«Беларусы дзеяньня»: вынікі слуханьняў па сацыяльнай палітыцы паказалі запыт на голас саміх палітвязьняў
Фракцыя «Беларусы дзеяньня» віншуе Вераніку Станкевіч з перамогай у галасаваньні Каардынацыйнай рады за кандыдатуру прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту па сацыяльнай палітыцы.
Вераніка Станкевіч атрымала 101 бал і ўпэўнена заняла першае месца.
Мы таксама віншуем вылучаную нашай фракцыяй Тацьцяну Лукаянаву, якая атрымала 50 балаў і заняла другое месца, апярэдзіўшы дзейную выканаўцу абавязкаў прадстаўніцы Юлію Міцкевіч, якая атрымала 47 балаў. Паводле пратаколу, Лукаянава атрымала асабліва вялікую колькасьць другіх месцаў, у той час як Міцкевіч значна часьцей аказвалася на апошняй пазыцыі ў бюлетэнях дэлегатаў.
Для нас гэта важны палітычны сыгнал.
Тацьцяна Лукаянава прыйшла на слуханьні без шматгадовага досьведу працы ў палітычных структурах і без перавагі дзейнай каманды прадстаўніцтва. Тым ня менш яе падыход, у якім палітвязьні, вызваленыя, іх сем’і, дабраахвотнікі-вэтэраны, параненыя і сем’і загінулых дабраахвотнікаў былі названыя сярод непасрэдных прыярытэтаў, атрымаў значную падтрымку дэлегатаў.
Слуханьні адначасова выявілі праблему, на якую «Беларусы дзеяньня» і Асацыяцыя палітвязьняў Беларусі зьвярталі ўвагу раней.
Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы сапраўды працуе з тэмай палітвязьняў, удзельнічае ў каардынацыі дапамогі вызваленым і супрацоўнічае з шэрагам праваабарончых і гуманітарных арганізацыяў. Гэтая праца павінна працягвацца.
Але на прамое пытаньне дэлегата нашай фракцыі Анатоля Хіневіча пра супрацоўніцтва з Асацыяцыяй палітвязьняў Беларусі Юлія Міцкевіч не змагла назваць сталага мэханізму такога ўзаемадзеяньня і прапанавала магчыма наладзіць яго ў будучыні.
Для нас гэта прынцыпова.
Нельга выпрацоўваць палітыку для палітвязьняў, не даючы самім палітвязьням паўнавартаснага голасу ў яе фармаваньні.
Прафэсійныя гуманітарныя і праваабарончыя арганізацыі патрэбныя і робяць важную працу. Але яны ня могуць замяніць людзей, якія самі прайшлі праз турмы, катаваньні, інкамунікада, страту здароўя, працы, маёмасьці і вымушаную эміграцыю.
Палітвязень не павінен заставацца толькі «кейсам», пра які паміж сабой дамаўляюцца прафэсійныя памагатыя.
Ён павінен быць удзельнікам прыняцьця рашэньняў.
Фракцыя «Беларусы дзеяньня», якая прадстаўляе ў Каардынацыйнай радзе супольнасьць былых палітвязьняў, успрымае вынік галасаваньня як выразны запыт на больш шырокае прадстаўніцтва, больш прамую адказнасьць і больш уважлівае стаўленьне да голасу тых, каго сацыяльная палітыка датычыць непасрэдна.
Мы жадаем Вераніцы Станкевіч посьпеху ў новай працы і заклікаем яе захаваць усё эфэктыўнае, што ўжо створана прадстаўніцтвам, але адначасова зрабіць наступны крок: стварыць пастаянны мэханізм непасрэднага ўдзелу былых палітвязьняў і іх прадстаўнічых арганізацыяў у выпрацоўцы рашэньняў, якія датычаць палітвязьняў, вызваленых і іх сем’яў.
Гаварыць з палітвязьнямі, а не толькі пра палітвязьняў. Слухаць людзей, а не толькі пасярэднікаў. І ацэньваць сацыяльную палітыку ня колькасьцю сустрэчаў і канцэпцыяў, а тым, ці стала чалавеку пасьля турмы рэальна лягчэй вярнуцца да нармальнага жыцьця.
Фракцыя «Беларусы дзеяньня»
Каардынацыйнай рады Беларусі
Post #5046
255
Forwarded from Беларусы дзеяння
- 🔥 7
- 👍 6
- ❤ 1
- 👎 1