TGViewer
Channel Public Channel
Леанід СУДАЛЕНКА | Leanid Sudalenka

Леанід СУДАЛЕНКА | Leanid Sudalenka

@lsudalenka

Афіцыйны канал Леаніда Судаленкі — праваабаронцы і юрыста. Правы чалавека ў Беларусі • Вясна • ААН.
Leanid Sudalenka — Belarusian human rights defender.
Subscribers
84
Photos
486
Videos
310
Links
505
Recent Posts 20 shown
Post #1102 3
З лекамі было прасцей, родныя перадавалі таблеткі, да якіх я прызвычаіўся. У калоніі ўсё змянілася. У каранцін я прыехаў з запасам сваіх прэпаратаў, але у першы ж дзень іх забралі.
  
— Вам будуць выдаваць тое, што належыць.
  
Пачалі даваць беларускія аналагі. Я адразу адчуваў розніцу, бо кружылася галава, з'яўлялася слабасць, часам у цэху ішоў, трымаючыся за сцяну ці станок, каб не ўпасці.
  
Аднойчы прыйшоў да галоўнага ўрача, у калоніі яго называлі «ляпілам». Патлумачыў, што мне цяжка залазіць на другі ярус нараў. Палітычных звычайна клалі менавіта наверх, нават калі ніжнія месцы былі свабодныя.
  
Ён спытаў:
  
— Эпілепсія ёсць?
  
— Не.
  
— Вось калі будзе, тады і прыходзьце.
  
На гэтым прыём скончыўся. Я яшчэ паспрабаваў загаварыць пра лекі.
  
Адказ быў той самы:
  
— Вам выдаюць тое, што належыць.
  
Пры дыябеце вялікія перапынкі паміж ежай гэта асобная праблема. Сняданак каля сёмай, абед каля другой. Я прасіў дазволіць мне на паўгадзіны вяртацца з прамысловай зоны, каб нешта перакусіць.
  
— На прамцы можна гарбату папіць.
  
Гэта гучала амаль як жарт, бо піць гарбату на вытворчасці было забаронена. Кантралёры пастаянна шукалі самаробныя кіпяцільнікі і знішчалі іх. Людзі ўсё роўна праносілі «муткі»: чай, каву, цукерку, але перад працай шмон. У першыя дні я яшчэ не ведаў усіх правілаў і ўзяў з сабой яблык.
  
Кантралёр убачыў.
  
— Выкінуць.
  
Яблык паляцеў у сметніцу. Так я вучыўся жыць з дыябетам ужо не паводле патрэбаў свайго арганізма, а паводле лагернага раскладу. На волі ты сам ведаеш, калі паесці, калі прыняць таблетку, калі адпачыць. У калоніі за цябе вырашаюць іншыя і ім неабавязкова ведаць, што ў цябе адбываецца з цукрам.
  
Усё тлумачыла адна фраза:
  
— Вам выдаюць тое, што належыць.
  
У калоніі заўсёды не важна, што патрэбна чалавеку, важна было толькі тое, што яму «належыць».

⚪️🔴⚪️ #ТурэмныяНататкі #Праваабаронца #Палітвязні #ПравыЧалавека #Гомель #Вясна #Беларусь2020 #МемуарыСудаленкі
Post #1101 3
МОЙ ДЫЯБЕТ

У СІЗА мая хвароба давала мне адну дзіўную «льготу», мне дазвалялі ляжаць днём. Звычайна пасля пад'ёму і да адбою класціся на нары было нельга. У камерах стаялі відэакамеры, толькі прылёг, хутка пачуеш:

— Пад'ём!

Ці прадольны раптам адчыніць кармушку і зараве нечалавечым голасам: каго гэта там "расташчыла?"

У маіх медыцынскіх дакументах стаяў «спальны рэжым», таму ляжаць мне не забаранялі. Мабыць, гэта была адзіная карысць, якую прынёс мне дыябет у СІЗА, ва ўсім астатнім хваробу нібыта не заўважалі. За ўвесь час на гомельскім «цэнтрале» цукар у крыві мне праверылі толькі адзін раз і тое пасля таго, як жонка пайшла на прыём да начальніка СІЗА.
Post #1100 2
10 ПРЫЧЫН СУПРАЦЬ СМЯРОТНАГА ПАКАРАННЯ.
ПРЫЧЫНА №9. А КАЛІ ПРАЎДА ВЫСВЕТЛІЦЦА ПРАЗ ДЗЕСЯЦЬ ГАДОЎ?


Уявіце: праз дзесяць гадоў знайшлі доказ, што чалавек быў невінаваты.

Калі ён у турме, дзверы яшчэ можна адчыніць. Страчаныя гады не вернеш, але можна вярнуць чалавеку свабоду, імя, жыццё.

А калі чалавека расстралялі? Праз дзесяць гадоў высветлілася: суд памыліўся.

Што яму верне дзяржава?

Нічога.

Пакуль чалавек жывы, правасуддзе яшчэ можа выправіць памылку, пасля расстрэлу ужо не.


Дзяржава можа караць, але дзяржава не павінна забіваць.

⚪️🔴⚪️ #СмяротнаеПакаранне #10Прычын #Беларусь #ПравыЧалавека #ПраваНаЖыццё
Post #1099 3
ПАЛІТВЯЗНІ БЕЛАРУСІ: ГАННА СТРАЖЭВІЧ

Ганне Стражэвіч - 60 гадоў, яна з Салігорска. У снежні 2023 года жанчыну затрымалі. Адной з прычын пераследу стала яе грамадзянская пазіцыя, падтрымка беларускіх палітвязняў і ліставанне з тымі, хто знаходзіцца за кратамі.

5 снежня 2024 года Мінскі абласны суд асудзіў Ганну да 4-х гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і вялікага штрафу. Яе абвінавацілі паводле некалькіх палітычна матываваных артыкулаў, у тым ліку ў абразе прадстаўнікоў улады, паклёпе і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».

Праваабаронцы прызналі Ганну Стражэвіч палітычнай зняволенай. Сёння яна адбывае пакаранне ў жаночай калоніі № 4 у Гомелі.

Лісты салідарнасці не павінны станавіцца падставай для крымінальнага пераследу. Падтрымка людзей за кратамі гэта праява чалавечнасці, а не злачынства.

Свабоду Ганне Стражэвіч! Свабоду ўсім беларускім палітвязням!

⚪️🔴⚪️ #ГаннаСтражэвіч #СвабодуПалітвязням #FreeHannaStrazhevich #FreePoliticalPrisoners #StandWithBelarus
Post #1098 18
СУДДЗЯ, ЯКІ ВЫНОСІЎ ПРЫСУДЫ ПАЛІТВЯЗНЯМ, АТРЫМАЎ ПАВЫШЭННЕ

Аляксандр Лукашэнка прызначыў Аляксандра Мохарава суддзёй Гомельскага абласнога суда на пяць гадоў. Адпаведнае рашэнне ўтрымліваецца ва ўказе №355 ад 7 кастрычніка 2026 года.

Раней Мохараў працаваў у судзе Савецкага раёна Гомеля і разглядаў палітычна матываваныя справы.

У красавіку 2021 года ён прысудзіў палітвязню Уладзіміру Няпомняшчых 2,5 года калоніі. У снежні таго ж года Яўген Марэнец атрымаў тры гады калоніі. У снежні 2024 года Еўрасаюз уключыў Мохарава ў санкцыйны спіс за ўдзел у рэпрэсіях супраць грамадзянскай супольнасці.

Цяпер суддзя, які выносіў палітычна матываваныя прысуды і знаходзіцца пад санкцыямі ЕС, пераходзіць з раённага суда ў абласны. Палітычныя прысуды не сталі перашкодай для яго судовай кар’еры.

⚪️🔴⚪️ #ПравыЧалавека #Палітвязні #Суддзі #ПалітычныяРэпрэсіі #Гомель #Мохараў #Няпомняшчых #Марэнец
Post #1097 20
У адзін з дзён у мяне падскочыла высокая тэмпература, мяне забралі ў санчастку. Гэта быў люты 2022 года, яшчэ хадзіў каранавірус, таму мяне паклалі аднаго ў асобную палату і зачынілі дзверы. Так я праляжаў шаснаццаць дзён, тры разы на дзень адкрывалася кармушка ў дзвярах — падавалі ежу, раз на дзень давалі нейкі антыбіётык. І ўсё, ніхто мне не казаў, што са мной, ніхто не казаў, які ў мяне дыягназ і ад чаго мяне лечаць. Тэмпература даходзіла амаль да сарака.
  
Я губляў прытомнасць, потым прыходзіў у сябе, браў градуснік — крыху менш за сорак. Ляжаў далей і разумеў, што калі гэта каранавірус і ў нейкі момант мне спатрэбіцца апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, то тут яго проста няма. І тады ўсё, у калоніі пра такія рэчы гаварылі проста:
  
— Восьмы атрад — мінус адзін.
  
На наступнай праверцы цябе проста не будзе ў ліку. Быў дзень, калі мне стала зусім дрэнна, я ляжаў і сапраўды думаў, што магу ўжо не ўстаць. Вось тады і пачало ўспамінацца жыццё. Дзеці, дом, бацькі. Людзі, з якімі сустракаўся. Нейкія зусім дробныя рэчы, пра якія гадамі не думаў. Я рэальна развітваўся, не было ніякай панікі. Сіл на яе ўжо таксама не было, проста ляжаў і думаў: вось, значыць, і ўсё. Асабліва цяжка было ад думкі, што дома ніхто нават не ведае, што са мной адбываецца.
  
Яны не ведалі, што я ляжу адзін з тэмпературай пад сорак і перыядычна губляю прытомнасць. А я не ведаў, ці прачнуся наступным разам. Так прайшло шаснаццаць дзён, потым тэмпература пачала спадаць. Я выкарабкаўся. Што гэта было — каранавірус, запаленне лёгкіх ці яшчэ нешта, я так і не даведаўся. У турме такія пытанні часта заставаліся без адказу. Шаснаццаць дзён, я выжыў.
  
Але фразу, якая круцілася ў галаве ў тыя дні, памятаю да сёння. Восьмы атрад — мінус адзін.

Я вельмі не хацеў стаць гэтым «мінус адзін».

⚪️🔴⚪️ #ТурэмныяНататкі #Праваабаронца #Палітвязні #ПравыЧалавека #Гомель #Вясна #Беларусь2020 #МемуарыСудаленкі
  • 😢 2
  • 🔥 1
Post #1096 18
ВОСЬМЫ АТРАД — МІНУС АДЗІН

У каранціне на «Віцьбе» мы днямі чысцілі снег, літаральна з раніцы і да вечара.

Зіма была снежная, снегу наваліла столькі, што мы ўжо не ведалі, куды яго дзяваць. Чысцілі, насілі, складвалі, потым зноў чысцілі. Праблема была ў іншым. Пасля гадзіны працы з рыдлёўкай уся ніжняя бялізна станавілася мокрая, а на вуліцы мароз, так мокры і працаваў далей. Памыцца можна было толькі ўвечары і толькі халоднай вадой. Колькі арганізм мог гэта вытрымаць, тым больш у чалавека, якому пяцьдзесят пяць плюс?
Post #1095 16
10 ПРЫЧЫН СУПРАЦЬ СМЯРОТНАГА ПАКАРАННЯ.
ПРЫЧЫНА №8. ЧАМУ БЕЛАРУСЬ ЗАСТАЛАСЯ З РАССТРЭЛАМІ?


Беларусь застаецца адзінай краінай Еўропы, дзе смяротныя прысуды ўсё яшчэ прыводзяцца ў выкананне.

Калі небяспечнага чалавека можна ізаляваць ад грамадства пажыццёва, навошта дзяржаве захоўваць права забіваць? Адмена смяротнага пакарання не азначае адмовы ад пакарання. Злачынца павінен адказваць за зробленае.

Але паміж пакараннем і забойствам чалавека дзяржавай ёсць мяжа. Правасуддзе можа быць строгім, не становячыся смяротным.


Дзяржава можа караць, але дзяржава не павінна забіваць.

⚪️🔴⚪️ #СмяротнаеПакаранне #10Прычын #Беларусь #ПравыЧалавека #ПраваНаЖыццё
  • ❤ 1
  • 👍 1
  • 💯 1
Post #1094 16
ПАЛІТВЯЗНІ БЕЛАРУСІ:
ГАННА УЛАСЕНКА


Ганне Уласенка - 43 гады, яна стала адной з фігурантак так званай «справы дваровых чатаў», у межах якой беларускія ўлады пераследуюць людзей за грамадзянскую актыўнасць і ўдзел у жыцці мясцовых супольнасцяў.

У 2025 годзе Магілёўскі абласны суд прызнаў Ганну вінаватай паводле артыкула аб удзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні» і прысудзіў ёй тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

У кастрычніку 2025 года яе ўнеслі ў дзяржаўны спіс «экстрэмістаў». Беларускія праваабаронцы прызналі Ганну палітычнай зняволенай.

Сёння яна адбывае пакаранне ў жаночай калоніі № 4 у Гомелі.

Пераслед за ўдзел у дваровых чатах і мірную грамадзянскую дзейнасць парушае права чалавека на свабоду выказвання і свабоду аб'яднання.

Не забываем. Гаворым пра іх. Патрабуем вызвалення.

Свабоду Ганне Уласенка!

Свабоду ўсім беларускім палітвязням!

⚪️🔴⚪️ #ГаннаУласенка #ПалітвязніБеларусі #СвабодуПалітвязням #FreeHannaUlasenka #FreePoliticalPrisoners #Belarus #HumanRights #НеЗабываем
Post #1093 20
Пазней гэтая фатаграфія стала маёй турэмнай біркай. Унізе надрукавалі: «Схільны да экстрэмізму ды іншай дэструктыўнай дзейнасці». Гэтую бірку жоўтага колеру я насіў на вопратцы амаль паўтара года да самага вызвалення. Такая ж вісела каля майго спальнага месца. Прачынаешся, бачыш сябе, кладзешся спаць зноў бачыш. І кожны раз чытаеш, кім цябе прызначыла дзяржава.

Схільны да экстрэмізму.

Іншыя асуджаныя паглядалі на фатаграфію і жартавалі:
  
— Ну і рожа ў цябе, Шарапаў!
  
Я таксама смяяўся, а што яшчэ заставалася? Толькі варта было паглядзець на біркі іншых палітычных і станавілася зразумела: у калоніі вакол былі адны «Шарапавы».
  
Пасля каранціну пачалося размеркаванне па атрадах, дзе я ўпершыню блізка сутыкнуўся з начальнікам калоніі Аляксеем Старавойтавым.
  
Зайшоў у кабінет, там стаялі яго падначаленыя. Старавойтаў паглядзеў мае дакументы.
  
— Восьмы атрад. Дрэваапрацоўка.
  
Вось так. Некалькі слоў і ўжо вырашана, дзе ты будзеш жыць і працаваць. Але на гэтым начальнік не спыніўся, вырашыў правесці са мной нешта накшталт выхаваўчай размовы.
  
— Чаму замест таго, каб растлумачваць людзям наступствы несанкцыянаваных акцый, ты стаў іх арганізатарам і фінансістам? Чаму не заклікаў атрымліваць дазвол на мітынгі?
  
Я слухаў. Мне было пяцьдзясят пяць, за плячыма больш за дваццаць гадоў праваабарончай працы. Сотні судовых працэсаў, скаргі, звароты ў Камітэт ААН па правах чалавека. А цяпер перада мной сядзеў у крэсле маладзейшы за мяне як мінімум гадоў на дзесяць начальнік калоніі і збіраўся растлумачыць, як трэба было разумець права на мірныя сходы.
  
Спрачацца я не стаў, ды і наўрад ці ён чакаў адказу. Гэта была не дыскусія пра права, сэнс размовы быў значна прасцейшы: я тут начальнік, а ты асуджаны.
  
На гэтым усё.
  
— Восьмы атрад. Дрэваапрацоўка, — паўтарыў Старавойтаў.
  
Я выйшаў з кабінета, наперадзе быў восьмы атрад, прамзона, дрэваапрацоўка. І амаль паўтара года з біркай на грудзях:

«Схільны да экстрэмізму ды іншай дэструктыўнай дзейнасці».
  
Так пачалося маё жыццё на зоне.

⚪️🔴⚪️ #ТурэмныяНататкі #Праваабаронца #Палітвязні #ПравыЧалавека #Гомель #Вясна #Беларусь2020 #МемуарыСудаленкі
  • 🔥 3
  • 👍 1
  • 😁 1
Post #1092 21
СХІЛЬНЫ ДА ЭКСТРЭМІЗМУ

Пасля ўступлення прыгавора ў законную сілу мяне этапавалі ў віцебскую калонію №3 «Віцьбу». Суд скончыўся, прысуд уступіў у сілу, цяпер я быў ужо не абвінавачаны і не чалавек пад следствам. Цяпер я быў асуджаны і розніцу адчуў адразу. Пасля этапу быў каранцін, новыя людзі, новыя правілы, новыя твары. У калоніі ўсё было раскладзена па часе і па камандзе. Куды ісці, калі ўставаць, калі есці, калі працаваць, калі маўчаць.
  
У першыя дні мяне сфатаграфавалі ў спальным памяшканні на фоне шэрай сцяны. Здымак зрабіў іншы асуджаны, які працаваў у клубе фатографам. Мне тады было амаль усё роўна, як я выглядаю, за плячыма больш года СІЗА, потым суд, этап, невядомасць і новая рэчаіснасць. Усё навалілася адразу.
Post #1091 21
10 ПРЫЧЫН СУПРАЦЬ СМЯРОТНАГА ПАКАРАННЯ
ПРЫЧЫНА №7. РАССТРАЛЯЛІ СЫНА. А ДЗЕ МАГІЛА?

Смяротны прысуд закранае не толькі асуджанага.

Гамяльчаніна Аляксандра Грунова прысудзілі да смяротнага пакарання, мы звярталіся ў Камітэт ААН па правах чалавека, але яго ўсё ж расстралялі.

Яго маці Вользе не выдалі цела сына і не паведамілі месца пахавання, у яе няма нават магілы, куды яна можа прыйсці. Прысуд вынеслі сыну, а пакаранне працягнулася для маці.


Дзяржава можа караць. Але дзяржава не павінна забіваць.

⚪️🔴⚪️ #СмяротнаеПакаранне #ПравыЧалавека #Беларусь #10Прычын
  • 👍 1
  • 💯 1
Post #1090 15
ПАЛІТВЯЗНІ БЕЛАРУСІ:
АКСАНА ШАЛЯПІНА


Аксане Шаляпінай - 48 гадоў, яна мастачка, і прадстаўніца экспрэсіянізму. Яе творы знаходзяцца ў прыватных калекцыях у розных краінах свету, а за гады творчай дзейнасці яна правяла некалькі персанальных выстаў.

У 2025 годзе Аксану затрымалі. Паводле вядомай інфармацыі, прычынай крымінальнага пераследу стала дапамога беларускім палітвязням.

У лістападзе 2025 года суд прызнаў яе вінаватай паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і прысудзіў да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Аксану ўнеслі ў дзяржаўны спіс «экстрэмістаў». Беларускія праваабаронцы прызналі яе палітычнай зняволенай.

Сёння Аксана адбывае пакаранне ў жаночай калоніі № 4 у Гомелі.

Дапамога людзям і творчасць не павінны станавіцца падставай для турэмнага зняволення. Салідарнасць - гэта не злачынства.

Свабоду Аксане Шаляпінай! Свабоду ўсім беларускім палітвязням!

⚪️🔴⚪️ #АксанаШаляпіна #ПалітвязніБеларусі #СвабодуПалітвязням #Belarus #HumanRights #НеЗабываем
Post #1089 19
МЫ БАРАНІЛІ НЕ ЗАБОЙЦУ. МЫ БАРАНІЛІ ПРАВА НА ЖЫЦЦЁ

Сёння «Радыё Свабода» ўзняло важнае пытанне: ці сапраўды ў Беларусі перасталі расстрэльваць людзей, калі апошнім часам пра выкананне смяротных прысудаў амаль нічога не чуваць?

Я расказаў і пра справу гамяльчаніна Аляксандра Грунова, якую мы вялі ў Камітэце ААН па правах чалавека. Груноў здзейсніў страшнае злачынства, мы не апраўдвалі яго, мы баранілі іншае - права чалавека на жыццё і права на справядлівы суд.

Пасля расстрэлу Грунова яго маці Вользе не выдалі цела сына і не паведамілі месца пахавання.

Для мяне гэтая гісторыя і сёння пра галоўнае: адмова ад смяротнага пакарання не азначае адмовы ад пакарання. Небяспечнага злачынцу можна ізаляваць ад грамадства, у тым ліку пажыццёва.

Дзяржава можа караць, але дзяржава не павінна забіваць.

Матэрыял «Радыё Свабода» па спасылцы.

⚪️🔴⚪️ #СмяротнаеПакаранне #ПравыЧалавека #Беларусь #ААН
  • 👍 1
Post #1088 19
ПЕРШЫЯ СУТКІ СКОНЧЫЛІСЯ

Можа здарыцца так, што за гэтыя 24 гадзіны зменіцца прозвішча кіраўніка дзяржавы, але нічога не зменіцца ў жыцці краіны.

На вуліцах будзе тая ж міліцыя, у кабінетах тыя ж чыноўнікі, у судах тыя ж суддзі, у пракуратуры тыя ж пракуроры. Застануцца тыя ж законы, па якіх яшчэ ўчора саджалі людзей.

Таму мяне значна больш цікавіць не пытанне «хто будзе пасля Лукашэнкі?», а іншае: ці застанецца пасля Лукашэнкі лукашэнкаўская сістэма?


Ці выйшлі людзі з турмаў, ці перасталі прыходзіць з ператрусамі, ці перасталі судзіць за словы, ці можна зноў адкрыць дзверы праваабарончага офіса і не чакаць, што заўтра ў іх пастукае КДБ, ці можа чалавек сказаць уладам «не» і застацца на волі?

Калі на гэтыя пытанні можна будзе адказаць «так», тады, думаю, і можна будзе сказаць: гэта ўжо не проста першы дзень без Лукашэнкі.

Гэта першы дзень іншай Беларусі.

🎥 Поўны разбор першых 24 гадзін без Лукашэнкі — на маім YouTube-канале @ЛеанідСудаленка.

⚪️🔴⚪️ #Беларусь #Лукашэнка #ПершыДзеньБезЛукашэнкі
Post #1087 20
Мы пазнаёміліся яшчэ ў 2006 годзе. Я ў Гомелі, ён у Віцебску, абодва займаліся тым, што сёння ў Беларусі лічыцца амаль злачынствам: дапамагалі людзям абараняць свае правы. Мы ездзілі на суды, рыхтавалі скаргі, спрачаліся з чыноўнікамі, выступалі на міжнародных сустрэчах, разам бывалі ў Жэневе, дзе прадстаўлялі альтэрнатыўныя даклады пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

Нас ніколі не звязвала кроў, але вельмі хутка мы пачалі называць адзін аднаго проста:

— Брат.

Так пачыналася амаль кожная тэлефонная размова, кожная сустрэча, кожны ліст.

— Прывітанне, брат!

Гэта ўжо было не зваротам, а часткай нашага сяброўства. У артыкуле Павел успамінаў гісторыю, пра якую я ўжо амаль забыўся.

У 2017 годзе яго арыштавалі на пятнаццаць сутак за маніторынг «Маршаў недармаедаў». Я пісаў яму лісты падтрымкі, але не хацеў, каб яны былі звычайнымі, тады на канвертах друкаваў яго фотаздымкі, каб нават паштовы канверт нагадваў: чалавека чакаюць, пра яго памятаюць. Апошні ліст у той час не паспеў дайсці, Паўла вызвалілі, і канверт вярнуўся да мяне з пазнакай «вярнуць адпраўніку».

Праз некалькі дзён мы сустрэліся, і я проста перадаў яму гэты ліст асабіста. Хтосьці зрабіў фатаграфію: Павел трымае ў руках канверт, пад чырвонай службовай налепкай ледзь бачная яго ўласная фатаграфія. Тады нам гэта здалося смешным.

