TGViewer
Channel Public Channel
STATKEVICH M

STATKEVICH M

@statkevichm

Subscribers
2.03K
Photos
18
Videos
2
Links
1

Showing posts older than #119 · Back to latest

Older Posts 20 shown
Post #118 3.27K
Сябар з Еўрапарламента падрыхтаваў рэзюмэ майго інтэрв'ю "Цайт" на англійскай мове. Думаю, што варта яго таксама паставіць тут:
Statkevich Says All Attempts to Push Him Out of Belarus Have Failed. In a wide‑ranging conversation with DIE ZEIT, Belarusian opposition figure Mikalai Statkevich — recently released after years in prison — insisted he will not leave the country despite pressure and uncertainty around his legal status. Statkevich said authorities have neither clarified whether he was pardoned nor responded to his formal inquiries, and he believes his January stroke — triggered, he says, by denial of essential medication — prompted his release so the regime would not “carry responsibility” if he died behind bars. “For me, leaving would mean abandoning millions of Belarusians who remain here,” he noted, adding that people still stop him on the street to thank him. Statkevich argued that today’s harsh repression — “ten years in prison for a like or repost” — reflects the regime’s fear of renewed unrest: “If mass protests start again, they will not be as peaceful as in 2020.” Responding to concerns voiced by Maria Kalesnikava, he said the EU is right to stop believing “the old fairy tale that Lukashenka wants to escape Putin’s embrace,” while stressing that isolation should never apply to ordinary Belarusians, who must be able to travel and see the world beyond Belarus and Russia. Despite uncertainty about his legal status and constant pressure, Statkevich said he remains calm and determined: “I have fought for my country’s freedom for many years and will not stop halfway. Every day with my wife, seeing trees and sky again, is a gift.”
  • ❤ 69
  • 👍 27
  • 👏 7
  • 💯 3
Post #117 2.97K
Статкевіч: Сёння ў турму на 10 гадоў можна патрапіць ужо за адзін лайк альбо рэпост. "Садзяць" цэлымі сем’ямі. Але гэтыя жудасныя рэпрэсіі існуюць толькі таму, што рэжым баіцца новых пратэстаў. Людзі яшчэ больш ненавідзяць дыктатара, і ён гэта адчувае. Думаю, па начах Лукашэнка спіць горш, чым я.
Статкевіч: Калі адбудуцца масавыя пратэсты, яны ўжо не будуць такімі мірнымі, як у 2020 годзе, калі пратэстоўцы нават прыбіралі за сабой смецце.
ZEIT: Цяпер любая, нават самая невялікая форма супраціву стала немагчымай. Што можа змяніць такі чалавек, як вы — ветеран беларускага апазіцыйнага руху?
Статкевіч: Сёння ў Беларусі любая форма самаарганізацыі небяспечная. Але надзею мне даюць удзячнасць, надзея і салідарнасць, якія людзі зноў і зноў выказваюць мне. Можна я раскажу вам адну гісторыю?
ZEIT: Вядома!
Статкевіч: Нядаўна мы з жонкай былі на «Ночы музеяў» у Мінску. У адным з залаў граў саксафаніст. Мы спыніліся і сталі слухаць. Калі канцэрт скончыўся, мы павярнуліся — і раптам убачылі за сабой натоўп людзей. Яны апладзіравалі. Тады мы зразумелі, што людзі апладзіравалі не музыканту (Ён на імгненне з цяжкасцю стрымлівае эмоцыі), а нам. Нават такія маленькія жэсты салідарнасці могуць быць вельмі небяспечнымі. Я трывожуся за гэтых людзей.
ZEIT: Як Еўропе варта ставіцца да Аляксандра Лукашэнкі? Ізаляваць яго і ўводзіць санкцыі, як гэта робіць ЕС, альбо лепш шукаць дыялог, як ЗША?
Статкевіч: Захад занадта доўга дазваляў Лукашэнку сябе падманваць. Думаю, Еўрапейскі саюз, нарэшце, выпрацаваў рацыянальную палітыку ў адносінах да Лукашэнкі.
ZEIT: Вядомыя апазіцыянеры, такія, як Марыя Калеснікава, папярэджваюць, што сваёй палітыкай ізаляцыі ЕС можа падштурхнуць Беларусь у абдымкі Пуціна. Вы, ўсё ж, лічыце палітыку ізаляцыі правільнай?
Статкевіч: Гэтую старую казку пра жаданне Лукашэнкі вырвацца з абдымкаў Пуціна Захаду расказвалі шмат гадоў. Як могуць сіямскія блізняты адарвацца адзін ад аднаго? Але, адначасова, я супраць ізаляцыі беларускага насельніцтва. Людзі павінны мець магчымасць бачыць нешта, акрамя Беларусі і Расіі, і наведваць сваіх сваякоў у ЕС.
ZEIT: А санкцыйная палітыка?
Статкевіч: Думаю, гэта пытанне да майго хатняга юрыста. Марына, колькі цяпер даюць за заклік да санкцый? (смяецца)
ZEIT: Вы выглядаеце спакойным і упэўненым. Вам не страшна, што яшчэ можа адбыцца?
Статкевіч: Я ўжо даўно раблю ўсё магчымае для свабоды сваёй краіны. Дзеля гэтага я ўжо шмат чым ахвяраваў і не збіраюся спыняцца на паўшляху. Я мог памерці ўжо столькі разоў. Але сёння я магу глядзець у акно і бачыць дрэвы, неба, якія я не меў магчымасці бачыць гадамі. І я разам з каханай жанчынай. Кожны дзень для мяне — падарунак.
  • ❤ 130
  • 👍 23
  • ❤‍🔥 10
  • 👏 9
  • 💯 3
  • 😭 1
Post #116 1.81K
Ужо там я сказаў, што адмоўлюся пакідаць краіну. Затым нас, палітычных зняволеных, пасадзілі ў аўтобус з супрацоўнікамі КГБ і паехалі на поўнач — да літоўскай мяжы.
ZEIT: А потым?
Статкевіч: Калі мы пакінулі тэрыторыю Беларусі, супрацоўнікі КГБ выйшлі з аўтобуса. У аўтобусе засталіся толькі кіроўца і мы, зняволеныя. Калі мы спыніліся перад шлагбаумам, я ўстаў і паспрабаваў выбіць дзверы аўтобуса. Больш за ўсё я баяўся, што з-за праблем з сэрцам у мяне не хопіць сіл. Але ў мяне атрымалася. Калі я біў нагой у акно, адзін з таварышаў крыкнуў мне: «Вось гэтай кнопкай трэба разблакаваць дзверы!» (смяецца) Я так і зрабіў — і выскачыў вонкі.
ZEIT: І тады вы былі на свабодзе?
Статкевіч: Пасля гэтага я пайшоў назад, у Беларусь. У нейкі момант да мяне падышлі амерыканскі дыпламат і супрацоўнік КГБ. Дыпламат спрабаваў ўгаварыць мяне выехаць з краіны. Я сказаў: «Вам жа патрэбна толькі добрая PR-акцыя, а дзеля яе я павінен адмовіцца ад сваёй радзімы? Ні за што!»
ZEIT: Вы хацелі таксама сарваць здзелку паміж Лукашэнкам і амерыканцамі?
Статкевіч: Не. Гэта было асабістае рашэнне. Я ж не быдла, якое можна проста ўзяць і перапрадать!
ZEIT: Што здарылася потым?
ZEIT: Можаце растлумачыць нам сваё рашэнне?
Статкевіч: Мне далі недоўга пагаварыць з жонкай па тэлефоне, каб яна ўгаварыла мяне пакінуць краіну. Я сказаў ёй, што не магу дапусціць, каб мяне сілай вывезлі з краіны. Яна адказала: "Я ведала, што ты так зробіш. Я змагу хаця б абняць цябе?" Мне няма чаго было ёй адказаць. Тады яна скрозь слёзы сказала: "Тады няхай яны прапускаюць нашы лісты". Я ведаў, што ўсё застанецца па-старому. Але я ўпершыню за тры гады пачуў яе голас, даведаўся, што яна справілася з анкалагічнай хваробай.
ZEIT: Вас вярнулі ў выпраўленчую калонію. З якімі пачуццямі вы ехалі назад?
Статкевіч: Я ведаў, што за гэта наступіць помста. У рэшце рэшт, я сапсаваў медыйны эфект ад "здзелкі" паміж Лукашэнкам і Трампам. Супрацоўнікі КГБ таксама былі на мяне вельмі злыя. Як я зразумеў, таму, што яны самі марылі з'ехаць на Захад, але ў іх не было такой магчымасці. Яны натягнулі мне на твар шчыльную маску, у якой я ледзь не задыхнуўся.
Статкевіч: Я супраціўляўся гвалтоўнай высылцы. Якімі б жорсткімі ні былі абставіны, у чалавека заўсёды ёсць выбар. І, ўсё ж, мая акцыя пазней прывяла да таго, што палітычных зняволеных пасля вызвалення больш гвалтоўна не вывозяць з краіны. Нават, калі гэта азначае, што ўнутры краіны яны знаходзяцца пад строгім кантролем.
ZEIT: Пагоршыліся ўмовы вашага ўтрымання пасля вяртання ў выпраўленчую калонію?
Статкевіч: Я быў упэўнены, што не выйду на свабоду жывым. У выпраўленчай калоніі мне перасталі выдаваць лекі, жыццёва неабходныя пасля ковіда і пры арытміі, якія прысылала жонка. Дзякуючы гэтым яе пасылкам я даведваўся, што яна жывая. Замест іх мне давалі аспірын. Як мне сказалі потым лекары турэмнай бальніцы, менавіта гэта і прывяло да інсульту.
ZEIT: Ці былі моманты, калі вы шкадавалі аб сваім рашэнні?
Статкевіч: (доўга думае) Не, ніколі. Але я разумеў, што маім самым блізкім было вельмі цяжка.
ZEIT: Чаму вы так імкнуліся застацца ў Беларусі?
Статкевіч: Для мяне немагчыма пакінуць краіну. Гэта было б, усё роўна, што кінуць мільёны беларусаў, якія да гэтага часу тут жывуць. Ведаеце, на вуліцы да мяне пастаянна падыходзяць людзі, паціскаюць руку, дзякуюць мне.
ZEIT: Нават сёння?
Статкевіч: Так. Пасля масавых пратэстаў 2020 года столькі людзей з'ехала з краіны — уявіце, якога гэта цяжка тым, хто застаўся. Іх сябры, знаёмыя і дзеці з'ехалі. Быццам ў гэтай краіне больш няма ні надзеі, ні будучыні. І ўсё ж непрыйманне рэжыму Лукашэнкі застаецца моцным. Я хачу быць побач з беларусамі, якія ўсё яшчэ тут і толькі чакаюць наступнага шансу нешта змяніць.
ZEIT: З чаго вы гэта ўзялі?
ZEIT: Але перадумовы для гэтага пакуль неспрыяльныя. Масавыя пратэсты летам 2020 года былі жорстка падаўленыя, і да гэтага часу людзей знявольваюць за ўдзел у іх.
  • ❤ 62
  • 👍 18
  • ❤‍🔥 9
  • 👏 2
Post #115 1.7K
ПОЎНЫ ПЕРАКЛАД ІНТЭРВ'Ю "ЦАЙТ"
Людзі, якія чытаюць мой канал, скардзяцца, што пераклад майго інтэрв'ю "Цайт" на сайце газеты атрымоўваецца няпоўным, кавалкамі. З улікам гэтых заўваг прывожу тут поўны пераклад інтэрв'ю:

DIE ZEIT: Спадар Статкевіч, мы не можам сустрэцца асабіста, бо вы жыве ў Беларусі — краіне, куды заходнім журналістам амаль немагчыма ўехаць. Таму мы праводзім гэтую размову онлайн, па відэасувязі. Наколькі свабодна вы наогул можаце гаварыць?
Мікола Статкевіч: Я магу гаварыць свабодна. Я кажу тое, што думаю і лічу неабходным. Акрамя таго, мая жонка — юрыст, і яна за мяне вельмі хвалюецца. Перад публікацыяй яна разам са мной яшчэ раз прагледзіць ўсё інтэрв’ю і скажа: «Вось тут табе лепш быць асцярожным, за гэта цяпер даюць дванаццаць гадоў турмы, а за гэта — дзесяць» (смяецца).
ZEIT: Некалькі месяцаў таму вы выйшлі на свабоду пасля шматгадовага заключэння, але, у адрозненне ад іншых вядомых палітычных заключаных, засталіся ў Беларусі. Вы — апошні вядомы апазіцыянер, які ўсё яшчэ жыве ў краіне. Наколькі свабодным вы сябе адчуваеце?
Статкевіч: Абсалютна свабодным. Але я ведаю, што гэта можа змяніцца ў любы момант. Улады маўчаць пра мой статус. Мяне памілавалі? Ці толькі часова вызвалілі, каб я мог аднавіць здароўе, а калі мне стане лепш, я павінен буду досядзець астатні тэрмін?
ZEIT: У маі 2020 года вас арыштавалі, калі вы арганізоўвалі мірныя мітынгі з патрабаваннем сумленных выбараў, а пазней асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі за арганізацыю масавых беспарадкаў у жніўні таго ж года.
Статкевіч: Я не ведаю свайго юрыдычнага статусу, а на мае афіцыйныя запыты ніхто не адказаў. Пасля майго вызвалення па дзяржаўным тэлебачанні прэс-сакратар Лукашэнкі сказала, што мяне памілвалі, хаця я не прасіў пра гэта. Але я паняцця не маю, так гэта ці не.
ZEIT: У студзені гэтага года ў выпраўленчай калоніі вы перанеслі інсульт, а месяц праз вас вызвалілі.
Статкевіч: Думаю, рэжым не хацеў несці адказнасць за тое, што я памру ў заключэнні. Хоць гэты інсульт быў выкліканы штучна: мне адмовілі ў жыццёва неабходных лекі. Калі я пакідаў турэмны шпіталь, у мяне былі сур’ёзныя праблемы з мовай, але цяпер мой стан паляпшаецца.
ZEIT: Беларускія месцы заключэння сумна вядомыя; многія зняволеныя памерлі з-за бесчалавечных умоў.
Статкевіч: Цяпер прадстаўнікі рэжыму, напэўна, спадзяюцца, што пастаянны страх зноў апынуцца ў турме давядзе іх смяротную справу да канца. Ці, што я, нарэшце, пакіну Беларусь, каб лячыцца за мяжой. Прапановаў было дастаткова, у тым ліку, з Германіі, дзе жывуць мае дачкі і ўнукі. Вялікі дзякуй за гэта! Рэжым пастаянна ўскладняе мне жыццё, каб я нарэшце пакінуў краіну.
ZEIT: Як менавіта?
Статкевіч: Калі мяне вызвалілі, у мяне нават не было пашпарта, які быў неабходны для звароту за медыцынскай дапамогай. Позней, калі мне стала лепш, чыноўнікі вярнулі мне пашпарт. Наш дом цяпер зносяць. Але ўсе спробы выціснуць мяне з краіны аказаліся дарэмнымі. Я не пакіну Беларусь.
ZEIT: За вамі сочаць, вас пераследуюць?
Статкевіч: Галоўная задача беларускай службы ўнутранай бяспекі КГБ — змагацца з палітычнымі праціўнікамі. Было б наіўна лічыць, што апошні апанент, які ўсё яшчэ публічна выказваецца ў краіне, не знаходзіцца пад асаблівым наглядам. У нас з жонкай ёсць правіла: знаходзячыся дома, мы не абмяркоўваем, што збіраемся рабіць.
ZEIT: Увогуле, вы маглі выйсці на свабоду яшчэ год таму — у рамках здзелкі паміж беларускім кіраўніком Аляксандрам Лукашэнкам і прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампа. У верасні мінулага года вас разам з 51 іншым зняволеным прывезлі да мяжы з Літвой, але вы адзіны адмовіліся пакінуць Беларусь.
Статкевіч: Тады яны хацелі выкінуць мяне з маёй краіны. Гэта — злачынства! Я хачу сам вырашаць, дзе мне жыць. Нават, калі гэта азначае турму.
ZEIT: Што тады здарылася?
Статкевіч: Я знаходзіўся ў выпраўленчай калоніі для асабліва небяспечных рецэдывістаў у горадзе Глыбокае ў адзіночнай камеры памерам 1 на 3 метры (агулам, я правёў там больш за 3,5 гады). Мне надзелі на галаву мяшок і адвезлі ў следчы ізалятар КГБ у Мінску. Тады я зразумеў, што мяне збіраюцца дэпартаваць.
  • ❤ 69
  • 👍 10
  • ❤‍🔥 6
  • 👏 2
  • 😢 1
Post #114 2.04K
ІНТЭРВЬЮ ГАЗЕЦЕ "Цайт" (Die Zeit)
Даў інтэрвью германскай газеце "Цайт", пакуль яшчэ не прызнанай беларускімі ўладамі "экстрэмісцкім выданнем". Цікава, ці надоўга? Прачытаць інтэрвью альбо яго пераклад можна тут:
https://www.zeit.de/2026/34/mikalaj-statkewitsch-belarus-opposition-haft-aljaksandr-lukaschenko?freebie=08a0af43
DIE ZEIT Mikalaj Statkewitsch: »Lukaschenko schläft nachts schlechter als ich« Jahrelang saß Mikalaj Statkewitsch im Straflager in Belarus. Als er freikam, weigerte er sich, das Land zu verlassen. Warum? Darüber spricht er hier zum ersten Mal.
  • ❤ 67
  • 👏 26
  • 👍 11
Post #113 2.85K
Безумоўна, правячы ў Беларусі рэжым як можа ўпіраецца, каб пазбегнуць такога сцэнару. Але, пры глабальнай залежнасці ад Масквы, адмовіцца ад выканання "саюзнага" абавязку робіцца ўсё цяжэй. За дзесяцігоддзі ўтрымання ва ўладзе раней ці пазней прыходзіцца плаціць. "За так" падобных бонусаў не даюць.
Ранейшая плата нашай мовай, гісторыяй і культурай толькі стварыла перадумовы ды абудзіла апетыт да поўнага паглынання цяпер ужо "искусственной нации, которая говорит на одном с нами языке". Тым болей, што Маскве патрэбны новыя салдаты і ваенны плацдарм для наступных войн.
Так што цяпер платай за "працяг банкета" для адной сям'і могуць стаць лёсы нашай дзяржавы, нацыі і мільёнаў беларусаў.
  • 💯 82
  • 🙏 15
  • ❤ 13
  • 👍 8
  • 🤬 8
  • 👏 1
  • 😁 1
Post #112 2.72K
"БЕЛАРУСКІ" ФРОНТ
У тэксце на гэтым канале ад 19.05 я разглядаў варыянты працягу Масквой вайны супраць Украіны:
1) Мабілізацыя; 2) Пашырэнне лініі баявых сутыкненняў за кошт Беларусі;
3) Прымяненне тактычнай ядзернай зброі.
Аналіз іх перспектыў я ўжо зрабіў у тым тэксце, але цяпер з'яўляецца шмат дадатковай інфармацыі, па якой можна меркаваць, да якога з варыянтаў працягу вайны схіляюцца ў Крамлі. Прынамсі, пакуль.
У Расіі рыхтуюцца да новай мабілізацыі пасля выбарчай парламенцкай кампаніі ў верасні.
Па розных меркаваннях украінскіх ваенных аналітыкаў, у РФ можа быць мабілізавана ад паўмільёна да мільёна новых салдат, якія ўжо ў лістападзе пачнуць накіроўвацца на фронт. Таксама, ўкраінскі бок заяўляе, што на беларускай тэрыторыі каля мяжы з Украінай вядзецца інтэнсіўнае будаўніцтва ваеннай інфраструктуры. З улікам гэтага можна прагназаваць, што Масква плануе накіраваць частку сваіх войскаў на нашу тэрыторыю, каб зноў паспрабаваць атакаваць Ўкраіну з поўначы і, як мінімум, адцягнуць яе вайсковыя сілы з іншых на "Беларускі" фронт. А таксама, паспрабаваць паўтарыць прарыў 2022 года на Кіеў.
Апошняе, з улікам балоцістай мясцовасці на большай частцы беларуска-украінскай мяжы ды перавагі Украіны ў дронах, мае мала шанцаў на поспех. Але з нашай тэрыторыі расійскія войскі здолеюць наносіць па Украіне масавыя дакладныя паветраныя ўдары дронамі і ракетамі, каб прымусіць яе здацца.
Украінскія войскі ў адказ пачнуць наносіць масавыя ўдары па расійскім ваенным камунікацыям, тэхніцы, складах, пунктах кіравання, месцах дыслакацыі ў населеных пунктах. Пад ударамі апынуцца нашы дарогі, масты, гарады, ваенныя і нафтахімічныя прадпрыемствы. Асабліва, ў паласе дасяжнасці найбольш дзейсных зараз украінскіх дронаў сярэдняй дальнасці Hornet са штучным інтэлектам - 150 кіламетраў ад украінскай мяжы. У гэтай паласе знаходзяцца Гомель, Брэст, Мазыр, Пінск і шмат меньш буйных гарадоў і мястэчак. Калі ж расійцы пачнуць зноў наносіць ўдары па аб'ектам энэргетыкі Украіны, як гэта ўжо было мінулай зімой, але і з нашай тэрыторыі, то мы атрымаем "люстэркавы" адказ - дальнабойныя ўдары па нашым аналагічным аб'ектам па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Разбурэнні будынкаў у населеных пунктах, прамысловасці ды інфраструктуры, ахвяры сярод грамадзянскага насельніцтва, буйныя гарады без электрычнасці і цяпла - такая будзе плата толькі за пасіўны саўдзел у агрэсіі. А ёсьць яшчэ наступствы ад простага знаходжання чужых войскаў на нашай зямлі падчас вайны.
Салдаты, якія ведаюць, што іх чакае смерць сярод палескіх балотаў, і якія хочуць напаследак "гульнуць". І якія ўпэўнены, што ўсё мясцовае насельніцтва павінна за "абарону ад "укранацыстаў" выконваць іх любыя жаданні. Тым болей, што ім нічога дадатковага не пагражае за забойствы, рабаванні, згвалтаванні "мясцовых". Бо, калі справа і дойдзе да суда, што сумнеўна, то з яго яны адправяцца не ў турму, а, зноў жа, на фронт.
