Пазней гэтая фатаграфія стала маёй турэмнай біркай. Унізе надрукавалі: «Схільны да экстрэмізму ды іншай дэструктыўнай дзейнасці». Гэтую бірку жоўтага колеру я насіў на вопратцы амаль паўтара года да самага вызвалення. Такая ж вісела каля майго спальнага месца. Прачынаешся, бачыш сябе, кладзешся спаць зноў бачыш. І кожны раз чытаеш, кім цябе прызначыла дзяржава.
Схільны да экстрэмізму.
Іншыя асуджаныя паглядалі на фатаграфію і жартавалі:
— Ну і рожа ў цябе, Шарапаў!
Я таксама смяяўся, а што яшчэ заставалася? Толькі варта было паглядзець на біркі іншых палітычных і станавілася зразумела: у калоніі вакол былі адны «Шарапавы».
Пасля каранціну пачалося размеркаванне па атрадах, дзе я ўпершыню блізка сутыкнуўся з начальнікам калоніі Аляксеем Старавойтавым.
Зайшоў у кабінет, там стаялі яго падначаленыя. Старавойтаў паглядзеў мае дакументы.
— Восьмы атрад. Дрэваапрацоўка.
Вось так. Некалькі слоў і ўжо вырашана, дзе ты будзеш жыць і працаваць. Але на гэтым начальнік не спыніўся, вырашыў правесці са мной нешта накшталт выхаваўчай размовы.
— Чаму замест таго, каб растлумачваць людзям наступствы несанкцыянаваных акцый, ты стаў іх арганізатарам і фінансістам? Чаму не заклікаў атрымліваць дазвол на мітынгі?
Я слухаў. Мне было пяцьдзясят пяць, за плячыма больш за дваццаць гадоў праваабарончай працы. Сотні судовых працэсаў, скаргі, звароты ў Камітэт ААН па правах чалавека. А цяпер перада мной сядзеў у крэсле маладзейшы за мяне як мінімум гадоў на дзесяць начальнік калоніі і збіраўся растлумачыць, як трэба было разумець права на мірныя сходы.
Спрачацца я не стаў, ды і наўрад ці ён чакаў адказу. Гэта была не дыскусія пра права, сэнс размовы быў значна прасцейшы: я тут начальнік, а ты асуджаны.
На гэтым усё.
— Восьмы атрад. Дрэваапрацоўка, — паўтарыў Старавойтаў.
Я выйшаў з кабінета, наперадзе быў восьмы атрад, прамзона, дрэваапрацоўка. І амаль паўтара года з біркай на грудзях:
«Схільны да экстрэмізму ды іншай дэструктыўнай дзейнасці».
Так пачалося маё жыццё на зоне.
⚪️🔴⚪️ #ТурэмныяНататкі #Праваабаронца #Палітвязні #ПравыЧалавека #Гомель #Вясна #Беларусь2020 #МемуарыСудаленкі
Post #1093
29
- 🔥 3
- 👍 1
- 😁 1