ЗАЯВА АСАЦЫЯЦЫІ ПАЛІТВЯЗЬНЯЎ БЕЛАРУСІ
Напярэдадні слуханьняў у Каардынацыйнай радзе па кандыдатуры прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту па сацыяльнай палітыцы Асацыяцыя палітвязьняў Беларусі лічыць неабходным патлумачыць сваю пазыцыю.
Для людзей, якія прайшлі праз турмы, інкамунікада, катаваньні, страту здароўя, працы і маёмасьці, сацыяльная палітыка не зьяўляецца абстрактнай тэмай. Гэта пытаньне таго, ці ёсьць чалавеку куды пайсьці пасьля вызваленьня, дзе жыць, як аднавіць дакумэнты, атрымаць мэдычную дапамогу, знайсьці працу і вярнуцца да нармальнага жыцьця.
Мы ведаем, што прадстаўніцтва АПК па сацыяльнай палітыцы займаецца дапамогай палітвязьням і іх сем’ям. У яго афіцыйна вызначаныя такія кірункі, а Юлія Міцкевіч у апошнія месяцы ўдзельнічала ў падрыхтоўцы да прыёму новых групаў вызваленых палітвязьняў. Гэта было б несправядліва замоўчваць.
Але менавіта таму ў нас узьнікаюць пытаньні не пра намеры, а пра вынікі.
Юлія Міцкевіч працуе ў прадстаўніцтве з 2024 году, спачатку як першая намесьніца, а з жніўня 2026 году выконвае абавязкі прадстаўніцы. Яе прафэсійны профіль на працягу многіх гадоў быў зьвязаны перадусім з гендэрнай палітыкай, правамі жанчын, антыдыскрымінацыяй і правамі ЛГБТК+ супольнасьці. Гэта яе легітымная сфэра экспэртызы. Але партфэль сацыяльнай палітыкі значна шырэйшы.
Палітвязьням важна разумець, што зроблена ня толькі ў выглядзе канцэпцыяў, форумаў і планаў, але непасрэдна для людзей.
Колькі былых палітвязьняў атрымалі праз прадстаўніцтва дапамогу ў працаўладкаваньні? Колькі атрымалі падтрымку ў пошуку жыльля, легалізацыі, перанавучаньні, мэдычнай або псыхалягічнай рэабілітацыі? Якія пастаянныя праграмы створаныя для людзей з інваліднасьцю, пэнсіянэраў і старэйшых беларусаў у вымушанай эміграцыі? Якія рэсурсы былі прыцягнутыя непасрэдна на гэтую дапамогу?
Для нас асобна важнае яшчэ адно пытаньне: наколькі самі былыя палітвязьні ўдзельнічаюць у выпрацоўцы рашэньняў, якія іх датычаць.
Мы ня хочам быць толькі катэгорыяй у чужой праграме. Людзі, якія прайшлі праз беларускія турмы, маюць уласны досьвед і добра ведаюць, дзе існая сыстэма дапамогі не працуе. Таму нармальная сацыяльная палітыка павінна будавацца з удзелам саміх пацярпелых.
У нас ёсьць і вельмі канкрэтныя прыклады, якія патрабуюць адказу. Былыя палітвязьні сталага ўзросту і людзі з інваліднасьцю пасьля вызваленьня сутыкаюцца з праблемамі жыльля, мэдыцыны, дакумэнтаў і сацыяльнай адаптацыі. Калі гэтыя пытаньні даводзіцца самастойна вырашаць самім былым вязьням і іх ініцыятывам, натуральна спытаць, дзе ў гэтай сыстэме знаходзіцца прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы.
Менавіта з гэтай пэрспэктывы мы разглядаем кандыдатуру Тацьцяны Лукаянавай.
У яе праграме палітвязьні, былыя палітвязьні і іх сем’і вылучаныя ў асобны прыярытэт. Асобна прапісаныя мэдычная і псыхалягічная рэабілітацыя, працаўладкаваньне, сацыяльная адаптацыя, дапамога беларусам у вымушанай эміграцыі, людзям з інваліднасьцю, а таксама беларускім вэтэранам, параненым і сем’ям загінулых.
Для нас важны і сам падыход: дапамога чалавеку не павінна заканчвацца аднаразовай выплатай або перанакіраваньнем у іншую арганізацыю. Калі адна і тая ж праблема паўтараецца ў дзясяткаў людзей, трэба шукаць ужо не разавае, а сыстэмнае рашэньне.
Таму Асацыяцыя палітвязьняў Беларусі падтрымлівае кандыдатуру Тацьцяны Лукаянавай на пасаду прадстаўніцы АПК па сацыяльнай палітыцы.
Гэтая падтрымка не азначае, што мы загадзя выдаём ёй карт-блянш. Наадварот, мы будзем патрабаваць ад яе таго ж, чаго патрабуем ад любога чалавека на гэтай пасадзе: канкрэтных вынікаў, адкрытай справаздачнасьці і пастаяннага дыялёгу з тымі, дзеля каго існуе сацыяльная палітыка.
Для нас галоўны крытэр вельмі просты: ці стала жыцьцё людзей, якія прайшлі праз рэпрэсіі, хаця б крыху лягчэйшым у выніку працы прадстаўніцтва.
Менавіта па гэтым, а не па колькасьці канцэпцыяў і публічных мерапрыемстваў, варта ацэньваць вынік.
Post #5038
388
Forwarded from Беларусы дзеяння
- ❤ 11
- 👍 6
- 🤣 2
- 👎 1
- 🔥 1
- 😭 1