У жніўні 2020-га, на наступны дзень пасля выбараў, калі на вуліцах Гародні амапаўцы збівалі і хапалі людзей, настаяцель гарадзенскага кафедральнага Пакроўскага сабора айцец Георгій Рой адчыніў дзверы храма, каб людзі маглі схавацца.
А назаўтра кожную гадзіну званніца сабора званіла 12 разоў – як калісьці ў даўніну, каб склікаць і яднаць народ у страшны час.
Ён такі, айцец Георгій – распахвае сваю душу, каб прытуліць людзей.
Тады кожны адважны крок мог каштаваць свабоды, а то і жыцця. А ў айца Георгія і матушкі Зоі - чацьвёра дзяцей.
Пасля навальніцы 2020 года айца Георгія хуценька перавялі з кафедральнага сабора ў глухую вёску, прыставілі да яго даносчыкаў і ў рэшце рэшт вымусілі з’ехаць з Беларусі.
Праваслаўны святар з каталіцкай багаслоўскай адукацыяй, першае набажэнства для беларусаў Вільні на Вялікдзень 2023 года айцец Георгій правёў у лютаранскім доме малітвы. Поўнае Боскае трыадзінства – у імя Айца, Сына і Святога Духа! Пра гэта я даведаўся ў Шклоўскім ШІЗА – навіну пра шматлюдную святочную службу па-беларуску за мяжой перадавалі з камеры ў камеру.
Беларуская парафія Дабравешчання Канстанцінопальскага патрыярхату, дзе служаць айцы Георгій Рой і Аляксандр Кухта – унікальны агмень вольнага беларускага праваслаўя. Бел-чырвона-белы сцяг Уваскрасення, узняты ў колішняй сталіцы Вялікага Княства. Сотні праваслаўных святароў і дзясяткі тысячаў вернікаў з Беларусі глядзяць на айца Георгія, пільнуюць анлайн-трансляцыі набажэнстваў з Бокшту і спадзяюцца: калі цемра адступіць, Беларуская праваслаўная царква адновіцца адсюль.
І на Дзень Волі ці Вялікдзень галоўнае набажэнства Беларусі будзе правіць айцец Георгій Рой у рызах з бел-чырвона-белымі “струмянямі”.
Айцец Георгій служыць літургію і па-беларуску, і па-украінску, і па-літоўску, і па-царкоўнаславянску, і па-грэцку. Паліглот, пісьменнік, выдавец, клапатлівы бацька і найлепшы нястомны сябар для парафіянаў – у вольны час едзе на Ефрасіннеўскія могілкі Вільні і даглядае магілы выбітных беларусаў.
Для віленскіх беларусаў айцец Георгій – сапраўднае сэрца. Трапяткое, гарачае, моцнае і пяшчотнае. Так было і ў Залатым веку Беларусі: цэнтр прасторы – царква, галоўны матор – прыход, сэрца – добры святар. Беларусь зноў адраджаецца вераю.
У гэтую восень для айца Георгія спаўняецца 20 гадоў святарства. А дадайце сюды яшчэ больш як 20 гадоў у шлюбе!
Моцнага здароўя, трываласці, радасці ў жыцці і вялікай Божай ласкі, дарагі ойча!
Праваслаўным беларусам, якія хочуць славіць Бога па-беларуску, нагадаю: штонядзелі а 10.30 – беларуская літургія ў Вільні на Бокшту, 4. Далучайцеся!
Post #285
240

- ❤ 42
- 👍 6
- 😁 1
- 🤣 1
- 💅 1