МАША, ТЫ НАША!
Марыя Калеснікава заззяла як зорка ў Маладым Фронце.
Па-беларуску, пад бел-чырвона-белым сцягам, з флейтай. Прыгожа!
Маша была адна з першых дыджэяў Адраджэння - пераможцаў маладафронтаўскіх лідэрскіх курсаў у самым пачатку 2000-ых.
Цудоўнай, яскравай, волевай моладзі тады ў беларускім руху было мноства.
Але чым далей у эпоху Лукашэнкі, тым больш бел-чырвона-белая рамантыка пачынала ўспрымацца не як моц і прыгажосць народа, а як дзівацтва і скрайнасць.
У 2020 годзе дайшло да таго, што новыя лідэры пратэстнай палітыкі адпачатку стараліся адмежавацца ад беларускасці і нацыянальнага сцягу - маўляў, гэта "старая апазіцыя".
Але ў жніўні 2020 года сотні тысячаў беларусаў выйшлі на пратэст менавіта з бел-чырвона-белымі сцягамі Хрыста. І зноў на поўны голас загучала беларуская мова.
Ніякая не "старая", але вечная.
Гэтая з'ява - вялікая навука для ўсіх беларусаў, якія кажуць ад імя Беларусі.
Няможна адкідаць душу і сутнасць сваёй Радзімы - і заставацца яе сэрцам.
У жніўні 2020 года Маша Калеснікава вярнулася пад бел-чырвона-белыя сцягі. І тое, што яна зрабіла тады, яе адвага і любоў - застанецца ў беларускай гісторыі. Моц і святло яе вобразу, як і цуд Святланы Ціханоўскай, як мужнасць Статкевіча, як змаганне мільёнаў беларусаў - Божы дар і наш супольны здабытак.
Пасля выхаду з турмы, ва ўкраінскім Чарнігаве, пасля вядомай прэс-канферэнцыі і абурэння беларусаў мы з Уладзям Лабковічам, класным маладафронтаўцам 1990-ых, гадзінамі размаўлялі з Машай і Марынай Золатавай. І Маша, і Марына выдатна размаўляюць па-беларуску. А як файна Маша з Максімам Знакам спявалі для ўсіх палітвязняў "Тры чарапахі" і "Простыя словы"!..
І нам, беларусам, і самой Машы трэба асэнсаваць, якую каштоўнасць дае нам Бог - час, у якім мы жывем, і цуды, якія Ён творыць праз нас.
Варта разумець: праз нашы пакуты ў турмах, войнах, выгнаннях спрабуе выявіцца Сам Хрыстос.
Ці дазволім мы Яму - ці не?
Варта зацеміць раз і назаўжды: найвялікшая каштоўнасць Беларусі - гэта людзі.
Нават Лукашэнка, які канвеерам вывозіць на экспарт за мяжу і прадае найлепшых беларусаў Захаду, гэта разумее.
Дык вось, мы, беларусы, ня можам дазволіць сабе раскошу выкідваць, як непатрэбнае рыззё, з беларускага жыцця ані "старую апазіцыю", ані змагароў, якія ахвяравалі сабою, ані дабраахвотнікаў, што ваявалі за Украіну, ані Машу Калеснікаву.
Трэба цаніць і берагчы кожнага беларуса!
Давайце вучыцца гэтаму ў габрэяў, з якімі мы жылі стагоддзямі поплеч.
Тое, што Святлана Ціханоўская запрасіла Марыю стаць разам у навагоднім эфіры - гэта добра, па-беларуску.
Тое, што Зянон Пазняк знайшоў словы, каб суцішыць цкаванне Машы - гэта добра, па-беларуску.
І калі сама Маша пяройдзе на беларускую мову ды будзе з'яўляцца пад бел-чырвона-белым сцягам, кажучы пра Беларусь - гэта таксама будзе вельмі добра, па-беларуску.
Да 2020 года можна было лічыць, што адкрытая беларускасць - гэта дзівацтва і слабасць.
Але цяпер адкрытая беларускасць - гэта моц і прыгажосць, якія адгукаюцца ў сэрцах мільёнаў.
Беларусь ЖЫВЕ - і жыве яна ў сэрцах беларусаў.