ПРАМОВА Г. С. ТАРАЗЕВІЧА
перад Вярхоўным Саветам 19.09.1991г.
Паважаны Вярхоўны Савет! Прыйшоў час, калі на самым высокім заканадаўчым узроўні разглядаюцца пытаньні зацьвярджэньня гістарычна-нацыянальных сымбаляў беларускага народу — бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня» у якасьці дзяржаўных сымбаляў беларускай дзяржавы.
Пытаньні, як тут ужо казалася, вельмі важныя, складаныя і заблытаныя як палітыкамі, гэтак і навукоўцамі. Склалася так, што мы цяжка і доўга ішлі да ўсьведамленьня неабходнасьці зрабіць менавіта гэта. Ня буду называць прычыны, зь якіх тое не было зроблена раней. Можна толькі сказаць, што ў мінулым была і нерашучасьць у доказах з боку навукоўцаў, зьвязаная, відаць, з палітыканствам, непрыманьнем некаторымі коламі рэальных гістарычных і нацыянальных асаблівасьцяў нашага народу.
Я ў свой час даволі падрабязна вывучаў гэтую праблему. Уважліва пазнаёміўся з высновамі і прапановамі Інстытуту гісторыі Акадэміі навук БССР, прэзыдыюму Беларускай Акадэміі навук, вядомага навукоўцы, прафэсара Анатоля Грыцкевіча. Яны, на мой погляд, дастаткова пераканаўчыя і даказваюць неабходнасьць зацьвярджэньня ў якасьці дзяржаўных сымбаляў Беларусі бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня».
Праўда, ёсьць і матэрыялы (пра гэта казалася з гэтай трыбуны), якія гавораць, што нацыянальная сымболіка выкарыстоўвалася ў свой час праціўнікамі народу, захопнікамі ў гады Вялікай айчыннай вайны. Некаторыя таварышы ставяць пытаньне: а ці можам мы пасьля гэтага выкарыстоўваць названыя сымбалі ў якасьці дзяржаўных? Народны дэпутат Трусаў ужо адказваў на гэтае пытаньне. Я хачу толькі дадаць, што фашыстоўскія прапагандысцкія службы дзейнічалі вельмі спрытна і хітра. Тыя дзеячы выкарыстоўвалі гістарычную нацыянальную сымболіку ня толькі ў нас у Беларусі, але і практычна ва ўсіх акупаваных краінах. Гэта тычыцца і Францыі, і Польшчы, і Украіны, і нават Расеі.
Рабілася гэта дзеля таго, каб у чыста прапагандысцкіх мэтах заваяваць грамадзкую думку, давер, каб прыцягнуць насельніцтва на свой бок і паказаць сябе зь лепшага боку перад усясьветнай супольнасьцю. На нашай зямлі гэта было тым болей зручна і выйгрышна, паколькі тут у свой час настойліва адмаўлялася старая гістарычная сымболіка і паўсюль уводзілася новая.
Апроч сказанага, гэтыя прыклады паказваюць толькі тое, на мой погляд, што гэтая сымболіка рэальная і ў свой час гістарычна была агульнапрызнаная. Нейкіх іншых нацыянальна-гістарычных сымбаляў (больш папулярных, больш распаўсюджаных), Беларусь ня мела. І самае галоўнае: тое, што здаўна належыць народу, нікому ніколі нельга ні запляміць, ні забраць, ні зьмяніць.
Несумненна, што аднаўленьне нацыянальнай дзяржавы, умацаваньне яе сувэрэнітэту, немагчыма без нацыянальна-гістарычнай сымболікі. Станоўчае рашэньне гэтага пытаньня Вярхоўным Саветам Беларусі, на мой погляд, асабліва важна цяпер для рэспублікі, паколькі гэта засьведчыць, што ў Беларусі існуе нацыянальная згода, кансалідацыя ўсіх сілаў у вырашэньні самых складаных задач, якія стаяць перад грамадзтвам. Пакажа, што наша рэспубліка цьвёрда пайшла новым, дэмакратычным шляхам разьвіцьця і не зьбіраецца з гэтага шляху адступаць
Post #138
1.01K
- ❤ 62
- ❤🔥 20
- 👍 12
- 👏 5
- 💔 4
- 💯 3
- ⚡ 2
- 🤡 1
- 🫡 1