У аўторак дазнаўся аб адной непрыемнай навіне, якая дагэтуль не дае мне пакою. Калі я прыйшоў забіраць з дзіцячага садка дачку, то М. (бацька хлопчыка, які ходзіць у адну групу з маёй дачкой, ейнага сябра), сядзеў у раздзявальні і плакаў. Як часта вы бачыце ў публічных месцах дарослага мужыка, які плача ад глыбіннага смутку? Мы з ім знаёмыя, і хоць такая сітуацыя была зусім нечаканая, я адразу спытаў, што сталася і ці ўсё ў парадку. Ён адказаў, што не, не ў парадку, але не хоча казаць у прысутнасці сына Ф. Не ведаю чаму, але спачатку я падумаў, што памерла ягоная маці і ад гэтай навіны натуральна яму стала не па сабе.
Прыйшла Б. (яшчэ адна мама) і мы разам з дзецьмі пайшлі ў парк, які знаходзіцца паміж нашым домам і садком. Файны парк з крутой дзіцячай пляцоўкай, на якой улетку шалее большасць дзятвы з нашага, але і з іншых навакольных садкоў. Толькі там я дазнаўся, што ў ягонай жонкі Ю. здарыўся моцны інсульт і аб гэтам ён даведаўся літаральна за некалькі хвілін, мо гадзіну перад нашай сустрэчай.
Ю. старэйшая за мяне на некалькі год, ёй каля 45-47. Яна юрыстка, але не з тых юрыстаў, якія высакамерна на цябе глядзяць, як на чарвяка. Мела ліберальна-левыя погляды, заўсёды ўсмешлівая, мы шмат з ёй размаўлялі. Нармальная, вясёлая, спагадлівая і добрая жанчына. Яшчэ папярэдняга вечара яна была на спатканні ў садку адносна новага навучальнага года. Нашыя дзеці ў панядзелак пераходзяць у групу старшакоў. Важная сроава для бацькоў і для саміх дзяцей. А ў аўторак яна дамовілася на фота-сесію з узгаданай Б. з нагоды 40-гадовай знаёмасці. І тут інсульт, які здарыўся ў спартовай залі.
Ёй зрабілі аперацыю, але зараз яна знаходзіцца, наколькі я зразумеў, у штучнай коме. У панядзелак будзе вядома, ці можна яе будзе абудзіць і вывесці з гэтага стану. Аднак прагнозы не суцяшальныя. Арганізм можа не вытрымаць.
М. у татальнай прастрацыі. Магу толькі ўяўляць, як мільярды розных думак мітусяцца ў ягонай галаве. Як ён пракручвае магчымыя і немагчымыя сцэнарыбліжэйшай і далёкай будучыні. У нас, канешне, моцнае бацькоўскай кам'юніці. Мы амаль усе знаёмыя, разам бавім час на дзіцячых пляцоўках, ходзім у госці, некаторыя нават адпачываюць улетку разам. Усе гатовыя дапамагчы. Толькі як? У галаве не ўкладваецца думка аб тым, што Ю. можа памерці. Вось так раптоўна. Без вайны, рэпрэсій, экстрэмальных відаў спорту і няшчасных выпадкаў. Вельмі смутная сітуацыя. Стаоаюся думай пазітыўна. Веру і спадзяюся, што Ю. будзе жыць.
Што тут сказаць. Беражыце сябе, не пускайце на самацёк справы здароўя. Цаніце кожны дзень. Ашчаджайцеся. Радуйцеся кожнай хвіліне з блізкімі вам людзьмі. Даражыце каханнем і сяброўствам. Цешцеся кожным днём жыцця, бязмежна якога ў адначас можа звузіцца да суразмоўя з вечнасцю. Знячэўку і назаўсёды.
Post #146
118
- 👍 4
- 🙏 4
- ❤ 1
- 😢 1