У гісторыі Беларусі ўжо быў досвед доўгатэрміновага знаходжання маскоўскіх войскаў на нашай тэрыторыі падчас маскоўска-беларускай вайны 1654-1667 гадоў, якую ў Расіі потым сарамліва назвалі "польскай", і ў якой загінула болей за палову беларусаў. Я не буду тут пісаць пра ўсе жахі той вайны - іх апісанне зойме вялікую кнігу. Але прывяду адзін прыклад. У 1654 годзе маскоўскія войскі асадзілі Магілёў. Асада была нядоўгай, бо пераважна праваслаўныя гараджане самі адчынілі вароты горада "аднаверцам". Потым, бліжэй пазнаёміўшыся з "братамі па веры", у 1661 годзе гэтыя мірныя людзі паднялі паўстанне і амаль пагалоўна выразалі сямітысячны гарнізон "вызваліцеляў".
Ну а ў сённяшняй сітуацыі ёсць яшчэ доўгатэрміновыя наступствы, бо вывесці расійскія войскі з нашай зямлі, нават пасля замірэння паміж Расіяй і Украінай, будзе надзвычай складана. Не здолеўшы захапіць вялікую краіну, вырашаць прыхапіць хоць меньшую, каб апраўдаць гібель і калецтвы сотняў тысяч сваіх салдат у вачах простых расійцаў і каб было што аб'явіць перамогай.
  • 💯 68
  • ❤ 24
  • 🙏 9
  • 👍 2
  • 🤣 1
Post #111 2.15K
"ВОЙНА ДО ПОБЕДНОГО КОНЦА"
На гэтым канале я ўжо пісаў пра магчымыя варыянты працягу Расіяй вайны супраць Украіны. На жаль, у мяне мала сумневаў, што вайна будзе працягвацца пры падтрымцы большасці расійскага грамадства, якая не бачыць іншага варыянту яе завяршэння, акрамя як перамогай РФ, ці тым, што можна было б аб'явіць такой перамогай. Гэта большасць, выхаваная на прыдуманых гістарычных мітах, важнейшай каштоўнасцю і падставай для ўласнай самапавагі лічыць міт пра заўсёдныя "веліч і славу" Расіі. Але дзіўныя ўкраінцы чамусьці ніяк не даюць Расіі атрымаць "натуральную" для яе перамогу, што стварае дысананс у мазгах гэтай расійскай большасці паміж запісанымі ў іх гістарычнымі мітамі і зусім іншай рэальнасцю вайны. Развітацца з гэтымі мітамі ім цяжка, бо іншай нагоды нечым ганарыцца ў іхнім жыцці больш няма. Таму вайна будзе працягвацца, пакуль страх ўласнай смерці ці гора ад смерці блізкіх, холад і нястача пераадолеюць прыцягальнасць фальшывых мітаў.
Закладнікамі штучных гістарычных стэрэатыпаў сталіся і тыя, хто свядома ўкараняў іх ў грамадскую свядомасць - кіраўніцтва расійскай дзяржавы. Зараз яно не можа пайсці нават на відавочна рацыянальныя кампрамісы без рызыкі сутыкнуцца з грамадскім абурэннем. Таму Крэмль працягвае вайну і, нягледзячы на рэальную сітуацыю на фронце, шукае варыянты дасягнення перамогі ў ёй.
У 1917 годзе прынцып "Война до победного канца" ўжо прывёў Расію да нацыянальнай катастрофы, а яе кіроўныя эліты да трагічнага асабістага фіналу.
Трэба вучыць ўрокі сапраўднай гісторыі, а не прыдумоўваць сабе іншую.
  • ❤ 82
  • 👍 46
  • 💯 11
  • 🙏 3
  • 🤔 2
  • 🎉 1
  • 🫡 1
Post #110 2.8K
АПОШНЯЕ "ВАКНО"?
Нядаўна прачытаў заяву аднаго еўрапейскага палітыка, што ў беларусаў будзе "вакно магчымасцяў" для дэмакратыі і сапраўднай незалежнасці.
Цалкам згодзен з ім, але такія "вокны" ў нашай найноўшай гісторыі здараліся ўжо неаднойчы. Упершыню - пасля распаду Савецкага Саюза, калі саюзныя рэспублікі, і тыя, якія змагаліся за незалежнасць, і тыя, якія зусім не змагаліся за яе - усе сталі незалежнымі. Але тады, замест пабудовы самастойнай краіны, тутэйшыя тагачасныя кіраўнікі сталі, пры падтрымцы разгубленай большасці, шукаць магчымасці вярнуць краіну ў звыклы стан сатэліта Масквы. "Вакно магчымасцяў" пабудаваць незалежную, дэмакратычную паспяховую дзяржаву не было выкарыстана. Другі раз яно з'явілася ў другой палове 90-х, калі Беларусі прапанавалі далучыцца да Еўразвязу, што дазваляла атрымаць фінансаванне рэформ і, ўжо ў сярэдняй перспектыве, ператварыць Беларусь у вольную сучасную і заможную краіну. Але тагачасны кіраўнік дзяржавы адмовіўся ад прапановы, нават не паведаміўшы пра яе грамадству.
Потым Расія апамяталася ад псіхалагічнай траўмы, атрыманай у выніку распаду яе імперыі, і, падмацаваная ростам нафтагазавых даходаў, вярнулася да традыцыйнай практыкі падпарадкавання суседніх народаў ды ўлучэння іх у склад імпэрыі. Спробы народаў суседніх дзяржаў ўсталяваць дэмакратыю і ўмацаваць незалежнасць разглядаліся і разглядаюцца ў Крамлі, як замах на свае глыбінныя інтарэсы. На захаванне паслухмяных рэжымаў выдаткоўваюцца вялікія сродкі, а ў выпадку пагрозы іх існаванню з-за масавых пратэстаў, да межаў ці нават на тэрыторыю "мяцежнай" краіны накіроўваюцца расійскія войскі. Па сцвярджэнню некаторых старэйшых афіцэраў з сістэмы МУС, у падаўленні масавых пратэстаў у Беларусі ў 2020 удзельнічалі расейскія сілавікі, пераапранутыя ў беларускую форму.
Масква зрабіла і працягвае рабіць ўсё для кансервацыі беларускага рэжыму на дзесяцігоддзі.
Зараз, з-за тупіковай сітуацыі на расійска-украінскім фронце, пад пагрозай апынулася існаванне сённяшняга палітычнага рэжыму ў Расіі. Змена ўлады ў Крамлі, разам з магчымымі новымі пагрозамі, створыць і шанцы для беларускай дэмакратыі. Ці скарыстаецца Беларусь гэтым "вакном магчымасцяў" залежыць, найперш, ад беларускага грамадства, ад беларусаў, якія жывуць на тэрыторыі сваёй краіны. На ўсіх нас ляжа вялікая адказнасць, бо гэтае "вакно" можа быць апошнім для нашай нацыі. Погляды большасці з нас відавочныя - дэмакратыя і незалежнасць . У існуючых умовах людзі не могуць выявіць сваю пазіцыю публічна, бо любая форма самаарганізацыі зараз жорстка пераследуецца, але пры змене сітуацыі гэта самаарганізацыя адбудзецца і выявіць сябе вельмі хутка.
Магчыма, свет зноў не пазнае беларусаў. Але гэта будзе ўжо зусім іншае непазнаванне. Страх і нянавісць - страшная сумесь.
  • ❤ 67
  • 😢 20
  • 👍 17
  • 🤝 6
  • 🫡 3
  • 🤔 2
Post #109 2.98K
На наступных прэзідэнцкіх выбарах зноў перамог Буш-малодшы. Але мае знаёмыя супрацоўнікі ўжо былі задаволены гэтым фактам. Як яны патлумачылі: "Наша краіна ваюе ў Іраку. Змена прэзідэнта ў час вайны падбадзёрыць нашых ворагаў. І нашым салдатам там стане цяжэй."
А цяпер да пытання, якое я задаў напачатку гэтага тэкста. Так, дэмакратыя можа перамагчы аўтакратыю. Той жа былы міністр абароны Фёдараў выдатна паказаў гэта дронавым "рыўком", скарыстаўшыся перавагамі свабоднай эканомікі (пра што я ўжо пісаў тут 15.06.), а таксама фінансавымі ды тэхналагічнымі рэсурсамі, атрыманымі дзейсным прэзідэнтам ад дэмакратычных краін сьвету.
Але ахлакратыя (ўлада натоўпу) не пераможа ніколі.
  • ❤ 27
  • 👍 20
  • 👎 15
  • 💯 9
  • 💩 1
  • 👌 1
  • 😐 1
Post #108 2.97K
АХЛАКРАТЫЯ НЕ ПЕРАМОЖА
Ці можа дэмакратыя ў вайне перамагчы аўтакратыю? Нібыта ж, аўтакратыя мае магчымасць без абмежаванняў хутка канцэнтраваць і выкарыстоўваць матэрыяльныя і чалавечыя рэсурсы.
А дэмакратыя ваюе ва ўмовах свабоды прэсы і ўнутранай палітычнай канкурэнцыі. Падчас вайны гэта прымушае ўлічваць абмежаванні, якія накладвае на кіраўніцтва краіны грамадская думка і крытыка палітычных апанентаў. А таксама ўлічваць фактар будучых выбараў. Частку сіл і інфармацыйных рэсурсаў кіраўнік дэмакратычнай краіны мусіць траціць на барацьбу з палітычнымі канкурэнтамі. Не толькі з-за натуральнага жадання выйграць наступныя выбары. Але таксама, каб не дапусціць узмацнення нейкага з канкурэнтаў да такой ступені, што ён пачне ўспрымаецца, як альтэрнатыўны лідар краіны, што можа дэзарыентаваць сістэму кіравання дзяржавай падчас вайны.
Шчыра кажучы, мяне здзіўляе, што многія ваенныя кіраўнікі Украіны высокага ці нават сярэдняга ўзроўню падчас вайны займаюцца актыўным самапіярам. Інтэрнэт дае тут шырокія магчымасці. Зразумела, што краіна хоча ведаць сваіх герояў, з каго варта браць прыклад. З іншага боку, ўражаньне такое, што найбольш актыўныя ў гэтай справе рыхтуюцца да палітычнай кар'еры, да ўдзелу ў будучых выбарах. Не дарэмна ж кажуць, дзе двое казакоў, там трое атаманаў. Ці не зарана? Мо, лепей засяродзіцца на вайне? Агрэсія ж яшчэ не спынена. Акрамя таго, тыя, хто актыўна займаецца самапіярам, ствараюць сабе дадатковыя кар'ерныя магчымасці, і, таксама, засцерагаюць сябе ад кар'ерных правалаў, бо могуць апеляваць да грамадскай падтрымкі пры спробе іх зволіць ці панізіць у пасадзе. Звычайныя грамадзяне, якія абралі сабе чарговага куміра па інфармацыі, прадстаўленай пра сябе ў Сеціве ім самім, не ведаюць шматлікіх сапраўдных прычын, па якім да яго ўзніклі прэтэнзіі. А для многіх, асабліва жанчын, бывае дастаткова толькі знешняй прыцягальнасці, каб прызнаць яе ўладальніка заслугоўваючым даверу.
Пры такім стане рэчаў у пройгрышы апынаюцца тыя кіраўнікі, якія не паклапаціліся пра стварэньне сабе належнага вобраза ў Інтэрнэце. А таксама, вышэйшыя кіраўнікі, якія нясуць адказнасць за сыход вайны, але не могуць рэалізоўваць свае неабходнейшае права на ўласную кадравую палітыку, без якога кіраванне губляе сваю эфектыўнасць. Зрэшты, ў пройгрышы апынаецца ўся краіна.
Калі вы абралі з такой перавагай прэзідэнта і адначасова Вярхоўнага галоўнакамандуючага, то дайце яму кіраваць. У вас жа вайна ў хаце!
Гэта ўсё я пад уражаннем брыфінгу былога міністра абароны Украіны. Дакладней, самапрэзентацыі чарговага кандыдата ў прэзідэнты нашай суседкі. Ўзнікае пытанне, навошта там была такая жорсткая агульная крытыка баявога генерала, якога сам жа крытык называе ратавальнікам краіны ў вырашальны момант пачатку вайны? Ён жа ў прэзідэнцкіх выбарах не збіраецца ўдзельнічаць. Думаю, што сапраўдны аб'ект нападу тут іншы генерал, які ўжо аб'явіў пра ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах, і ўспрымаецца самапрэзентантам, як канкурэнт на іх. Кшталту, усе гэтыя старыя замшэлыя генералы нічога не разумеюць, як перамагчы без стратаў, аўтаматаў ды гарматаў, толькі аднымі джойсцікамі.
А народ не разабраўся ў сапраўдных прычынах "наезда" і ўжо пачаў мітынгаваць з патрабаваннямі адстаўкі крытыкуемага дзейснага галоўнакамандуючага Ўзброенымі Сіламі. І ўжо сам прэзідэнт абмяркоўвае гэтыя патрабаванні мітынгоўцаў - падчас вайны(!!!). Суседзі, вы часам не афігелі?
Прывяду прыклад іншых паводзін. Пасля прэзідэнцкіх выбараў у ЗША ў 2000 годзе знаёмыя супрацоўнікі амерыканскай амбасады не хавалі свайго расчаравання, што віцэ-прэзідэнт Гор прайграў на іх Бушу-малодшаму. Час пацвердзіў іх апасенні - прэзідэнт Буш па штучных прычынах уцягнуў сваю краіну ў працяглую і дарагую вайну ў Іраку, чым развязаў рукі Ірану, які доўга і цяжка ваяваў з Іракам. Гэта дазволіла Ірану развіць ракетную і ядзерную праграмы і стаць фактарам дэстабілізацыі ўсяго рэгіёна.
  • 👍 33
  • 👎 23
  • ❤ 7
  • 👏 3
  • 👌 1
  • 💯 1
  • 🤨 1
  • 🖕 1
Post #107 2.68K
ПРА САБАК І ЭТНАЦЫД
Даруйце, але я зноў пра сабак. Не магу зразумець, калі нехта, аббраханы маімі сабакамі, пачынае наракаць на іх за гэта. Нават дакараць ці нешта тлумачыць ім. У сабак свая логіка. Яны брэшуць, бо іх за гэта кормяць. За тое, што сігналізуюць гаспадару пра чужых людзей, пра рэальную ці магчымую пагрозу, спрабуюць напалохаць і прагнаць чужых. Праца ў іх такая. Аналізаваць змены амплітуды ці спектру сабачага брэху - пусты занятак. Лепей разабрацца, чаму гаспадар загадаў ім брахаць ці чаму яны самі вырашылі, што іх брэх з канкрэтнай нагоды будзе ўспрыняты гаспадаром станоўча, за што сабакам перападзе лішняя міска корма.
Калі я бачу ці чытаю занадта адыёзныя выказванні афіцыйных прапагандыстаў, я ўспрымаю іх, проста, як агучванне думак іх гаспадара. І гэта - самае страшнае. Бо гэта не яны хочуць "паганай мятлой вычысціць нацыяналістычную заразу" - нашу гісторыю, нацыянальную культуру, традыцыі, вопратку, мову - ўсё, што стварае нацыянальную ідэнтычнасць, што робіць нас адметнай нацыяй. Гэта не яны хочуць "прыбраць" усё пералічанае, таму што мы "гэта любілі". Яны проста пачулі ці адчулі жаданні таго, хто іх корміць, і агучваюць іх.
Раней афіцыйныя прапагандысты шмат выказваліся наконт нацыянальнага прыгнечання беларусаў палякамі ў Заходняй Беларусі ў 20-30 гады мінулага стагоддзя. Пра паланізацыю, забарону навучання на беларускай мове, пра дамінаванне польскай у дзяржаўных установах. Нават ўжывалі словы "этнацыд беларускай нацыі палякамі". Пра русіфікацыю беларусаў ва Ўсходняй Беларусі, пра масавыя рэпрэсіі, пра знішчэнне 80% беларускіх літаратараў у НКВД, чамусьці, сарамліва маўчалі. Але вось цяпер Беларусь - нібыта, незалежная беларуская дзяржава. І што тут у нас з беларускай мовай? Рытарычнае пытаньне. Нядаўна прачытаў, што зараз у Мінску па-беларуску навучаюцца 0,13% вучняў школ. А цяпер нават да вопраткі, да Купалля і Грунвальда дабраліся. Калі хто ня ведае, прывожу вызначэнне слова "этнацыд":
Этнацыд — гэта знішчэнне або разбурэнне этнічнай ідэнтычнасці.
Таму кіньце эмацыйна каментаваць брэх. Сітуацыя цалкам зразумелая. Лепей давайце думаць, што рабіць, каб захаваць усё, што мы любім, каб не даць "прыбраць" ці "вымесці" нашу нацыю. У сённяшніх варунках, калі ўсе матэрыяльныя нацыянальныя прыкметы з'яўляюцца аб'ектамі пераследу, зрабіць гэта няпроста. Застаюцца толькі нематэрыяльныя. Галоўны з іх - мова.
Разумею, што гэта няпроста. Але давайце, хаця б, напачатку чытаць беларускамоўныя кнігі - нягледзячы на забароны пэўных аўтараў ці кніг, на змяншэнне колькасці беларускамоўных выданняў ёсць інтэрнэт-бібліятэкі беларускіх кніг, якім патрэбны чытачы і наша падтрымка. Недарэмна ж іх атакуюць. Наступны крок - пачаць пісаць у сетках па беларуску. І галоўнае - размаўляць. Разумею, што складана. Дык можна пачаць з некалькіх слоў: "Дзякуй, калі ласка, прывітанне, да пабачэння". Усюды - ад крамы да працы. Так мы будзем ведаць, што мы ёсьць, што Беларусь жыве.
  • ❤ 121
  • 👍 26
  • 💯 23
  • 🙏 8
Post #106 2.94K
ВЫЙШЛА З ДРУКУ МАЯ КНІГА
У Беластоку выйшла з друку мая кніга. Прывожу тут завяршальны тэкст, размешчаны на апошняй старонцы яе вокладкі:

Як людзі робяць маральны выбар у складаных сітуацыях, як яны робяцца героямі ці здраднікамі, як ператвараюцца ў падонкаў ці застаюцца сумленнымі людзьмі? Каб даць адказ на гэтыя пытанні, я мусіў разбірацца з чалавечай псіхалогіяй. Аж да інстынктаў. Але ў літаратуры па тэме ўцямнага вызначэння чалавечых інстынктаў не знайшлося, а шмат дзе, ўвогуле, адмаўлялася іх наяўнасць у нас, акрамя некалькіх відавочных прымітыўных, што цалкам пярэчыла майму веданню чалавека. Таму, у галоўным тэксце гэтай кнігі, які і даў ёй назву, я мусіў прапанаваць сваё вызначэнне нашых інстынктаў ды іх пералік. А потым, на падставе гэтага, апісаць, як мы робім свой маральны выбар у складанай сітуацыі. Спадзяюся, што разуменне гэтага дапаможа чытачу лепей зразумець чалавечую сутнасць, сябе і ўсё, што адбылося і адбываецца з нашай краінай і намі.
  • ❤ 131
  • 👍 40
  • ❤‍🔥 18
  • 🕊 3
  • ⚡ 1
  • 🥴 1
Post #105 2.92K
ШТУРМ НАШАЙ БАСТЫЛІІ ЯШЧЭ НАПЕРАДЗЕ
Сёння нацыянальнае сьвята Францыі - Дзень ўзяцця Бастыліі. Мы з Марынай мелі магчымасць перадаць нашыя віншаванні афіцыйным прадстаўнікам гэтай выбітнай краіны.
У гісторыі кожнага паспяховага народа была свая ўзятая Бастылія: пераможная рэвалюцыя, выйграная вайна за незалежнасць, мабілізацыя грамадства дзеля цяжкіх, але паспяховых рэформаў. Былі ахвяры і цяжкая праца нацыі дзеля нармальнага жыцця яе будучых пакаленняў.
Калі краіна ў бядзе і яе будучыня ў небяспецы, а пераважаючым сярод актыўнай часткі нацыі робіцца падыход, што галоўнае - гэта захаванне ўласнага жыцця і свабоды, што трэба, найперш, імкнуцца да ўласнага дабрабыту і бяспекі, то дамінаванне такога падыходу крадзе нармальную будучыню ў наступных пакаленняў. Робіць кошт ўжо іх спробаў стварыць вольную і паспяховую краіну яшчэ больш высокім і ахвярным.
Віншую французаў з іх галоўным святам!
А штурм беларускай Бастыліі яшчэ чакае нас наперадзе.
  • ❤ 173
  • 🔥 27
  • 👍 16
  • 💯 5
  • 🥰 3
  • 🙏 3
  • ⚡ 1
  • 🤔 1
Post #104 2.84K
СУІЦЫДАЛЬНАЕ ВАР'ЯЦТВА
Паміж РФ ды Украінай ідзе гонка ўзбраенняў, важная частка якой - спаборніцтва ў эфектыўнасці сродкаў паветранага нападу (СПН). Пераважна, гэта спаборніцтва тычыцца дронаў ды балістычных ракет.
Дзякуючы гнуткай і эфектыўнай абароннай прамысловасці ды бесперашкоднаму доступу да міжнароднага рынку кампанентаў, а таксама, магчымасці выкарыстання для навядзення касмічнай спадарожнікавай сеткі "Starlink", у гонцы дронаў перавагу мае Украіна. Думаю, што яе перавага ў дальнабойных ударах дронамі яшчэ больш узмоцніцца, калі ўкраінцы, у адпаведнасці з логікай развіцця СПН, непазбежна дойдуць да выкарыстання ў гэтых ударах амерыканскага досведу прарыва моцнай супрацьпаветранай абароны. Напрыклад, як у Ханоя падчас в'етнамскай вайны. Калі больш канкрэтна - функцыянальнага эшаланавання групоўкі паветранага ўдару і паглыблення спецыялізацыі яе элементаў.
У гонцы балістычных ракет, якія маюць на парадак большыя, чым у дронаў, боезарад і хуткасць, дзякуючы назапашанаму савецкаму досведу і захаванай вытворчай базе, відавочную перавагу мае Расія. Але Украіна ўжо пачала выпрабоўваць ўласныя балістычныя ракеты. Улічваючы досвед і магчымасці ўкраінскай ваеннай прамысловасці, можна прагназаваць, што да канца года абмены ўдарамі балістычных ракет паміж праціўнікамі стануць блізкімі да парытэту.
