17 верасня СССР напаў на Польшчу пасля таемнай дамоўленасці з нацысцкай Германіяй аб падзеле сфер уплыву. Гродна на той момант ужо перажыло першыя нямецкія бамбардзіроўкі. З вайсковага пункту гледжання горад быў аслаблены, бо асноўныя сілы польскага гарнізона раней накіравалі на іншыя ўчасткі фронту. Нападзенне Чырвонай арміі было нечаканым і шакуючым.
У выніку нямецкага бамбардавання частка турмы была разбураная, і вязням удалося збегчы. Часам пра гэта пішуць, як пра бунт, арганізаваны ў турме 18 верасня падпольным партыйным камітэтам на чале з Піліпам Пестраком. Калі частка вязняў выйшла на волю, камуністычнае падполле выступіла супраць польскай улады; 19 верасня сутыкненні адбываліся на плошчы Стэфана Баторыя — цяперашняй Савецкай.
Абарону горада арганізоўвалі віцэ-прэзідэнт Раман Савіцкі і маёр Бенедыкт Серафін, прэзідэнт горада і старшыня гродзенскага павету раней эвакуяваліся. Разам з вайскоўцамі і паліцыянтамі зброю ўзялі добраахвотнікі, харцэры і гімназісты. Капалі равы, рыхтавалі супрацьтанкавыя перашкоды і бутэлькі з гаручай сумессю. Агулам у абароне горада ўдзельніча, па розных ацэнках, каля 2-2,5 тыс. чалавек.
20 верасня ў 8 гадзін раніцы з захаду Гродна пачалі наступаць танкі з разведбатальёна 27 танкавай брыгады (12 танкаў і 1 самаходка) Чырвонай арміі на чале з маёрам Багданавым. Гродзенскія абаронцы не чакалі іх з гэтага напрамку і спачатку думалі, што надыходзяць немцы. Палякі да гэтага часу тлумачаць хуткае прасоўванне савецкіх танкаў тым, што ў іх быццам бы знаходзіліся гродзенскія яўрэі-камуністы і паказвалі дарогу. Відавочцы ўспамінаюць, што з першага танку, які прыехаў да моста праз Нёман, выйшаў яўрэй, які ўдзельнічаў у бойцы перад яўрэйскім пагромам 1935 года. Даказаць або абвергнуць гэта немагчыма, але вобраз “жыдакамуны” дагэтуль уплывае на польскі наратыў пра верасень 1939 г.
Без падтрымкі пяхоты на вузкіх вуліцах савецкія танкі спачатку траплялі пад удары абаронцаў. Затым падышлі савецкія падмацаванні і артылерыя. Баі працягваліся 20–22 верасня, нешматлікія польскія аддзелы адыходзілі ў тым ліку да літоўскай мяжы.
Частка жыхароў падтрымлівала прыход савецкай улады. Мясцовыя прасавецкія групы дапамагалі наступоўцам, у тым ліку карэктавалі артылерыйскі агонь. Падставы прыпісваць такую пазіцыю ўсяму гораду ці асобнай нацыянальнай супольнасці няма. 18–20 верасня адбыўся антыяўрэйскі пагром, які забраў жыцці каля 25 чалавек. Сярод удзельнікаў згадваюцца польскія салдаты, паліцыянты, пажарныя і цывільныя. Але гэтыя лічбы вынікаюць з матэрыялаў савецкай пракуратуры, а гэта трэба ўлічваць пры ацэнцы абвінавачванняў.
Пасля захопу Гродна пачаліся арышты і расстрэлы вайскоўцаў і цывільных. У расправах удзельнічалі НКУС, чырвонаармейцы і мясцовыя камуністы. Людзей расстрэльвалі пад сценамі францішканскага кляштара, на Чыгуначнай вуліцы за казармамі, у Панямуні, Румлёве, Пышках, лясках «Сакрэт» і «Сабачая горка». Колькасць расстраляных ацэньваецца прыкладна ў 300 чалавек.
22 верасня ў Гродне стварылі савецкае Часовае ўпраўленне. Пачаўся перыяд, які сталыя гродзенцы называлі "за першымі Саветамі".
🔥 Калі вам падабаецца тое, што мы робім, падтрымайце нашую працу. Кожны данат – гэта новы пост і захаваная гісторыя Гродна!
🫶 ДАНАТ 🫶
📸 Больш фота і цікавых фактаў пра Гродна ў вашай стужцы! Падпішыцеся на наш Instagram
🎥 Падрабязныя дакументальныя відэа-гісторыі глядзіце на YouTube
📌 Маеце Threads? Падпісвайцеся і там!
