Былі ў гарах. Дачка першы раз сама зайшла па сінім маршруце на
Любань (1211 метраў), што ў Горцах (Заходнія Бескіды).
Гэта быў першы раз, калі яна начавала у палатцы - на гары знаходзіцца даволі прыемная палатачная база. (15 зл за месца ў палатцы). Трэба мець толькі свой спальны мяшок. На месцы ёсць туалеты, вада, кава і гарбата, посуд, пледы. Карацей, дабротнае месца. Увечары вогнішча і спевы пад гітару, а таксама забавы з сябрамі (з дачкой паехалі 3 сябра з дзіцячага садку). Апроч таго, можна пахадзіць па ваколіцы, з цікавымі месцамі.
Калі дачка падымалася на гару, на апошнм фрагменце, які быў даволі складаны, у яе здарыўся крызіс. Шчыра кажучы, у мяне самога ў той момант былі падобныя думкі. Усё ж такі было цяжка пасля 3 гадзін пад'ёму. Аднак дачка ўсё адолела. Чарговы раз ганаруся.
Апроч базы на Любані знаходзіцца драўляная вежа. Менавіта там наступнага ранку а 5 гадзіне мы сустракалі світанак. Вельмі маляўніча і прыгожа. Дзеля такіх момантаў і краявідаў варта крыху папацець падчас узыходжання на гару.
Далучаю некалькі фотак. Калі хто будзе ў тых месцах, то з чыстым сумленнем магу рэкамендаваць гэтую базу. Трэба толькі загадзя зарэзэрваваць палатку праз
сайт. Людзей даволі шмат, але месца хапае ўсім і ніхто нікому не замінае. А заранак на Любані - найлепшая ўзнагарода для ўсіх падарожных.