Мы заклікаем ЕС ўжываць санкцыйныя механізмы як рычаг уплыву для дасягнення сістэмных зменаў у Беларусі
Сітуацыя ў Беларусі, пытанні адказнасці рэжыму Лукашэнкі, а таксама магчымасці выхаду з глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі сталі галоўнымі тэмамі абмеркавання падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегата Каардынацыйнай Рады Паўла Латушкі з дэлегацыяй Фламандскага інстытута міру і парламентарыямі Парламента Фландрыі — суб'екта федэрацыі і паўночнага рэгіёна Бельгіі.
Падчас сустрэчы, якая прайшла ў Музеі Вольнай Беларусі, Павел Латушка праінфармаваў прадстаўнікоў Фландрыі пра драматычную сітуацыю ўнутры Беларусі і пра працяг беспрэцэдэнтных палітычных рэпрэсій у краіне, якія набылі характар канвеера.
У сустрэчы таксама прынялі ўдзел спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан і прадстаўнік па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніка дэлегацыі КР у Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Уладзімір Астапенка.
Асобна намеснік кіраўніцы Кабінета расказаў пра інстытуты дэмакратычных сіл Беларусі і пабудаваную сетку арганізацый грамадзянскай супольнасці і ініцыятыў. Было падкрэслена, што гэта ўнікальная сітуацыя, а дзеючыя інстытуты з’яўляюцца альтэрнатывай рэжыму Лукашэнкі ў міжнароднай палітыцы.
Павел Латушка адзначыў важнасць працы, якая вядзецца па прыцягненні прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за ваеннае злачынства — дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, злачынства агрэсіі, злачынствы супраць чалавечнасці супраць беларускага народа, а таксама распавёў пра падрымку рэжымам Лукашэнкі агрэсіі Расіі супраць Украіны.
Павел Латушка падчас сустрэчы прадставіў стратэгію двух кірункаў:
«Злучаныя Штаты, выкарыстоўваючы свае санкцыйныя механізмы супраць рэжыму, а таксама метады нетрадыцыйнай дыпламатыі, валодаюць неабходнай сілай і рэсурсамі для забеспячэння вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення рэпрэсій. Па-другое, мы заклікаем Еўрапейскі Саюз і іншыя дэмакратычныя краіны паслядоўна ўжываць санкцыйныя механізмы як рычаг уплыву для дасягнення рэальных, сістэмных зменаў у Беларусі».
Адказваючы на пытанне прадстаўніка Фландрыі пра эфектыўнасць санкцый, Уладзімір Астапенка падкрэсліў, што яны сур’ёзна ўплываюць на рэжым Лукашэнкі, пры гэтым важна, каб у санкцыях, скіраваных супраць рэжыму, прадугледжвалася гнуткасць у дачыненні да беларускага грамадства.
Уладзімір Астапенка асобна адзначыў, што ў падпісаным Пагадненні пра партнёрства і супрацоўніцтва між Еўрапейскім cаюзам і Беларуссю ад 1995 года ўтрымліваўся пункт пра тое, што для ЕС правы чалавека маюць істотнае значэнне для падтрымання гандлёва-эканамічных адносін. Менавіта на гэтым Еўрапейскі Саюз будуе свае адносіны з іншымі дзяржавамі.
Спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан падрабязна расказаў пра ідэю рэалізацыі Круглага стала ў Беларусі, з якімі праблемамі гэта ініцыятыва можа сутыкнуцца і якую карысць ад яго атрымае Беларусь і беларускае грамадства. Таксама спікер КР асобна падкрэсліў важнасць выбараў у Каардынацыйную Раду і тое, якія беспрэцэдэнтныя намаганні прыкладаў рэжым, каб сарваць выбары ў прадстаўнічы орган беларусаў.
Post #5039
404



