TGViewer
Цыганкоў Цыганкоў @tsyhankou · 615 subscribers
Post #488 965
Людзі, якім сорамна добра жыць

Калі думаеш і разважаеш пра карані некаторых найбольш вострых праблем сучаснага Захаду, то акрамя аб’ектыўных эканамічных, сацыяльных і палітычных фактараў, усё больш звяртаеш увагу на псіхалагічныя аспекты.

Я б вылучыў некалькі тыпаў людзей і псіхалагічных паводзінаў, якія з’яўляюцца прычынай абвастрэння многіх праблемаў

1.Першая катэгорыя – дурні. Не ў побытавым сэнсе слова, а ў тым, які калісьці прапанаваў італьянскі эканаміст Карла Чыпола: гэта людзі, якія сваімі дзеяннямі наносяць шкоду і іншым, і самім сабе. Я не думаю, што сёння такіх людзей стала больш, чым было ў мінулым. Хутчэй, змяніліся ўмовы. Сацыяльныя сеткі і ліберальная дэмакратыя зрабілі іх значна больш прыкметнымі. Калі раней розныя інстытуцыі – рэдакцыі, універсітэты, палітычныя партыі – служылі своеасаблівымі фільтрамі, то сёння чалавек можа атрымаць велізарную аўдыторыю, абыходзячы гэтыя механізмы. У выніку дурні сталі больш бачнымі.

2.Другая катэгорыя – людзі, якія сапраўды ненавідзяць Захад. Прычым гаворка ідзе пра вельмі розныя асяроддзі – ад ісламскіх радыкалаў да воўкістаў, «дэкаланізатараў», пуцінцаў. Усе яны робяць адну справу. Яны лічаць свабоднае грамадства, заходнюю цывілізацыю ворагам, якога трэба перамагчы. І мараць яе разбурыць. Не палепшыць, не цывілізаваць, а менавіта разбурыць. Дашчэнту. Гэта варта разумець.
Што можа паўстаць на яе месцы? Тут некалькі варыянтаў – хаос, шарыят, камунізм, дыктатура. Але ненавіснікаў Захаду аб'ядноўвае не пазітыўны праект будучыні, а перадусім нянавісць да таго грамадскага ладу, які грунтуецца на свабодзе, ліберальнай дэмакратыі і капіталізме.

3.Трэцяя катэгорыя – людзі з разбуральным тыпам асобы. Гэта пра іх я пісаў, што калі яны трапяць у рай, то знойдуць там недахопы і будуць з імі змагацца. Бо яны атрымліваюць задавальненне ад самога факта барацьбы і разбурэння – не важна, з чым і чаго. У часы рэвалюцый, войнаў і глыбокіх крызісаў менавіта такія асобы часам выходзяць на першы план.

4.Побач з імі варта згадаць людзей з рознымі псіхічнымі адхіленнямі, ці прынамсі нестабільнай псіхікай. Яны існавалі заўсёды, але сучаснае грамадства змяніла іх месца ў публічнай прасторы. З аднаго боку, адбыўся гуманны працэс лібералізацыі адносін да псіхічных захворванняў – і зараз на свабодзе ходзяць многія з тых, хто яшчэ 30 гадоў таму быў бы ў спецыялізаваных установах у любой краіне. З другога боку, зноў-такі – эпоха сацыяльных сетак, якая дазваляюць чалавеку з любымі асаблівасцямі псіхікі знаходзіць аднадумцаў, распаўсюджваць свае погляды і ўплываць на іншых. Псіхолагі заяўляюць, што сацыяльныя сеткі самі, вядома, не ствараюць гэтыя праблемы, але ўзмацняюць ужо існуючыя схільнасці.

5.І, нарэшце, яшчэ адна катэгорыя, якую я б апісаў як «людзі, якім сорамна добра жыць».
Яны выраслі ў бяспечным, багатым і стабільным грамадстве. Яны ніколі не перажывалі голаду, разбурэнняў, вайны або пагрозы страціць усё. Пасля Другой сусветнай вайны Заходняя Еўропа некалькі дзесяцігоддзяў мэтанакіравана аднаўлялася, пастаянна павышаўся ўзровень жыцця. Пасля распаду Савецкага Саюза знікла і галоўная геапалітычная пагроза, якая дзесяцігоддзямі прымушала Захад мабілізавацца. Перамагло адчуванне, што дабрабыт стаў натуральным і вечным станам.

Новыя пакаленні ўжо не ўспрымаюць свабоду і дабрабыт як вынік працяглай працы, войнаў і пакутаў. Наадварот, яны пачынаюць адчуваць своеасаблівае пачуццё віны за свае «незаслужаныя» дабрабыт, свабоду і спакой. Дзесьці ў свеце пануюць беднасць, голад і войны – і ім здаецца несправядлівым, што яны жывуць добра. На фоне мілых і добрых людзей з іншых кантынентаў, якія па некйкіх незразумелых прычынах чамусьці жывуць кепска.

І замест таго каб захоўваць і развіваць тое, што было створана папярэднімі пакаленнямі, яны, адчуваючы пачуццё віны за добрае жыццё, пачынаюць добраахвотна і мэтанакіравана ствараць сабе праблемы. Па-іншаму не магчыма патлумачыць некаторыя рэчы.
  • 👍 25
  • 👎 6
More from @tsyhankou
  1. Sep 23, 2026Чаму ў Лукашэнкі не церабіцца даўгунец? (працяг) І ведаеце што? Мне падаецца, Лукашэнка са…
  2. Sep 23, 2026Чаму ў Лукашэнкі не церабіцца даўгунец? Прызнаюся ў адным вельмі дзіўным пачуцці, якое няд…
  3. Sep 16, 2026Вызваленьне — мы чакалі большага Будзем шчырымі. Пры ўсёй радасьці ад вызваленьня 25 чалав…
  4. Sep 9, 2026Навошта Вашынгтону Лукашэнка? (працяг) Па-другое. Так, амерыканцы бачылі ў Лукашэнку канал…
  5. Sep 9, 2026Навошта Вашынгтону Лукашэнка? Навошта Вашынгтону патрэбны Лукашэнка і што хоча афіцыйны Ме…
  6. Aug 29, 2026Ціханоўскі, Бабарыка (працяг мінулага допіса) У жніўні 2025 года, на канферэнцыі «Новая Бе…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →