“Цыганкоў. Высновы”
Думаю, варта распавесьці пра некаторыя творчыя навіны. Апошні год з-за таго, што я паліткарэктна называў “праблема з дакументамі” – я ня меў магчымасьці афіцыйна працаваць у Польшчы. Але ўсё сканчаецца, скончылася і гэта.
І цяпер я зноў пачаў афіцыйна працаваць на любімым Белсаце. Дакладней кажучы, вярнуўся. Трэба адзначыць, што і кіраўніцтва і калегі сапраўды нецярпліва чакалі дату майго вяртаньня, абмяркоўвалі і прапаноўвалі розныя праекты з маім удзелам – за што ім вялікі дзякуй.
12-га ліпеня, у нядзелю, я веў Студыю Белсат, якая падсумоўвае вынікі тыдня. Мяркуецца, што я буду стала весьці гэтую праграму, па чарзе разам з іншымі вядучымі – Віталь Бабін і Алесь Залескі.
А ўчора выйшла мая аўтарская праграма (ці рубрыка, калі можна так назваць) “Цыганкоў. Высновы”. Я выбіраю нейкую тэму і спрабую яе прааналізаваць, асьвятліць, раскрыць, палемічна выказаць сваё стаўленьне. І потым у жывым эфіры вечаровай “Студыі Белсат” 8 хвілін расказваю гледачам пра свае высновы.
Чаму 8 хвілін? Бо гэта мінімум, які патрабуюць пэўныя фарматы і алгарытмы Юцюба. Але я разумею, што 8 хвілін слухаць аднаго чалавека нармальнаму гледачу немагчыма, таму для разрадкі і ўзмацненьня эфекту нейкіх сваіх тэзісаў устаўляю ў праграму відэа-фрагментыкі, мемы з мас-культуры.
Першая праграма была пра прапаганду, яе асноўныя прынцыпы і мэты. І там я ўстаўляў рэплікі з Крымінальнага чытва, крык Панікоўскага “Я вас всех продам, куплю, і снова продам, но уже дороже”, словы Міронава з Обыкновенного чуда пра “А кто нынче хорош?” (як сімвал расейскай і беларускай прапаганды) ну, і смешную цытату Азаронка (як без гэтага). Дарэчы, я б хацеў даваць пераважна цытаткі з заходніх фільмаў, але аўтарскія правы не дазваляюць гэта рабіць – толькі да 5 секунд.
То бок такая помесь аналітыкі, публіцыстыкі і сарказма) І што мне асабліва падабаецца і што я вельмі цаню – поўная творчая свабода для аўтара.
Спасылку на Юцюб даю, паглядзіце, мне цікава любое меркаваньне. Прызнаюся, хваляваўся за прагляды (бо гэта, скажам асцярожна, важная частка ў тэлебачаньні), але першыя гадзіны пасьля выстаўленьня паказваюць, што прагляды, як выглядае, някепскія.
Ну і падкіну пару тэзісаў з гэтай маёй праграмы:
1.У філасофскім сэнсе расейская і беларуская прапаганда – гэта свядомая брудная гульня на паніжэнне. На паніжэнне ўзроўню чалавечага ў чалавеку. На паніжэнне ўзроўню сваіх патрабаванняў да жыцця і да людзей.
2.Магу толькі параіць – ніколі не глядзіце прапаганду. Ня трэба! Ні дзеля таго, каб даведацца, што яны там кажуць, ні дзеля таго, каб праведна абурыцца, ні дзеля таго, як пасцябацца, ні дзеля таго, каб здзівіцца з хамства і чалавечай тупасці. Ні дзеля таго, каб эмацыйна кідацца тапкамі ў тэлевізар. Проста – беражыце сваё псіхічнае здароўе, пачытайце добрую кнігу, паразмаўляйце з блізкімі, падыхайце паветрам.
Такія вось Высновы Цыганкова)
https://www.youtube.com/watch?v=mFobHADRUVw
Post #486
695