TGViewer
STATKEVICH M STATKEVICH M @statkevichm · 2.03K subscribers
Post #135 3.84K
НЕ РАЗМАЎЛЯЙЦЕ З "ВІНЦІКАМІ"
Зараз на волі апынуліся сотні палітвязняў, якія асвойваюцца ў новых ўмовах і часта дзеляцца перажытым у зняволенні. Некаторыя нават ужо лічаць сябе спецыялістамі па настроям у "праваахоўных" структурах. Напрыклад, якія з іх за што "топяць", якія добра сябе паводзяць, якія кепска. Усе, хто прайшоў праз машыну падаўлення рэжыму, павінны зразумець, што яе вінцікі не добрыя і не кепскія да тых, хто ў яе патрапіў. Яны проста вінцікі, дэталі гэтай машыны, а мы для іх толькі праца. Як кавалак дрэва для механічнай пілы на пілараме. Адрознае стаўленне да нас выклікана проста іх рознымі функцыямі ў гэтай машыне падаўлення. Хаця нязначныя персанальныя адрозненні таксама магчымыя, але яны, звычайна, знаходзяцца ў прыймальным для функцыянавання машыны дыяпазоне. Па іншаму зараз і быць не можа, бо ступень сапраўднай законнасці правячага рэжыму ўжо зразумелая нават самым недалёкім яго служкам. То бок, усе яны разумеюць, каму служаць. Але ж служаць. Таму ў стасунках з "вінцікамі" ніколі не верце ніводнаму іх слову і абяцанням, бо ў вас з імі, калі вы на іншым баку, заўсёды супрацьлеглыя мэты. Майце на ўвазе, што хлусіць вам сярод іх не лічыцца нечым ганебным - гэта проста звычайны там "прафесійны прыём". Таму ва ўсёй сістэме хлусяць, як дыхаюць. А калі, напрыклад, вам даюць "слова афіцэра", то можаце быць упэўненымі, што вас гарантавана падмануць. Абяцаць нешта можа толькі ўнутрана вольны чалавек, а "вінцік" круціцца толькі ў загаданым накірунку і таму нават нешта абяцаць не мае ніякага маральнага права. Дыскутаваць з ім, спрабаваць пераканаць яго ў нечым - марная трата часу. Зьменіцца сітуацыя і яны самі звернуцца да нас ды раскажуць, што яны ўжо даўно ўсё зразумелі і толькі чакалі зручнага моманту.
Цяпер наконт кепскіх і добрых "праваахоўных" структур. Усе яны зараз аднолькавыя, проста, метады ў іх розныя. Напрыклад, "кепскія" аператыўнікі ў калоніі працуюць у шчыльным кантакце з "добрымі" гэбістамі. Дарэчы, асцерагайцеся любых нефармальных кантактаў з апошнімі, што актыўна выкарыстоўвалася да 2020 года. Бо тады наіўны грамадскі актывіст мог нават і не зразумець, што інтэлігентны маёр, які запрасіў папіць кавы ва ўтульнай кавярні і так уважліва слухае яго разважанні пра карыснасць ягонай грамадскай дзейнасьці для дзяржавы, насамрэч ужо фармулюе ў галаве даклад начальству на аснове гэтых разважанняў, які пачынаецца словамі: "По сообщению моего информатора N...". Банальныя прыпіскі ніхто ж не адмяняў. А потым, апынуўшыся ў калоніі, ні сам актывіст, ні яго атачэнне не могуць зразумець, чаму на яго так насядаюць аператыўнікі. А тыя проста атрымалі ад гб дасье на гэтага актывіста, у якім напісана, што ён сексот. І злуюцца, чаго той не хоча працягваць сваё стукацтва ўжо для іх.
Зараз часы іншыя і траціцца на каву яны не будуць. Цяпер у іх іншыя метады. Ды й усе палітычныя "злачынствы" цяпер адбываюцца пераважна ў Сеціве, дзе і "выкрываюцца ". Але гэта правіла - не стасавацца з "товарищами", альбо з суразмоўцамі, нібыта, са "службаў" іншых краін справядлівае і для Сеціва. Калі што, ёсць магчымасць кантактаў у межах юрыдычных працэсуальных норм. Да прыкладу, я адмаўляюся ад любых відаў нават фармальнага стасавання са "службамі" тутэйшага рэжыму: дачы паказанняў, падпісання юрыдычных дакументаў, знаёмства са "справай", удзелу ў "судовых "працэсах і лічу такія паводзіны не толькі маральнымі, але і рацыянальнымі. Праўда, гэта мой персанальны падыход і раіць яго іншым я не наважуся. Зрэшты, акрамя вядомага: "Не вер, не бойся, не прасі", яшчэ нічога лепшага для стасункаў з "вінцікамі" не прыдумана.
  • ❤ 76
  • 👍 39
  • 💯 27
  • 🫡 8
  • 🔥 1
  • 👏 1
More from @statkevichm
  1. Sep 19, 2026ПРАМОВА Г. С. ТАРАЗЕВІЧА перад Вярхоўным Саветам 19.09.1991г. Паважаны Вярхоўны Савет! Пры…
  2. Sep 19, 2026ПАТРЫЁТ 35 гадоў таму Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў рашэньне зацвердзіць у яка…
  3. Sep 17, 2026ПРАВІЛА ГАНДЛЮ Як і многія беларусы, учора я радаваўся вызваленню чарговай групы палітвязн…
  4. Sep 7, 2026Тагачасныя ўлады адпомсцілі ўсім афіцэрам-патрыётам, якія сваім публічным крокам прымусілі…
  5. Sep 7, 2026ТРЫ НАГОДЫ ДЛЯ АДНАГО СВЯТА Дата 8 верасня неаднойчы была знакавай у беларускай вайсковай…
  6. Sep 7, 2026photo post
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →