TGViewer
STATKEVICH M STATKEVICH M @statkevichm · 2.03K subscribers
Post #107 2.68K
ПРА САБАК І ЭТНАЦЫД
Даруйце, але я зноў пра сабак. Не магу зразумець, калі нехта, аббраханы маімі сабакамі, пачынае наракаць на іх за гэта. Нават дакараць ці нешта тлумачыць ім. У сабак свая логіка. Яны брэшуць, бо іх за гэта кормяць. За тое, што сігналізуюць гаспадару пра чужых людзей, пра рэальную ці магчымую пагрозу, спрабуюць напалохаць і прагнаць чужых. Праца ў іх такая. Аналізаваць змены амплітуды ці спектру сабачага брэху - пусты занятак. Лепей разабрацца, чаму гаспадар загадаў ім брахаць ці чаму яны самі вырашылі, што іх брэх з канкрэтнай нагоды будзе ўспрыняты гаспадаром станоўча, за што сабакам перападзе лішняя міска корма.
Калі я бачу ці чытаю занадта адыёзныя выказванні афіцыйных прапагандыстаў, я ўспрымаю іх, проста, як агучванне думак іх гаспадара. І гэта - самае страшнае. Бо гэта не яны хочуць "паганай мятлой вычысціць нацыяналістычную заразу" - нашу гісторыю, нацыянальную культуру, традыцыі, вопратку, мову - ўсё, што стварае нацыянальную ідэнтычнасць, што робіць нас адметнай нацыяй. Гэта не яны хочуць "прыбраць" усё пералічанае, таму што мы "гэта любілі". Яны проста пачулі ці адчулі жаданні таго, хто іх корміць, і агучваюць іх.
Раней афіцыйныя прапагандысты шмат выказваліся наконт нацыянальнага прыгнечання беларусаў палякамі ў Заходняй Беларусі ў 20-30 гады мінулага стагоддзя. Пра паланізацыю, забарону навучання на беларускай мове, пра дамінаванне польскай у дзяржаўных установах. Нават ўжывалі словы "этнацыд беларускай нацыі палякамі". Пра русіфікацыю беларусаў ва Ўсходняй Беларусі, пра масавыя рэпрэсіі, пра знішчэнне 80% беларускіх літаратараў у НКВД, чамусьці, сарамліва маўчалі. Але вось цяпер Беларусь - нібыта, незалежная беларуская дзяржава. І што тут у нас з беларускай мовай? Рытарычнае пытаньне. Нядаўна прачытаў, што зараз у Мінску па-беларуску навучаюцца 0,13% вучняў школ. А цяпер нават да вопраткі, да Купалля і Грунвальда дабраліся. Калі хто ня ведае, прывожу вызначэнне слова "этнацыд":
Этнацыд — гэта знішчэнне або разбурэнне этнічнай ідэнтычнасці.
Таму кіньце эмацыйна каментаваць брэх. Сітуацыя цалкам зразумелая. Лепей давайце думаць, што рабіць, каб захаваць усё, што мы любім, каб не даць "прыбраць" ці "вымесці" нашу нацыю. У сённяшніх варунках, калі ўсе матэрыяльныя нацыянальныя прыкметы з'яўляюцца аб'ектамі пераследу, зрабіць гэта няпроста. Застаюцца толькі нематэрыяльныя. Галоўны з іх - мова.
Разумею, што гэта няпроста. Але давайце, хаця б, напачатку чытаць беларускамоўныя кнігі - нягледзячы на забароны пэўных аўтараў ці кніг, на змяншэнне колькасці беларускамоўных выданняў ёсць інтэрнэт-бібліятэкі беларускіх кніг, якім патрэбны чытачы і наша падтрымка. Недарэмна ж іх атакуюць. Наступны крок - пачаць пісаць у сетках па беларуску. І галоўнае - размаўляць. Разумею, што складана. Дык можна пачаць з некалькіх слоў: "Дзякуй, калі ласка, прывітанне, да пабачэння". Усюды - ад крамы да працы. Так мы будзем ведаць, што мы ёсьць, што Беларусь жыве.
  • ❤ 121
  • 👍 26
  • 💯 23
  • 🙏 8
More from @statkevichm
  1. Sep 19, 2026ПРАМОВА Г. С. ТАРАЗЕВІЧА перад Вярхоўным Саветам 19.09.1991г. Паважаны Вярхоўны Савет! Пры…
  2. Sep 19, 2026ПАТРЫЁТ 35 гадоў таму Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў рашэньне зацвердзіць у яка…
  3. Sep 17, 2026ПРАВІЛА ГАНДЛЮ Як і многія беларусы, учора я радаваўся вызваленню чарговай групы палітвязн…
  4. Sep 15, 2026НЕ РАЗМАЎЛЯЙЦЕ З "ВІНЦІКАМІ" Зараз на волі апынуліся сотні палітвязняў, якія асвойваюцца ў…
  5. Sep 7, 2026Тагачасныя ўлады адпомсцілі ўсім афіцэрам-патрыётам, якія сваім публічным крокам прымусілі…
  6. Sep 7, 2026ТРЫ НАГОДЫ ДЛЯ АДНАГО СВЯТА Дата 8 верасня неаднойчы была знакавай у беларускай вайсковай…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →