TGViewer
Леанід СУДАЛЕНКА | Leanid Sudalenka Леанід СУДАЛЕНКА | Leanid Sudalenka @lsudalenka · 84 subscribers
Post #1087 25
Мы пазнаёміліся яшчэ ў 2006 годзе. Я ў Гомелі, ён у Віцебску, абодва займаліся тым, што сёння ў Беларусі лічыцца амаль злачынствам: дапамагалі людзям абараняць свае правы. Мы ездзілі на суды, рыхтавалі скаргі, спрачаліся з чыноўнікамі, выступалі на міжнародных сустрэчах, разам бывалі ў Жэневе, дзе прадстаўлялі альтэрнатыўныя даклады пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

Нас ніколі не звязвала кроў, але вельмі хутка мы пачалі называць адзін аднаго проста:

— Брат.

Так пачыналася амаль кожная тэлефонная размова, кожная сустрэча, кожны ліст.

— Прывітанне, брат!

Гэта ўжо было не зваротам, а часткай нашага сяброўства. У артыкуле Павел успамінаў гісторыю, пра якую я ўжо амаль забыўся.

У 2017 годзе яго арыштавалі на пятнаццаць сутак за маніторынг «Маршаў недармаедаў». Я пісаў яму лісты падтрымкі, але не хацеў, каб яны былі звычайнымі, тады на канвертах друкаваў яго фотаздымкі, каб нават паштовы канверт нагадваў: чалавека чакаюць, пра яго памятаюць. Апошні ліст у той час не паспеў дайсці, Паўла вызвалілі, і канверт вярнуўся да мяне з пазнакай «вярнуць адпраўніку».

Праз некалькі дзён мы сустрэліся, і я проста перадаў яму гэты ліст асабіста. Хтосьці зрабіў фатаграфію: Павел трымае ў руках канверт, пад чырвонай службовай налепкай ледзь бачная яго ўласная фатаграфія. Тады нам гэта здалося смешным.

Прайшло некалькі гадоў, і гісторыя амаль дакладна паўтарылася, толькі ролі памяняліся. Ужо я апынуўся за кратамі.
Павел рэгулярна пісаў мне лісты, зноў прыдумляў незвычайныя канверты. На Новы год зрабіў сябе Дзедам Марозам, на мой пяцьдзесят пяты дзень нараджэння намаляваў вялікую залатую лічбу «55», надрукаваў маю фатаграфію і паклаў унутр паштоўку з простымі словамі:

— Брату ад брата.

Нічога гэтага я не атрымаў. У калоніі мне не перадалі ніводнага такога ліста, не таму, што Павел забыўся ці перастаў пісаць. Проста цэнзура вырашыла, што гэтыя словы падтрымкі не павінны дайсці да адрасата.

У інтэрв'ю для «Вясны» Павел сказаў вельмі простую, але балючую фразу:

«Ніводнае маё пасланне да Леаніда не дайшло, Леанід можа падумаць: “Што здарылася з братам? Куды ён знік?” Але я ўпэўнены, што ён разумее: гэта здарылася не з братам, гэта здарылася з краінай».

Калі я прачытаў гэтыя словы ўжо пасля вызвалення, адчуў нешта большае за сум. У турме чалавек паступова прывыкае да маўчання, калі доўга няма лістоў, міжволі пачынаеш шукаць тлумачэнні. Можа, чалавек сапраўды не можа напісаць, можа, захварэў, ьожа, з'ехаў, можа, проста жыццё закруціла. Ты ніколі не ведаеш, што адбываецца па той бок турэмнай сцяны.

І толькі пасля вызвалення даведваешся, што людзі пісалі. Дзясяткі людзей, сотні людзей, але паміж імі і табой стаяў нехта трэці, хто вырашаў, якія словы ты маеш права прачытаць, а якія — не. У тым жа артыкуле Павел сказаў яшчэ адну фразу, якая засталася са мной назаўсёды: «Леанід Судаленка сядзіць, справа яго жыве, а імя яго гучыць».

Тады я гэтых слоў не чуў, яны не змаглі дайсці да мяне праз турэмныя сцены. Сёння, калі прайшлі гады, я думаю пра іх ужо інакш. Не таму, што ў іх ёсць нешта пра мяне, а таму, што яны вельмі дакладна апісваюць тое, чаго не разумее ніводная дыктатура.

Можна ізаляваць чалавека, можна адабраць у яго свабоду, працу, ліставанне, сустрэчы з сям'ёй. Можна нават зрабіць усё, каб ягонае імя знікла з газет і тэлеэкранаў. Але немагчыма пасадзіць за краты ідэю, калі яна ўжо жыве ў іншых людзях, яна працягвае свой шлях без цябе.

Напэўна, у гэтым і ёсць сапраўдны сэнс праваабароны.

⚪️🔴⚪️ #Беларусь #Лукашэнка #ПравыЧалавека #Палітвязні #Канстытуцыя #Выбары
  • 👍 1
More from @lsudalenka
  1. Oct 10, 2026Я пайшоў да цэнзара. — Чаму лісты не прыходзяць? Ён паглядзеў у нейкія паперы, паціснуў пл…
  2. Oct 10, 2026ЛІСТ, ЯКІ НЕ ДАЙШОЎ У СІЗА я жыў лістамі, іх было шмат, часам дзесяць, часам дваццаць за д…
  3. Oct 10, 202610 ПРЫЧЫН СУПРАЦЬ СМЯРОТНАГА ПАКАРАННЯ ПРЫЧЫНА №10. ПРАВАСУДДЗЕ ЦІ ПОМСТА? Калі чалавек за…
  4. Oct 10, 2026ПАЛІТВЯЗНІ БЕЛАРУСІ: ТАЦЦЯНА СТАСЕВА Таццяне Стасевай - 59 гадоў, яна пенсіянерка з Мінска…
  5. Oct 9, 2026ВЫЗВАЛІЦЬ УСІХ. НЕ СПЫНЯЦЦА НА 25 «У Беларусі толькі што вызвалілі 25 палітычных зняволены…
  6. Oct 9, 2026З лекамі было прасцей, родныя перадавалі таблеткі, да якіх я прызвычаіўся. У калоніі ўсё з…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →