Тройка за шчырасьць, пяцёрка за правільнасьць
Неяк у класе 7-ым ці 8-ым я атрымаў тройку, вельмі рэдкую адзнаку для сябе, круглага выдатніка на той момант.
І здарылася гэта па даволі прыкольнаму прадмету, які называўся “Этыка і псіхалогія сямейнага жыцьця”. Вусныя прадметы я ўвогуле ніколі не вучыў, атрымліваў пяцёркі “на агульным разьвіцьці”.
Але тут быў пісьмовы тэст. Вучням раздалі пытаньні, на які трэба было даць адказы. Кшталту “Ці дапамагаеце вы маме мыць посуд?” “Ці пераводзілі вы незнаёмую бабулю на вуліцы?” “Ці біліся вы з кім-небудзь у двары?” “Ці бывае, што вы хлусіце?” “Ці пераходзіце вуліцу на чырвонае святло?” і гэтак далей.
Я ня быў хуліганам, хаця і нярэдка даводзілася біцца ў выпадку неабходнасьці. Я даволі шмат дапамагаў маме (і тату) – мае бацькі рана прывучылі да хатняй працы. Бывала, што я хлусіў. Ужо тады) пераходзіў вуліцу на чырвонае – калі не было машын.
Карацей, я шчыра адказаў на ўсе пытаньні анкеты.
У выніку – я адзіны на ўвесь клас атрымаў “тройку”.
Усе астатнія – гультаі і хуліганы, шэрыя мышкі, двоечнікі і невукі -- атрымалі пяцёркі (па пяцібальнай сістэме). Для некаторых зь іх гэта былі, магчыма, іхнія адзіныя пяцёркі за шмат месяцаў).
Тройка была толькі ў мяне.
Бо я адказваў як ёсьць. Я не бачыў прычынаў (тут) хлусіць, мне было цікава, у чым сутнасьць гэтага псіхалагічнага тэста. А яны адказвалі “як трэба”. Каб прыхарошыць сябе. Каб атрымаць адзнаку. “Ніколі не б’юся, ніколі не хлушу, мыю посуд цэлымі днямі” і гэтак далей.
І цяпер я бачу шмат людзей, якія дакладна ведаюць, як трэба слушна адказваць на любыя пытаньні умоўных “настаўнікаў”. Такія правільныя ўзорныя лапачкі, высокапарныя і паліткарэктныя. Слухаеш ці чытаеш кагосьці – і разумееш, што загадзя можаш угадаць кожную думку па любой тэме.
І ўсё гэта дзеля таго, каб умоўны настаўнік паставіў “пяцёрачку”.
Але яны застаюцца шэрымі мышкамі і троечнікамі.
Post #492
667
- 👍 35
- 👎 1
- 😢 1