «мы так даўно нешта робім, а яно не прыносіць вынік, дык давайце паспрабуем нешта іншае». Аднак на самой справе гэта новае (дыялог і перамовы) – добра забытае старое, бо было ўжо некалькі разоў у сучаснай беларускай гісторыі. Мы ходзім па колу: рэпрэсіі, санкцыі, змякчэнне, лібералізацыя, а потым новыя рэпрэсіі – і ўсё спачатку.

Нагадаем, што большасць санкцыяў супраць Менску была ўведзеная з-за падтрымкі беларускім рэжымам вайны Расеі супраць краіны, а не з-за рэпрэсіяў. І ўзнікае лагічнае пытанне: калі скончыцца вайна – значыць, не будзе падставаў для санкцыяў? На прыкладзе Польшчы Менск хоча зразумець, наколькі далёка Захад гатовы пайсці «у дыялог» без патрабаванняў змены палітычнай сістэмы Беларусі.

Логіка прыхільнікаў дыялогу – як у Еўропе, так і сярод беларускай апазіцыі – даволі паслядоўная. Яны лічаць, што рэжым Лукашэнкі цяпер ніяк не зменіш, таму для дабра Беларусі трэба не змагацца з ім, а рабіць так, каб рэжым змякчаўся і дапусціў паляпшэнне жыцця беларусаў (вызваленне палітвязняў, візы, транспарт, і так далей). Такая стаўка, з іх гледзішча, выглядае прагматычнай і рэалістычнай на фоне «непрымірымых», якія не хочуць ніякіх зменаў. Маўляў, рэжым зноў уваходзіць у традыцыйны цыкл памякчэння і нармалізацыі адносінаў з Захадам – а вы не разумееце гэты трэнд, таму можаце ў яго не ўпісацца са сваёй нязменнай пазіцыяй.

І калі не адбудзецца нічога надзвычайнага, калі Беларусь не будзе больш актыўна ўцягнутая ў вайну, калі не адбудзецца пашырэнне расейска-ўкраінскай вайны на іншыя краіны – то папулярнасць ідэі дыялогу, перамоваў і адмены хаця б некаторых санкцыяў будзе расці, як сярод еўрапейскіх палітыкаў, так і сярод беларускіх палітыкаў у эміграцыі. Да таго ж трэба прызнаць, што, як сведчыць сацыялогія, нармалізацыя адносінаў з суседзямі і адмена санкцыяў падтрымліваецца большасцю людзей унутры Беларусі.

З іншага боку, калі Захад адменіць санкцыі, без вялікіх саступак з боку менскага рэжыму – гэта адназначна будзе выглядаць як палітычная параза. Тады Лукашэнка проста чарговы раз пераканаецца, што ў еўрапейскіх палітыкаў няма прычындалаў. Пераканаецца, што яму ўсё дазволена. Паводле вечнай схемы “Саграшыў – пакаяўся – даравалі”.

У любым выпадку, як бы гэта не радавала адных і не бянтэжыла іншых -- «працэс пайшоў», і беларускім палітыкам давядзецца ўлічваць гэтую рэальнасць.
  • 👍 6
  • 😢 3
More from @tsyhankou
  1. Sep 24, 2026Ці паспрабуюць ЗША і Кітай пабудаваць двухпалярны свет? Лідэр Кітая Сі Дзіньпін прыбыў у З…
  2. Sep 23, 2026Чаму ў Лукашэнкі не церабіцца даўгунец? (працяг) І ведаеце што? Мне падаецца, Лукашэнка са…
  3. Sep 23, 2026Чаму ў Лукашэнкі не церабіцца даўгунец? Прызнаюся ў адным вельмі дзіўным пачуцці, якое няд…
  4. Sep 16, 2026Вызваленьне — мы чакалі большага Будзем шчырымі. Пры ўсёй радасьці ад вызваленьня 25 чалав…
  5. Sep 9, 2026Навошта Вашынгтону Лукашэнка? (працяг) Па-другое. Так, амерыканцы бачылі ў Лукашэнку канал…
  6. Sep 9, 2026Навошта Вашынгтону Лукашэнка? Навошта Вашынгтону патрэбны Лукашэнка і што хоча афіцыйны Ме…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →