Толькі наперад нагамі
“Памятаеце, калі ў ліпені Лукашэнка з’ехаў з візітам у Інданэзію, то і ў медыях, і ў сацсетках пачала разганяцца тэма, што Лукашэнка ўцёк, зваліў, схаваўся. Калі задача была ў тым, каб чарговы раз павесяліцца і пасцябацца, – то няхай сабе. Але ж праблема ў тым, што некаторыя людзі сапраўды вераць, што Лукашэнка ў нейкі крытычны момант адразу ўцячэ з краіны. І ў 2020 годзе верылі, што, на маю думку, прынесла шмат шкоды»
Такімі словамі я пачынаю сваю праграму на Белсаце «Высновы». Працягваю наступнай думкай:
“Калі нейкія эксперты гадамі нам даказваюць, што Лукашэнка не будзе вылучацца альбо вось-вось сыдзе, – гэта проста наіўнасць ці наўмысная гульня на ўладныя наратывы?
Дарэчы. Яшчэ адзін аргумент таксама выклікае ў мяне моцныя падазрэнні наконт таго, хто і навошта запускае яго ў публічную прастору. Гэта аргумент на тэму «а можа, без Лукашэнкі будзе яшчэ горш».
І заканчваю тэкст такой лагічнай (для мяне, прынамсі) высновай:
“І праз шэсць гадоў пасля тых падзеяў відавочна, што на сёння ён не рыхтуе ніякага пераемніка, бо выбраў сцэнар «сяджу ў крэсле да апошняга». Пэўны час ён сапраўды шукаў, але так і не знайшоў прымальнага для сябе механізму транзіту ўлады, пры якім захаваў бы ўплыў і кіраванне сістэмаю. Так і не знайшоў, а таму вырашыў: ну і халера з ім, больш не буду нічога шукаць, буду сядзець да смерці.
Лукашэнка не давярае нікому, нават сваім старэйшым сынам, не верыць у іхнія здольнасці кіраваць краінаю. Лукашэнка лічыць, што ніхто іншы не зможа эфектыўна ўтрымаць сістэму, таму ён імкнецца да максімальна працяглага ці нават пажыццёвага захавання статус-кво.
Так што – пара б нам усім зразумець, што нікуды ён не ўцячэ. Толькі «наперад нагамі». Улада для яго сінонім жыцця, пакуль ён жывы, то будзе чапляцца за ўладу да апошняга ўздыху. Сітуацыю варта ацэньваць адэкватна, 30 гадоў даволі вялікі тэрмін, каб зрабіць дакладныя абгрунтаваныя фактамі высновы”.
Поўны тэкст — даю спасылку на праграму, 8 хвілін.
https://www.youtube.com/watch?v=gyOsEDEvZUQ&t=28s
Post #490
867