Я вельмі люблю музыку, але, на жаль, мала хаджу на канцэрты. Аднак у мінулую нядзелю быў на крутым канцыку. Сапраўдны андэграўнд. Усё як мы любім: паўцёмныя падвалы, алкаголь і люфкі, амаль няма людзей, драйв і ўгар. Адбывалася імпрэза ў кракаўскім клубе на Казімеже Baza, дзе даволі часта праходзяць "левацкія" канцы.
Ковельскіе Псы - дуэт беларускіх электра-панкаў, які я адкрыў для сябе літаральна паўтара месяцы таму і адразу ўлюбіўся. Увесь сакавік слухаў іх новы альбік "Ужас бессмертия". Дагэтуль я не ведаў аб іх існаванні, не слухаў папярэдніх альбомаў, не чытаў інтэрв'ю. Гэта прыдало смаку.
Мяне зачапілі словы, экспрэсія, музыка, рытмы, настроі... У хлопцаў атрымалася дакрануцца да небачных зацемкаў маёй анархісцкай душы і заспакоіць мой адвечны музычны голад. Прынамсі на некаторы час.
Пасля іх выступаў праект Kondratiе. Абі і можна асобна распавядаць. Такі спакойны на выгляд хлопец з Украіны, які выдае вельмі моцны кантэнт. Дарквэйв дай Бажэ.
Тое, што на канцэрт прыйшло менш за 10 асоб, сведчыць аб некалькіх аспектах. Мо некаторых нядзеля адпужала, я і сам не люблю тусіць па нядзельных вечарах. Перад усім аднак іх творчасць спецыфічная, не для ўсіх. Гэта і добра. Таксама думаю, што праект недаацэнены. Па-майму сціпламу меркаванню, Ковельскіе Псы сваім ўзроўнем сягаюць еўрапейскай авангарднай сцэны. Я не альфа і амега музычнай крытыкі, але душа паэта падпавядае мне, што гэты праект - сума таленту ды адвечнага мастацкага валацужніцтва.
Што мне яшчэ спадабалася, хлопцы - аўтэнтычныя. Весяляцца і адрываюцца на сцэне і пад сцэнай, як у лепшых традыцыях гаражнага панк-року. Прыгадаў я маладосць, гаражы і свае нефармальныя гарадзенскія карані. І падчас канцэрта думкамі і эмоцыямі занырнуў у гэты рэдкі яскравы момант.
У панядзелак хлопцы гралі у Катавіцах, цікава, як там прайшло. Мы, канешне, пазнаёміліся і класна патусілі. Было адчуванне, што канцык толькі для нас, выбраных асоб. Хлопцы сказалі, што пакуль што гэта самы файны выступ падчас тура, бо быў канэкт з публікай (я падышоў знаёміцца яшчэ да пачатку канцыка). Мне спадабалася. Сябру Андруху, які ў адрозненні ад мяне шарыць у музыцы, бо некалі займаўся ёй прафесійна, таксама зайшло.
Вырашыў напісаць некалькі радкоў аб Ковельскіх Псах, бо адчуваю нейкую творчую сувязь. Праўдзівы андэграўнд, які не спазіраецца на моду, мэйнстрым і вось гэта ўсё. Ёсць энергія і жаданне тварыць - то пагналі. І пацаны крэатывяць. Калі твая творчасць шчыра падабаецца прынамсі адной асобе, гэта ўжо прыемна. Ужо не недарма.
Творчасць Ковельскіх Псоў можа падацца нейкай цёмнай і мала аптымістычнай. У ёй матывы пустэчы перакрыжоўваюцца з экзістэнцыяльнай неадольнасцю, а сацыяльныя сюжэты прапускаюцца праз моцныя ультра-фільтры асабістага. І усё-такі праз гэтую цемру прабіваецца свет і радасць жыцця. Прынамсі я яго пабачыў.
Post #484
317
- 🔥 7
- 👍 5
- 👻 1