Следчы камітэт абвясціў пра пачатак спецвытворчасці супраць 5-ці “каліноўцаў”. Двое з іх - з Віцебшчыны
У афіцыйны пералік асобаў, у дачыненні да якіх распачатая спецыяльная вытворчасць, 1 кастрычніка ўнеслі Аляксандра Буцько, Арцёма Войніча, Аляксандра Грыба (Грыгор'ева), Алега Калуша і Яўгена Лістапада. Іх абвінавачваюць паводле артыкулаў Крымінальнага кодэкса аб "удзеле ў злачыннай арганізацыі", "дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі", "змове з мэтай захопу ўлады", "экстрэмісцкай дзейнасці" і "ўдзеле ў ваенных дзеяннях за мяжой".
29-гадовы Аляксандр Буцько вядомы пад пазыўным «Кажан». Паводле звестак Еўрарадыё, ён з Віцебску, гісторык паводле адукацыі, далучыўся да Палка Каліноўскага ўвесну 2023 года. Вырашыў стаць добраахвотнікам падчас аднаго з выездаў на працу ў Польшчу, адслужыў амаль два гады спачатку ў якасці баявога медыка ў пяхоце, а потым у роце агнявой падтрымкі. На некалькі месяцаў выязжаў з Украіны, але цяпер зноў вярнуўся ў падраздзяленне УСУ.
56-гадовы Алег Калуш - ураджэнец Полацка, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы. У 1991–2014 гадах служыў у Полацкім ГАУС, апошнія сем гадоў узначальваў аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі. У 2020 годзе падтрымаў пратэсты і вярнуў у МУС медаль «За бездакорную службу» на знак пратэсту супраць гвалту сілавікоў. Як пра яго пiсала “Зеркало”, у 2021-м мужчына з’ехаў у Польшчу, а з сакавіка 2023 года служыць у палку Каліноўскага пад пазыўным «Колкі». Так называецца невялікі населены пункт у Валынскай вобласці, адкуль паходзіць яго бацька-украінец.
Post #5894
34

- 👎 1