Калі Украіна прадэманструе свае балістычныя магчымасці адразу ў занадта вялікіх маштабах, то гэта стане шокам для расійскага грамадства. Могуць пашырыцца патрабаванні ўжывання супраць Украіны ядзернай зброі ад людзей, якія не разумеюць рэальных наступстваў такога кроку, у тым ліку, і для Расіі. Бо нават толькі адна Украіна, без заходніх саюзнікаў, здольная на, хай асіметрычны, але ядзерны адказ. Я маю на ўвазе, г. зв., "брудную бомбу", калі над тэрыторыяй праціўніка з дапамогай звычайнага зарада, напрыклад, авіябомбаў ці ракет, распыльваюцца радыёактыўныя рэчывы, якіх ва Украіны, дзякуючы наяўнасці атамных электрастанцый, дастаткова. А з дапамогай уласных балістычных ракет арганізаваць такі адказ на расійскі ядзерны ўдар - цалкам вырашальная задача. Гарачым галовам сярод расійскіх палітыкаў і публіцыстаў варта разумець, што ядзерны ўдар, напрыклад, па Кіеву, можа выклікаць у адказ радыёактыўнае заражэнне, зноў жа напрыклад, Масквы ці Санкт-Пецярбурга.
Мне вельмі падабаецца Кіеў, падабаўся і Санкт-Пецярбург. Не хацелася б, каб гэтыя гарады сталі непрыдатнымі для жыцця. Тым болей не хацелася б, каб расійскі ядзерны ўдар адбыўся з Беларусі, напрыклад, расійскімі ракетамі "Іскандэр" з ядзернымі боегалоўкамі з раёну Асіповічаў. Каб Беларусь у адказ атрымала яшчэ адзін радыяцыйны ўдар, толькі ўжо не па ўскраіне краіны, як у 1986 годзе, а, напрыклад, па нашай сталіцы. Лічу, што аднаго Чарнобыля нам і так хапіла.
Гуляцца ядзернай зброяй - смяротна небяспечнае вар'яцтва. Дазваляць чужой дзяржаве гуляцца сваёй ядзернай зброяй на нашай зямлі - гэта ўжо вар'яцтва з суіцыдальнымі схільнасцямі, апраўдаць якое немагчыма ніякімі рацыянальнымі аргументамі.
Нельга дапускаць, каб на беларускай зямлі размяшчалася чужая ядзерная зброя. Тым болей, каб яна выкарыстоўвалася адсюль супраць іншых краін. Беларусь павінна быць нейтральнай і бяз'ядзернай. Для беларусаў гэта ўжо ўмова жыцця ці смерці.
  • 👍 65
  • 💯 41
  • ❤ 11
  • 🙏 7
  • ⚡ 2
  • 👎 2
  • 👌 1
  • 🥴 1
  • 🦄 1
  • 💊 1
Post #103 3.01K
  • ❤ 206
  • ❤‍🔥 28
  • 👍 17
  • 🥰 10
  • 😱 2
  • 🐳 2
Post #102 2.76K
Старадаўні спосаб зноў спрацаваў бездакорна - у "мядовую пастку" патрапіў жаданы "аб'ект". Праўда, другі здолеў выкруціцца і прыйшлося прыкладаць дадатковыя намаганні па яго затрыманню, якія зноў не былі паспяховымі, але прывялі да раскрыцця гэтай выбітнай аперацыі.
Думаю, што ўсё адбывалася недзе так. Не ведаю толькі, каго і як ўзнагародзілі за гэтую "вяршыню прафесійнай кампетэнцыі". Ведаю толькі, што ўсё гэта свята прафесіяналізму было за нашы з вамі грошы.
  • 😢 33
  • 🤬 12
  • 🙈 5
  • 🤯 4
  • ❤ 1
Post #101 2.88K
ДАБРАЛІСЯ І ДА САБАК
Старая Лошыца, дзе мы яшчэ жывем, ідзе пад знос. З нашым домам судовыя выканаўцы ўтварылі затрымку. А суседскія дамы ўжо апусцелі, іх зносяць, людзей навокал жыве ўсё меньш, затое ўсё больш прыхадняў, жадаючых паблукаць па кінутых сядзібах у пошуках "здабычы". Нас яны турбаваць не насмеліваюцца, бо зараз нашы сабакі вольна бегаюць па агароджанаму двару за зачыненымі ад вуліцы і ад саду брамкамі.
Мабыць, для некага наяўнасць дзьвух сабак на падворку стварае "нязручнасці". І днямі, калі мы з'ехалі па справах, нехта прайшоў праз суседнюю апусцелую сядзібу ў наш сад ды звонку разламаў садовую, непераадольную для сабак, брамку. Сабакі выскачылі на волю.
Калі мы вярнуліся, дома заспелі толькі малога, рудога ды жвавага хітравана Рыкі, а вялікі ды моцны Бой знік. Яго  пошукі на працягу сутак нічога не далі. Назаўтра ў Лошыцы з'явілася "спецмашына" па адлову сабак. Яе спецыялісты, якіх здолела дагнаць і "адлавіць" Марына, падцвердзілі, што гэта яны злавілі і завезлі на Гурскага Боя, калі прыехалі па выкліку міліцыі, а вось руды сабачка ад іх уцёк. І шукалі яго, з дапамогай міліцыі, акурат ля дома гаспадароў гэтых, нібыта, "нічыйных бадзячых" сабак. То бок, чые гэта сабакі не было сакрэтам, прынамсі, для міліцыі. Але вылавіць рудога і там не атрымалася.
Дзе іх напачатку лавілі, са словаў супрацоўнікаў спецкамбіната? Там, куды бягуць ўсе кабялі - дзе "загуляла" сучка. Бо яе пах яе яны чуюць ледзь не за кіламетры. Там былі і іншыя, сапраўды бадзячыя сабакі, бо ужо выселеныя з Лошыцы людзі, напалоханыя падаткамі ды новымі абмежаваннямі ўладаў на хатніх жывёлаў, часта пакідаюць іх пры пераездзе, а яшчэ часцей іх падкідваюць у прыватны сектар жыхары шматпавярховікаў. Але лавілі толькі канкрэтных сабак - нашых.
Боя мы на наступны дзень забралі з прыёмніка на вуліцы Гурскага з глухой камеры з абітымі бляхай дзвярыма з закратаваным акенцам на іх ды надпісам "Изолятор". Знаёмая да болю карціна.
Так што ў нашай сям'і з'явіўся яшчэ адзін палітвязень - Бой (гэта ён на фота разам з цяпер ужо сваім калегам). Нейкая крымінальная сямейка атрымоўваецца.
Ня ведаю, навошта гэта ўсё ім спатрэбілася.
Мо сабакі заміналі блізкаму "назіранню" за домам альбо негалосным "візітам" у яго?
Ці хочуць усё ж "зачысціць" ды прымусіць да эміграцыі адну асобную сям'ю, як гэта яны ўжо паспяхова зрабілі з паўмільёнам беларусаў?
Ці, даведаўшыся пра нашыя планы пасля пераезду, маюць на іх ужо свае, дзе сабакі ім будуць замінаць?
Пакуль дакладна не ведаю.
Але ўражваюць масштабы гэтай спецаперацыі па "нейтралізацыі" двух сабакаў. Уяўляю працэс яе планавання так. Спачатку думалі, як атрымаць доступ да гэтых "аб'ектаў".
Першы варыянт - проста ўскрыць брамку да вуліцы, каб сабачкі самі выскачылі на яе, дзе некага "пакусалі" б ("пакусанага" можна і прызначыць), ці проста згубіліся ў двухмільённым горадзе, здаваўся самым простым. Ён і быў рэалізаваны некалькі тыдняў таму з дапамогай мясцовага выпівохі, які пасля сам пра ўсё прабаўбатаўся. Але сабачкі, ноччу выпушчаныя ім на вуліцу, пабегаўшы па ёй, нікога не пакусалі, бо вуліца - гэта ж не іх тэрыторыя. Там нават брахаць - толькі лішнія "гавы" марнаваць. Злавіць жа іх на той вуліцы ў  "вызваліцеляў" не атрымалася і раніцой: калі гаспадары прачнуліся, сабакі ўжо былі дома, хоць і з заўважнымі траўмамі ды нязвыкла ціхмянымі паводзінамі. Пасля гэтага брама і брамка былі абсталяваны мной больш надзейнымі замкамі і сталі пастаянна на іх замыкацца.
Але геній нашчадкаў Дзяржынскага таксама не драмаў. Ён выявіў сябе ў наступным, больш дасканалым, плане. Мяркую, што іхнія аналітыкі прыйшлі да глыбакадумнай высновы, што недастаткова выманіць сабачак на вуліцу. Трэба, каб яны яшчэ самі прыбеглі ў пэўнае месца, дзе іх можна будзе "прыняць". Карацей, звярнуўшыся да глыбінь прафесійнага майстэрства, вырашылі ўжыць вядомы ўжо стагоддзямі, але дагэтуль эфектыўны спосаб "мядовай пасткі". Уяўляю, як аналітыкі "службаў" вывучаюць здабытыя "агентурным шляхам" дадзеныя пра біялягічныя цыклы навакольных сучак, каб выбраць час аперацыі.
  • 🤬 69
  • 😢 11
  • 🙈 4
  • ❤ 3
Post #100 2.55K
Спадзяюся, што яны дапамогуць лепей зразумець сябе, іншых людзей і шлях нашай краіны тым, хто адчувае патрэбу ў такім разуменні, хто хоча, каб Беларусь жыла. Матэрыялы зборніка скампанаваны ў дзве часткі.
Першая тычыцца этычнага боку супраціву, маральнага выбару чалавека ў складанай сітуацыі. Матэрыялы зборніка размешчаны ў паслядоўнасці іх напісання, што дазваляе ўбачыць працэс развіцця поглядаў аўтара на гэтыя праблемы з цягам часу і накапленнем ім уласнага досведу супраціву і паводзін у сітуацыях маральнага выбару.
Другая — прысвечана пошуку стратэгій захавання і развіцця невялікай краіны і нацыі, якая апынулася заціснутай паміж дзвюма варагуючымі і культурна антаганістычнымі цывілізацыямі. Гэтыя стратэгіі шмат у чым залежаць ад знешніх абставін і могуць змяняцца разам з імі, але іх мэта застаецца нязменнай.
  • ❤ 84
  • ❤‍🔥 17
  • 👍 11
  • 🤔 3
  • 🤝 1
Post #99 2.87K
ХУТКА ВЫЙДЗЕ ЗБОРНІК МАІХ ТУРЭМНЫХ ЭСЭ
1 траўня на гэтым канале я напісаў, што, "у асноўным, завяршыў аднаўленне свайго вялікага па аб'ёму эсэ, прысвечанага выбару чалавекам спосаба сваіх паводзін у складанай сітуацыі і, ўвогуле, ў жыцці. Гэты матэрыял быў прадуманы ў вельмі складаным для мяне 2023 годзе, пераважна, у ШІЗА і пазней запісаны. Падчас спробы незаконнай дэпартацыі з Беларусі мае запісы зніклі ў СІЗА КГБ. Адноўлены тэкст вельмі важны для мяне, бо завяршае мае публікацыі на гэту тэму і адказвае на пытанні, да якіх я звяртаўся ў сваіх ранейшых працах. На жаль, ён занадта вялікі для публікацыі на маім канале. Хацелася б апублікаваць яго на паперы ў адным зборніку разам з іншымі турэмнымі эсэ. Праўда, я яшчэ цяжка разумею, як гэта можна зрабіць у маёй сённяшняй сітуацыі".

Я вельмі ўдзячны былым сябрам Народнай Грамады, якія адгукнуліся і прапанавалі сваю дапамогу ў складанні зборніка і яго друкаванні. Як мне толькі што паведамілі, зараз ён друкуецца і хутка выйдзе ў свет. А пакуль я вырашыў апублікаваць тут сваё ўводнае слова да яго.

ЎВОДНАЕ СЛОВА АЎТАРА
Калі ў краіне ўсталяваўся рэпрэсіўны рэжым, то ў людзей дэмакратычных перакананняў ёсць пяць год, каб вярнуць краіне свабоду. Потым грамадства стамляецца, губляе веру ў перамены і пачынае прыстасоўвацца да сітуацыі. А рэжым тым часам умацоўвае свае структуры падаўлення і кантролю грамадства. Такім чынам, барацьба пераходзіць у доўгатэрміновую стадыю, дзе ўсё вырашае наяўнасць у рэжыма рэсурсаў на падаўленне і кантроль, а ў грамадства – маральных сіл для супраціўлення.
Беларускі рэжым забяспечыў сябе неабмежаванымі рэсурсамі ад Масквы, якая аплочвае яго існаваннне за абяцанні і дзеянні, якія ў будучыні вядуць да амаль непазбежнага паглынання Беларусі Расіяй. Пагроза існаванню краіны ператварала барацьбу за дэмакратыю ў барацьбу за незалежнасць, што надавала маральных сіл беларускім патрыётам. Для нас было надзвычай важным “трымаць сцяг свабоды” – пастаянна публічнымі акцыямі паказваць людзям, што свабода вартая, каб за яе змагацца, каб не даць ператварыць нацыю ў пакорлівы абыякавы статак, каб агонь свабоды не быў патушаны назаўсёды. Нашых сіл і падтрымкі грамадства хапіла б для перамогі над дыктатурай, але іх не ставала для перамогі над Масквой. Рэжым разумеў небяспеку для сябе з боку патрыятычнага супраціву. Ён пастаянна падвышаў для нас яго цану. Спачатку адміністрацыйныя арышты, вялікія штрафы і канфіскацыі маёмасці, потым “абмежаванні волі”, потым усё большыя і масавыя турэмныя тэрміны ва ўсё больш жорсткіх умовах, ціск на блізкіх, а таксама выкраданні і забойствы. Будучыня свабоды і незалежнасці залежыла ад прыкладу лідэраў, гатовых плаціць за іх такую цану.
Так здарылася, што я правёў ва ўстановах беларускай пенітэнцыярнай сістэмы каля 14 год. Там быў час для аналізу і самааналізу. Тым болей, што “праца” спецслужбаў па “выпраўленню ворагаў” не спыняецца і ў месцах зняволення. Пастаянна, наўпрост ці праз іншых зняволеных, палітвязню спрабуюць давесці пра бессэнсоўнасць яго змагання, пра дарэмна патрачанае жыццё, пра нікому непатрэбныя пакуты блізкіх, пра шкоднасць яго барацьбы для народа і краіны. Я заўсёды адказваю на пытанні. І калі такія пытанні гучалі, я фармуляваў адказы на іх. Спачатку для сябе, потым для іншых патрыётаў, якія працягваюць змаганне, ці таксама апынуліся ў зняволенні, каб маральна падтрымаць іх. Мне дапамагаў немалы жыццёвы досвед, досвед уласнага супраціва і навыкі навуковых даследванняў. Я кіраваўся парадай Марка Аўрэлія – каб разгадаць таямніцу душ людзей наўкол, дастаткова звароту да ўласнага розума. Я афармляў свае меркаванні ў выглядзе эсэ, якія лістамі (калі іх яшчэ прапускалі) адпраўляў маёй жонцы Марыне, якая публікавала іх у Сеціве. Калі магчымасцяў пісаць ці перадаваць на волю свае тэксты ў мяне не было, я добра прадумваў іх, каб аднавіць ў памяці і запісаць ужо пасля вызвалення. У гэтым зборніку мае эсэ і іншыя тэксты, напісаныя ці падрыхтаваныя ў зняволенні, пачынаючы з 2005 года.
  • ❤ 84
  • ❤‍🔥 19
  • 👍 5
Older posts →
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →