Я вельмі люблю лазню і сауну. Ведаю, як карыстацца, як правільна парыцца, магу і венікам адлупцаваць, калі патрэбна. Гэты від аздараўляльнага адпачынку мне недзе ў гадоў 16 прывіў бацька. Раней я не разумеў, які кайф ад лазні. Ну што ў ёй такога, што яе так любяць? А ў 10-11 класе ўрэшце саспеў, пачуўшы першую асалоду ад лазні.
У бацькоў на лецішчы і дагэтуль стаіць драўляная ўтульная лазня. Апошні раз я там парыўся пяць год таму. Я, канешне, не фанатык і не апантаны лазняй, але заўсёды калі выпадае нагода - ахвотна карыстаюся. У маім горадзе ёсць сауны, калісьці нават у мяне з'явілася ідэя, каб зрабіць лазневыя чацверы і хадзіць парыцца з сябрамі, калі не штотыдзень, то што два тыдні. Аднак сярод майго наваколля лазеншчыкаў няма і ідэя не выпаліла. Незалежна ад гэтага прынамсі некалькі разоў у гаду я бываю ў саунах у зусім розных месцах.
Што я вельмі люблю ў гэтым відзе рэлаксацыі, так гэта адпаведна наладаваны струмень думак. Патлумачу. Ёсць некаторыя відыпростай фізічнай працы, падчас якіх можна прывесці свае думкі ў парадак. Больш таго, часцяком выконваючы гэтыя дзеянні, у галаву прыходзяць новыя, цікавыя і важныя думкі. Для мне гэта мыццё посуду і прасаванне вопраткі. Акрамя таго, бег і сауна.
Аднойчы мне давялося пабываць у фінскай сауне, ў лесе над возерам на ўскраінах горада Турку. Гэта быў падарунак маёй жыцёвай таварышкі на дзень народзінаў. Тады я першы раз у мінусавую тэмпературу акунаўся ў вадаём. Агонь! Дык вось, фінская сауна - гэта як адэскі Прывоз. Шмат людзей, ад малечы да старыкоў. Усе гамоняць і голасна распавядаюць нешта. Кожны, літаральна кожны, хто заходзіць, падлівае вады на распаленыя камяні. Смешна было, (бо я ж не ведаў, як там у іх прынята), калі ў раздзявальні я пачаў здымаць бялізну. Ну, у сауну ж голым ходзяць. Але своечасова зразумеў, што трэба ў плаўках, бо там і дзеці, і жанчыны. І пабачыў, што хлопцы зайшлі ў плаўках. І сапраўды усе былі ў нейкіх купальных строях. Там, канешне, не атрымалася застацца сам на сам з думкамі, але давялося паназіраць за культурай сауны ў фінскім выданні. Фіны у саунах знаёмяцца, вырашаюць нейкія справы, падпісваюць кантракты. Жывуць паўнатой жыцця. Цікавы грамадскі падыход. Увогуле фінскі досвед сауны быў класны.
На першым гаду вучобы на гістфаку мы чыталі "Гісторыю", фундаментальную крыніцу бацькі гісторыі Герадота. Гэта азы, без якіх немагчыма рухацца па гістарычнай навуцы. І вось бацька гісторыі ў 74-75 главах 4 кнігі ("Мельпамена") сваёй працы піша аб скіфах і тым, якія круцейшыя лазні у іх былі. Ён дадае, што з імі ніяк не зраўняюцца элінскія лазні. Скіфы ведалі ў гэтым сэнс. Цікава, што яны кідалі на распаленыя камяні зерне канаплі, якой у іхніх краёх было дастакова. І кайфавалі. Лазня і канапля - наша ўсё. Як бачыце, гэта не я прыдумаў.
Раней, калі быў жывы цесць, то і ў ягонай сауне я любіў бавіць прыемныя украінскія летнія вечары. Я заўсёды выходзіў апошні з сауны. Любіў максімальна доўга папарыцца, паразважаць, памарыць. Не ведаю, як у іншых, але у мяне, як пісаў вышэй, там нараджаецца шмат цікавых думак, якія пазней я імкнуся рэалізаваць. Думаю, гэта на нейкім хіміка-біялагічным узроўне. Ачышчаецца не толькі цела, але і розум. Свядомасць становіцца яснейшай, розныя шлакі і негатыўныя думкі самі адпадаюць. Магчыма я перабольшваю, але мой дваццаціпяцігадовы досвед з лазнямі дазваляе пісаць менавіта аб такім стане душы.
Памятаю той вечар, калі напісаў гэты верш у сауне ў цясцей. Там, у сяле Дачным, непадалёк Адэсы, я не быў ужо чатыры гады. Але ўспаміны засталіся. Між іншым у гэтых радках. На календары пачыналася восень, але на двары стаяла лета, з якім я развітваўся гэтымі словамі. Лаканічна, лёгка, сумна.