МУС паказала відэа затрымання 60-гадовага намесніка дырэктара філіяла прадпрыемства ў Гродзенскай вобласці. На гэта звярнула ўвагу «Наша Ніва».
На кадрах двое сілавікоў у шлемах і тактычным рыштунку прыціскаюць мужчыну тварам да асфальту і заводзяць рукі за спіну. Супраціву з яго боку на відэа не відаць. Пры гэтым адзін з сілавікоў прыціскае шыю затрыманага да асфальту рукой, а пасля становіцца каленам на спіну.
«Правы, калі іх парушаюць, больш не працуюць ні для каго», — пракаментаваў юрыст "Вясны" Павел Сапелка.
Паводле МУС, мужчыну падазраюць у рэгулярным атрыманні хабару за лабіраванне падрадчыка для рамонтных работ. Паводле ведамства, з пачатку 2024 года ён атрымаў больш за 70 тысяч рублёў.
Відэа з ужываннем сілы МУС апублікавала разам з паведамленнем пра затрыманне.
