Каля трэцяй гадзіны ночы на Цэнтральным рынку адчынялася брама. На ніжняй пляцоўцы ўзнікалі імправізаваныя прылаўкі: цацкі на батарэйках, вязальныя машыны, пасцельная бялізна, а на ёй - слоікі з чырвонай ікрой. Так адзін са сталых гродзенцаў апісваў начны гандаль канца 1991 года.
🚂 Час працы рынку вызначалі цягнікі. Начнымі і ранішнімі рэйсамі ў Гродна прыязджалі гандляры з Расіі і Украіны. Яны везлі тое, што ўдавалася дастаць дома, - пераважна рэчы з маркай «Made in USSR». Тут іх прадавалі па цэнах, якія ў разы перавышалі крамныя. На атрыманыя грошы ўдзень куплялі польскія тавары. Самыя раннія начныя гандляры прыязджалі на міжнародным цягніку «Масква-Варшава». Пасля ноччу або ранняй раніцай прыбывалі цягнікі Ленінград-Берлін, Масква-Гродна, прычапны вагон Днепрапятроўск-Гродна, і з іх выгружалася яшчэ больш гандляроў.
Некаторыя мясцовыя жыхары таксама прыходзілі па пакупкі сярод ночы - каб удзень перапрадаць іх даражэй. Паводле ўспамінаў, за дзень так можна было зарабіць месячны заробак! Але на рынку здараліся міліцэйскія аблавы, бо савецкія законы аб спекуляцыі ўсё яшчэ дзейнічалі.
Гісторыя адной патэльні паказвае, як хутка тады мяняліся цэны. Напрыканцы снежня 1991-га адзін гродзенец набыў яе ноччу за 120 рублёў. На метале яшчэ была выбітая цана - 5 рублёў. Удзень ён паспрабаваў прадаць патэльню за 250, але замест прыбытку атрымаў ад міліцыі штраф, а тавар у яго забралі.
Ужо ў студзені 1992 года мужчына ўбачыў у гродзенскім універмагу падобную патэльню за… 512 рублёў.
Неўзабаве начны гандаль на Цэнтральным рынку спыніўся. Так скончылася кароткая гісторыя базару, на які хадзілі па пакупкі задоўга да світання.
А вы ці вашыя блізкія памятаеце гэты начны рынак?
🔥 Калі вам падабаецца тое, што мы робім, падтрымайце нашую працу. Кожны данат – гэта новы пост і захаваная гісторыя Гродна!
🫶 ДАНАТ 🫶
📸 Больш фота і цікавых фактаў пра Гродна ў вашай стужцы! Падпішыцеся на наш Instagram
🎥 Падрабязныя дакументальныя відэа-гісторыі глядзіце на YouTube
📌 Маеце Threads? Падпісвайцеся і там!
