Швейцарыя перадала Егіпту залатую пахавальную маску эпохі Пталамеяў (II ст. да н.э.), якую спрабавалі ўвезці ў краіну па падробленых дакументах.
Артэфакт быў перахоплены мытнікамі яшчэ ў верасні 2022 года на прапускным пункце ў Барданэ, на мяжы з Францыяй.
Канчатковым пунктам прызначэння грузу значыўся жэнеўскі калекцыянер мастацтва Стэфан Барб'е-Мюлер. Ён сцвярджаў, што набыў артэфакт выключна «для ўпрыгожвання ўласнага дома». Аднак суправаджальная дакументацыя выклікала падазрэнні і пасля праверкі аказалася фальшыўкай.
Даследаванне, праведзенае пры ўдзеле егіптолага з Брытанскага музея, пацвердзіла сапраўднасць і высокую каштоўнасць аб'екта. Гэта маска з картанажу (спрэсаваныя слаі лёну і гіпсу), пакрытая золатам і распісаная шматколернымі геаметрычнымі ўзорамі. Ідэалізаваны твар і дэталі дэманструюць характэрны для пталамееўскага мастацтва сінтэз егіпецкіх традыцый і антычнага ўплыву. Спецыялісты перакананыя, што артэфакт быў здабыты падчас «чорных» раскопак у грабніцах паўднёва-ўсходняга Фаюма. Галоўны маркер крадзяжу — поўная адсутнасць згадак такога выбітнага і ідэальна захаванага прадмета ў навуковай літаратуры.
Пасля завядзення крымінальнай справы па артыкулах аб адмыванні грошай і скупцы скрадзенага жэнеўскі дылер адмовіўся ад прэтэнзій на маску. Падчас афіцыйнай цырымоніі ў Берне кіраўніца МУС Швейцарыі Элізабэт Бам-Шнайдэр перадала артэфакт паслу Егіпта. Агулам з 2011 года, у межах двухбаковага пагаднення, Швейцарыя вярнула Егіпту каля 80 скрадзеных гістарычных аб'ектаў.
Крыніцы: Swissinfo | The History Blog
#Швейцарыя #Егіпет #рэстытуцыя #кантрабанда #Фаюм
Post #16652
337

- ❤ 8
- 👍 1
- 👎 1