Канцэрт Лявона Вольскага і Паўла Аракеляна, ды яшчэ ў Вільні, ды яшчэ на Дзень святога Валянціна - для любога беларуса рэч эпічная.
Музыкі ахвяравалі частку квіткоў для вызваленых палітвязняў і іх сем'яў, мы з Волечкай і Францішкам пайшлі - і ані хвіліны не пашкадавалі.
Заля віленскага Павільёнаса была поўная. Большасць людзей - беларусы, якія ўжо жывуць тут колькі гадоў, з хвалі 2020-га. Было асабліва цікава паглядзець на гэтае пакаленне эміграцыі - у тым віры, які ў свой час уздымаў нашу маладафронтаўскую хвалю.
Вольскі - канечне, Майстар. Прыхварэўшы, але выйшаў і адпрацаваў як мае быць сваім крутым рокавым голасам, з жартамі і заваднымі рэплікамі.
А беларусы ў залі былі досыць стрыманыя. Адчуваўся цяжар апошніх гадоў, прыгнечанасць і, вядома, наша родная здольнасць "не паказваць выгляду". Але напрыканцы, з "Песняй пра каханне" грамада ўжо танчыла, а "Тры чарапахі" грымела дружным хорам.
Беларусы падымуцца. Разварушацца. Разгайдаюцца. Трэба толькі папрацаваць - упарта і натхнёна, як Вольскі.
Post #54
1.26K

- ❤ 82
- 👍 14
- 🙏 5
- 💯 4
- 🥱 1