У раннім дзяцінстве я баяўся дзвюх рэчаў: смерці бацькоў і вайны. З першым усё зразумела, думаю, што большасць дзяцей адчувае падобнае. Страх вайны, у сваю чаргу, нарадзіўся ад саўковай культуры мілітарызму, ад савецкіх фільмаў, ад школьных падручнікаў. Паўсюль была вайна. Аднойчы, калі мне было гадоў шэсць, старэйшыя хлопцы сказалі, што заўтра пачнецца вайна. Я вельмі стрэсануў, паверыўшы ў гэта. Тады я думаў, што заўтра увесь свет перавернецца і прыйдзе смерць, разруха, хаос, страта блізкіх. На шчасце, на наступны дзень ніякай вайны не было, і пазней не было. І ўвогуле, у маім жыцці, апроч кніг, фільмаў ды сямейных аповядаў, вайны ніколі не было. Амаль не было.
У падлеткавым узросце, я прывучаны да жыцця без вайны (бо гэта ж гісторыя, справа даўно мінулых дзён, якой займаліся дзяды), нечакана адкрыў, што ў Ічкерыю прыехалі расійскія танкі. Усе гэтыя навіны ды крывавыя рэпартажы аб чачэнскіх падзеях (хто ж не памятае "Чысцілішча" 1997 г.) не давалі звыкнуцца з думкай, што вайна ідзе зусім недалёка. У Расеі. А мы ж пачуваліся амаль што адным цэлым з гэтай імперыяй.
Войны ішлі ўвесь час, але недзе далёка. Аднак у 2014 г. вайна ўжо была амаль што на нашым падворку. Ізноў расейскія танкі везлі на захад счаслівы руский мир. Стала зразумела, што прыгожыя байкі аб гераічных ваенных дзеяннях, кануўшых у Лету, гэта лухта. І хоць ужо тады трэба было рыхтавацца да 2022 г., мая свядомасць была ў рэжыме нейкай самааховы і недаверу да цалкам прагматычных і рэальных сцэнараў баявых дзеянняў у нашым рэгіёне.
Я думаў, што патэнцыйная вайна ва Украіне, а тым больш у Беларусі, гэта антыўтопія. Аказалася, што свет без войнаў - гэта утопія. Калі адсутнасць збройных канфліктаў з'яўляецца ўтопіяй, то што казаць аб нейкіх нашых марах? Марах, дзе няма месца не толькі войнам, але розным формах іерархій і прыгнёту. Дэмакратыя - тая ж самая утопія. Пакуль што народаўладдзя я не сустракаў нідзе. Ці знікнуць войны, калі знікне капіталізм? Сумняваюся.
У 2014 г. я не думаў, што буду актыўна ўцягнуты ў ваенную павестку, але сёння я шмат разоў камбініраваў, што буду рабіць, калі пачнецца вайна. Усе рэтраспектывы ў мінулае, у дзяцінства ды юнацтва, даўно гуляюць новымі фарбамі. Ад гэтых фарбаў можна аслепнуць, так яскрава яны пераліваюцца ў думках.
Ці можна нашымі утопіямі перамагчы антыутопіі? Дзе гарантыі таго, што калі будзе ліквідаваны апошні вораг, не прыйдуць новыя?
Я не ведаю, да чаго трэба рыхтавацца. Ніхто не ведае. Як мінімум трэба вырошчваць кветкі сваіх утопій, якія калі-небудзь заквітнеюць сапраўдным, а не пустаслоўным, антымілітарызмам.
Post #150
122
- ❤ 5
- 👍 2
- 🙏 1