Пенсійны ўзрост падымуць? Пачнуць з жанчын?
“У любым выпадку можна дастаткова ўпэўнена сцвярджаць, што пытанне падвышэння пенсийнага ўзросту аб’ектыўна стаяла б перад краінаю, нават калі б у Беларусі была цалкам дэмакратычная ўлада. Дык калі гэта сапраўды непазбежна – можа, няхай ужо гэтыя непапулярныя крокі зробіць цяперашняя ўлада”.
Гэта калі скокнуць адразу ў канец маёй праграмы Высновы, -- то вось такую выснову і я прапанаваў гледачам.
Але да гэтага паспрабаваў прааналізаваць усе магчымыя дылемы, якія стаяць перад уладамі ў гэтай праблеме.
“Калі колькасць работнікаў скарачаецца, а пенсіянераў робіцца больш, у дзяржавы ёсць некалькі варыянтаў: Першы – павышаць пенсійны ўзрост. Другі – павялічваць падатковую нагрузку на працоўных. Трэці – пераводзіць усё больш грошай з дзяржаўнага бюджэту ў пенсійны фонд. Чацвёрты – стымуляваць, каб людзі працягвалі працаваць і ў пенсійным узросце. Пяты – павялічваць колькасць працоўных мігрантаў.
Улады Беларусі ў той ці іншай ступені спрабуюць усе гэтыя шляхі…
Аднак выглядае, што без далейшага падвышэння пенсійнага ўзросту не абысціся. Пытанне ў тым, калі ўлада асмеліцца на гэта пайсці, які момант выбера для гэтай пастановы.
Ёсць яшчэ адзін цікавы момант: у Беларусі пенсійны ўзрост для жанчын на пяць гадоў ніжэйшы, чым для мужчынаў. Таму калі ўлады прыйдуць да непазбежнасці павышэння пенсійнага ўзросту, цалкам магчымы варыянт, што спачатку будуць паступова збліжаць пенсійны ўзрост жанчын з мужчынскім.
І гэта будзе выглядаць даволі лагічным, на фоне таго, што беларускія мужчыны выходзяць на пенсію ў шэсцьдзесят тры гады, а сярэдняя працягласць іхнага жыцця – 69 гадоў. Жанчыны – пенсія ў 58, а працягласць жыцця – 79,8.
Тут Беларусь выглядае даволі нетыпова для Еўропы: большасць еўрапейскіх краінаў даўно перайшла на аднолькавы пенсійны ўзрост, а краіны, якія захоўваюць розніцу, паступова яе ліквідуюць”.
Але і пра пенсіі сілавікоў таксама ўзгадаў, як без іх)
“Праўда, ва ўлады ёсць яшчэ адзін варыянт, які дапамог бы зменшыць пенсійную нагрузку на бюджэт. Варыянт, на які цяперашнія ўлады Беларусі ніколі не пойдуць. Ёсьць даволі вялікая каста прывілеяваных пенсіянераў – сілавікі і дзяржаўныя чыноўнікі. Першыя атрымліваюць пенсію вельмі рана, другія – нашмат большую, чым звычайныя грамадзяне. Для сілавікоў дзее асобная сістэма пенсіі за выслугу гадоў, і вызначае яе памер працягласць службы. Пасля дваццаці гадоў службы, то бок літаральна ў сорак пяць гадоў, яны ўжо пачынаюць атрымліваць пенсію, нярэдка большую за сярэднестатыстычную. І хто гэтыя шчасліўцы, якія трапляюць пад спецыяльны закон аб пенсіях вайскоўцам? Іх даволі шмат – вайскоўцы паводле кантракту, работнікі органаў унутраных справаў, Следчага камітэту, Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў, органаў і падраздзяленняў надзвычайных сітуацыяў, органаў фінансавых расследаванняў КДК. Усе гэтыя людзі так знясільваюцца на сваёй надзвычай цяжкай працы, што ўжо гадоў у сорак пяць пачынаюць разам з немалЫм заробкам атрымліваць яшчэ і немалую пенсію”.
https://www.youtube.com/watch?v=lOk9rOzyKWs
Post #493
608
- 👍 7