Прайшло некалькі гадоў, і гісторыя амаль дакладна паўтарылася, толькі ролі памяняліся. Ужо я апынуўся за кратамі.
Павел рэгулярна пісаў мне лісты, зноў прыдумляў незвычайныя канверты. На Новы год зрабіў сябе Дзедам Марозам, на мой пяцьдзесят пяты дзень нараджэння намаляваў вялікую залатую лічбу «55», надрукаваў маю фатаграфію і паклаў унутр паштоўку з простымі словамі:

— Брату ад брата.

Нічога гэтага я не атрымаў. У калоніі мне не перадалі ніводнага такога ліста, не таму, што Павел забыўся ці перастаў пісаць. Проста цэнзура вырашыла, што гэтыя словы падтрымкі не павінны дайсці да адрасата.

У інтэрв'ю для «Вясны» Павел сказаў вельмі простую, але балючую фразу:

«Ніводнае маё пасланне да Леаніда не дайшло, Леанід можа падумаць: “Што здарылася з братам? Куды ён знік?” Але я ўпэўнены, што ён разумее: гэта здарылася не з братам, гэта здарылася з краінай».

Калі я прачытаў гэтыя словы ўжо пасля вызвалення, адчуў нешта большае за сум. У турме чалавек паступова прывыкае да маўчання, калі доўга няма лістоў, міжволі пачынаеш шукаць тлумачэнні. Можа, чалавек сапраўды не можа напісаць, можа, захварэў, ьожа, з'ехаў, можа, проста жыццё закруціла. Ты ніколі не ведаеш, што адбываецца па той бок турэмнай сцяны.

І толькі пасля вызвалення даведваешся, што людзі пісалі. Дзясяткі людзей, сотні людзей, але паміж імі і табой стаяў нехта трэці, хто вырашаў, якія словы ты маеш права прачытаць, а якія — не. У тым жа артыкуле Павел сказаў яшчэ адну фразу, якая засталася са мной назаўсёды: «Леанід Судаленка сядзіць, справа яго жыве, а імя яго гучыць».

Тады я гэтых слоў не чуў, яны не змаглі дайсці да мяне праз турэмныя сцены. Сёння, калі прайшлі гады, я думаю пра іх ужо інакш. Не таму, што ў іх ёсць нешта пра мяне, а таму, што яны вельмі дакладна апісваюць тое, чаго не разумее ніводная дыктатура.

Можна ізаляваць чалавека, можна адабраць у яго свабоду, працу, ліставанне, сустрэчы з сям'ёй. Можна нават зрабіць усё, каб ягонае імя знікла з газет і тэлеэкранаў. Але немагчыма пасадзіць за краты ідэю, калі яна ўжо жыве ў іншых людзях, яна працягвае свой шлях без цябе.

Напэўна, у гэтым і ёсць сапраўдны сэнс праваабароны.

⚪️🔴⚪️ #Беларусь #Лукашэнка #ПравыЧалавека #Палітвязні #Канстытуцыя #Выбары
  • 👍 1
Post #1086 20
БРАТ ПА ПРАВААБАРОНЕ

Пра тое, як на волі прайшоў мой пяцьдзесят шосты дзень нараджэння ў калоніі, я даведаўся ўжо пасля вызвалення.

Не пра сам дзень, яго я памятаю добра. Памятаю калючы дрот навокал, шэрую восень, сухое віншаванне ад начальніка атрада, сяброў-палітвязняў, якія знайшлі некалькі цёплых слоў, хоць у тых месцах святы амаль не адрозніваюцца ад будняў. Не ведаў толькі аднаго: што ў гэты дзень адбывалася на волі

Пасля вызвалення я выпадкова знайшоў на сайце «Вясны» артыкул, прысвечаны майму дню нараджэння. Ён быў пабудаваны не вакол мяне, а вакол чалавека, якога я ўжо шмат гадоў называю сваім братам па праваабароне, — Паўла Левінава.
Post #1085 16
10 ПРЫЧЫН СУПРАЦЬ СМЯРОТНАГА ПАКАРАННЯ
ПРЫЧЫНА №6. ПАМЫЛІЦЦА МОЖА НЕ ТОЛЬКІ СУДДЗЯ!

Для смяротнага прысуду можа хапіць адной памылкі.

Памыліўся следчы, памыліўся эксперт. Сведка схлусіў, чалавек прызнаў віну пад ціскам. Суд паверыў абвінавачанню, а праз некалькі гадоў з'явіліся новыя доказы.

Калі чалавек жывы, справу яшчэ можна перагледзець, несправядлівы прысуд адмяніць. Калі чалавека ўжо расстралялі — позна.


Незваротнае пакаранне патрабавала б беспамылковай сістэмы правасуддзя, але такой сістэмы не існуе.

Дзяржава можа караць. Але дзяржава не павінна забіваць.

⚪️🔴⚪️ #СмяротнаеПакаранне #ПравыЧалавека #Беларусь #10Прычын
  • 💯 1
  • 💔 1
Post #1084 17
ПАЛІТВЯЗНІ БЕЛАРУСІ:
ПАЛІНА ПІТКЕВІЧ


Паліне Піткевіч - 30 гадоў, яна журналістка, выпускніца факультэта журналістыкі БДУ, якая шмат гадоў пісала пра культуру і грамадства. Акрамя журналістыкі, Паліна захаплялася тэатрам і дапамагала бяздомным жывёлам. Дома ў яе жылі выратаваныя каты, а ў сацыяльных сетках яна рэгулярна шукала дапамогу для пакінутых жывёл.

6 чэрвеня 2024 года Паліна была затрыманая. Пасля таго як праект Media IQ быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем», яе абвінавацілі ва ўдзеле ў ім паводле артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса.

7 сакавіка 2025 года Мінскі гарадскі суд прысудзіў журналістцы тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

30 траўня 2025 года Паліну ўключылі ў афіцыйны спіс асоб, якія, паводле ўладаў, маюць дачыненне да «экстрэмісцкай дзейнасці».

Праваабарончая супольнасць прызнала Паліну Піткевіч палітычнай зняволенай.

⚪️🔴⚪️ #ПалітвязніБеларусі #ПалінаПіткевіч #Журналісты #СвабодуПалітвязням #Беларусь #ПравыЧалавека #Журналістыка
  • 🔥 1
  • 😢 1
Post #1083 24
А ШТО З ПАЛІТВЯЗНЯМІ?

Для мяне як праваабаронцы гэта будзе адно з галоўных пытанняў.

Сыход Лукашэнкі сам па сабе не адчыніць дзверы турмаў. Няма такой нормы: Лукашэнка сышоў і палітвязні выйшлі на волю. Спатрэбяцца канкрэтныя рашэнні: памілаванне, амністыя, перагляд прысудаў, спыненне крымінальных спраў, змена рэпрэсіўнага заканадаўства.

Таму галоўны паказчык пераменаў для мяне просты: "ці пачнуць выходзіць на волю палітвязні?"


Калі Лукашэнкі ўжо няма, а людзі па-ранейшаму сядзяць за словы і перакананні, КДБ распачынае палітычныя справы, суды выносяць такія ж прысуды, значыць, сістэма нікуды не падзелася.

🎥 Поўны разбор першых 24 гадзін — на YouTube @ЛеанідСудаленка.

⚪️🔴⚪️ #Беларусь #Палітвязні #ПравыЧалавека #Рэпрэсіі #ПершыДзеньБезЛукашэнкі
Older posts →

About this channel

How can I read @lsudalenka without a Telegram account?
TGViewer shows the public web preview Telegram publishes for Леанід СУДАЛЕНКА | Leanid Sudalenka: recent posts, photos, videos and the subscriber count, with no app, login or account.
How many subscribers does Леанід СУДАЛЕНКА | Leanid Sudalenka have?
Леанід СУДАЛЕНКА | Leanid Sudalenka (@lsudalenka) has 84 subscribers on Telegram, refreshed roughly every 30 minutes.
Does Леанід СУДАЛЕНКА | Leanid Sudalenka know I viewed it here?
No. Public channel previews carry no viewer identity, and TGViewer has no accounts or tracking of what you look up.
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →